ГІНЕКАМАСТЫ́Я (ад гінека... + грэч. mastos грудзі),
павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФТЫ́РЫУС (Ichthyophthirus multifiliis),
раснічная інфузорыя атр. плеўкаротых. Узбуджальнік хваробы рыб іхтыяфтырыёзу.
Заражае рыбу ў выглядзе дробных (20—30 мкм у дыям.) «бадзяжак», якія свабодна плаваюць і прымацоўваюцца да скуры, плаўнікоў, шчэлепаў рыб, актыўна ўкараняюцца ў тканкі, хутка растуць, дасягаюць 0,5—1 мм у дыям. (рыба як бы абсыпана маннымі крупамі). Спелы І. выходзіць у ваду, ператвараецца ў цысту, якая дзеліцца шмат разоў на «бадзяжкі» і заражае новых гаспадароў. Можа выклікаць масавую гібель рыб (у т. л. акварыумных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́РСКАЯ (Ларыса Рыгораўна) (н. 7.4.1938, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1975), праф. (1979). Скончыла Ленінградскі педыятрычны мед.ін-т (1960). З 1963 ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі, вегетатыўнай дысфункцыі, дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі сістэмных захворванняў злучальнай тканкі, сардэчнай недастатковасці ў дзяцей рознага ўзросту.
Тв.:
Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.);
Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІФЕРА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + fero нясу),
павелічэнне колькасці клетак (або геномаў пры поліплаідыі) шляхам непрамога дзялення, мітозу. Вядзе да росту тканкі, у адрозненне ад інш. спосабу павелічэння яе масы (напр., з прычыны ацёку). Інтэнсіўнасць П. рэгулюецца стымулятарамі і інгібітарамі, якія выпрацоўваюцца ўнутры рэагуючых клетак і воддаль ад іх (напр., гармоны). У раннім эмбрыягенезе П. адбываецца бесперапынна. Па меры дыферэнцыроўкі перыяды паміж дзяленнямі павялічваюцца. Некат. дыферэнцыраваныя клеткі, напр., нервовыя, не здольныя да П. У раслін П. наз.праліфікацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШЫ́НА (peritoneum),
серозная абалонка, што высцілае сценкі брушной і тазавай поласцей і ўкрывае паверхню размешчаных у ёй органаў у чалавека і пазваночных жывёл; тонкая празрыстая пласцінка. Агульная плошча брушыны чалавека 1,6—2,04 м², таўшчыня — 0,7—1,1 мм. Складаецца з валакністай злучальнай тканкі, высланай плоскімі клеткамі мезатэлію. Паверхня брушыны гладкая, увільгатняецца серознай вадкасцю, што палягчае слізгаценне кішэчніка ў час перыстальтыкі і рух інш. органаў брушной поласці. Брушына мае ахоўную функцыю — паглынае і знішчае бактэрыі. Утварае брыжэйку і сальнік Запаленне брушыны — перытаніт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎРЫ́ЗМА (ад грэч. aneurysma расшырэнне),
абмежаванае расшырэнне крывяноснага сасуда ці поласці сэрца пры станчэнні і выпучванні яго сценкі. Адрозніваюць анеўрызмы сапраўдныя, калі выпучваюцца ўсе слаі сценак, і несапраўдныя — анеўрызматычны мяшок фарміруецца пры сценцы пашкоджанага сасуда. Анеўрызма сасудаў (артэрыяльныя, вянозныя, артэрыявенозныя) і аорты з’яўляюцца ўскладненнямі атэрасклерозу, сіфілісу, раненняў і інш. хвароб. Анеўрызма сэрца ўзнікае пасля інфаркту ў сценцы левага жалудачка. Анеўрызмы могуць парушаць кровазабеспячэнне і сціскаць прылеглыя тканкі. Магчымы разрывы анеўрызмы і крывацёкі са смяротным зыходам. Лячэнне спецыяльнае (асн. хваробы) і хірургічнае (траўматычныя анеўрызмы).
інфекцыйная хвароба пчаліных сем’яў, узбуджальнік якой спораўтваральны мікроб (Bacillus larvae). Пашыраны ўсюды. Перадаецца праз хворых пчол, якія загінулі, праз мёд, соты, інвентар, паразітаў пчол і інш.
У пашкоджанай пчалінай сям’і расплод стракаты, рознаўзроставы. Вечкі ячэек пацямнелыя, лейкападобна ўціснутыя. Лічынкі ва ўзросце акуклівання трацяць сегментацыю, іх скурка танчэе, тканкі распадаюцца і ператвараюцца ў клейкую, цягучую масу колеру кавы, з пахам сталярнага клею. Лячэнне: цукровы сіроп з дабаўленнем сульфаніламідаў, антыбіётыкаў і інш. Прафілактыка: дэзінфіцыраванне вулляў, інвентару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАФАМІ́Н, 3,4-дыоксіфенілэтыламін,
медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁВІ-МАНТАЛЬЧЫ́НІ ((Levi-Montalcini) Рыта) (н. 22.4.1909, г. Турын, Італія),
італа-амерыканскі біёлаг. Чл.Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Італьян.Нац.АН. Скончыла Турынскі ун-т (1936). З 1947 у Вашынгтонскім ун-це (у 1969—77 праф.), адначасова з 1969 у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нац. даследчым савеце ў Рыме (да 1979 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нерв.тканкі. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з С.Коэнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),
белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.