БАРАЎСКІ́ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1902—14 у в. Баравая Клімавіцкага пав. (цяпер вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобл.). Меў паравы рухавік (1908), рухавік (1910), паравую машыну і 12 электраматораў (1913). Вырабляў бочкі, дошкі, клёпкі пілаваныя і гонты (1908—13). У 1910 працавала 150 рабочых.
т. 2, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «БЯРЭ́ЗІНА».
Створана ў 1901 у г. Барысаў. Вырабляла да 60 тыс. карабкоў запалак за год і фанерныя сядзенні для крэслаў. Выкарыстоўваліся паравыя рухавікі ў 15—75 к.с. У 1910 працавалі 399 рабочых. На базе ф-кі створаны Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат (цяпер ВА «Барысаўдрэў»).
т. 2, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКАЯ ПАРУСІ́НАВА-ПАЛАТНЯ́НАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1811—44 у мястэчку Горы (цяпер вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл.). Вырабляла палатно, брэзендук (самая тоўстая парусіна), белую і суравую паўпарусіну. У 1828 прадпрыемства было адным з буйнейшых у Магілёўскай губ. Працавала 205 (1817) і 138 (1828) рабочых.
т. 5, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЕНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1897—1916 у в. Ельня Слуцкага пав. (цяпер вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У 1900—13 наз. завод аконнага шкла «Ганцавічы». Меў лакамабіль (12 к.с.) і паравы кацёл. У 1913 працавалі 62 чал., з-д выпускаў высакаякаснае аконнае і люстраное шкло.
т. 6, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ Міхал, бел. гравёр 18 ст. Працаваў у г. Львоў (Украіна) і Нясвіжы пры двары кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі. Стварыў медзярыты на тэмы пастановак Нясвіжскага прыдворнага т-ра У.Радзівіл, якія былі выкарыстаны ў кнізе «Камедыі і трагедыі...» (1754, с. Жоўква, цяпер г. Несцераў, Украіна).
т. 6, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Лаўр Георгіевіч) (30.8.1870, г. Каркаралінск Карагандзінскай вобл., Казахстан — 13.4.1918),
расійскі ваен. дзеяч, адзін з лідэраў белай гвардыі. Ген. ад інфантэрыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1892) і Акадэмію Генштаба (1898). Удзельнік pyc.-яп. вайны 1904—05. У 1907—11 ваен. аташэ ў Кітаі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 48-й пях. дывізіяй (да 1915), стралк. корпусам (1916), войскамі Петраградскай ваен. акругі (сак. — крас. 1917), 8-й арміяй і Паўд.-Зах. фронтам. З 19.7(1.8) да 27.8(9.9).1917 вярх. галоўнакамандуючы. Намагаўся ўстанавіць ваен. дыктатуру (гл. Карнілава мяцеж 1917). 2(15).9.1917 арыштаваны Часовым урадам, зняволены ў г. Быхаў (цяпер Магілёўская вобл.). 19.11(2.12).1917 пры садзеянні ген. М.М.Духоніна ўцёк у г. Новачаркаск, дзе разам з ген. М.В.Аляксеевым узначаліў белагв. добраахвотніцкую армію. Загінуў у час няўдалага штурму г. Екацярынадар (цяпер Краснадар).
У.Я.Калаткоў.
т. 8, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
т. 11, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТО́ШКІН (Віктар Дзмітрыевіч) (н. 10.5.1925, в. Новая Мільча, цяпер у межах Гомеля),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір мінамётнага разліку сяржант Вятошкін вызначыўся пры фарсіраванні Віслы, Одэра і ў баі на подступах да Эльбы.
т. 4, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЧО́ЎСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНА-МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала на Беларусі ў 1894—99 ва ўрочышчы Гарычоўка Гомельскага пав.
(цяпер каля в. Чорнае Рэчыцкага р-на). Вырабляла венскую мэблю. Мела паравую машыну і паравы кацёл (1895),
паравы рухавік (1898). Працавала да 62 рабочых (1898). У 1899 выраблена прадукцыі на 50 тыс. руб.
т. 5, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)