паталагічныя змены ў тканках і органах ад дзеяння іанізавальнага выпрамянення пры мясц. іх уплыве. Узнікаюць пераважна як ускладненні ад прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Выклікаюць склероз, аблітэрацыю крывяносных сасудаў, дэгенерацыю нерв. канцоў, гібель клетак парэнхімы. Цяжкасць мясц. П.п. залежыць ад віду выпрамянення, сумарнай дозы, рэжыму фракцыяніравання, працягласці перыяду пасля прамянёвай тэрапіі і інш. Падзяляюцца на прамянёвыя рэакцыі і П.п.
Прамянёвыя рэакцыі (зваротныя прамянёвыя дэрматыты) — запаленчыя або дыстрафічныя змены паверхневых слаёў скуры, гояцца без спец. лячэння. П.п. скуры — незваротныя прамянёвыя дэрматыты) — дэструктыўныя змены скуры. Бываюць раннія П.п. (узнікаюць у працэсе апрамянення або ў першыя 3 месяцы) і познія (звыш 3-х месяцаў пасля заканчэння апрамянення). Да ранніх П.п. скуры адносяць эрытэматозны, вільготны, сухі дэрматыты, раннюю прамянёвую язву; да позніх — атрафічны дэрматыт, прамянёвы фіброз, познюю прамянёвую язву, прамянёвы рак. Лечаць раннія П.п. скуры тэрапеўт. сродкамі, познія — хірург. аперацыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЧНІКАВЫЯ (Boraginaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін з парадку бурачнікакветных. Каля 100 родаў і больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Міжземнамор’і і на ЗПаўн. Амерыкі. На Беларусі 32 віды з 16 родаў (найб. вядомыя агурочнік, верабейнік, жывакост, крывацвет, медуніца, незабудка, сіняк, чарнакорань).
Травяністыя расліны, рэдка паўкусты, кусты, ліяны і дрэвы, пераважна з шорсткім апушэннем. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам, звычайна сабраныя ў завіток, радзей адзіночныя. Плод у асноўным сухі, дробны (распадаецца ў перыяд выспявання на 4 ці 2 арэшкападобныя долі); у некат. бурачнікавых плод касцянкападобны, сакавіты, вельмі рэдка — каробачка. Лек., меданосныя, фарбавальныя, дэкар., тэхн., кармавыя і харч. расліны. Многія віды — пустазелле, некат. Ядавітыя для чалавека і жывёлы.
Літ.:
Доброчаева Д.Н. Сем. Boraginaceae Juss. — Бурачниковые // Флора европейской части СССР. Л., 1981. Т. 5;
Яе ж. Сем. Бурачниковые (Boraginaceae) // Жизнь растений. М., 1981. Т. 5, ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЗО́НА (Arizona),
штат на ПдЗ ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адм. ц. — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на ПнУ (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на ПдЗ.
Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТДА́Г (цюрк. шматгор’е),
горная сістэма на Пн Іранскага нагор’я, пераважна на тэр. Ірана і на ПдЗ Туркменістана; паўн.ч.Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 650 км. Шыр. ад 40 км на ПдУ да 200 км на ПнЗ. Найвыш. пункт — г. Хезармесджэд (3117 м) у Іране. К. — сістэма сярэдневышынных хрыбтоў, град і плато, падзеленых падоўжнымі і папярочнымі далінамі. Утварылася ў альпійскую складкавасць. Складзена пераважна з асадкавых парод — вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў і глін мелавога і палеагенавага ўзросту. Развіты карст (Бахардэнская пячора). Значная сейсмічнасць. Радовішчы руд ртуці, мыш’яку, барыту, шматлікія мінер., у т. л. тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу, сухі. Рэкі перасыхаюць на значнай частцы сваіх рэчышчаў або ператвараюцца ў ланцужкі засоленых азёр. Расліннасць паўпустынная і горна-стэпавая, вышэй за 2200 м — горныя лугі. У далінах лясы з грэцкага арэху, арчэўныя і фісташкавыя рэдкалессі, сады (міндаль, інжыр, яблыні і інш.), вінаграднікі, пасевы збожжавых. У гарах — паша. У межах К. — Капетдагскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы з перавагай ландшафтаў паўпустынь. Займаюць прамежкавае становішча паміж пустыннай зонай і стэпавай зонай (ва ўмераных і субтрапічных паясах), зонай пустынь і саваннавай зонай (у трапічным поясе). Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды, пераважна ў зах. прыакіянскіх і ўнутрымацерыковых сектарах. Клімат сухі кантынентальны, ападкаў 300 мм за год (у 3—6 разоў менш за выпаральнасць). Лета гарачае (сярэдняя т-ра паветра 20—25 °C, у тропіках да 30 °C), зіма ў межах зоны паўпустынь умеранага пояса Паўн. паўшар’я халодная (сярэдняя т-растудз. да -20 °C), у больш нізкіх шыротах — цёплая (0—10 °C у субтропіках, 12—20 °C у тропіках). Рэкі ў сухую пару года перасыхаюць. Глебы светла-каштанавыя, бурыя, шэра-карычневыя і шэразёмы, чырвона-бурыя, трапляюцца засоленыя глебы, участкі незамацаваных пяскоў. Расліннасць разрэджаная, з перавагай злакава-палыновых асацыяцый (у Еўропе і Азіі) і кусцікавых (на інш. мацерыках). Выкарыстоўваецца як паша, земляробства развіта на арашальных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш.Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУУсх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс.км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́КНЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
валокны, якія фармуюць з раствораў ці расплаваў палімераў. Падзяляюцца на сінт. (з сінт. палімераў, напр., поліамідныя валокны, поліэфірныя валокны, поліакрыланітрыльныя валокны) і штучныя (з прыродных палімераў, пераважна з цэлюлозы і яе эфіраў — ацэтатнае валакно, віскознае валакно, медна-аміячныя валокны).
Выпускаюць у выглядзе монаніткі, штапельнага валакна ці пучка з многіх тонкіх і доўгіх валокнаў, злучаных пры дапамозе кручэння. Вытворчы працэс складаецца з 3 стадый: падрыхтоўка прадзільных расплаваў ці раствораў; фармаванне — працісканне расплаву (раствору) праз тонкія адтуліны фільеры ў асяроддзе, якое выклікае зацвердзяванне валокнаў у халодным ці гарачым паветры («сухі» спосаб) ці спец. растворы («мокры» спосаб) з далейшым арыентацыйным выцягваннем у 3—10 разоў і тэрмафіксацыяй для павышэння трываласці; апрацоўка валокнаў рознымі тэкстыльна-дапаможнымі рэчывамі.
Выкарыстоўваюць для вытв-сці тканін рознага прызначэння, штучнага футра, дывановых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, рыбалоўных сетак. У Беларусі штучныя валокны вырабляюць на Магілёўскім і Светлагорскім ВА «Хімвалакно», сінтэтычныя — на Наваполацкім ВА «Палімір» і Гродзенскім ВА «Хімвалакно».
Літ.:
Папков С.П. Теоретические основы производства химических волокон. М., 1990;
Цебренко М.В. Ультратонкие синтетические волокна. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс.км². Нас. больш за 15 млн.чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц. — г.Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 мт-ра паветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.