ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,
рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж.бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел.літ. мовы.
П з. выяўлены ў 1846 В.Бадзянскім. Даследаваны А.Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.Рачынскага ў Познані (Польшча).
Літ.:
Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.
амерыканскі драматург. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Дэбютаваў кн. нарысаў «Становішча нармальнае» (1944). У п’есах «Чалавек, якому гэтак шанцавала» (1944), «Усе мае сыны» (1947), рамане «Фокус» (1945) праблемы асобы, сям’і і грамадства, расавых і нац. узаемаадносін. Сусв. вядомасць прынесла драма «Смерць коміваяжора» (1949) — своеасаблівая інтэрпрэтацыя «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі». Аўтар п’ес «Цяжкае выпрабаванне» (1953, гіст.хроніка), «Від з моста» і «Успаміны пра два панядзелкі» (абедзве 1955), «інтэлектуальных» антынацысцкіх драм «Пасля грэхападзення» (1964) і «Гэта здарылася ў Вішы» (1965), камедыі «Стварэнне свету і іншыя справы» (1972), сац.-філас. драмы «Амерыканскі хранограф» (1980), кінасцэнарыя і аднайм. аповесці «Непрыкаяныя» (1961). У яго рэаліст. творах адчувальны ўплыў экзістэнцыялізму, «плыні свядомасці». Паводле яго п’есы «Цяжкае выпрабаванне» Бабруйскі вандроўны бел.драм.т-р (1957) і Гродзенскі абл.драм.т-р (1996) паставілі п’есу «Салемскія ведзьмы», Брэсцкі абл.драм.т-р — «Від з моста» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭНАДАРА́Н, Інстытут старажытных рукапісаў «Матэнадаран» імя Месропа Маштоца,
найбуйнейшае ў свеце сховішча старажытнаарм. рукапісаў і н.-д.ін-т у Ерэване. Створаны на базе нацыяналізаванай у 1920 калекцыі рукапісаў Эчміядзінскага манастыра. У яго фондах каля 13 тыс.стараж.-арм. манускрыптаў, больш за 100 тыс.стараж. архіўных дакументаў, каля 2000 рукапісаў на араб., перс. і інш. мовах. У М. зберагаюцца рукапісы 5—18 ст., унікальная калекцыя першадрукаваных і стараж.-арм. кніг 16—18 ст., творы стараж. і сярэдневяковых арм. гісторыкаў, пісьменнікаў, філосафаў, матэматыкаў, географаў, урачоў; пераклады прац стараж.-грэч., сірыйскіх, араб. і лац. вучоных, у т. л. шэраг твораў, якія захаваліся толькі ў стараж.-арм. перакладах 5—7 ст. («Хроніка» Яўсея Кесарыйскага, 7 філас. трактатаў Філона Яўрэя і інш.). Шмат рукапісаў маюць вял. мастацкую каштоўнасць (напр., «Лазараўскае евангелле», 887, «Эчміядзінскае евангелле», 989, «Евангелле Мугні», 11 ст.). У М. вядзецца н.-д. работа, у яго музеі экспануюцца лепшыя ўзоры стараж.-арм. пісьменства і мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд.т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУ́ХІН (Юрый Аляксандравіч) (н. 13.7.1938, в. Фёдараўка Сасноўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. кінааператар, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1962). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютаваў у кіно навелай «Зорка на спражцы» (1963, з А.Забалоцкім). Творчасці М. як аператара ўласціва імкненне да паэт. вобразнасці, увага да каларыстычнага і светлавога вырашэння кадра, майстэрства кампазіцыі, выразнасць партрэтных характарыстык. Найб. значныя фільмы: мастацкія — «Усходні калідор» (1967), «Чорнае сонца» (1971), «Магіла льва» (1972), «Хроніка ночы» (1973), «Пункт адліку», «Паводка» (абодва 1980), «Зацішша» (1982), «Сад» (1983), «Тры жанчыны і адзін мужчына» (1999); дакументальныя — «Салдаткі» (1974, сцэн., рэж.; аператар з А.Сіманавым), «Суд памяці» (1976), «Адам і Марыля» (1988) і інш. Рэжысёр маст. фільмаў «Радаўніца» (1984, прыз «Памяць» 17-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1990), «Уік энд з забойцам» (1992), дакументальных «Выстаўка» (сцэн. з В.Адамчыкам) і «Мы — квант» (1977; сцэн. з А.Белавусавым, аператар з А.Шклярэўскім), «Восень земляроба» (1979, сцэн. з Ф.Коневым) і інш. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі (з 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ЎСКІ (Антон) (10.7.1781, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.1.1855),
выдавец, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1807). Адзін з арганізатараў і актыўны член т-вашубраўцаў, Віленскага друкарскага т-ва (1818—22). У 1816—22 рэдактар сатыр.час. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»), у 1817—39 рэдактар-выдавец газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»), у 1819—30 — першага на Беларусі і ў Літве навук.-літ.час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). У 1817 заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у т. л. «Летапісец Літвы і руская хроніка» ў апрацоўцы І.Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т.Нарбута (т. 1—9, 1835—41), творы І.Красіцкага, Ф.Князьніна, І.Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўд. Патэлё, 1817), мемуараў (зберагаліся ў Р.Зямкевіча, загінулі ў 2-ю сусв. вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў: Вільні, Коўна, Трок...» (ч. 1—2, 1843). Мяркуюць, што ў 1812 пісаў на бел. мове адозвы да сялян супраць памешчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧ ((Andriђ) Іва) (9.10.1892, в. Долак, каля г. Траўнік, Боснія — 13.3.1975),
югаслаўскі пісьменнік і дыпламат.Д-р філасофіі (1924). Чл. Сербскай АН (з 1926), Югаслаўскай (з 1951) і Славенскай (з 1953) акадэмій навук і мастацтваў. У 1921—41 дыпламат у еўрап. краінах. Аўтар зб-каў лірычных вершаў у прозе «Ex ponto» (1918), «Неспакоі» (1920), апавяданняў і аповесцяў «Шлях Аліі Джэрджалеза» (1920), «Мост на Жэпе» (1947) і інш., кароткіх раманаў «Паненка» (1945), «Пракляты двор» (1954). Сусв. вядомасць прынеслі гіст. раманы пра мінулае Босніі «Траўніцкая хроніка» і «Мост на Дрыне» (абодва 1945). Гал. рысы яго твораў — філас. напоўненасць і глыбокі псіхалагізм. Літ.-крыт. працы пра дзеячаў сербскай і сусветнай культуры. Нобелеўская прэмія 1961. На бел. мову творы Андрыча перакладалі В.Рагойша, А.Разанаў, Л.Самасейка, Б.Сачанка, Г.Тварановіч, І.Чарота.