ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ Мітрафан Віктаравіч (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,

кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.

Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.

На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас. Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр. навук. б-ка імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, Нац. б-ка Беларусі, Нац. маст. музей Беларусі.

Літ.:

Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;

Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;

Рукописная и печатная книга. М., 1975;

Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;

Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.

М.​В.​Нікалаеў.

Да арт. Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.
Да арт. Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.
Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ГАЛЬ Мікалай Васілевіч (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),

рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш. драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш. Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.​Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв. натуральнай школы. М.​Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».

Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Колас, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, К.​Чорны, К.​Крапіва, Я.​Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.​Краўцоў, Крапіва, М.​Лужанін, М.​Машара, М.​Паслядовіч, А.​Бачыла, П.​Місько, В.​Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.​Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—14. М., 1937—52;

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1984—86;

Бел. пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;

Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.

Літ.:

Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;

Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;

Н.​В.​Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;

Турбин В.Н. Герои Гоголя. М., 1983;

Гоголь: История и современность. М., 1985;

Набоков В. Н.​Гоголь. М., 1987;

Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;

Яго ж. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;

Яго ж. Жывая спадчына. Мн., 1977.

М.В.Гогаль. Мастак Ф.​Молер. 1841.

т. 5, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Маскве,

нацыянальная бібліятэка Расіі, адна з найбуйнейшых бібліятэк свету; навукова-даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр па праблемах кнігазнаўства, бібліяграфіі, бібліятэказнаўства, культуры.

Засн. ў 1862 у складзе Маскоўскага публічнага Румянцаўскага музея. Атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх рас., а пазней сав. выданняў. Значна папоўнілася за кошт нацыяналізаваных пасля Кастр. рэвалюцыі прыватных, царкоўна-манастырскіх і некат. дзярж. збораў. З 1924 наз. Расійская публічная б-ка імя У.​І.​Леніна, з 1925 Дзярж. б-ка СССР імя Леніна, з 1992 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 41 млн. экз. друкаваных адзінак на 247 мовах, у т. л. 16,5 млн. кніг і брашур (2000). У аддзеле рукапісаў захоўваюцца помнікі 6—20 ст. (многія зборы маюць каталогі, апісанні), сярод якіх каля 60 славяна-рус. рукапісных кніг 11—13 ст., у т. л. Архангельскае евангелле 1092, Марыінскае евангелле (або Афонскае) пач. 11 ст., частка Супрасльскага рукапісу 11 ст., Дабрылава евангелле 1164 з мініяцюрамі евангелістаў і ўкладным запісам Івана IV, а таксама больш познія царкоўна-рэліг. рукапісы традыц. жанраў, напр., кодэксы слуцкіх скрыпторыяў (Евангелле 1502, напісанае на заказ слуцкага архімандрыта Аўраамія манахам А.​Крыцкім, прыхаджанінам Лаўрышаўскага манастыра; Евангелле 1539, спраўленае на сродкі кн. Ю.​С.​Слуцкага ў манастыры цудатворца Міколы на Марачы, пісец «раб божий пречистый Копысский Василий»), службовая Мінея пач. 16 ст., напісаная «замыслом и гаданием» бел. шляхціца Ф.​І.​Калантаева, «Кнігі 16 прарокаў тлумачальныя», купленыя ў 1570 у пінскага мешчаніна Б.​Куніловіча, Евангелле-тэтр, спіс 1543 з брэсцкага манастыра, рукапіс, напісаны ў Кіеве ў 1610 пінскім ураджэнцам Іванам Васілевічам, і інш. Некат. рэдкія рукапісы трапілі ў Расію ў часы войнаў, палонаў і рэквізіцый, напр., запісы на «Шастадневе» 16 ст. (кодэкс са збораў Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх) ці «Пралогу» сярэдзіны 16 ст., які належаў Смаленскаму краязн. музею. У б-цы захоўваюцца і рэдкія стараж. рукапісы інш. жанраў: кормчыя, напісаныя на Беларусі ці ў Літве ў 16—17 ст., палемічныя і гіст. зборнікі (у т. л. пасланні старца Арцемія да С.​Буднага, А.​Валовіча, «Маргарыт новы» ў перакладзе кн. А.​Курбскага, напісаны бел. паўуставам, зб. павучанняў з казаннямі Л.​Карповіча, «Гутаркі Іаана Златавуста», падараваныя архімандрытам Супрасльскага манастыра кн. Масальскім жаночаму манастыру ў Дубне і інш.). Асобную групу складаюць спісы з твораў Кірылы Тураўскага, школьных падручнікаў і даведнікаў С. і Л.​Зізаніяў, П.​Бярынды, М.​Сматрыцкага. З Сібіры ў 1875 трапіла ў б-ку берасцяная копія з «Граматыкі» Сматрыцкага «Кароткае граматыкі выяўленне» сярэдзіны 18 ст. У аддзеле рукапісаў зберагаюцца «Хроніка» 1549 старосты кобрынскага Хвальчэўскага, «Безднінскі летапісец» з пахвалой Вітаўту, Румянцаўскі спіс бел.-літ. летапісу, мноства хранографаў 16—17 ст., у іх ліку т.зв. «заходнярускай» рэдакцыі, «Александрыя» ў спісах 17 ст. і 1697,​ напісаныя мазырскім дзякам В.​Г.​Мянжынскім. Сярод свецкіх твораў юрыд., гіст., мастацкія помнікі: спісы Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, «Хронікі» М.​Стрыйкоўскага, «Памяць аб родзе Глінскіх» 16 ст., творы Максіма Грэка, Сімяона Полацкага, Г.​Каніскага, копіі з выданняў Ф.​Скарыны і інш. У некаторых фондах захоўваюцца дакументальныя, актавыя, генеалагічныя матэрыялы: «Справаводства Віленскай «з’езжай» «ізбы» 1655—59, «Кніга аб даходах Полацкага намесніцтва 1792 г.», сац.-эканам. акты зямельных данін і судовых спраў у Навагрудскім ваяводстве ў 1626—1701. У музеі кнігі (былы аддзел рэдкай кнігі) захоўваецца адна з найбольшых калекцый бел. кірыліцкіх старадрукаў (82 экз. выданняў Скарыны, кнігі Буднага, В.​Гарабурды, П.​Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, брацкіх, уніяцкіх, прыватных бел. друкарань 16—18 ст.), багатыя зборы польск. і зах.-еўрап. кнігі і графікі, у т. л. творы Эразма Ратэрдамскага, К.​Манвіда-Дарагастайскага, Кальвіна. Стрыйкоўскага, Сматрыцкага, рэдкія панегірыкі і перыяд. выданні. У спецыялізаваным фондзе багатыя калекцыі замежных, бел., рус., укр., сав. картаграфічных твораў (каля 190 тыс. адзінак), нац. і рэгіянальныя атласы, планы гарадоў, сучасныя замежныя выданні. Захоўваюцца творы бел. пісьменнікаў, пераклады, дысертацыі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, духоўнай спадчыне, славянскім культ. сувязям. Б-ка выпускае «Інфармацыйны бюлетэнь новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэку», «Запіскі аддзела рукапісаў», «Працы дзяржаўнай бібліятэкі імя У.​І.​Леніна», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія за мяжой» і інш.

Літ.:

Пятидесятилетие Румянцевского музея в Москве, 1862—1912: Ист. очерк. М., 1913;

История Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.​И.​Ленина за сто лет, 1862—1962. М., 1962;

Национальная библиотека страны: Пробл. и перспективы. М., 1975;

Труды Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.​Й.​Ленина. Т. 13. Фонды: Состояние и тенденции развития. М., 1976;

Описание старопсчатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979 (выданне працягваецца).

