ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, прыстасаванні і прылады, прызначаныя для стварэння, выкарыстання і вывучэння вібрацыі, для аховы ад яе шкоднага ўздзеяння. Да вібрацыйнай тэхнікі адносяцца: вібрацыйныя машыны; датчыкі, пераўтваральнікі, аналізатары, рэгістравальныя і сігнальныя прыстасаванні; пасіўныя і актыўныя вібраахоўныя прыстасаванні (дэмпферы «сухога» і вязкага трэння, дынамічныя гасільнікі ваганняў, сістэмы аўтам. кіравання рухам вібратараў і інш.).

Вібрацыйныя машыны падзяляюцца: паводле тыпу прывода — на гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрамех. і інш.; паводле прынцыпу стварэння ваганняў — на цэнтрабежныя (вібрацыя ўзнікае пры вярчэнні дэбалансу), поршневыя, кулачковыя, крывашыпна-шатунныя, электрамагнітныя, электрадынамічныя, магнітастрыкцыйныя, п’езаэлектрычныя і інш.; паводле прызначэння — на тэхнал., транспартавальныя, дазіруючыя і выпрабавальныя. Тэхналагічныя: вібрамолаты, вібрапагружальнікі (для апускання ў грунт і выцягвання з яго паляў, труб, шпунта і інш.), вібрапляцоўкі (для вібраўшчыльнення бетону), вібрацыйныя рашоткі (для выбівання апок), вібраштампы (для штампавання жалезабетонных вырабаў складанай канфігурацыі), вібракаткі (для ўшчыльнення дарожнага пакрыцця; гл. Каток дарожны) і інш. Транспартавальныя: вібрацыйныя транспарцёры, канвееры, пад’ёмнікі, бункеры, помпы (для транспартавання вадкіх, сыпкіх, кускавых матэрыялаў, вырабаў на адлегласць да 100 м і болей). Дазіравальныя — вібрацыйныя дазатары (для адмервання вадкіх і сыпкіх матэрыялаў). Выпрабавальныя: вібрастэнды (для вібрацыйных выпрабаванняў вырабаў або для каліброўкі датчыкаў вібравымяральнай апаратуры), машыны для выпрабавання будынкаў пры штучных сейсмічных нагрузках і інш. Сродкі вібрацыйнай тэхнікі выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, горнай і хім. прам-сці, сельскай і камунальнай гаспадарцы і інш.

Літ.:

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969;

Вибрационные массообменные аппараты. М., 1980;

Варсанофьев В.Д., Кольман-Иванов Э.Э. Вибрационная техника в химической промышленности. М., 1985.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Вібрацыйная тэхніка. Вібрапракатны стан для вытворчасці танкасценных жалезабетонных вырабаў: 1 — секцыя цеплавой апрацоўкі; 2 — калібравальная секцыя; 3 — секцыя бетанавання і ўшчыльнення бетону; 4 — секцыя арміравання.
Да арт. Вібрацыйная тэхніка. А — схема вібраапускальніка (1 — электрарухавік, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — паля); Б — схема ўстаноўкі для вібраштампавання жалезабетонных вырабаў (1 — вібраштамп, 2 — прыціскная рама, 3 — аснастка); В — схема вібрапляцоўкі для ўшчыльнення бетону (1 — рухомая рама, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — прыстасаванне для замацоўвання формы).
Да арт. Вібрацыйная тэхніка. Самаперасоўная вібрапліта: 1 — вібраўзбуджальнік; 2 — рабочая пліта; 3 — рухавік.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСХО́ВІШЧА,

штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн. м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз. сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.

Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб. Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб. Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.

Літ.:

Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.

В.​В.​Дрозд.

Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).
Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад гідра... + ізаляцыя),

ахова канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад пранікнення і шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных вадкасцей. Для гідраізаляцыі выкарыстоўваюць гідраізаляцыйныя матэрыялы, ахоўныя пакрыцці, спец. канструктыўныя элементы або воданепранікальныя слаі паверхні збудаванняў, ушчыльненні дэфармацыйных швоў, стыкаў у зборных збудаваннях і інш. Адрозніваюць гідраізаляцыю проціфільтрацыйную (герметызавальную) і процікаразійную; у залежнасці ад віду асн. матэрыялу — бітумную, палімерную, металічную, армацэментную і інш.; ад віду ахоўнага пакрыцця — цвёрдую, абмазачную, пластычную, абклеечную, камбінаваную.

