раздзел акустыкі, які вывучае гукавыя працэсы гал.чынам у закрытых памяшканнях. Выкарыстоўвае заканамернасць хвалевай, геам., статыстычнай акустыкі і электраакустыкі, даныя псіхафізіял. і слыхавога ўспрымання, стварае аптымальныя ўмовы чутнасці гаворкі, спеваў, музыкі ў аўдыторыях, кіна- і тэатр. залах, радыё-, тэле- і кінастудыях.
Адзін з асн. крытэрыяў акустычных якасцяў памяшканняў — час рэверберацыі (працягласць затухання гуку пасля спынення дзеяння яго крыніцы). Рэшткавае гучанне ўзнікае з-за шматразовага адбіцця гуку ад паверхняў памяшкання і размешчаных у ім прадметаў. Працягласць гучання расце з павелічэннем аб’ёму памяшкання, памяншаецца — з ростам гукапаглынання агараджальнымі канструкцыямі і мэбляй.
Задача акустычнага праектавання забяспечыць аптымальнасць часу рэверберацыі і аднолькава добрую чутнасць ва ўсіх пунктах памяшкання. Дасягаецца выбарам аптымальных памераў і формы памяшкання, агараджальных канструкцый і ўнутранай аддзелкі. У вял. залах выкарыстоўваюць электраакустычныя сістэмы гукаўзмацнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕШЫБО́Т (ад стараж.-яўр.),
іудзейская вышэйшая рэліг. школа па падрыхтоўцы гал.чынамрабінаў. Е. ўзніклі ў Вавілоніі. Палесціне, Егіпце ў перыяд фарміравання Талмуда. Былі асн. цэнтрамі іудзейскай тэалагічнай думкі і месцам выхавання духоўнай і інтэлектуальнай эліты яўрэйства. У Е. прымалі юнакоў з 13 гадоў, якія скончылі хедэр (пач. школу). Утрымліваліся на ахвяраванні яўр. абшчын і прыватных асоб. Тэрмін навучання дакладна не быў вызначаны. Лекцыі чыталіся 2—3 разы ў тыдзень, выкладчыкі давалі агульныя кірункі, тлумачылі асобныя месцы і палажэнні Талмуда, астатні час вучні займаліся самастойна. У Беларусі Е. вядомы з 16 ст. Старэйшым лічыцца Е. у Брэсце. Найбольшыя Е. былі ў Валожыне, Лідзе, Міры, Слоніме, Слуцку, Радуні. Існавалі да 1930—40-х г., некаторыя іх будынкі (напр. у Валожыне, Міры) захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,
метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.
Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл.Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв.магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),
масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст.Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал.чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.В.Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВА,
1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.
2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал.чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл.Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),
навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ РАБО́ЧАЯ ДАПАМО́ГА, Міжрабдап,
міжнародная арг-цыя рабочай салідарнасці ў 1921—35. Утворана ў вер. 1921 на Міжнар. канферэнцыі к-таў дапамогі насельніцтву галадаючых раёнаў Сав. Расіі, якая праходзіла ў Берліне. Аказвала вял. дапамогу сав. працоўным харчаваннем, медыкаментамі, машынамі, а з 1922 гал.чынамвытв.-тэхн. дапамогу (у т. л. садзейнічала перасяленню ў СССР груп замежных рабочых). Падтрымлівала класавую і нац.-вызв. барацьбу працоўных капіталіст. краін, дапамагала ахвярам стыхійных бедстваў, удзельнічала ў змаганні з фашызмам. Сярод заснавальнікаў і дзеячаў М.р.д. вядомыя паліт. дзеячы, вучоныя, пісьменнікі: К.Цэткін, А.Эйнштэйн, Р.Ралан, А.Барбюс, Б.Шоу і інш. У М.р.д. ўваходзілі нац. секцыі з індывід. і калект. членствам (у т. л.сав. прафсаюзы ў якасці калект. члена). Дзейнасць арг-цыі каардынаваў ЦК (да 1933 — у Берліне, потым у Парыжы), які выбіраўся на кангрэсах (1921, 1922, 1925, 1927, 1929, 1931). Спыніла існаванне ў 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),
правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс.км². Нас. каля 1 млн.чал. (1998), гал.чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г.Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.