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

адна з найбуйнейшых бібліятэк у свеце, старэйшая навук. б-ка Расіі; установа са статусам НДІ ў галіне кніга-, бібліятэка- і бібліяграфазнаўства, рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў; цэнтр міжнар. кнігаабмену. Засн. ў 1714. Аснову фондаў (каля 18 тыс. кніг) склалі кнігі і рукапісы царскіх б-к і б. Аптэкарскага прыказа, вывезеныя ў 1712 з Масквы, зборы Пятра I і інш. прыватных асоб. У 1772 сюды паступіла вывезеная з Нясвіжа б-ка Радзівілаў (каля 15 тыс. кніг). З 1725 б-ка падначалена Пецярбургскай АН і стала яе першай навук. установай. З 1783 атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх друкаваных у Рас. імперыі выданняў. З 1925 наз. Б-ка АН СССР, з 1992 Б-ка Рас. АН. Кніжныя фонды ўсяго комплексу каля 20 млн. экз. (2000), больш за 40% складаюць замежныя навук. выданні. Захоўваюцца унікальныя зборы рукапісных кніг (каля 20 тыс. экз.), у т. л. Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі спісы бел.-літ. летапісаў 1446, пераклады візантыйскіх і зах.-еўрап. хронік (у т. л. «Хроніка...» М.​Стрыйкоўскага, 16 ст.), творы апалагетаў стараверства (у т. л. аўтограф пратапопа Авакума), вял. «заходнярускі» Хранограф 2-й чвэрці 17 ст., Служэбнік архірэйскі 1-й пал. 16 ст. з тэкстам Цвярскога перапісу (рукапіс з «заходнярускімі» палеаграфічнымі прыкметамі). Ёсць стараж. бел. і «заходнярускія» літургічныя, царкоўна-рэліг., гіст. рукапісы, у т. л.: фрагмент «Евангелля апракас» 13—14 ст. з паметай супрасльскага архімандрыта Яўстафія; «Апостал» з тлумачэннямі 15 ст. з укладным запісам 1460 А.​Солтана, гаспадарскага маршалка; «Дзесяціглаў» — арыгінальны біблейскі звод, складзены і напісаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі; Евангелле-тэтр Дабрахотаўскае пач. 16 ст. з укладнымі запісамі Ляшчынскаму манастыру; гіст. зборнік епіскапа Паўла 16 ст. з летапіснымі выпіскамі і палемічнымі творамі; гіст. зб-к 1546 з б-к Супрасльскага, пазней Жыровіцкага манастыроў; «Палея» сярэдзіны 16 ст., «Пандэкты» Нікана Чарнагорца 16 ст.; «Сказанне аб Жыровіцкім абразе Маці Боскай» 17 ст.; зборнік з творамі Максіма Грэка 2-й пал. 16 ст., напісаны заходнярус. паўуставам; «Статут ордэна базыльян» 17 ст., «Зярцала багаслоўя» Кірылы Транквіліёна, спіс дзяка Гладовіча ў Шышаве 1641, Пінскі зб. 1-й пал. 17 ст., збор казанняў полацкіх езуітаў 1669—72, Слуцкі кодэкс «Гісторыі Польшчы» Я.​Длугаша (кн. 1—9); «Статут Вялікага княства Літоўскага», перапісаны ў 1613 для Л.​Юцінскага; збор з дакумент. матэрыяламі 17—18 ст. Жыровіцкага манастыра; творы І.​Кунцэвіча і інш. царк. і грамадз. дзеячаў, палемістаў 17—18 ст. Некат. бел. рукапісы ўвайшлі ў Нёманскі і Дзвінскі зборы б-кі. Многія стараж. бел. рукапісы паходзяць са збораў епіскапа Паўла (Дабрахотава). У рукапісным аддзеле вял. картатэка апісанняў рукапіснай кніжнасці 11—17 ст., складзеная акад. М.​К.​Нікольскім. У зборах аддзела рэдкай кнігі захоўваюцца бел. старадрукі (выданні брацкіх, рэфармацыйных, каталіцкіх і прыватных друкарняў), у т. л. 18 экз. выданняў Ф.​Скарыны, некалькі экзэмпляраў Брэсцкай бібліі 1563, «Трэнас» 1610 і «Абарона апраўдання» 1621 М.​Сматрыцкага, «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (выд. ў Вільні ў 1619), «Святога Юстына філосафа і пакутніка размова» (Нясвіж, 1564), «Вобраз мужнага героя, шчыра вернага Айчыне Паўла Яна Сапегі» (Вільна, 1667), «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» 1614 і 1616 (6 экз.), панегірык Я.​Карніцкага, творы бел.-ўкр. пісьменніка І.​Дубовіча, І.​Руцкага, І.​Пацея і інш. У асабістай калекцыі Пятра 1 захоўваюцца рэдкія бел. выданні: «Дыёптра, ці Зярцала» (Куцейна, 1651), «Неба новае» (Магілёў, 1699) Іаанікія Галятоўскага, «Духоўныя размовы» (Вільна, 1627) Макарыя Егіпецкага і інш. Агульная колькасць рус. і іншаземнай рукапіснай кнігі на пергаменце і паперы — каля 20 тыс. адзінак захавання. Найб. рэдкіх і каштоўных выданняў каля 270 тыс. экз. (ад пач. кнігадрукавання да 20 ст.), інкунабул каля 800 экз., заходнееўрап. кніг 16 ст. больш за 10 тыс. экз. (разам з філіяламі больш за 15 тыс.), заходнееўрап. выданняў 17—20 ст. разам з Бэраўскім фондам і інш. зборамі замежнага фонду больш за 100 тыс. У сектары рэдкай кнігі захоўваюцца таксама выданні 18—1-й чвэрці 19 ст., у т. л. надрукаваныя ў Магілёве і Полацку польскамоўныя календары і інш. выданні, зборы «вольнага друку» — рускамоўныя замежныя выданні; нелегальны і забаронены друк 19 — пач. 20 ст. У сектары картаграфіі багаты збор карт і атласаў 16—20 ст. (каля 128 тыс. экз.). Бел. фонд славянскага аддзела налічвае каля 1048 экз. кніг і 105 экз. перыяд. выданняў. У ім сабрана амаль усё надрукаванае на бел. мове да 1930, у т. л. маст. л-ра: паэма «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» Ф.​Багушэвіча (1891), публіцыстыка пач. 20 ст. і інш. У лют. 1988 ад пажару найб. пацярпеў самы каштоўны фонд замежнай кнігі (188 тыс. экз.). Усяго сапсавалася або загінула каля 3,6 млн. экз. кніг і газет. У сістэме б-кі 40 філіялаў і спецыялізаваных аддзелаў пры ін-тах Рас. АН. Б-ка з’яўляецца таксама інфармацыйна-бібліягр. цэнтрам, выдае серыю «Кніга ў Расіі ў XVIII — пач. XIX ст.» і даведнікі «Бібліяграфія выданняў Акадэміі навук», «Шкодныя рэчывы ў навакольным асяроддзі», «Рускі фальклор», «Паказальнік зместу рускіх дарэвалюцыйных газет» і інш. Праводзіць доследы па палеаграфіі, археаграфіі, гісторыі кнігі. Выдае манаграфіі, навук. апісанні рукапісаў, друкаваныя каталогі асобных збораў і калекцый.

Літ.:

История Библиотеки АН СССР, 1714—1964. М.; Л., 1964;

Материалы и сообщения по фондам отдела рукописной и редкой книги Библиотеки АН СССР. [Вып. 1—3). М ;

Л., 1966—87;

Пергаментные рукописи Библиотеки АН СССР: Описание рус. и слав. рукописей XI—XVI вв. Л., 1976;

Комарова В.П. Славянский фонд Библиотеки АН СССР и его отражение в каталогах. Л., 1987;

Описание рукописного отдела Библиотеки АН СССР. Т. 3—8. Л., 1959—89;

Николаев Н.В. Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;

Книга в России XVI — середины XIX в.: Материалы и исслед.: Сб. науч. тр. Л., 1990.

Г.​Я.​Галенчанка, М.​В.​Нікалаеў, А.​А.​Савельева.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОВАЗНАЎСТВА

Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.​Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.​Буднага, В.​Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.​Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.​Будны і В.​Цяпінскі (напр., у С.​Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.​Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).

Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.​Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.​Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.​Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).

Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.​Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.​Чачот, П.​Шпілеўскі, А.​Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.​Шпілеўскага, К.​Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.​Брукнер (Польшча), П.​Уладзіміраў, А.​Шахматаў, М.​Карпінскі (Расія), К.​Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.​Калайдовіча, Ф.​Галатузава, І.​Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.​Насовіча, Ф.​Шымкевіча, М.​Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.​Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.​Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.​Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс. бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.​Чачота, К.​Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.

Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, М.​Зарэцкага, К.​Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».

У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.​Байкова і С.​Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.​Байкоў і А.​Бараноўскі), праву (М.​Гуткоўскі), батаніцы (З.​Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел. нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.​Байкова, І.​Ваўка-Левановіча, Я.​Карскага, П.​Растаргуева і інш. У 1928 П.​Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.

У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.​Фасмер, Ю.​Галомбак, Я.​Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНК БССР пад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМ БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.

У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.​Ломцева, К.​Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.​Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.​Байкоў, П.​Бузук, І.​Воўк-Левановіч, М.​Гарэцкі, С.​Некрашэвіч, Б.​Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.

У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.​Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.​Булахава, М.​Гурскага, М.​Жыдовіч, Ц.​Ломцева, М.​Марчанкі, Ю.​Мацкевіч, П.​Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Булахава, П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» пад рэд. М.​Бірылы і П.​Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» пад рэд. А.​Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. М.​Бірылы і Ю.​Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.​Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» пад рэд. М.​Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.​Абабуркі, І.​Бялькевіча, М.​Каспяровіча, Я.​Камароўскага і Е.​Мяцельскай, П.​Сцяцко, Л.​Шаталавай, М.​Шатэрніка, Г.​Юрчанкі, Р.​Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.​Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.​Рапановіча, працы Я.​Адамовіча, В.​Жучкевіча, В.​Лемцюговай, А.​Мезенка, М.​Судніка, Г.​Усціновіч, І.​Яшкіна і інш.

У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.​Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» пад рэд. Г.​Цыхуна (2004) і інш. Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. М.​Судніка і М.​Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​Бардовіча і Л.​Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.​Бардовіча, М.​Круталевіча і А.​Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.​Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.​Мажэйкі і Я.​Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​Пазнякова (1988), Н.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.​Кіпеля і З.​Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).

Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.​Бірыла, Л.​Вардамацкі, Л.​Выгонная, Я.​Івашуціч, А.​Крывіцкі, А.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​Чэкман, Ф.​Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, пад рэд. А.​Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.​Жыдовіч і А.​Наркевіча (назоўнік), М.​Булахава (прыметнік), Ю.​Мацкевіч (дзеяслоў), Т.​Сцяшковіч (займеннік), П.​Вярхова (лічэбнік), П.​Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.​Бурака, А.​Міхневіча, А.​Наркевіча, Л.​Падгайскага, В.​Протчанкі, П.​Сцяцко, М.​Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.​Лукашанца, М.​Паўленкі, М.​Прыгодзіча, Л.​Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.​Баханькова, М.​Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, пад рэд. А.​Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.​Абабуркі, А.​Булыкі, В.​Краснея, М.​Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.​Даніловіч, Я.​Камароўскі і Е.​Мяцельская, Г.​Юрчанка, Ф.​Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.​Кісялёў, І.​Лепешаў, З.​Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.​Аксамітава, М.​Даніловіча, У.​Коваля, І.​Лепешава, Г.​Параскевіч, Ф.​Янкоўскага і інш.

Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.​Карскага, В.​Ластоўскага, Я.​Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.​Мартэлем, Х.​Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.​Булахава, М.​Булыкі, Н.​Вайтовіч, А.​Груцы, А.​Жураўскага, І.​Крамко, У.​Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.​Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.​Жураўскага, І.​Крамко, А.​Юрэвіч, А.​Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.​Анічэнкі, К.​Гурскага, А.​Лукашанец, Б.​Плотнікава, А.​Супруна і інш.

У 1980—2000-я г. бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.​Лясохін, К.​Лук’яненкаў, В.​Нешытой, Б.​Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.​Грыб, В.​Мартынаў, Б.​Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.​Зубаў, В.​Мартынаў, А.​Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.​Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.​Плотнікаў, А.​Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.​Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.​Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.​Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.​А.​Ярмаш) і інш.

У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац. АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш. Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.

Літ.:

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;

Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;

Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. давед. Т. 1—3. Мн., 1967—93.

Б.​А.​Плотнікаў.

«Грамматіки Славенския правилное Синтагма» М.​Сматрыцкага. Вільня. 1619.

т. 18, кн. 2, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ (Монгал), Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс),

дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс. км². Нас. 2,58 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г. Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр. ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч. тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. ​2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн. га), рэзерваты.

Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас. р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс. ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У I-м тыс. да н.э. стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст. н.э. тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст.). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт. гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял. кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст. б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г. Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч. тэр. Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на З кіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст. б.ч. манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз. Манг. нар. партыя) на чале з С.​Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.​Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.

26.11.1924 1-ы Вял. нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг. Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч. парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946 сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш. сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.​Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг. дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.​Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.​Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял. дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.​Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.​Багабандзі. М. — чл. ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг. с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн. га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс. т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн. га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс. т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс. т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн. т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс. т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн. т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВт∙гадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн. прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс. км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс. км, чыгунак 1,8 тыс. км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн. дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн. дол. Грашовая адзінка — тугрык.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс. чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч. г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж. ун-т (з 1942), Дзярж. пед. ін-т (з 1951), політэхн. ін-т (з 1961), пед. ін-т рус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед. ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр. дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.

Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст. л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.​Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.​Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.​Нацагдорж, Ц.​Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.​Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.​Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.​Цэвэгмэда, вершы Ч.​Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.​Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.​Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.​Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.​Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.​Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.​Тудэў), аповесць (С.​Удвал), апавяданне і навела (Э.​Аюун, С.​Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.​Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.​Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс. сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.​Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.​Сакалоўскага і У.​Шахаўца, 1971) і Н.​Банзрагча «Шлях» (пер. М.​Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.​Рабкевіча, В.​Новіка, З.​Прыгодзіча, М.​Паслядовіча, Я.​Крамко, А.​Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.​Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.​Бяганская, М.​Калачынскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, Х.​Чэрня і інш.

Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл. буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г. буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э. метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв. каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш. Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап. рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг. маст. школа (жывапісцы Б.​Шараў, Д.​Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.​Адон, Будбазар, Н.​Цултэм, А.​Цэвэгжаў, Д.​Чойдаг, графікі Д.​Амгалан, Балдан, скульптары Н.​Жамба, С.​Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.

Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш. Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг. муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст. муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.​Ганчыксумла, Б.​Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.​Смірновым, паст. 1942), Л.​Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.​Білегжаргал, Э.​Чойдаг, Д.​Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш.); дырыжоры Ж.​Чулун, Ц.​Намсрайжаў, Ж.​Жамсранжаў, спевакі Ц.​Пурэўдорж, А.​Сурдал, А.​Загдсурэн, Х.​Уртнасан, А.​Хаўлаш; інструменталісты Т.​Цолман, З.​Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.​Луўсанбалдан, Ш.​Дамба, М.​Дашрынчэн, С.​Гомба, Б.​Луўсангампіл, М.​Дугаржаў, Ж.​Дарждагва, Н.​Нараўбанзад, інструменталісты А.​Сандаг, Д.​Ішдулам, О.​Дашдэлэг, У.​Луўсанхурчы, Л.​Цэрэндорж, Г.​Жам’ян, Д.​Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л. Дзярж. т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг. нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л. т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр. дзярж. манг. т-р (з 1942 Дзярж. муз.-драм. т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг. тэатр. форму сінт. т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж. муз.-драм. т-ра створаны Дзярж. т-р оперы і балета і Дзярж. т-р драмы імя Д.​Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап. тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.

Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.​Нацагдорж, Л.​Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.​Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.​Бунтар, Н.​Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.​Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал. сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.​Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.​Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.​Зархі, І.​Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.​Тарыч, Дудсан-Джалел, М.​Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.​Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.​Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.​Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.​Уртнасан, Г.​Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.

Літ.:

История Монгольской Народной Республики. М., 1983;

Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;

Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;

Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;

Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;

Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;

Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;

Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;

Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;

Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;

Черненко М.М. Кино Монголии. М., 1976.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура). Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Міхеева (тэатр).

Герб і сцяг Манголіі.
Да арт. Манголія. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».
Да арт. Манголія. Мангольскія дываны.
Да арт. Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.
Да арт. Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.
Да арт. Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.
Да арт. Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Юрта.
Да арт. Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.
Да арт. Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.
Да арт. Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.
Да арт. Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.
Да арт. Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.
Да арт. Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.
Да арт. Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.
Да арт. Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.
Да арт. Манголія. Б.​Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).
Да арт. Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.
Да арт. Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАДЖЫКІСТА́Н (Точикистон), Рэспубліка Таджыкістан (Чумхурии Точикистон),

дзяржава на ПдУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на З і ПнЗ з Узбекістанам, на Пн з Кіргізіяй, на ПдУ з Кітаем і на Пд з Афганістанам. Пл. 143,1 тыс. км. Нас. 6,2 млн. чал. (2001). Сталіца — г. Душанбе. У складзе Т. 3 адм. вобласці і Горна-Бадахшанская аўт. вобласць (гл. Горны Бадахшан). Дзярж. мова — таджыкская (фарсі). Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 вер.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994 (са зменамі і дапаўненнямі 1999). Кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 7 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны парламент (Маджлісі алі) у складзе 63 дэпутатаў.

Прырода. Т. — горная краіна, 93 % тэр. займаюць горы, каля 50 % — на выш. больш за 3 тыс. м. На ПнЗ адгор’і Цянь-Шаня (Курамінскі хр.), на Пд ад іх горы сістэмы Гісара-Алая (хр. Туркестанскі, Зераўшанскі, Гісарскі, Алайскі), на ПдУ Памір (хр. Заалайскі, Музкол, Рушанскі, Акадэміі Навук з найвышэйшай вяршыняй пік Ісмаіла Самані — 7495 м). Паміж хрыбтамі міжгорныя катлавіны і даліны (Гісарская, Кафірніганская, Вахшская, ч. Ферганскай). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: поліметал. і уранавыя руды, вальфрам, вісмут, нафта, прыродны газ, каменная соль. Крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. У далінах і на раўнінах да выш. 500 м сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна 27 °C і 30 °C, ападкаў 150—300 мм за год. У высакагорных раёнах сярэдняя т-ра студз. ад -18 °C да -20 °C, ліп. 10—12 °C, ападкаў да 1200 мм за год. У гарах больш за 8 тыс. ледавікоў, найб. Федчанкі (651,7 км²), Грум-Гржымайлы (143 км²). Гал. рэй: Сырдар’я, Зераўшан, Амудар’я з прытокамі Вахш і Пяндж, Кафірніган. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (патэнцыяльныя запасы 32,8 млн. кВт, 2-е месца ў СНД пасля Рас. Федэрацыі). Буйныя азёры: Каракуль, Сарэзскае, Іскандэркуль і інш. Вадасховішчы: Нурэкскае, Фархадскае, Кайраккумскае. Буйныя арашальныя каналы: Гісарскі, Дальверзінскі, Паўн.-Ферганскі і інш. Глебы пераважна пустынныя пясчаныя (70%), у перадгор’ях — шэразёмы, у гарах — карычневыя, у высакагор’ях — горна-стэпавыя і горна-лугавыя. На нізінных раўнінах пераважае травяністая і паўхмызняковая расліннасць пустынь. Пад лесам і хмызнякамі каля 4% тэр. У далінах рэк тугайныя лясы з таполі, на сухіх горных схілах — з фісташкі, на вільготных — грэцкі арэх, туркестанскі клён, усх. чынара (платан), дзікія яблыні і вінаград, грушы і алыча. У складзе жывёльнага свету ў гарах буры мядзведзь, тыбецкі воўк, азіяцкі леапард, снежны барс (ірбіс), у перадгор’ях — дзік, бухарскі высакародны алень, чаротавы кот, дзікабраз. Шмат птушак (фазан, чапля, грыф, чорная курапатка), паўзуноў (кобра, гюрза, вадзяны вуж, агамы). Запаведнікі: Тыгровы Яр, Раміт, Даштыджум.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — таджыкі (62,3%). Жывуць узбекі (23,5%), рускія (каля 2%), татары (1,4%), кіргізы (1,3%) і інш. Пануючая рэлігія — іслам. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, ёсць мусульмане-шыіты, у Горным Бадахшане — абшчыны мусульман-ісмаілітаў. Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны. Гар. насельніцтва 26,8%. Найб. гарады (тыс. ж., 1999): Душанбе — 500, Худжанд — 164, Куляб — 79,3. У эканоміцы занята 1,8 млн. чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы — 52%, у прам-сці — 17%, у сферы паслуг — 31%.

Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у палеаліце. Першыя гістарычна вядомыя дзяржавы Согд і Бактрыя ўзніклі тут у 1-й пал. 1-га тыс. да н. э., гал. заняткам іх насельніцтва было арашальнае земляробства. У 6—4 ст. н.э. яны ўвайшлі ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 да н.э. гэту тэр. заваяваў Аляксандр Македонскі, які падавіў упартае супраціўленне сагдыйцаў на чале са Спітаменам. З 312 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў, 250—140 да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства, якое заваявана качавымі плямёнамі тахараў. У 1—3 ст. н.э. тэр. Т. ў складзе Кушанскай дзяржавы. да пач. 6 ст. заваявана эфталітамі. у 560-я г. — Цюркскім каганатам. які ў сярэдзіне 7 ст. распаўся на мноства дробных дзярж. утварэнняў. У 8 ст. яны заваяваны арабамі, якія задушылі супраціўленне мясц. насельніцтва, у т. л. Муканы паўстанне, і ўключаны ў склад Амеядаў халіфата. а 750 — Абасідаў халіфата. Іслам выцесніў ранейшыя рэлігіі — зараастрызм. будызм; хрысціянства, нестарыянства. У 9—10 ст. ад улады араб. халіфаў вызвалілася Сярэдняя Азія, дзе склалася Саманідаў дзяржава са сталіцай у г. Бухара. У гэты час у выніку змяшэння мясц. сагдыйскага насельніцтва з прышлым араба-іранскім элементам склаўся таджыкскі этнас, што дае падставу тадж. гісторыкам лічыць дзяржаву Саманідаў першай тадж. дзяржавай. Пасля падзення ў 999 Саманідаў розныя часткі тэр. Т. былі ў складзе Караханідаў дзяржавы. Каракітаяў дзяржавы. дзяржаў Газневідаў і Гурыдаў. З 1212 усе тадж. землі ў складзе Харэзмшахаў дзяржавы, якая ў 1219—21 заваявана манголамі (гл. Мангольскія заваяванні); многія гарады разбураны, а насельніцтва моцна скарацілася. З 1224 б.ч. Сярэдняй Азіі, у т. л. землі з тадж. насельніцтвам, у складзе Джагатайскага (Чагатайскага) улуса, які ў 1260-я г. стаў дзяржавай, незалежнай ад Мангольскай імперыі. Пасля яго распаду (сярэдзіна 14 ст.) тэр. Т. з 1370-х г. у складзе вялізнай дзяржавы Цімура, сталіцай якой быў г. Самарканд. Пасля смерці Цімура (1405) яго дзяржава распалася на шэраг дзярж. утварэнняў на чале з яго нашчадкамі — Цімурыдамі. Адзін з іх — Мухамед Джахангір стварыў фактычна незалежнае ўладанне з цэнтрам у Гісары, куды ўвайшла значная ч. тэр. Т. У 1500 узбекі на чале з Шэйбані-ханам скінулі ўладу Цімурыдаў і завалодалі іх землямі. Пасля разгрому ў 1510 Шэйбані-хана Сефевідамі ўзніклі 2 узб. дзяржавы з цэнтрамі ў Харэзме і Маверанахры. Апошняя з іх пасля пераносу сталіцы ў канцы 14 ст. ў Бухару атрымала назву Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат). у склад якога ўвайшлі і землі Т. У 1710 з Бухарскага ханства вылучылася Какандскае ханства, куды ўвайшоў паўн. Т. з цэнтрам у г. Худжанд (Хаджэнт). У 1866 рас. войскі занялі Худжанд і Ура-Цюбе. какандскі хан прызнаў пратэктарат Расіі. У 1868 ваен. націск Расіі прымусіў і бухарскага эміра прызнаць рас. пратэктарат. Пасля падаўлення Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. яго тэр. далучана да Туркестанскага ген.-губернатарства, у склад якога з 1868 уваходзіла і паўн.-ўсх. ч. бухарскіх уладанняў з Самаркандам. Паводле рус.-брыт. пагаднення 1895 бухарскія ўладанні на Пд ад р. Пяндж, дзе пражывала значнае тадж. насельніцтва, адышлі да Афганістана: у сваю чаргу да Бухарскага эмірата далучаны землі Зах. Паміра; Усх. Памір перайшоў пад рас. кантроль (з 1905 увесь Памір). У Туркестанскім ген.-губернатарстве (краі) у 1886 замест традыц. ўмоўнага землеўладання ўведзена прыватная ўласнасць на зямлю (фактычна зямельная рэформа пачала праводзіцца з 1870-х г. інж.-ген. К.П.Каўфманам). Выступленне насельніцтва Худжанда 17.7.1916 паклала пачатак Сярэднеазіяцкаму паўстанню 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Худжандзе, Ура-Цюбе і Канібадаме створаны Саветы. У Бухарскім эміраце актывізаваліся младабухарцы, якія патрабавалі бурж.-дэмакр. рэформ. 30.4(13.5). 1917 у Худжандзе створаны Выканком рас. Часовага ўрада. Сав. ўлада ўсталявалася 24.11(7.12).1917 у Худжандзе. у ліп. 1918 — ва Ура-Цюбе, у канцы 1918 — на Паміры. У вер. 1920 Чырв. Армія заняла г. Бухара. дзе ў кастр. 1920 абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка (БНСР), у пач. 1921 заняла кішлак Душанбе і б.ч. Усх. Бухары На тэр. Т. разгарнуўся масавы антысав. рух — басмацтва. які ў кастр. 1921 узначаліў дзеяч руху младатуркаў, б. ваен. міністр Турцыі Энвер-паша. Да вясны 1922 яго атрады занялі Усх. Бухару. Пасля гібелі Энвер-пашы (жн. 1922) барацьбу працягвалі атрады Ібрагім-бека (да 1926). У вер. 1924 БНСР ператворана ў Бухарскую Сав. Сацыяліст. Рэспубліку. якая далучылася да СССР. Паўн. раёны Т. ўваходзілі ў склад Туркестанскай Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (засн. ў крас. 1918).

У выніку нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі 12.3.1925 створана Тадж. АССР у складзе Узб. ССР. У яе ўвайшлі Гармскі, Кулябскі, Гісарскі, Курган-Цюбінскі і ч. Сарнасійскага вілаятаў Бухарскай ССР і 12 валасцей Туркестанскай АССР. У снеж. 1924 асобная Памірская вобл. ператворана ў Горна-Бадахшанскую аўт. акругу, якая далучана да Тадж. АССР. 16.10.1929 абвешчана Тадж. ССР, да якой далучана Худжандская акруга. У 1925—26 праведзена агр. («зямельнаводная») рэформа. З 1929 пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял. Айч. вайну больш за 50 тыс. воінаў з Т. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, у т. л. 54 сталі Героямі Сав. Саюза; каля 60 тыс. чал. загінула. Да канца 1980-х г. з дапамогай інш. сав. рэспублік Т. з адсталай ускраіны ператварыўся ў індустр.-агр. краіну, дзе асаблівае развіццё атрымалі электраэнергетыка, горназдабыўная і хім. прам-сць, машынабудаванне і металаапрацоўка; значныя поспехі дасягнуты ў ахове здароўя і адукацыі, хоць і захоўвалася адноснае адставанне Т. ад інш. рэспублік СССР. Пачатак перабудовы ў СССР (1985) актывізаваў тадж. нац. рух. У 1989 тадж. мова абвешчана дзяржаўнай. Ствараліся апазіц. да Камуніст. партыі Т. (КПТ) паліт. арг-цыі: Растахез (Адраджэнне), Дэмакр. партыя Т. (ДПТ). У лют. 1990 у Душанбе адбыліся масавыя антыўрадавыя хваляванні. 25.8.1990 Вярх. Савет Тадж. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У ліст. 1990 уведзена пасада прэзідэнта Т., на якую абраны К.​Махкамаў, які пасля жнівеньскіх падзей 1991 у Маскве падаў у адстаўку. 9.9.1991 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Т. Яе прэзідэнтам абраны Р.​Набіеў, але выступленні аб’яднанай апазіцыі прымусілі і яго пайсці ў адстаўку (май 1992). Паліт. канфлікт перарос у грамадз. вайну паміж выхадцамі з розных рэгіёнаў Т. У выніку ўзбр. сутыкненняў загінула больш за 50 тыс. чал., каля 80 тыс. уцяклі за мяжу. У снеж. 1992 Душанбе занялі атрады Тадж. нар. фронту. Кіраўніком дзяржавы Вярх. Савет Т. абраў Э.Рахмонава, у ліст. 1994 ён выбраны прэзідэнтам Т. (перавыбраны ў 1999). Кааліцыя з Растахез, ДПТ і Партыі ісламскага адраджэння стварыла Аб’яднаную тадж. апазіцыю (АТА), якая, выкарыстоўваючы базы на тэр. Афганістана, разгарнула партыз. вайну супраць цэнтр. ўрада. У выніку перагавораў Рахмонава і лідэраў АТА у 1997 заключана пагадненне пра мірнае ўрэгуляванне канфлікту, вяртанне бежанцаў, раззбраенне баевікоў АТА, іх амністыю і далучэнне АТА да паліт. працэсу. У знешняй палітыцы Т. арыентуецца на цеснае супрацоўніцтва з краінамі цэнтр.-азіяцкага рэгіёна і Расіяй. На яго тэр. знаходзяцца рас. войскі і пагранічнікі. Т. — чл. ААН (з 1992), СНД (з 1991), Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця (з 1992), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва (з 1993), Міжнар. валютнага фонду (з 1993), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (з 1993) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.9.1996.