Проціфільтрацыйнай гідраізаляцыяй папярэджваюць пранікненне вады ў падземныя і падводныя збудаванні (падвалы, рэзервуары, шахты, тунэлі і інш.), прасочванне праз падпорныя гідратэхн. збудаванні (бетонныя плаціны), выцяканне яе (з рэзервуараў, адстойнікаў) і г.д. Процікаразійнай гідраізаляцыяй ахоўваюць канструкцыі ад грунтавых і сцёкавых вод, атм. вільгаці, а таксама ад блукальных токаў, што выклікаюць карозію (трубаправодаў, апор ЛЭП, падземных канструкцый і інш.). Цвёрдая гідраізаляцыя робіцца: пакрыццём ізалюемай паверхні слоем шчыльнага бетону або тынку, прыгатаваных з рознымі дабаўкамі-ўшчыльняльнікамі; жалязненнем (уціранне сухога цэменту ва ўвільготненыя або ў толькі што ўкладзеныя і змочаныя вадой бетонныя паверхні); таркрэтаваннем (нанясенне слоя цэментнага раствору або дробназярністага бетону на паверхню збудавання цэмент-пушкай, а на ўнутр. паверхню труб — цэнтрыфугаваннем). Абмазачная гідраізаляцыя ў выглядзе тонкага пакрыцця наносіцца на паверхню ў халодным або гарачым стане фарбавальнымі апаратамі (электрафарбапульты, распыляльнікі і інш.) ці пэндзлем. Бывае адна- і мнагаслойная, нармальнага і ўзмоцненага тыпу. Абклеечную гідраізаляцыю ствараюць у выглядзе воданепранікальнай масы з бітуму або асфальтавай масцікі, арміраванай слаямі шклотканіны, руберойду, мешкавіны, тканіны з узмацняльнай абгорткай і без яе, ліпкіх палімерных стужак і інш. Камбінаваная гідраізаляцыя — камбінацыя пералічаных тыпаў. Ужываецца таксама гідраізаляцыя, якая манціруецца (да канструкцый прымацоўваюць зваркай і склейваннем метал. або пластмасавыя лісты, сегменты і да т.п.), абліцовачная (воданепранікальнымі пліткамі, керамічнымі блокамі і інш. вырабамі, якія наклейваюцца з дапамогай масцік), насычальная (канструкцыі з порыстых матэрыялаў насычаюць вяжучымі рэчывамі), засыпная (у воданепранікальныя слаі і пустоты канструкцый засыпаюць гідрафобныя сыпкія матэрыялы). Тып гідраізаляцыі і неабходныя для яе гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам уласцівасцей гэтых матэрыялаў (старэнне, цеплаўстойлівасць, дэфармацыйная здольнасць і інш.), а таксама спецыфікі работы збудавання. Для забеспячэння нармальнай эксплуатацыі гідраізаляцыі ажыццяўляюць кантроль якасці пакрыцця знешнім аглядам, таўшчынямерамі, дэфектаскопамі, адгезіметрамі і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для сан. ачысткі населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання гар. дарог і будынкаў, догляду за зялёнымі насаджэннямі.

Для збору і вывазу цвёрдых быт. адходаў (ЦБА) прызначаны машыны на шасі аўтамабіляў і трактароў: збіральныя з бакавой або тарцовай загрузкай (абсталёўваюцца захопамі-маніпулятарамі для падняцця і выгрузкі кантэйнераў у герметычны кузаў, дзе ЦБА ушчыльняюцца спец. плітой ці ротарам); транспартныя, закрытыя кузавы якіх маюць люкі для загрузкі ЦБА у пунктах перагрузкі або сарціроўкі. Для ачысткі калодзежаў ліўневай каналізацыі выкарыстоўваюць глеясосныя машыны з герметычнай цыстэрнай, помпавай устаноўкай і шлангам для забору глею; для прачысткі труб гар. каналізацыі — машыны гідрадынамічнай ачысткі (складаюцца з цыстэрны з вадой, помпавай устаноўкі, напорных шлангаў з насадкамі для прамыўкі). Рамонт гар. дарог (ямачны рамонт, ускрыццё асфальтабетоннага пакрыцця, укладка асфальту або брусчаткі) робіцца машынамі на шасі аўтамабіляў або трактароў з выкарыстаннем спец. абсталявання для рэзкі асфальту або грунту, прыгатавання і размеркавання пакрыццяў (бітумных масцік), укладкі і прыкочвання асфальту ці брусчаткі (гл. Дарожныя машыны). Для ўтрымання дарог у летні перыяд выкарыстоўваюць машыны паліва-мыечныя (маюць цыстэрну для вады і прыстасаванні для яе распылення) і падмятальна-ўборачныя (маюць шчотачнае абсталяванне, мех. або вакуумны вузел загрузкі пылу і смецця ў герметычную цыстэрну і прыстасаванне пылаўлоўлівання), у зімовы перыяд — снегаўборачныя машыны, універсальныя пагрузчыкі, пескараскідальнікі (абсталяваны бункерам для пясчана-саляной сумесі, механізмам раскідвання і плужна-шчотачным абсталяваннем), лёдасколвальнікі. Пры рамонце фасадаў будынкаў выкарыстоўваюць спец. вышкі і пад’ёмнікі, падвясныя люлькі, малагабарытныя ўстаноўкі для рамонту мяккіх дахаў і прыгатавання бітумных масцік непасрэдна на даху. Для догляду за газонамі і зялёнымі насаджэннямі выкарыстоўваюць газонакасілкі, апырсквальнікі, ямабуры, машыны для выдалення пнёў і здрабнення галінак і інш.

