ФАЛЕ́С, Талес (Thalēs) з Мілета (каля 640—625 да н.э., г. Мілет, Іонія, М. Азія — каля 547—545 да н.э.),
старажытнагрэчаскі мысліцель, родапачынальнік антычнай філасофіі, астраноміі і геаметрыі, заснавальнік мілецкай школы. Філас. і прыродазнаўчыя погляды Ф. яшчэ ў значнай ступені прасякнуты міфалагічным светаразуменнем, але ўяўляюць сабой першую спробу ў Стараж. Грэцыі даць навук. абгрунтаванне навакольнаму асяроддзю. Першастыхіяй усяго свету лічыў ваду: сцвярджаў, што ўсе з’явы і рэчы нараджаюцца з вады і ператвараюцца ў яе пасля сваёй гібелі. Зрабіў шэраг прыродазнаўчых адкрыццяў: прадказаў сонечнае зацьменне ў Грэцыі ў 585 да н.э., вызначыў працягласць года ў 365 дзён і разбіў яго на 12 трыццацідзённых месяцаў і інш. Вынайшаў мноства астр. прыбораў. Зрабіў спробу даць тлумачэнне святлу Месяца, летнім разлівам Ніла і інш. прыродным з’явам. Памылкова лічыў, што Сонца знаходзіцца далей за ўсе зоркі ад Зямлі, што Зямля ў выглядзе дыска трымаецца на вадзе. Мяркуецца, што яму належаць выказванні «Пазнай самога сябе», «Мнагаслоўнасць зусім не з’яўляецца паказчыкам разумнага меркавання», «Шукай што-небудзь адно мудрае, выбірай што-небудзь адно добрае, гэтак ты суцішыш пустаслоўе балбатлівых людзей» і інш., творы «Пра раўнадзенства», «Пра сонцаварот» і інш., якія не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі
(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎРЫПІ́Д (Euripidēs; каля 485 ці 480 да н.э., в-аў Саламін, Грэцыя — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт-драматург. Упершыню выступіў у драм. спаборніцтвах у 455 (перамагаў 5 разоў, апошні раз пасмяротна). Падвяргаўся крытыцы за погляды, блізкія натурфілосафам і сафістам. З 408 жыў у Македоніі. Напісаў 92 п’есы, з якіх захаваліся 17 трагедый, сатыраўская драма «Кіклоп» і больш за тысячу фрагментаў. Адлюстраваў супярэчнасці афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі, якія паглыбіліся ў час Пелапанескай вайны. У трагедыях «Геракліды» (каля 430), «Гекуба» (каля 424), «Прасіцелькі» (каля 422), «Траянкі» (415), «Фінікіянкі» (каля 410) ідэі патрыятызму, антываен. і антыспартанскія тэндэнцыі. Вял. знаўцам чалавечай душы выступіў у трагедыях «Медэя» (431), «Іпаліт» (428), гераіні якіх пакутуюць з прычыны сваіх нястрыманых страсцей і супярэчлівых імкненняў. Узор патэтычнай трагедыі — «Іфігенія ў Аўлідзе» (406). У быт. драмах «Алкестыда» (438), «Алена» (412), «Іон» (каля 413 ці 409) інтрыга, прыгоды, шчаслівы канец. Яго творчасць вызначаецца пераасэнсаваннем міфаў, пільнай увагай да ўнутр. свету чалавека («Электра», 413; «Арэст», 408). адыходам ад нарматыўных прынцыпаў класічнай трагедыі, мовай, блізкай да гутарковай. У 1926 БДТ-2 паставіў п’есу Э. «Вакханкі».