У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Камуніст. партыя Т., Нар.-дэмакр. партыя Т., Сацыяліст. партыя, Дэмакр. партыя Т., Ісламская партыя адраджэння Т. і інш.

Гаспадарка. Т. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 6 млрд. дол. (990 дол. на душу насельніцтва). Доля сельскай гаспадаркі ў структуры ВУП 27%, прам-сці і буд-ва — 26,9%, сферы паслуг — 46,1%. Грамадз. вайна і яе вынікі абмежавалі магчымасці эканам. развіцця краіны, адбылося рэзкае скарачэнне прамысл. і с.-г. вытв-сці. У 2000 аб’ём прамысл. прадукцыі складаў 42%, сельскай гаспадаркі — 73% да ўзроўню 1991. Наглядаецца тэндэнцыя да паляпшэння становішча; дэклараваны курс на рэфармаванне эканомікі і пераход да рыначных форм гаспадарання, але па-ранейшаму захоўваецца і дырэктыўнае дзярж. рэгуляванне. На долю дзярж. сектара прыпадае каля 53% занятых, кааператываў, акц. т-ваў, прыватнага сектара — 47%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,15 млн. га, у т. л. пад ворывам 0,76 млн. га, сенажацямі і пашай 3,39 млн. га. Каля 0,7 млн. га паліўных зямель. Да 80% с.-г. угоддзяў эрадзіравана, на 15% ворыва засоленыя глебы. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс); з тэхн. — бавоўнік (пераважна тонкавалакністыя сарты), алейныя (лён-кудраш, кунжут), эфіраалейныя (герань), тытунь. Бульбаводства, агародніцтва і бахчаводства. На Пн і ПдЗ развіты вінаградарства і садоўніцтва (яблыкі, абрыкосы, персікі, вішні, гранаты, інжыр, міндаль, цытрусавыя). Збор (млн. т, 1999) збожжа — 0,5, бульбы — 0,2, агародніны — 0,4. Мяса-воўнавая і мяса-малочная жывёлагадоўля. На Пн і ПдЗ развіта каракуляводства. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы — 911,5, авечак — 1620, коз — 625, птушак — 600. На Усх. Паміры разводзяць якаў. Вытв-сць мяса (забойная вага) — 30 тыс. т, малака — 310 тыс. т, яек — 23 млн. шт. Развіта шаўкаводства. Прамысловасць развіваецца ў асноўным на мясц. рэсурсах. На долю металургічнай прам-сці прыпадае 49,5%, паліўнаэнергет. комплексу — 8,9%, маш.-буд. і металаапрацоўкі — 1,1%, лёгкай — 13,2%, харч. — 16,1%. Металургічная прам-сць звязана са здабычай і абагачэннем руд каляровых і рэдкіх металаў (горна-металургічны камбінат у Анзобе, і абагачальныя ф-кі ў Кансаі і Чарух-Дайроне). Аснова каляровай металургіі — вытв-сць алюмінію ў г. Турсунзадэ. Паліўна-энергет. комплекс грунтуецца на здабычы нафты (20 тыс. т, на Пн і Пд), прыроднага газу (40 млн. м³), бурага вугалю (20 тыс. т) і вытв-сці электраэнергіі (14,3 млрд. кВт∙гадз, 2000) пераважна на ГЭС. Працуюць Нурэкская, Галаўная, Байпазінская (на р. Вахш), Кайраккумская (на р. Сырдар’я) і інш. ГЭС. Буйныя ЦЭЦ — у г. Душанбе, г.п. Яван. Вытв-сць прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў 2000 складала 14,9% да ўзроўню 1991. У Душанбе прадпрыемствы па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў (1,7 тыс. шт., 2000), рамонце машын і абсталявання. Лёгкая прам-сць прадстаўлена ачысткай бавоўны (Турсунзадэ, Шаартуз, Курган-Цюбе, Канібадам), вытв-сцю баваўняных і шаўковых тканін (12,7 млн. м², Душанбе, Худжанд), абутку (80 тыс. пар), швейных вырабаў, дываноў. У харч. прам-сці развіты алейная, мясная, малочная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць (тыс. т, 2000) алею — 14,3, мяса — 1,1, цэльна-малочнай прадукцыі — 2,9. Хім. прам-сць у г.п. Яван (11 тыс. т азотных угнаенняў) і Душанбе (пластмаса). Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 500 км, аўтадарог 13,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 12,7 тыс. км. Асн. грузаперавозкі на чыг. транспарце — 1324,8 тыс. ткм, на аўтамаб. — 117,1 тыс. ткм (2000). Асн. чыгунка Тэрмез—Куляб, аўтадарогі Ош—Харог, Душанбе—Харог, Душанбе—Худжанд. Аэрапорты ў Душанбе, Худжандзе і Кулябе. Курорты: Абігарм, Зумрат, Хаджа-Абігарм, Шаамбары. Экспарт (1459,3 млн. дол., 2000) электраэнергіі, неапрацаванага алюмінію, бавоўны, тытуню. Імпарт (525,8 млн. дол., 2000) нафтапрадуктаў прыроднага газу, хім. і маш.-буд. прадукцыі, харч. прадуктаў. Асн. гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Украіна, Кітай. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 5,3 млн. дол. Грашовая адзінка — самані.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і войск ППА. Агульная колькасць узбр. сіл больш за 10 тыс. чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 8,8 тыс. чал., танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры, мінамёты, гарматы і інш. У ВПС каля 700 чал.; у войсках ППА каля 1 тыс. чал., на ўзбраенні зенітныя артыл. комплексы, зенітныя пушкі і інш.

Ахова здароўя. Ажыццяўляецца на дзярж. узроўні, існуе і прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60,9, жанчын 67,4 года. Узровень нараджальнасці — 33,6 на 1 тыс. чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс. чал.

Натуральны прырост 2,5% (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 115 чал., урачамі — 1 на 443 чал. Дзіцячая смяротнасць — 117 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета. У 2001/02 навуч. г. ў Т. дзярж. агульнаадук. школ 3649, у іх 1560 тыс. вучняў, 42 недзярж. ўстановы адукацыі, у т. л. 18 ліцэяў, 17 гімназій, 7 сярэдніх агульнаадук. школ; 45 сярэдніх прафес. навуч. устаноў, у іх 23 825 навучэнцаў; 31 ВНУ розных тыпаў (84 360 студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тадж. дзярж. ун-т, с.-г., політэхн., мед. ін-ты (усе ў Душанбе), Худжандскі ін-т. У Т. 1436 б-к і 33 музеі. Найбуйнейшая б-ка — Нац. б-ка Рэспублікі Таджыкістан імя Фірдаўсі ў Душанбе; найбуйнейшыя музеі: Нац. краязнаўчы і Нац. музей старажытнасці ў Душанбе. Навук. даследаванні вядуцца ў Нац. АН.

Літаратура. Развіваецца на таджыкскай мове. У яе развіцці вял. ролю адыгралі фальклор і літ. традыцыі ўсх. іранцаў — продкаў таджыкаў, якія ў старадаўнія часы насялялі Сярэднюю Азію і Харасан (Усх. Іран). Першы помнік стараж. перса-тадж. пісьменнасці — «Авеста». У 3—9 ст. ствараліся эпічныя паэмы, малыя формы паэзіі. Заснавальнік класічнай л-ры на тадж. мове (фарсі) Рудакі. Найб. плённа класічная паэзія развівалася ў 10 — пач. 12 ст. (Дакікі, эпічная паэма Фірдаўсі «Шахнамэ», філас. лірыка Ібн Сіна, Умара Хаяма, Насіра Хасрова). У 12 ст. паявілася маст. проза (творы Балхі, Захіры). Нашэсце Чынгісхана (пач. 13 ст.) амаль на стагоддзе перапыніла развіццё л-ры ў Сярэдняй Азіі. Толькі ў 14 ст. там пачало адраджацца літ. жыццё. Гуманістычныя матывы характэрны для творчасці Саадзі, Хафіза, Кемала Худжандзі, Убейда Закані. У 15 ст. іх развівалі ў сваіх творах Кашыфі, Хатыфі, А.Джамі. Творчая сувязь Джамі з узб. паэтам Алішэрам Наваі мела вял. значэнне для тадж. і узб. л-р. З 16 ст. тадж. л-ра пачала вылучацца з агульнай плыні персамоўнай л-ры, уступіла ў цесную сувязь з мусульм. культурай Індыі. У 16—18 ст. вядомасць набылі паэты і празаікі Хілалі Джагатаі, Мушфікі, Сайідо Насафі, М.​Бедыль. У 16 ст. ўзнік асветніцкі кірунак, гал. прадстаўнік якога А.​Даніш прапагандаваў рус. культуру і л-ру, сац. рэформы. Яго ідэі развівалі Саўдо, Р.​Вазех, М.​Хайрат. У пач. 20 ст. традыцыі асветніцтва прадаўжалі Айні, Т. Асіры і інш., якія праўдзіва адлюстроўвалі жыццё народа, выкрывалі ў сваіх творах сац. супярэчнасці тагачаснага грамадства.

