БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.​Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.​Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,

электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.

Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),

1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл. Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.

2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТА, мыт, цло,

грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КЛЕНБУРГ (Mecklenburg),

гістарычная вобласць на ПнУ Германіі. Заселена чалавекам у эпоху мезаліту, з 5 ст. н.э.стараж. германцамі (земноны, лангабарды, англы, саксы), з 8 ст. — палабска-прыбалт. славянамі — бодрычамі і люцічамі. Крыжовы паход супраць славян 1147, паходы Генрыха Льва прывялі да ням. каланізацыі краю, але бодрычы захоўвалі сваё княства і княжацкую дынастыю (гл. Ніклат). З 1348 герцагства. У 1621 яно падзелена на герцагствы М.-Шверын і М.-Гюстраў (замест яго ў 1701 узнік М.-Стрэліц). Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48. З 1808 герцагствы ў Рэйнскім саюзе, з 1815 вял. герцагствы. Пад націскам Прусіі ў 1867, яны ўступілі ў Паўн.-Герм. саюз, у 1868 у Герм. мытны саюз. У ліст. 1918 герцагствы скасаваны. З 1919 землі Веймарскай рэспублікі. У час нацысцкай дыктатуры аб’яднаны ў адну зямлю (1934) з цэнтрам у г. Шверын. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. З 1949 у Герм. Дэмакр. Рэспубліцы (у 1952 падзелены на акругі Нойбрандэнбург, Ростак і Шверын). З 1990 у аб’яднанай Германіі (зямля Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел. літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус. літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.

Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Eaт.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл. Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл. Ядзерныя сілы).

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх. ч. сучасных Барысаўскага і паўд. ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.​Радзівіл Чорны і М.​Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.​Радзівілу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс. сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)