РУМЯ́НЦАЎ-ЗАДУНА́ЙСКІ (Пётр Аляксандравіч) (15.1.1725, Масква — 19.12.1796),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф (з 1744), ген.-фельдмаршал (1770). Бацька М.П.Румянцава. Сын ген. А.І.Румянцава, пад кіраўніцтвам якога набыў ваен. вопыт. Удзельнік рус.-швед. вайны 1741—43 і вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757) і Кунерсдорфам (1759); у 1757—58 фарміраваў кавалерыю ў г. Стоўбцы. У 1764—96 прэзідэнт Маларасійскай калегіі і ген.-губернатар Маларосіі. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў арміяй, паспяховыя дзеянні якой прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір; за перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) і інш. атрымаў ганаровае найменне Задунайскі. У рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў арміяй, галоўнакаманд. рас. войскамі ў час задушэння паўстання 1794. З 1776 валодаў г. Гомель, пачаў будаўніцтва Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў новыя формы бою, у т. л.шырокае выкарыстанне дывізійных і палкавых карэ; аўтар ваен. твораў («Абрад службы», «Думкі», «Інструкцыі»), якія выкарыстаны пры распрацоўцы статутаў рас. арміі, у арг-цыі, абучэнні і выхаванні войск у 2-й пал. 18 ст.
Літ.:
П.А.Румяниев, А.В.Суворов, М.И.Кутузов: Док. и материалы. Киев, 1974;
Золотарев В.А., Межевич М.Н., Скородумов Д.Е. Во славу Отечества Российского: (Развитие воен. мысли и воен. искусства в России во второй половине XVIII в). М. 1984;
Петелин В.В. Фельдмаршал Румянцев: Док. повествование. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],
раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.
Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.П.Боткіна, І.І.Мечнікава, І.П.Паўлава, А.А.Багамольца, А.В.Нагорнага, Дз.Ф.Чабатарова, англ. Б.Стрэлера, А.Комфарта і інш.
На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.М.Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.П.Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ АПРАЦО́ЎКА СІГНА́ЛАЎ,
комплекс метадаў і сродкаў апрацоўкі інфармацыі, выяўленай у лічбавай форме. Грунтуецца на тэорыі дынамічных сістэм, таксама на логікавых і геам. уяўленнях і інш. Вызначаецца неабмежаваным павелічэннем дакладнасці вылічэнняў, пашырэннем набору арыфм. аперацый, спрашчэннем работы са сродкамі памяці і інш.
Асн. задачы Л.а.с.: выяўленне, фільтрацыя, рэканструкцыя, сцісканне, аналіз, ідэнтыфікацыя і распазнаванне лічбавых сігналаў, у т. л. відарысаў. Для іх рашэння карыстаюцца метадамі дыскрэтнай матэматыкі, тэорыі лікаў, груп, матрычнай і паліномнай алгебры. Любы сігнал з’яўляецца матэрыяльным носьбітам інфармацыі і характарызуе аб’ект, які вывучаецца, у фіз. (у выглядзе мех., эл., цеплавой ці інш. энергіі) або абстрактнай (матэм.) форме ў выглядзе ліку, графіка, функцыі, сімвала, кода і інш. Аналагавыя (неперарыўныя ў часе) сігналы незалежна ад іх прыроды папярэдне пераўтвараюцца ў дыскрэтныя сігналы (канечную паслядоўнасць лікаў з абмежаванай колькасцю разрадаў) і таму раздзяленне сігналаў на фіз. і матэм. становіцца ўмоўным. Для Л.а.с. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы перадачы, прыёму, захоўвання інфармацыі і сігналаў рознай фіз. прыроды. Развіццю тэорыі і метадаў Л.а.с. спрыяла шырокае ўкараненне лічбавых ЭВМ у практыку навук. і інжынерных даследаванняў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях Л.а.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш.
Літ.:
Рабинер Л.Р., Голд Б. Теория и применение цифровой обработки сигналов: Пер. с англ.М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.
На Беларусі да 1920-х г.вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц.т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т. л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст.Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сцькульт. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў (з’яў, працэсаў, сістэм) шляхам пабудовы і вывучэння іх матэм. мадэлей; адзін з гал. спосабаў навук. пазнання, прагназавання, кіравання і тэхн. праектавання. Уключае 3 асн. этапы: стварэнне мадэлі аб’екта, пераўтварэнне яе ў алгарытм, а алгарытму — у праграму для ЭВМ.