Пачынальнікі сав. тадж. прозы — Айні (аповесць «Адзіна»; раманы «Дахунда», «Рабы»), паэзіі — М.​Рахімі, Х.Лахуці і інш. Разняволенне жанчын, усталяванне новага жыцця — тэмы творчасці Пайрава, М.​Амін-задэ. У 1930-я г. ў л-ру прыйшлі маладыя паэты і празаікі Б.​Азізі, Дж.Ікрамі, Х.​Карым, Р.​Джаліл; развівалася паэтычная творчасць М.Турсун-задэ, А.​Дэхаці, М.Міршакара, Хабіба Юсуфі і інш. У Вял. Айч. вайну тадж. пісьменнікі ўслаўлялі гераізм чалавека, братэрства народаў (паэмы Турсун-задэ, Лахуці, вершы Міршакара, Рахімі. Дэхаці і інш.). Пасляваен. л-ра стала жанрава больш разнастайнай, паглыбіла адлюстраванне жыцця і гісторыі тадж. народа. Здабыткам л-ры сталі цыкл вершаў «Індыйская балада» і паэма «Хасан-арбакеш» Турсун-задэ, паэмы «Непакорлівы Пяндж» і «Ленін на Паміры» Міршакара, раман пра вайну «Вернасць» Ф.Ніязі, раманы «Абноўленая зямля» С.Улуг-зада і «Шураб» Джаліла. Вядомасць набылі паэзія Ф.​Ансары, Бахары, М.Канаата, Г.​Мірзо, Г.​Сулейманавай, М.Фархата, проза Дж.​Адынаева, У.​Кухзода, Ф.Мухамадзіева, Х.​Назарава, М.​Хаджаева. Паявіліся і гіст. раманы Ікрамі («Дванаццаць варот Бухары»), Улуг-зада («Васе»), аповесці Р.​Хадзі-задэ, драмы Г.​Абдуло («Полымя свабоды»), Ансары («Прысуд маці»), Улуг-зада («Рудакі») і інш. Развіваецца літ.-знаўства і крытыка (С.​Табараў, М.​Шукураў, Ш.​Ніязі, А.​Сайфулаеў). У 1954 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены анталогія «Паэты Таджыкістана» (1966), «Таджыкскія народныя казкі» (1970, 1987); кнігі апавяд. і вершаў «Дом каля крыніцы» (1984) і «Крыніцы Паміра» (1989); аповесць «Раніца нашага жыцця» (1961, пер. І.​Сакалоўскі і У.​Жыжэнка) і раман «Абноўленая зямля» (1973, пер. Я.​Васілёнак) Улуг-зада, зб-кі апавяд. «Абавязак таварыша» Бахары (1965, пер. М.​Ваданосаў), «Не адкладвай на заўтра» А.​Шарыфі (1984, пер. М.​Базарэвіч), вершаў і казак «Пах зямлі» У.​Раджаба (1987, пер. В.​Лукша і В.​Макарэвіч), паэт. зб-кі «Высокае гняздо» Турсун-задэ і «Сорак косак» Сулейманавай (абодва 1982, пер. апошняга Э.​Агняцвет), «Рубаі» Умара Хаяма (1989, пер. Р.​Барадулін) і інш. У перыяд. друку змяшчаліся пераклады на бел. мову вершаў Айні, Ансары, Н.​Бако-задэ, Канаата, С.​Мамура, Міршакара, Р.​Назры, Ц.​Пуладзі, Раджаба, Б.​Сабірава, Г.​Сафіевай, Сулейманавай, Турсунзадэ, Б.​Фаруха, М.​Хакімавай, Д.​Шарыпава; апавяданняў С.​Ганіева, Г.​Карыма, Мухамадзіева, Р.​Сафарава, Т.​Усманава, Шарыфі, А.​Шукухі і інш. Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Г.​Бураўкін, А.​Бялевіч, Э.​Валасевіч, В.​Вярба, С.​Гаўрусёў, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, К.​Кірэенка, А.​Лойка, Е.​Лось, П.​Макаль, У.​Нядзведскі, Р.​Няхай, У.​Паўлаў, Г.​Пашкоў, П.​Прыходзька, Я.​Семяжон, Ю.​Свірка, М.​Чарняўскі, Х.​Чэрня, У.​Шахавец і інш.

Архітэктура. На тэр. Т. выяўлены паселішчы неалітычнай гісарскай культуры (6—5 ст. да н.э.) і эпохі бронзы са слядамі жытлаў. Ад часоў Ахеменідаў захаваліся рэшткі стараж.-бактрыйскага будынка з сырцовай цэглы (6—4 ст. да н.э., гарадзішча Калаі-Мір). Паводле ант. аўтараў вядома пра існаванне на тэр. Т. ў 4—3 ст. да н.э. гарадоў эліністычнага тыпу з абарончымі сценамі і рэгулярнай планіроўкай. Да грэка-бактрыйскага (3—2 ст. да н.э.) і кушанскага (1—4 ст. н.э.) часу належаць руіны гарадоў на Пд Т., якія спалучалі рысы эліністычнай буд. культуры з мясц. традыцыямі. У 5—8 ст. на тэр. Т. ўзнікалі раннесярэдневяковыя гарады з цытадэлямі і ўмацаваннямі, рэгулярна забудаванымі шахрыстанамі (Пенджыкент). Палацы з параднымі заламі і троннымі айванамі і багатыя дамы з 4-стаўповымі параднымі заламі былі ўпрыгожаны жывапісам і драўлянай разьбой. На лініі гар. сцен ці па-за горадам ставілі цытадэлі. У сельскай мясцовасці будавалі ўмацаваныя загарадныя сядзібы, вартоўні, замкі-кёшкі (данжоны; Уртакурган, Калаі-Муг). Адрозніваліся тыпы збудаванняў, што належалі розным веравызнанням (храмы ў Пенджыкенце, будыйскія манастыр Аджына-Тэпе і храм у крэпасці Калаі-Кафірніган). Пасля араб. заваявання і пашырэння ісламу ў архітэктуры Т. з’явіліся мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, ханака. Вакол шахрыстанаў і цытадэляў гарадоў узнікалі гандл.-рамесныя прыгарады (рабады). У крапасных (Калаі-Бало каля Ісфары), палацавых (Хульбук, 10—12 ст.) і мемар. збудаваннях доўга захоўваліся мясц. раннесярэдневяковыя рысы (Ісмаіла Самані маўзалей). Асн. буд. матэрыялы — цэгла-сырэц, пахса (бітая гліна), з 9 ст. — абпаленая гліна. У арх. дэкоры будынкаў са скляпеніста-купальнымі канструкцыямі выкарыстоўваліся ўзорыстая цагляная муроўка, разная тэракота і расфарбаваны разны стука (гліняны міхраб 10—11 ст. з мячэці ў с. Ашт); у пабудовах з плоскімі перакрыццямі — мясц. драўляны ордэр, элементы якога адлюстроўвалі даісламскія вераванні, мелі расл. ўзоры, эпіграфічныя фрызы (порцік маўзалея Хазрацібабо ў с. Чарку каля Ісфары, 12 ст.). Дасягненне тадж. манум. дойлідства 14 ст. — партал Мухамеда Башара маўзалея. Адно з унікальных збудаванняў — маўзалей Мір-Сеід-Хамадані ў г. Куляб (14—17 ст.), першапачаткова 3-партальны з купальнай залай, пахавальняй і разным дэкорам. У 16—17 ст. пераважалі культавыя збудаванні з Г-падобнай купальнай галерэяй (мячэць Абдула-хана ў с. Наўгілем каля Ісфары, мячэць-маўзалей Муслехеддзіна ў Худжандзе, маўзалей Махдумі Азама ў Гісары). У 18 — пач. 19 ст. традыцыі тадж. дойлідства развіваліся ў архітэктуры масавых грамадскіх будынкаў (медрэсэ ў Гісары, квартальныя і сельскія мячэці, лазні) і ў нар. жыллі. Архітэктура 20 ст. прайшла шлях развіцця ад 1-павярховых глінабітных і сырцовых жытлаў, хаатычна забудаваных кішлакоў і некалькіх сярэдневяковых гарадоў да добраўпарадкаваных дамоў і гарадоў, якія развіваюцца паводле генпланаў (Душанбе, Худжанд). У горадабудаўніцтве 1930—40-х г. выкарыстоўваўся прынцып перыметральнай забудовы, панавалі класіцыстычныя формы ў спалучэнні з элементамі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага дойлідства. З 1950-х г. пачалі ствараць мікрараёны з сучаснай сістэмай абслугоўвання, са шматпавярховымі (4—5, 9 паверхаў) сейсмаўстойлівымі дамамі, каркасна-панэльныя збудаванні. Будуюцца новыя гарады Нурэк, Рэгар і г.п. Яван. У 1980—90-я г. арх. формы спалучаюць з традыц. дэкорам, арнаментальнымі і сюжэтнымі размалёўкамі, керамікай, разьбой па ганчу і дрэве, габеленам. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва таджыкаў развівалася як частка гіст.-культ. працэсу сярэднеазіяцкага рэгіёна і цесна звязана з мастацтвам інш. народаў (асабліва узбекаў), шэраг помнікаў з’яўляецца іх агульнай спадчынай (мініяцюры, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва). На тэр. Т. выяўлены наскальныя размалёўкі ў гроце Шахты (15—10-е тыс. да н.э., Усх. Памір), ляпная і ганчарная ангабіраваная кераміка з геам. узорам, прасцейшыя формы ювелірных вырабаў (сярэдзіна 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.), схематычная гліняная выява чалавека (пахавальня Тандыр-Ёл каля Рэгара, 2-е тыс. да н.э.). Ад эпохі Ахеменідаў захаваліся ювелірныя вырабы, творы мастацтва сакаў (бронз. катлы са скульпт. дэкорам, літыя фігурныя бляхі, петрогліфы). Мастацтва грэка-бактрыйскага (3—2 ст. да н.э.) і кушанскага (1—4 ст. н.э.) перыядаў спалучала мясц. традыцыі і эліністычныя элементы. Раннесярэдневяковае мастацтва Т. развівалася ў рэчышчы культур Согда, Уструшаны і Тахарыстана, у якіх фарміраваліся мясц. стылі праз спалучэнне эліністычных і кушанскіх традыцый з рысамі мастацтва Паўн. Індыі і Афганістана: скульптура (прысценныя статуі і гарэльефы, медальёны са сцэнамі барацьбы коннікаў-ваяроў, выявамі фантаст. звяроў) і жывапіс (фрэскі будыйскіх храмаў, размалёўкі палацаў Пенджыкента, Шахрыстана, Калаі-Кафірнігана). Пасля арабскага заваявання і пашырэння ісламу ў мастацтве развіваў пышны разны дэкор, які захоўваўся мясц. даісламскія выяўл. матывы, расл. ўзоры, эпіграфічныя фрызы. Паступова пачалася арнаменталізацыя ўсяго выяўл. мастацтва з перавагай расл., геам. і эпіграфічных матываў. Новы росквіт мастацтва ў 15 ст. звязаны з герацкай школай мініяцюры, у 16—17 ст. — з сярэднеазіяцкай школай у Бухары і Самаркандзе. Мініяцюра, верагодна, развівалася ў горным Т. (рукапіс «Юсуф і Зулейха» з Дарваза, 1797—98). У дэкар.-прыкладным мастацтве мясц. традыцыі ўзбагаціліся элементамі маст. культур інш. краін Усходу (паліваная размаляваная кераміка, ткацтва, вырабы з металу і шкла, ювелірныя). Развіваліся разьба і размалёўка па стука, дрэве, тэракоце, арнаментальная размалёўка тэмперай і шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль» (па рэльефнай глінянай аснове). У 18 — пач. 20 ст. пашырыліся маст. рамёствы: кераміка з падглазурнай размалёўкай (Паўн. Т.) ці ляпная з ангобнай размалёўкай (Паўд. Т.), ювелірныя вырабы з дэкар. і складанаўзорыстымі спалучэннямі серабра і каляровых камянёў, ткацтва, набіванка, вышыўка. У 1-й пал. 20 ст. ў Т. працавалі мастакі А.​Ашураў, А.​Камелін, М.​Новік, П.​Фальбаў, М.​Хашмухамедаў, Я.​Чамадураў, Б.​Шахназараў і інш. З 2-й пал. 20 ст. развіваюцца ўсе віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ў творчасці жывапісцаў З.​Давугава, І.​Лісікава, А.​Рахімава, З.​Хабібулаева, Х.​Хушвахтава, С.​Шарыпава; скульптара К.​Жумагазіна; графікаў Р.​Азімава, С.​Вішняпольскага, С.​Краснапольскага, Т.​Самандарава, Б.​Серабранскага, сцэнографаў М.​Мухіна, М.​Шыпуліна і інш. У 1938 створаны Саюз мастакоў Т.