На Беларусі асн. распрацоўшчыкі К.м. — канструктарскія аддзелы НВА «Жылкамунтэхніка», вытворцы — Асіповіцкі з-д «Каммаш» і ВА «Белкамунмаш». Асобныя віды К.м. вырабляюць прамысл. прадпрыемствы (МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор», «Белдартэхніка»), а таксама імпартуюцца з Расіі, Германіі, Францыі.

В.​А.​Бажэнаў, Л.​З.​Вакс.

Камунальныя машыны: 1 — смеццявоз з бакавой загрузкай (Асіповіцкі завод «Каммаш»); 2 — глеясосная машына (Германія); 3 — пескараскідальнік («Каммаш»); 4 — уборачная машына (Францыя); 5 — паліва-мыечная машына («Каммаш»); 6 — газонная касілка (Францыя).

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на У Украіны. Утворана 3.6.1938. Да 1958 і ў 1970—90 наз. Варашылаўградская вобл. Пл. 26,7 тыс. км². Нас. 2782,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 87%. Цэнтр — г. Луганск. Найб. гарады: Севераданецк, Алчэўск, Лісічанск, Стаханаў, Красны Луч.

Прырода. Большая ч. тэрыторыі вобласці — хвалістая стэпавая раўніна, расчлянёная густой сеткай яроў і лагчын. На ПдДанецкі краж (выш. да 367 м, г. Магіла-Мячэтная). Карысныя выкапні: каменны вугаль (частка Данецкага вугальнага басейна), вапнякі, мергель, мел, вогнетрывалыя і пластычныя гліны, каменная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6 °C на Пд да -8 °C на ПнУ, ліп. 21—23 °C. Ападкаў за год ад 400—450 мм на ПнУ да 550 мм у межах Данецкага кража. Гал. рака — Северскі Данец з прытокамі Красная, Баравая, Айдар, Дзеркул (злева) і Лугань, Луганчык, Вял. Каменка (справа). Глебы чарназёмныя, дзярнова-падзолістыя, у поймах рэк алювіяльныя. Участкі карэнных стэпаў захаваліся ў межах Луганскага запаведніка. Пад лесам каля 7% тэрыторыі (пераважна ў пойме Северскага Данца). На ПнУ вобласці лясныя палосы, закладзеныя ў канцы 19 ст. В.В.Дакучаевым (Юніцкі бат. заказнік).

Гаспадарка. Л.в. — важны раён цяжкай прам-сці Украіны. Вядучыя галіны прам-сці: вугальная (здабыча энергет. і каксавальных каменных вуглёў), металургічная (вытв-сць чыгуну, сталі, пракату, ферасплаваў, труб), маш.-буд. (вытв-сць горна-шахтавага абсталявання, цеплавозаў, вагонаў, станкоў, абсталявання для металургічнай, хім. прам-сці, прылад, ЭВМ), хім., коксахім. і нафтахім. (вытв-сць аміяку, мінер. угнаенняў, анілінавых фарбавальнікаў, гумава-тэхн. вырабаў, соды). Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ і ДРЭС (Варашылаўградская, Штэраўская, Лісічанская). Развіты лёгкая (трыкат., тэкст., швейная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і алейная, мукамольна-крупяная, плодаагароднінакансервавая і інш.), камбікормавая, дрэваапр. (у т. л. мэблевая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкло, жалезабетонныя вырабы). С.-г. ўгоддзі займаюць 1872 тыс. га, у т. л. пад ворнымі землямі 1386 тыс. га (1996). Буйныя арашальныя сістэмы (пл. каля 100 тыс. га). Земляробства спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень) і алейных (сланечнік) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Садоўніцтва, вінаградарства. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Дапаможныя галіны — пчалярства, трусагадоўля, рыбаводства. Чыг. вузлы: Луганск, Папасная, Родакава і інш. Асн. аўтадарогі: Луганск—Харкаў, Луганск—Данецк, Луганск—Дзябальцава. Аэрапорты ў Луганску і Севераданецку.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, якая аб’ядноўвае прадпрыемствы па здабычы сыравіны і вытв-сці грубай керамікі (гліняная цэгла, керамічны камень, абліцовачная плітка, кафля, дахоўка, дрэнажныя трубы, сан.-буд., кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і інш.), тонкай керамікі (фарфора-фаянсавыя вырабы: прадметы прыкладнога характару, гасп. і лабараторны посуд і інш.), керамзіту, вырабаў эл.-тэхн. і радыётэхн. прам-сці, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вытв-сць вырабаў з керамікі заснавана на ўласцівасці гліністых матэрыялаў утвараць з вадой пластычнае цеста, з якога можна рабіць патрэбную форму і абпальваць. Керамічная вытв-сць разнастайная, зводзіцца да працэсаў апрацоўкі керамічнай сыравіны, падрыхтоўкі масы, афармлення вырабаў, іх сушкі і абпальвання.

