ЭСХІ́Л (Aischylos; 525 да н.э., Элеўсін, каля Афін — 456 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паэт-драматург. Упершыню выступіў як драматург у 500 да н.э. на драм. спаборніцтвах (пры жыцці перамагаў 13 разоў). Напісаў 70 трагедый і 20 сатыраўскіх драм; збераглося 7 трагедый і больш за 400 урыўкаў. Паэт эпохі росту афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі Э. імкнуўся прымірыць традыц. міфалагічную этыку з новай поліснай мараллю. У трагедыі «Персы» (паст. 472 да н.э.), створанай на гіст. матэрыяле, услаўляюцца грэч. дэмакр. дзяржаўнасць і грэч. воінства. У трагедыях «Сямёра супраць Фіваў» (паст. 467 да н.э.) — права чалавека на свабоду асабістай волі, «Прасіцелькі» (каля 463 да н.э.) — элінская гуманнасць, проціпастаўленая ўсх. дэспатызму, «Прыкуты Праметэй» — наватарская канцэпцыя тытана Праметэя — першага філантропа і героя, які ўвасобіў ідэю барацьбы з тыраніяй і веру ў прагрэс. Захавалася трылогія «Арэстэя» (паст. 458 да н.э.; трагедыі «Агамемнан», «Хаэфоры», «Эўменіды»), у якой міфічны сюжэт пра крывавую гісторыю роду Атрыдаў актуалізуецца ў аспекце ідэі абароны прынцыпаў дэмакр. дзяржавы, здольных забяспечыць мір і справядлівасць у свеце. У творчасці Э. трагедыя набыла класічную завершанасць: з’явіўся і паглыбіўся канфлікт. сфарміравалася нарматыўная структура. Яго творам уласціва велічнасць, героям — манументальнасць; стыль патэтычны, адметны яскравымі параўнаннямі і метафарамі. архаічнай лексікай і неалагізмамі. Паўплываў на л-ру і мастацтва стараж. і новага часу. На бел. мову трагедыю «Прыкуты Праметэй» пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Эсхіл. Прыкуты Праметэй;

Сафокл. Антыгона. Мн., 1993;

Рус. пер. — Трагедии. М., 1989.

Літ.:

Ярхо В.Н. Эсхил. М., 1958;

Яго ж. Драматургия Эсхила и некоторые проблемы древнегреческой поэзии. М., 1978;

Гусейнов Г.Ч. «Орестея» Эсхила: образное моделирование действия. М., 1982.

С.​Дз.​Малюковіч.

Эсхіл.

т. 18, кн. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)