іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт.Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.
Тв.:
Рус.пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;
Избр. произв.Т. 1—2. Л., 1986.
Літ.:
Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),
спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lzназ. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
Да арт.Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.Да арт.Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.Лангбарп. 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.
Літ.:
Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш.У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,
помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.
В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.
Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.Да арт.Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА (ад лац. infra пад + структура),
комплекс галін нац. эканомікі, якія абслугоўваюць вытв-сць і забяспечваюць умовы жыццядзейнасці грамадства. На макраўзроўні (для эканомікі ў цэлым) уключае капітальныя збудаванні, што звычайна забяспечваюцца дзяржавай і выкарыстоўваюцца юрыд. і фіз. асобамі на платнай ці бясплатнай аснове (аўтамагістралі, масты, водаправод, каналізацыя, аэрапорты і інш.); на мікраўзроўні (для фірмы, прадпрыемства) — збудаванні і службы, неабходныя для вытв-сці прадукцыі. Ствараюцца дзяржавай, прадпрыемствамі або фірмамі (водазабеспячэнне, вываз вытв. адходаў, фін. і банкаўскае абслугоўванне і інш.). Адрозніваюць І. вытворчую і невытворчую (сацыяльную), І. кіравання і І. рынку. Вытв. І. ўключае трансп. збудаванні (напр., дарогі), сувязь, што абслугоўвае вытв. сферы, складскую гаспадарку, мат.-тэхн. забеспячэнне, сістэму інж. сетак, выліч. цэнтры, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, газа- і нафтаправоды і інш. Да невытв. І. адносяць адукацыю, ахову здароўя, жыллёва-камунальную гаспадарку, пасаж. транспарт, навуку і навук. абслугоўванне, фіз. культуру, сац. забеспячэнне і інш. І. кіравання складаецца з сістэмы арг-цый, устаноў і іх падраздзяленняў, якія забяспечваюць працэс кіравання (акадэміі, ун-ты, кансультацыйныя фірмы, школы бізнесу, асацыяцыі прадпрымальнікаў і інш.). Развіццё І. з’яўляецца важнай умовай інтэнсіфікацыі вытворчасці, вырашэння сац. задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,
царкоўна-палітычны рух і філас. плынь уРус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),
імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац.літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. Убел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел.літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ ГРУ́ПА,
таварыства, створанае ў выніку аб’яднання капіталаў прадпрыемстваў розных галін, банкаў і інш. крэдытна-фін. ін-таў, н.-д. цэнтраў шляхам акцыяніравання. Мае на мэце максімізацыю прыбыткаў, павышэнне эфектыўнасці вытв. і фін. аперацый, умацаванне канкурэнтаздольнасці на ўнутр. і знешнім рынках, усталяванне тэхнал. і кааператыўных сувязей, рост эканам. патэнцыялу ўдзельнікаў. Кіраванне ажыццяўляецца праз цэнтр. кампанію, якая можа быць юрыд. асобай або групай фіз. асоб — уласнікаў і вышэйшых менеджэраў. Эканам. асновай Ф.-п.г. з’яўляецца сістэма ўдзелу, якая дазваляе аб’ядноўваць пад кіраўніцтвам цэнтр. кампаніі значную колькасць фірмаў праз іх удзел уакц. капітале. Функцыі цэнтр. кампаніі: спалучэнне паслядоўных стадый узнаўленчага цыкла ў цэлым, у т. л. рух капіталу; фін. забеспячэнне дзейнасці структур, якія ў яго ўваходзяць; рэалізацыя ўзгодненай палітыкі выраўноўвання нормы прыбытку.
Па прыналежнасці капіталу і маштабах дзейнасці адрозніваюць Ф.-п.г.: нацыянальныя, капітал і маштаб дзейнасці якіх абмяжоўваецца рамкамі адной краіны; транснацыянальныя, што маюць шырокую сетку даччыных прадпрыемстваў за мяжой, але асн. доля капіталу належыць адной краіне; шматнацыянальныя, або глабальныя, капітал якіх належыць прадпрымальнікам розных краін, а іх дзейнасць ахоплівае ўвесь сусв. рынак. Ф.-п.г. ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць у адпаведнасці з цывільным кодэксам краіны і законам «Аб фінансава-прамысловых групах» ад 4.6.1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НІЯ (ад позналац. unio адзінства, аб’яднанне),
разнавіднасць складанай дзяржавы. АсабістайУ. называецца аб’яднанне 2 або некалькіх дзяржаў пад уладай аднаго кіраўніка. РэальнаяУ. характарызуецца аб’яднаннем не толькі пад уладай адзінага кіраўніка дзяржавы, але і агульнымі органамі ўлады і кіравання. У абодвух выпадках суб’ектам міжнар. права з’яўляецца У. ў цэлым, асобныя дзярж. ўтварэнні, што ўваходзяць у яе склад.Гіст. прыклады асабістай У.: англа-гановерская (1714—1838), нідэрландска-люксембургская (1815—1890). Гіст. прыклады рэальнай У.: шведска-нарвежская (1814—1905), аўстрыйска-венгерская (1867—1918). ДзяржаўнаяУ. — аб’яднанне, саюз дзяржаў. ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзілася ў У. з Польскім каралеўствам. Упершыню пра дзярж. сувязь ВКЛ і Польшчы абвешчана актам вял.кн.ВКЛЯгайлы 14.8.1385 — Крэўская унія 1385. Пазней яе ўмовы пацверджаны актамі Віленска-Радамскай уніі 1401 і Гарадзельскай уніі 1413. Статус ВКЛ як саюзнай Польшчы дзяржавы быў пацверджаны ў некалькіх актах 1432—34 Ягайлы і вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча. Персанальная У. ВКЛ і Польшчы як раўнапраўных дзяржаў заключана ў Бярэсці 17 і 19.9.1446; паводле гэтага дагавора вял.кн.ВКЛКазімір IV станавіўся і польскім каралём. Злучэнне Польшчы і ВКЛу адну федэратыўную дзяржаву прадугледжвала Люблінская унія 1569, калі была ўтворана Рэч Паспалітая. У 1655 частка шляхты ВКЛ спрабавала разарваць саюз з Польшчай і заключыць дзярж.У. са Швецыяй (гл.Кейданскі дагавор 1655), але Рэч Паспалітая праіснавала да яе падзелаў у канцы 18 ст.