На Беларусі вытв-сць глінянага посуду пачалася ў неаліце (5—4 тыс. г. да н.э.). З пашырэннем тут у 10 ст. н.э. ганчарнага круга вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў спец. рамяство — ганчарства. У 16—18 ст. існавалі дзесяткі асяродкаў вытв-сці керамічных вырабаў, пераважна розных відаў гасп. посуду. З 16 ст. інтэнсіўна развівалася і вытв-сць кафлі (буйным. яе цэнтрам пазней стаў Копысь). У 1742 кн. М.​Радзівіл заснаваў у Свержані першую на Беларусі фаянсавую мануфактуру, дзе выпускалі сталовы посуд, дэкар.-маст. вырабы. Фаянс выраблялі мануфактуры ў Гродне, Целяханах, Урэччы, Слуцку. З даўніх часоў як цэнтры керамічнай вытв-сці вядомы Пружаны, Дуброўна, Івянец, Радашковічы, Ракаў, Гарадная (Столінскі р-н). У 1950—60-я г. на Беларусі арганізаваны выпуск керамічных дрэнажных труб, абліцовачнай пліткі, керамічнай пліткі для падлогі, дахоўкі. У 1974 вытв-сць дахоўкі была спынена, адноўлена ў 1990-я г. Сярод краін свету вытв-сцю керамічных вырабаў вылучаюцца Кітай, ЗША, Расія, Італія, Іспанія, Чэхія.

На Беларусі (1995) выпушчана 5426 тыс. м² керамічнай пліткі для ўнутр. абліцоўкі, 1071 тыс. м² керамічнай пліткі для падлогі, 1679 тыс. м² фасаднай керамічнай пліткі розных колераў, 433,6 тыс. шт. сан. керамічных вырабаў, 20,2 тыс. м² дахоўкі, 21 млн. шт. фарфора-фаянсавага посуду, у т. л. 409 тыс. камплектаў чайных і кававых сервізаў. Найбольшае прадпрыемства па выпуску розных відаў буд. керамікі ВА «Керамін» (раней «Мінскбудматэрыялы»). Буд. кераміку выпускаюць таксама ВА «Кераміка» ў Віцебску, Обальскі керамічны з-д, ВА «Оршабудматэрыялы», Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Скідзельскі камбінат буд. матэрыялаў, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Магілёўскі камбінат буд. матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны з-д, з-д абліцовачнай фасаднай керамікі «Гарынь» у Столінскім р-не, малыя прадпрыемствы «Архіпласт» (Ліда), «Маналіткерам» (Талачынскі р-н) і інш. Гатункавы посуд, маст. кераміку выпускаюць Мінскі фарфоравы з-д, вытв. гандл. фірма «Фарфор» (Добруш), Радашковіцкі керамічны з-д. Экспартуюцца абліцовачная керамічная плітка, гатунковы посуд, вырабы маст. керамікі.

С.​І.​Сідор.

Да арт. Керамічная прамысловасць. Ліцейны ўчастак завода «Будфарфор» ААТ «Керамін».

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 665,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).

Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).

Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн. т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-ра студз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.

Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш. араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс. ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст. н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл. ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд. дол. (1994), каля 20 тыс. дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн. т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж. Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн. т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд. кВтгадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс. га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс. га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс. км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд. дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.

Літ.:

Князев А.Г. Бахрейн и Катар. М., 1984.

Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Катара.

т. 8, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),

краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс. км². Нас. 2077 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г. Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).

Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд. т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.

Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн. ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс. ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс. чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.

Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст. н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст. араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.

19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб. эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.

Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн. т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд. м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд. кВтгадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс. га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн. шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс. км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л. міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд. дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал. гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд. дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.

Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл. буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш. Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.

Літ.:

Государство Кувейт. Справ. М., 1990.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.​Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Кувейта.
Да арт. Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.
Да арт. Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.
Да арт. Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.

т. 8, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія аш-Шаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км². Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на УЛівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.​Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар.араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВтгадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.​Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.​С.​Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)