Тв.:
Рус.пер. — Трагедии. Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Гончарова Т. Еврипид. М., 1984;
Ярхо В.Н. Античная драма: Технология мастерства. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТА́РХ (Plutarchos) з Херанеі
(каля 45 — каля 127 н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, філосаф і пісьменнік. Вучыўся ў Афінах, жыў пераважна ў Беотыі. Быў архантам, вярх. жрацом Апалона Піфійскага ў Дэльфах. Як філосаф быў прыхільнікам вучэння Платона. Зведаў значны ўплыў піфагарэізму (вучэння аб манадзе, ліку і інш.) і акадэмічнага скептыцызму. Аднак не падзяляў матэрыяліст. і пантэістычных ідэй («Платонаўскія пытанні», «Аб псіхалогіі ў «Тымеі»); не прытрымліваўся адзінай, выразнай філас. лініі, схіляўся да пазіцый эклектыкі і дуалізму. Прызнаваў як нешта вечнае бясформенную, бяз’якасную матэрыю і божага Дэміурга, які ўпарадкоўвае «няўладжанасць» космасу, у выніку чаго матэрыя набывае гармонію і прыгажосць. Больш вядомы як гісторык. У гал. сваім творы «Параўнальныя жыццеапісанні» змясціў 50 біяграфій выдатных дзеячаў Стараж. Грэцыі і Рыма. Развіваў вучэнне аб нагляднасці, спецыфічнасці эстэт. сферы свядомасці і інш.; раскрыў сутнасць і ролю паэзіі і музыкі ў фарміраванні асобы («Аб тым як падабае юнаку чытаць паэтычныя творы», «Аб музыцы»). Разглядаў паэзію як сродак падрыхтоўкі да засваення філасофіі, музыку лічыў найважнейшым інструментам выхавання. У яго тэарэт. разважаннях філасофія, прыгажосць і мараль арганічна звязаны. Работы П. прасякнуты ідэямі гуманізму і чалавекалюбства.
Тв.:
Рус.пер. — Сравнительные жизнеописания. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994;
Соч.М., 1983;
Застольные беседы. Л., 1990;
Избр. жизнеописания. Мн., 1998.
Літ.:
Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;
Лосев А.Ф. Эллинистически-римская эстетика I—II вв. н.э.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскідраматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.Дрэйзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРАКУ́ЗЫ (Syrakusai),
старажытнагрэчаскіполіс на ПдУ в-ва Сіцылія. Засн. каля 734 да н.э. выхадцамі з Карынфа. У 7—6 ст. да н.э. жыхары С. заснавалі шэраг калоній у Сіцыліі: Акра, Камарына, Касмена, магчыма, Эна. У пач. 5 ст. да н.э. гарадскі дэмас перамог гамораў (буйных землеўладальнікаў), якія звярнуліся па дапамогу да тырана Гелона, які ў 485 да н.э. захапіў уладу ў С. і ўсталяваў сваю тыранію. Пры яго пераемніку Пероне I [478—467 да н.э.] С. ўключалі значную частку вострава і ператварыліся ў самую магутную дзяржаву ў Міжземнамор’і. Пасля смерці Гіерона 1 дзяржава распалася, у С. усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. У 415—413 да н.э. С. адбілі спробы афінян заваяваць востраў. У 406 да н.э. ўладу ў С. захапіў тыран Дыянісій 1, пры якім С. адбілі агрэсію карфагенян і падпарадкавалі амаль усю Сіцылію. Пасля яго смерці націск Карфагена ўзмацніўся. У канцы 4 ст. да н.э. ў час праўлення Агафокла карфагеняне выгнаны з вострава. У перыяд 1-й і 2-й Пунічных войнаў С. былі на баку Рыма, потым перайшлі на бок Карфагена. С. — родны горад Архімеда, які кіраваў яго абаронай. У 212 да н.э. пасля 2-гадовай асады захоплены, разрабаваны рымлянамі і страцілі б. магутнасць. У рым. эпоху С. — месца знаходжання намеснікаў сіцылійскай правінцыі. З 535 н.э. належалі Візантыі. На месцы стараж. С. пабудаваны сучасны г. Сіракуза (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРЫ́Т (Dēmokritos) з Абдэры
(каля 460 г. да н.э. — ?; па некат. звестках пражыў больш за сто гадоў),
