гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус.нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.
Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКВА́ЦЫЯ (ад лац. liquatio разрэджванне, плаўленне) у металургіі, сегрэгацыя, неаднароднасць хім. саставу зацвярдзелых сплаваў. Узнікае пры крышталізацыі. Абумоўлена тым, што сплавы крышталізуюцца ў некаторым інтэрвале тэмператур. Выклікае неаднароднасць уласцівасцей і пагаршае якасць зліткаў. З’яву Л. адкрылі рус. металургі М.В.Калакуцкі і А.С.Лаўроў у 1866.
Адрозніваюць Л. дэндрытную (праяўляецца ў мікрааб’ёмах сплаву — у межах аднаго зерня або дэндрыту) і занальную (у аб’ёме злітка назіраецца некалькі зон з розным хім. саставам). Дэндрытную Л памяншаюць гомагенізацыяй зліткаў, для змяншэння занальнай — карыстаюцца спец. прыёмамі ліцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАР (Мікалай Якаўлевіч) (6.1.1865, г. Кутаісі, Грузія — 20.12.1934),
расійскі філолаг і археолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1912), АНСССР (1925), АН Беларусі (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1890), з 1900 праф. у ім. Даследаваў каўк. мовы [«Граматыка чанскай (лазскай) мовы з хрэстаматыяй і слоўнікам», 1910; «Граматыка старажытналітаратурнай грузінскай мовы», 1925], гісторыю, археалогію і этнаграфію Каўказа. Вывучыў і апублікаваў тэксты шэрагу стараж.-груз. і стараж.-арм. помнікаў. У 1920—30-я г. стварыў навукова неабгрунтаваную «яфетычную тэорыю» («новае вучэнне пра мову»), якая тым не менш дала імпульс распрацоўцы праблем сувязі развіцця навукі і грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,
адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЯ,
ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял.кн.літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧА́СЦЕ, еўхарысція,
галоўны абрад, адно з 7 таінстваў у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Займае цэнтр. месца ў літургіі. У час П. веруючыя з’ядаюць кавалачак асвячонага хлеба і выпіваюць лыжачку віна, якія сімвалізуюць «цела і кроў» Ісуса Хрыста, і тым самым далучаюцца да «боскай сутнасці». Лічыцца, што ў час апошняй трапезы Ісус Хрыстос частаваў сваіх вучняў віном і хлебам, ператвараючы іх у цела і кроў сваю, наказваў захоўваць гэты абрад у памяць аб ім. У пратэстанцкіх цэрквах П. разглядаецца як сімвалічны абрад, а не як таінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙЛЯ—МАРЫЁТА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога здабытак аб’ёму дадзенай масы ідэальнага газу на яго ціск пры пастаяннай т-ры ёсць велічыня пастаянная. Устаноўлены эксперыментальна Р.Бойлем (1662) і незалежна ад яго франц. вучоным Э.Марыётам (1676). Вынікае з кінетычнай тэорыі газаў, калі прыняць, што памеры малекул нязначныя ў параўнанні з адлегласцямі паміж імі і адсутнічае міжмалекулярнае ўзаемадзеянне. Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ.
Да арт.Бойля—Марыёта закон: T1, T2, T3 — ізатэрмы ідэальнага газу ў каардынатах p—V (T1 < T2 < T3); плошчы A1 = A2 = C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСО́Н ((Bresson) Рабер) (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),
французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.