Мадэль аб’екта запісваецца ў матэм. форме з дапамогай законаў прыродазнаўчых і тэхн.навук. У ёй адлюстроўваюцца найважнейшыя ўласцівасці аб’екта, сувязі паміж яго часткамі і інш. Метадамі выліч. матэматыкі мадэль пераўтвараюць у вылічальна-лагічны алгарытм, а затым у праграму для рэалізацыі на ЭВМ, з дапамогай якой праводзяць «доследы» патрэбных якасных і колькасных характарыстык аб’екта. Працэс М.м. пастаянна паляпшаюць і ўдакладняюць ва ўсіх звёнах і паўтараюць да дасягнення патрэбнай дакладнасці супадзення рэальных і імітацыйных даных. Элементы М.м. выкарыстоўвалі з часу паяўлення дакладных навук.Шырокае развіццё яго пачалося ў 1940-я г. і звязана ў асн. са стварэннем ЭВМ (гл.Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы). У канцы 20 ст. М.м. становіцца інтэлектуальным ядром інфарм. тэхналогій, працэсу інфарматызацыі грамадства. Яно выкарыстоўваецца ў ядз. і касм. тэхніцы, авія-, судна-, машынабудаванні, хім. вытв-сці, эканоміцы, сацыялогіі, біялогіі, медыцыне. а таксама там, дзе прамы натурны эксперымент немэтазгодны або немагчымы. Адзін з заснавальнікаў М.м. — рас. вучоны А.А.Самарскі.
На Беларусі М.м. развіваецца ў ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Самарский А.А., Михайлов А.П. Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997;
Самарский А.А., Михайлов А.П. Компьютеры и жизнь: (Мат. моделирование). М., 1987;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотацион. справ.). Мн., 1997;
Математическое моделирование: Пер. с англ.М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСАПРА́ЎДНАЯ ГО́ТЫКА, псеўдаготыка,
умоўная назва кірунку ў архітэктуры 18—19 ст., які пераймаў формы, а часам і канструкцыі сярэдневяковай готыкі.
Зараджэнне Н.г. ў зах.-еўрап. архітэктуры звязана з росквітам садова-паркавага мастацтва, з ідэалізацыяй сярэднявечча, характэрнай рамантызму. Выяўлялася ў культавых і вял. грамадскіх збудаваннях. Часам узнаўляліся помнікі сярэдневяковай архітэктуры, часцей будынкі мелі толькі гатычны дэкор. Для еўрап. Н.г. сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. характэрна шырокае выкарыстанне чыгунных канструкцый і паліхроміі. У Расіі Н.г. пашырылася спачатку ў сядзібным буд-ве, у творчасці В.Бажэнава і М.Казакова спалучаліся з некат. матывамі сярэдневяковай рус. архітэктуры.
На Беларусі першыя ўзоры Н.г. паявіліся ў палацавым буд-ве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным буд-ве 19 ст. выяўлялася ў асобных гасп. і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага р-на). Рысы Н.г. мелі шматлікія станцыйныя будынкі 1-й пал. — сярэдзіны 19 ст., у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага р-на). З сярэдзіны 19 ст. Н.г. стала адной з найб. значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найб. дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці Н.г. выявіліся ў збудаваннях 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Некат. будынкі набылі рысы Н.г. пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве Н.г. выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага р-наў). У пач. 20 ст. псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем маст. цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Н.г. паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Несапраўдная готыка. Мост у Царыцыне (Масква). Арх. В.Бажэнаў. 1776—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́КАЗКА,
кароткі, лаканічна і граматычна завершаны афарыстычны выраз, які адлюстроўвае шматвяковы жыццёвы вопыт і мудрасць народа найчасцей у мастацка-вобразнай форме і ўжываецца пераважна ў пераносным значэнні; жанр нар. паэтычнай творчасці. Тэматычна П. вельмі разнастайныя, у іх адлюстраваліся жыццё і сямейны побыт чалавека, ацэнка яго маральных якасцей, трапныя назіранні, а таксама разважанні і павучанні. Генетычна вельмі блізкія да прымаўкі. Першыя запісы П. прыпісваюць Арыстоцелю. Зб. антычных П. у 1500 склаў Эразм Ратэрдамскі. На Беларусі самыя даўнія выданні П. — зб. С.Рысінскага (Любча, 1618), публікацыі 1-й пал. 19 ст. П.Шпілеўскага, Я.Чачота і інш. Па структуры П. звычайна двухчленныя, нярэдка рыфмаваныя, мова іх багатая метафарамі, параўнаннямі, эпітэтамі, алегорыямі і інш.выяўл. сродкамі: «Так і жылі: хто схлусіць, той вып’е і закусіць, а хто праўду скажа, той і так спаць ляжа», «як пасцелешся, так і выспішся», «хто працуе, той святкуе». Лаканічнасць і трапнасць думкі, маст. выразнасць абумоўліваюць шырокае бытаванне П. ў жывой гутарковай мове, у творах маст. л-ры. Бел. П. збіралі У.Дабравольскі, Я.Ляцкі, І.Насовіч, Е.Раманаў, М.Федароўскі, Ф.Янкоўскі, Я.Рапановіч і інш.
Публ.: Носович И.И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874; Ляцкий Е.А. Материалы для изучения творчества и быта белорусов. [Т.] I. Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898; Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі. прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд.Мн., 1992; Рапановіч Я. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. 2 выд.Мн., 1974; Прыказкі і прымаўкі / Скл. М.Я.Грынблат. Кн. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Янкоўскі М.А.Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Я гож. Прыказкі і прымаўкі // Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я., Якалцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКА (Пятрусь) (Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),
бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр.к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял.Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і інш.Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1975—78;
Зб.тв.Т. 1—9. Мн., 1987—92.
Літ.:
Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;