комплекс сродкаў, якія накладваюць на цела хворага пры розных пашкоджаннях і захворваннях. Ахоўвае рану ад інфекцый, вонкавых раздражняльнікаў, падтрымлівае хворую ч.цела ў фіксаваным становішчы. У залежнасці ад функцыян. прызначэння адрозніваюць П. ўмацавальныя (для замацавання перавязачнага матэрыялу на ране), сціскаючыя (гамеастатычныя), якія накладваюць на вобласць пашкоджанага сасуда, каб спыніць крывацёк і імабілізуючыя (для ўтрымання пашкоджанай ч.цела ў вызначаным становішчы). Сярод умацавальных П. часцей ужываюць бінтавую, таксама безбінтавую — клеявую, лейкапластырную і інш. Умацавальная П. бывае кругавая (цыркулярная), крыжападобная, коласападобная і інш. Сціскаючыя П. робяць часцей з марлевага бінту. Імабілізуючыя П. падзяляюць на мяккія (спец. эластычныя прыстасаванні для дадатковай вонкавай фіксацыі суставаў пры пашкоджанні звязкавага апарату), зацвердзявальныя (для працяглай фіксацыі пры пераломах, дэфектах і пашкоджаннях, гнойных працэсах; найб. пашыраны гіпсавыя) і шынныя (для фіксацыі ўчасткаў цела хворых пры транспарціроўцы). Пры аказанні першай дапамогі ў якасці шын выкарыстоўваюць дошкі, рэйкі і інш. Робяць П. паводле правіл дэсмургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГАмеханічнай сістэмы,
стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.
Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАНО́МІЯ (ад гетэра... + грэч. nomos закон),
розная будова сегментаў у пэўных частках цела членістых жывёл. Напр., пярэднія метамеры цела ў насякомых, што зліліся ў адзіны комплекс галавагрудзі, нясуць асн. органы пачуццяў і сківічны апарат, а таксама галаўны мозг; наступныя метамеры ўтвараюць комплексы — грудзі (з хадзільнымі канечнасцямі і крыламі) і брушка (з савакупляльным апаратам, яйцакладам, джалам і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАДАРА́ЦЫЯ,
пазбаўленне ад непрыемнага паху цела чалавека, памяшканняў і хім. рэчываў з дапамогай спец. саставаў (дэзадарантаў). Дасягаецца вентыляцыяй памяшканняў, выкарыстаннем дэзадарантаў (у ветэрынарыі — торф, драўняны вугаль, марганцавакіслы калій, фармалін, хлорная вапна, азон і інш), своечасовай фіз. і хім. апрацоўкай адходаў і нечыстот. Да дэзадарантаў цела часта дабаўляюць касметычныя сродкі — ласьёны, крэмы, пасты і інш. Д. папярэднічае гігіенічная апрацоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬНІЦЫ, мухі-пчалавідкі (Eristalis),
род мух сям. журчалак. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 20 відаў.
Даўж. 7—16 мм. Нагадваюць пчол. Цела кароткае, кампактнае, з шырокімі моцнымі крыламі. Лічынкі цыліндрычныя, цела іх заканчваецца дыхальнай трубкай з парай дыхальцаў на канцы. Акукліваюцца. зімуюць. Кормяцца нектарам кветак.
Ільніцы: 1 — аваднёвая; 2 — звычайная; 3 — рознакаляровая (а — самка, б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РА СІЛ,
дзве роўныя па модулі і процілеглы па напрамку паралельныя сілы, прыкладзеныя да аднаго цела. Утварае вярчальнае дзеянне, якое характарызуецца момантам П.с. (гл.Момант сілы), і не мае раўнадзейнай. Адлегласць паміж лініямі дзеяння сіл наз. плячом сілы. Сістэма П.с., прыкладзеных да аднаго цела, мех. эквівалентная адной П.с., момант якой роўны геам. суме момантаў гэтых сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭГАРЫ́НЫ (Gregarinia),
падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).
Даўж.цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).
Грэгарыны: а — узброеная, б — прусаковая (1 — эпімерыт; 2 — протамерыт; 3 — дэйтамерыт; 4 — ядро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),
клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),
атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям.залатавочак і мурашыных ільвоў.
Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.