Музыка. Раннія звесткі пра музыку стараж. народаў, гістарычна звязаных з Т., адносяцца да 3—2 ст. да н.э. Музыка развівалася пераважна як аднагалосае мастацтва вуснай традыцыі, была унісоннай, дыятанічнай. Багатая і рознабаковая метрарытміка песень і інстр. п’ес. Характэрны няцотныя (​5/8, ​7/8 і інш.) і 6-дольныя памеры. Муз. фальклор уключае прац., абрадавыя, лірычныя, эпічныя (у т. л. эпас «Гурутлі») і інш. песні, якія выконваюцца сола і ў суправаджэнні інструментаў. Склаліся своеасаблівыя спосабы спеваў: ішкамі (брушное), бінігі (насавое) і гулугі (гарлавое). Сярод нар. інструментаў: думбрак, дутар, рубаб, сетар, танбур (усе струнна-шчыпковыя), гіджак (струнна-смыкавы), най, кашнай, сурнай, карнай (духавыя), чанг (струнна-ўдарны), дойра, таўляк (ударныя), занг (званочкі), чанг-кобус (варган). Нар. танцы выконваюцца пад акампанемент нар. інструментаў ці унісоннага хору. Найб. росквіту нар.-прафес. і прафес. музыка вуснай традыцыі дасягнула ў сярэдневякоўі ў гарадах. Класічны помнік муз.-паэт. творчасці — цыкл з 6 шматчасткавых вак.-інстр. паэм «Шашмаком». Станаўленне прафес. музыкі пачалося ў 20 ст., калі былі створаны муз. тэхнікум у г. Ленінабад (1929), маст. камбінат (школа) у г. Душанбе (1934, з 1937 — муз.-балетная школа) і інш. Развіваліся шматгалосыя спевы, арк. ігра, муз.сцэн. мастацтва, разнастайныя жанры і формы шматгалосай музыкі. Важную ролю ў станаўленні прафес. тадж. музыкі адыгралі кампазітары Д.​Дустмухамедаў, Я.​Сабзанаў, Ш.​Сайфіддзінаў, Ф.​Саліеў, З.​Шахідзі, Ф.​Шахобаў; музыканты і педагогі С.​Баласанян, А.Ленскі, С.​Урбах і інш. Сярод першых нац. твораў: опера «Паўстанне Васе» Баласаняна (1939), балет «Дзве ружы» Ленскага (1941), шматгалосы твор «Залаты кішлак» І.​Рагальскага (1944), «Таджыкская рапсодыя» Саліева (1947), вак.-сімф. творы Дустмухамедава, Сайфіддзінава. Для 2-й пал. 20 ст. характэрна імкненне кампазітараў да ўзбагачэння муз. мовы сучаснымі сродкамі выразнасці і пераўтварэнне глыбінных фалькл. пластоў. Развіваюцца музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў, эстр. музыка. Сярод муз. дзеячаў дырыжоры І.​Абдулаеў, З.​Айрапецянц, А.​Камалаў, Саліеў, А.​Хамдамаў; хар. дырыжор — Х.​Мулакандаў; спевакі А.Бабакулаў, М.​Бакіева, С.​Бандышоева, Р.​Галібава, М.​Ібрагімава, Б.​Ісхакава, Л.Кабірава, Б.​Маматкулаў, Х.Маўлянава, Ш.​Муладжанава, Дж.Муродаў, Б.​Ніёзаў, Р.​Талмасаў, Т.​Фазылава; выканаўцы нар. песень М.​Бахадураў, М.​Назардодава, Н.​Раупава, Х.​Рызо; салістка балета М.​Сабірава; выканаўцы на нар. інструментах Г.​Гуламаліеў, А.​Алаеў. Працуюць: Тадж. т-р оперы і балета (1940, Душанбе); філармонія (1938, Душанбе), у складзе якой ансамбль рубабістак (1940), сімф. аркестр (1965), ансамблі песні і танца; стр. квартэт (1978); пры Дзяржтэлерадыё аркестр нар. інструментаў, ансамбль шашмакамістаў (1964), эстр. ансамбль «Гульшан» (.1966), дзіцячы хор (1982) і інш. У 1949 створаны Саюз кампазітараў Т.

Тэатр. Вытокі тэатр. дзействаў у песнях і танцах. нар. гульнях, даісламскіх культавых абрадах. На аснове нар. мастацтва складаліся нар. лялечны т-р «зачабозі» і вусны традыц. т-р масхарабозаў (выступалі на вяселлях, сямейных урачыстасцях), асабліва пашыраны ў 19 ст. У сав. час развіваўся аматарскі т-р. У 1929 у Душанбе з аматарскага гуртка створаны першы прафес. т-р — Таджыкскі драм. т-р імя А.​Лахуці, у 1932 — муз.-драм. т-р у Худжандзе. У 1930-я г. прафес. т-ры з’явіліся і ў інш. гарадах і гар. пасёлках (Харог, Куляб, Ісфара, Наў і інш.). У рэпертуары т-раў п’есы С.​Саідмурадава, М.​Рабіева, М.​Міршакара, Дж.​Ікрамі, А.​Сідкі, Ф.​Ансары, Г.​Абдуло, Ш.​Кіямава і інш.; класічная і сучасная драматургія. Значны ўклад у тэатр. мастацтва зрабілі Б.​Аліфбекава, Г.​Бакаева, А.​Бурханаў, Т.​Гафарава, Г.​Заўкібекаў, М.​Ібрагімава, Б.​Карамхудоеў, М.​Касымаў, Х.​Назарава, Х.​Рахматулаеў, Г.​Савельева, С.​Туйбаева, Т.​Фазылава, М.​Халілаў, С.​Шаісмаілава і інш.