старажытнагрэчаскі філосаф, адзін з заснавальнікаў ант.атамістыкі. Напісаў каля 70 твораў па філасофіі, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, тэорыі музыкі і інш. Да нас дайшло каля 300 фрагментаў, пераважна з этычных твораў. Адным з гал. вытокаў філас. вучэння Д. служаць погляды Леўкіпа. У сваёй тэорыі пазнання Д. абгрунтоўваў думку пра існаванне 2 груп ведаў: заснаваных на пачуццях і на працы розуму; калі пачуцці ў стане прынесці няпоўныя, недакладныя і непраяснёныя («цёмныя») звесткі аб навакольнай рэчаіснасці, то чалавечае мысленне забяспечвае веды аб сапраўднай, г.зн. атамнай прыродзе рэчаў, таму што ўспрыманне і разуменне сутнасці атамаў даступны выключна розуму. Паводле некат. звестак, Д. пашырыў атамістычную тэорыю на тлумачэнне такіх філас. катэгорый, як час і прастора. Прытрымліваўся высновы аб неабходнай і заканамернай сувязі паміж усімі прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, лічыў, што гал. мэта пазнання — знаходжанне прычын прыродных і гіст. працэсаў. Значнае месца ў яго творчасці займаюць распрацоўка і паглыбленне тэорыі Леўкіпа аб касм. віхрах, дзе побач з поглядамі пра атамную будову касм. цел выказаны цікавыя здагадкі аб дыферэнцыяцыі касм. светаў, у прыватнасці адносна існавання жыцця. Д. правёў параўнанне паміж чалавечым арганізмам (мікракосмасам) і космасам. Свае сац.-паліт. погляды ён канцэнтраваў на праблемах дэмакратыі; ідэальнай формай дзяржаўнасці лічыў стараж.-грэч. дзяржаву — поліс. У этыцы развіў вучэнне аб атараксіі.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной философии в конспективном изложении. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСХІ́Л (Aischylos; 525 да н.э., Элеўсін, каля Афін — 456 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт-драматург. Упершыню выступіў як драматург у 500 да н.э. на драм. спаборніцтвах (пры жыцці перамагаў 13 разоў). Напісаў 70 трагедый і 20 сатыраўскіх драм; збераглося 7 трагедый і больш за 400 урыўкаў. Паэт эпохі росту афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі Э. імкнуўся прымірыць традыц. міфалагічную этыку з новай поліснай мараллю. У трагедыі «Персы» (паст. 472 да н.э.), створанай на гіст. матэрыяле, услаўляюцца грэч.дэмакр. дзяржаўнасць і грэч. воінства. У трагедыях «Сямёра супраць Фіваў» (паст. 467 да н.э.) — права чалавека на свабоду асабістай волі, «Прасіцелькі» (каля 463 да н.э.) — элінская гуманнасць, проціпастаўленая ўсх. дэспатызму, «Прыкуты Праметэй» — наватарская канцэпцыя тытана Праметэя — першага філантропа і героя, які ўвасобіў ідэю барацьбы з тыраніяй і веру ў прагрэс. Захавалася трылогія «Арэстэя» (паст. 458 да н.э.; трагедыі «Агамемнан», «Хаэфоры», «Эўменіды»), у якой міфічны сюжэт пра крывавую гісторыю роду Атрыдаў актуалізуецца ў аспекце ідэі абароны прынцыпаў дэмакр. дзяржавы, здольных забяспечыць мір і справядлівасць у свеце. У творчасці Э. трагедыя набыла класічную завершанасць: з’явіўся і паглыбіўся канфлікт. сфарміравалася нарматыўная структура. Яго творам уласціва велічнасць, героям — манументальнасць; стыль патэтычны, адметны яскравымі параўнаннямі і метафарамі. архаічнай лексікай і неалагізмамі. Паўплываў на л-ру і мастацтва стараж. і новага часу. На бел. мову трагедыю «Прыкуты Праметэй» пераклаў Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Эсхіл. Прыкуты Праметэй;
Сафокл. Антыгона. Мн., 1993;
Рус.пер. — Трагедии. М., 1989.
Літ.:
Ярхо В.Н. Эсхил. М., 1958;
Яго ж. Драматургия Эсхила и некоторые проблемы древнегреческой поэзии. М., 1978;
Гусейнов Г.Ч. «Орестея» Эсхила: образное моделирование действия. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.
Тв.:
Рус.пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;
У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.
Літ.:
Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;
Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;
Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб.арт.Мн., 1992.
Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.