МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.
2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.
Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш.Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.
Літ.:
Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),
горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс.чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж.грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).
Літ.:
Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;
Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;
Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД І ВІДу логіцы,
паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.І.Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл.Від, Сістэматыка).
Літ.:
Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ.М., 1990;
Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр.М., 1991;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),
спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук.М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук.М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;
Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.
від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт. культуры. З інш.слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Валачобныя песні. Мн., 1980.
Літ.:
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́РНБЕРГСКІ ПРАЦЭ́С,
судовы працэс над групай гал. нацысцкіх ваенных злачынцаў. Праводзіўся 20.11.1945—1.10.1946 у г. Нюрнберг (Германія), у Міжнар.ваен. трыбунале, створаным паводле Лонданскага пагаднення ад 8.8.1945 паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССРгал. абвінаваўцам выступаў Р.А.Рудэнка. Пад суд былі аддадзены 24 ваен. кіраўнікі фаш. Германіі: Г.Герынг, Р.Гес, І.Рыбентроп, В.Кейтэль, Р.Лей (скончыў самагубствам у турэмнай камеры), Э.Кальтэнбрунер, А.Розенберг, Г.Франк, В.Фрык, Ю.Штрэйхер, В.Функ, К.Дзёніц, Э.Рэдэр, Б. фон Шырах, Ф.Заўкель, А.Іодль, М.Борман (судзілі завочна), Ф. фон Папен, А.Зейс-Інкварт, А.Шпеер, К.Нейрат, Г.Фрычэ, Г.Круп (прызнаны невылечна хворым, яго справа спынена ў сувязі са смерцю). Адбыліся 403 адкрытыя суд. пасяджэнні, на якіх заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Геса і Фрыка), 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс.дакумент. доказаў, у т. л. пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў на тэр. Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пра знішчэнне сав. людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у 3 канцлагерах на тэр. Палескай вобл., расстрэлы жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Брэсцкай вобл. Віна падсудных у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваен. злачынстваў была даказана. Да пакаранню смерцю праз павешанне прыгавораны Герынг, Рыбентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтэнбрунер, Штрэйхер, Іодль, Заўкель, Зейс-Інкварт, Борман (завочна), да пажыццёвага турэмнага зняволення Гес, Функ, Рэдэр, да турэмнага зняволення на 20 гадоў Шырах і Шпеер, на 15 — Нейрат, на 10 — Дзёніц, апраўданы Папен, Фрычэ, Я.Шахт. Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі дзярж. тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі і яе ахоўныя атрады (СС). На прыгавор чл. трыбунала ад СССР заявіў асобную думку: Папен, Фрычэ і Шахт апраўданы беспадстаўна, да Геса павінна быць ужыта пакаранне смерцю, беспадстаўна адмоўлена прызнаць злачыннымі арг-цыямі генштаб і ўрадавы кабінет. Прыгавор да пакарання смерцю здзейснены ў ноч на 16.10.1946, целы пакараных і Герынга (скончыў самагубствам перад пакараннем смерцю) сфатаграфаваны, спалены і прах развеяны. Так упершыню ў гісторыі былі пакараны арганізатары агрэсіўнай вайны, агрэсія прызнана найцяжэйшым міжнар. злачынствам. На працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя дзеянні нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна гал. кіраўнікоў фаш. Германіі ў арганізацыі і ва ўчыненні найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Прынцыпы міжнар. права, што ўтрымліваюцца ў Статуце трыбунала і выказаныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН ад 11.12.1946.
Літ.:
Нюрнбергский процесс: право против войны и фашизма. М., 1995;
Нюрнбергский процесс: Сб. материалов: В 8 т.Т. 1—5. М., 1987—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, такшто сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОТАДРУКАВА́ННЕ,
паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.
Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).
На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл.Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.
Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.
Літ.:
Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;
Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Л.П.Касцюкавец.
Да арт.Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.Міладоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКСІ́ЗМ,
філасофскае, эканам. і сац.-паліт. вучэнне, заснавальнікамі якога з’яўляюцца К.Маркс і Ф.Энгельс. Узнік у 1840-я г. ў Германіі, дзе ў гэты час наспявала бурж.-дэмакр. рэвалюцыя і рабочы клас выступіў як самаст.паліт. сіла. Заснаваны на пазітыўна-крытычным асэнсаванні вопыту папярэдняга развіцця грамадскай і прыродазнаўчай навук. думкі, актуальных праблем і супярэчнасцей станаўлення новага капіталіст. спосабу вытв-сці і сац.-паліт. ладу. Тэарэт. крыніцамі з’яўляюцца ням. класічная філасофія (Г.Гегель, Л.Феербах і інш.), англ. палітэканомія (А.Сміт, Д.Рыкарда і інш.), франц. утапічны сацыялізм (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш.). На аснове гэтых крыніц Маркс і Энгельс распрацавалі дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне аб камунізме. Грамадства М. разглядае як цэласны арганізм, у структуры якога вылучаюцца прадукцыйныя сілы і заснаваныя на розных формах уласнасці вытворчыя адносіны (базіс грамадства); апошнія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва (надбудова над базісам). У працэсе гіст. развіцця адбываецца змена пэўных фармацый грамадска-эканамічных, якія ўтвараюцца на аснове адзінства і ўзаемадзеяння розных сфер жыццядзейнасці грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючых і прыгнечаных класаў — рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым выражэннем класавай барацьбы з’яўляецца сацыяльная рэвалюцыя. М. выявіў асн. супярэчнасць капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення; адсюль вынікала палажэнне пра неабходнасць знішчэння прыватнай уласнасці і ўстанаўлення пралетарыятам сваёй улады, з дапамогай якой ён здолее ажыццявіць пераход да камунізму.
Вынікі тэарэт. даследаванняў і абагульненняў Маркса і Энгельса праходзілі практычную праверку ў перыяд рэвалюцый 1848—49 у краінах Зах. Еўропы, у дзейнасці створаных імі «Саюза камуністаў» і міжнар. т-ваў рабочых — Інтэрнацыянала 1-га і Інтэрнацыянала 2-га. М. стаў ідэалагічнай асновай с.-д. руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на 2 плыні — рэвалюцыйную (У.І.Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне М., і рэфармісцкую (Э.Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю М. і адмовілася ад яго асн. палажэнняў. Некаторыя прадстаўнікі грамадска-паліт. думкі лічылі, што ў М. перабольшвалася роля эканам. фактараў, сац. антаганізмаў і класавай барацьбы, адмаўлялася значэнне прыватнай уласнасці як асновы грамадзянскай супольнасці, сцвярджалася неабходнасць ліквідацыі парламенцкіх ін-таў і раздзялення ўлад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі ленінскі варыянт М. стаў дзярж. ідэалогіяй у РСФСР, потым у СССР і краінах сацыяліст. сістэмы пад назвай марксізм-ленінізм.
На Захадзе склаліся групы марксісцкіх і па-марксісцку арыентаваных плыней з характэрнымі для іх крытычнымі адносінамі як да капіталіст. сістэмы, так і да сав. варыянта сацыялізму, марксізму-ленінізму (гл.Неамарксізм, Франкфурцкая школа).
Літ.:
Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізму // Тв. Т. 19. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Марксистская философия в XIX в. М., 1979;
Андерсон П. Размышления о западном марксизме: Пер. с англ.М., 1991;
Марксизм: pro и contra. М., 1992;
Горский Д.П. Ошибки гения самые опасные: Развитие теории Маркса и ее изъяны. М., 1995.