А́ЛЬФА,

назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад грэч. amoibaios папераменны),

у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.​Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯХА́,

1) шост, тычка, звычайна з пучком травы або галінак на канцы для абазначэння мяжы зямельных участкаў, напрамку ў полі.

2) Вяха плывучая — навігацыйны знак у выглядзе шаста з флажком ці з якой-небудзь фігурай (шар, конус і інш.) пэўнай афарбоўкі, замацаваны на заякараным паплаўку. Выкарыстоўваюць для абазначэння навігацыйных небяспечнасцей, месцаў стаянкі суднаў, правядзення работ і інш. 3) Важны этап у развіцці чаго-небудзь (напр., гісторыі).

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ,

І, Ні, Ры, дынастыя каралёў (з 1897 — імператараў) Карэі ў 1392—1910. Заснавальнік Лі Сон Ге (Тхэджо) вярнуў краіне назву Часон і перанёс сталіцу ў Сеул. Л. адмовіліся ад палітыкі дзярж. падтрымкі будызму на карысць канфуцыянства. З 17 ст. васалы кіт. імператараў дынастыі Цын (да 1895). У 1910 японцы пазбавілі ўлады апошняга імператара Л. Сунджона, пасля чаго Карэя была ператворана ў яп. калонію.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,

карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́БРА І ШАЦІ́ЛА,

назва двух лагераў палесцінскіх бежанцаў у сталіцы Лівана Бейруце. Набылі вядомасць у час уварвання войск Ізраіля ў Ліван у 1982, калі 15—17 ліст. саюзная Ізраілю міліцыя хрысціян-маранітаў учыніла там разню мірных жыхароў, у выніку чаго загінула ад 1 да 2 тыс. жанчын, дзяцей і старых.

Ізраільскія войскі, якія знаходзіліся побач, не прадухілілі гэтыя забойствы, што выклікала ўсеагульнае асуджэнне Ізраіля сусв. супольнасцю.

т. 14, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́МБЛЕР (англ. Assembler),

сістэма праграмавання, што дазваляе складаць праграмы ЭВМ у тэрмінах камандаў машыннай мовы, але з выкарыстаннем больш зручнай сістэмы абазначэнняў. Пры запісе праграмы дазваляецца карыстацца сімвалічнымі абазначэннямі камандаў, адрасоў ячэек памяці, спасылак і інш. Праграма можа складацца з асобна напісаных кавалкаў, у т. л. бібліятэчных падпраграм. Асемблер робіць размеркаванне памяці, пераўтварае сімвалічныя абазначэнні ў адпаведныя машынныя коды, у выніку чаго праграма набывае выгляд, прыдатны да выканання на ЭВМ.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГНЯВА́Ш», «Гнеўка», «Загневаны»,

бел. нар. танец. Муз. памер 38. Тэмп павольны. Выканаўцы (дзяўчына і хлопец) у тэатралізаванай форме паказваюць сварку і прымірэнне закаханых, часта ў суправаджэнні песні («Дзяўчына мая заручоная, чаго так ходзіш засмучоная...»). Больш пашыраны ў зах. абласцях Беларусі. На Магілёўшчыне бытаваў варыянт «Гняваша», які выконвалі толькі мужчыны.

Літ.:

Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / Сост. И.​К.​Зданович. М., 1931.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ II (Charles; 29.5.1630, Лондан — 6.2.1685),

кароль Англіі [1660—85]. Старэйшы сын Карла I, брат Якава II. З 1646 жыў у Францыі. Пасля пакарання смерцю бацькі (1649) абвешчаны каралём Шатландыі. У выніку падзення т. зв. другой рэспублікі (1660) абвешчаны каралём Англіі (рэстаўрацыя Сцюартаў). У 1665—74 намагаўся забяспечыць панаванне Англіі на моры (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), дзеля чаго ў 1670 заключыў тайны саюз з франц. каралём Людовікам XIV.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КСІМУМ І МІ́НІМУМ (лац. maximum i minimum літаральна найбольшае і найменшае),

гранічныя велічыні, найб. і найменшая колькасць чаго-н., найвышэйшая і найніжэйшая ступень. У матэматыцы — найб. і найменшае значэнне функцыі ў параўнанні з яе значэннямі ва ўсіх дастаткова блізкіх пунктах. Пункты М. і м. наз. таксама пунктамі экстрэмуму. Калі функцыя мае некалькі такіх пунктаў, то яны наз. лакальнымі, калі адрозніваюцца ад найб. і найменшага значэнняў функцыі ва ўсёй вобласці вызначэння.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)