Кіно ўзнікла ў 1929 з вытворчасці дакумент. і хранікальных фільмаў. У 1930 створана кінастудыя «Таджыкфільм». Першы маст. фільм — «Калі паміраюць эміры» (1937, рэж. Л.​Пячорына), першыя гукавыя маст. фільмы «Сад» (рэж. М.​Досталь) і «Сябры сустракаюцца зноў» (рэж. К.​Ярматаў, абодва 1939). У час вайны і першыя пасляваен. гады ствараліся толькі дакумент. карціны. У 1957 адноўлены выпуск маст. фільмаў («Дахунда» паводле Айні, рэж. Б.​Кімягараў). Здымаліся фільмы на гіст. тэмы і пабудаваныя на фалькл. матывах і нар. эпасе: «Лёс паэта» (1959, рэж. Кімягараў), фільм-балет «Лейлі і Меджнун» (рэж. Т.​Беразанцава, Г.​Валаматзадэ), «Насрэддзін у Хаджэнце, або Зачараваны прынц» (абодва 1960, рэж. А.​Бек-Назараў, Э.​Карамян), «Сцяг каваля» паводле А.​Фірдаўсі (1961, рэж. Кімягараў); на сучасную тэматыку: «Мой сябра Наўрузаў» (1957, рэж. Ш.​Кіямаў, Н.​Літус), «Высокая пасада» (1958, рэж. Кімягараў); камедыі «Я сустрэў дзяўчыну» (1957, рэж. Р.​Перэльштэйн), «Сыну пара жаніцца» (1960, рэж. Т.​Сабіраў) і інш. У 1960—70-я г. пошук новых тэм, жанраў, выяўл. сродкаў характэрны для маладых рэжысёраў М.​Арыпава («Нісо»,1966; «Тайна продкаў», 1972), М.​Касымавай («Лета 1943», 1968; «Джура Саркор», 1970), С.​Хамідава («Сустрэча ў старой мячэці», 1969; «Легенда турмы Павіяк», 1971), А.​Тураева («Трэцяя дачка», 1971) і інш. Маральныя праблемы ўздымаліся ў фільмах «Пад попелам агонь» (1967, рэж. Рахімаў), «Як патрабуе сэрца» (1968) і «Аднаго жыцця мала» (1975, рэж. Кімягараў). Экранізаваўся нац. эпас: «Сказанне пра Рустама» (1971), «Рустам і Сухраб» (1972), «Сказанне пра Сіявуша» (1977, рэж. усіх Кімягараў). У 1960—80-я г. кіно для дзяцей здымалі рэжысёры В.​Ахадаў, Б.​Арабаў, Касымава; сярод рэжысёраў-дакументалістаў В.​Кузін, В.​Фамін, Г.​Артыкаў, Е.​Кімягарава, М.​Мансурхаджаеў, М.​Юсупава і інш. У 1980-я г. кіно Т. папоўнілася стужкамі рэжысёраў Д.​Худаназарава, Ю.​Юсупава, А.​Тулаева і інш. У 1990-я г. ў сувязі з грамадзянскай вайной фільмаў стваралася мала. Шэраг рэжысёраў выехалі з краіны. Сярод фільмаў 1990-х — 2000 г.: «Кош ба кош» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі «Сярэбраны леў»), «Месячны тата» (1999, Гран-пры расійскага кінафестывалю «Кінатаўр», рэж. абодвух Худаназараў), «Прысутнасць» (1995, рэж. Т.​Хамідаў), «Палёт пчалы» (1998), «Крыніца» (2000), «Анёл правага пляча» (2002, рэж. усіх Дж.​Усмонаў) і інш. Сярод папулярных акцёраў кіно Т.: М.​Арыпаў, С.​Азаматава, Х.​Абдуразакаў, М.​Касымаў, С.​Туйбаева і інш. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Т.

Літ.:

История таджикского народа. Т. 1—3. М., 1963—65;

Актуальные проблемы истории таджикского народа. Душанбе, 1988;

Гафуров Б.Г. Таджики: Древнейшая, древняя и средневековая история. М., 1972;

История Таджикской ССР, Душанбе, 1983;

Масов Р.М. История исторической науки и историография социалистического строительства в Таджикистане. Душанбе. 1988;

История таджикского народа. Т. 1—2. Душанбе. 1998—99;

Очерки истории таджикской советской литературы. М., 1961;

История советской многонациональной литературы. Т. 1—6. М., 1970—74;

История музыки народов СССР. Т. 1—5. М., 1970—74;

Музыкальная жизнь Советского Таджикистана. Вып. 1—2. Душанбе, 1974—75: Нурджанов Н.Х. Таджикский театр: Очерк истории. М., 1968;

Ахроров А., Азизова С. Кино Таджикистана. М., 1982;

Огонек. 2001. Спец. вып.

П.​І.​Рогач (прырода. насельніцтва. гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), М.​М.​Валачко (узброеныя сілы), І.​М.​Ключановіч (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​Л.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Таджыкістана.
Да арт. Таджыкістан. У адгор’ях Паміра.
Да арт. Таджыкістан. Падножжа ледавіка Масквіціна.
Да арт. Таджыкістан. Канал і тунэль, па якім вада з Нурэкскага вадасховішча паступае ў Дангарынскі раён.
Да арт. Таджыкістан. Нурэкская ГЭС.
Да арт. Таджыкістан. Статак якаў на горнай пашы.
Да арт. Таджыкістан. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў Таджыкскай АССР. 1.12.1926. Душанбе.
Да арт. Таджыкістан. Мячэць-маўзалей Муслехеддзіна ў г. Худжанд. 16—17 ст.
Да арт. Таджыкістан. Прэзідэнцкі палац у Душанбе.
Да арт. Таджыкістан. На праспекце Рудакі ў Душанбе.
Да арт. Таджыкістан. Скульптурная кампазіцыя «Зоркі паэзіі» ў Душанбе.
Да арт. Таджыкістан. Мемарыяльны комплекс да 1100-годдзя дзяржавы Саманідаў у Душанбе.
Да арт. Таджыкістан. З.​Хабібулаеў. Бахор (вясна). 1967.
Да арт. Таджыкістан. Х.​Хушвахтаў. Былыя гады. 1967.
Да арт. Таджыкістан. А.​Рахімаў. Дары маёй даліны. 1974.

т. 15, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА 1920—40-х гадоў

Паэзія. 1920-я г. сталі часам імклівага росквіту бел. паэзіі, нараджэння шматлікіх літ. арганізацый і з’яўлення ў літаратуры маладых імён. Гэты перыяд характарызаваўся таксама ідэйна-маст. эксперыментамі, легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», авангардным маст. мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсеабдымны рэв. экстаз і адметнасць нац. шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літ. аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам А.​Бабарэкам «маладнякізмам», чым падкрэслівалася яго абсалютная навізна і актуальнасць у кантэксце абнаўлення тагачаснага грамадскага жыцця. Маст. прынцыпы, якіх прытрымліваліся маладнякоўцы, былі блізкія да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Сярод іх найважнейшымі былі не толькі адмаўленне папярэдняй літ.-маст. традыцыі, але і адмаўленне ўсяго папярэдняга ўкладу жыцця. Маст. эксперыменты былі скіраваны ў сферу будучыні і знаменаваліся пошукамі наватарскага слова для выражэння новага зместу. Дзеля гэтага віталася ўсялякая навізна аж да т.зв. ламання граматыкі і сінтаксісу, разбурэння класічнага радка верша, увядзення ў паэзію размоўнага, гутарковага стылю. Змена тэм і матываў прадугледжвала пераход ад апявання пяшчотных пачуццяў і тужлівых настрояў да паэтызацыі рыштаванняў новага будаўніцтва. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусв. гісторыі на старую і новую эры, а пунктам адліку новай эры была пралетарская рэвалюцыя. Рэвалюцыя і яе шматлікія метафары (завіруха, буралом, дым-пажар і інш.) стала гал. сімвалам-канцэптам тагачаснай паэзіі і асн. ідэалагічным фактарам для пазітыўнай ацэнкі твораў крытыкай. Гэтая акалічнасць вызначала гал. афіц. кірунак тагачаснай паэзіі як рэв. канцэптуалізм, і менавіта ў яго рэчышчы пераважна развівалася паэзія прадстаўнікоў «Маладняка», БелАППа, «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», розных літ. філій і гурткоў. Найб. яркім прадстаўніком гэтай плыні быў М.​Чарот. Для М.​Чарота будучыня — гэта велічны паход у заўтра, які пачалі ягоныя «босыя на вогнішчы». Для Ц.​Гартнага будучыня асацыіравалася з «панствам працы» і «ўсясветнай камунай». А.​Дудар апяваў у сваіх вершах досыць адцягненую «будучыню з сінімі крыламі», а ў канцы 1920-х г. расчараваўся ў яе прыходзе ў вершы «Пасеклі наш край папалам» (1927), за што адным з першых сярод бел. паэтаў арыштаваны і асуджаны. Для паэтаў старэйшага пакалення (Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі) будучыня наогул уяўлялася змрочнай і варожай: перспектыва рэв. пераўтварэння грамадства разыходзілася з увасабленнем у рэчаіснасць бел. нац. ідэі, нягледзячы на заўважныя поспехі палітыкі беларусізацыі ў 1-й пал. 1920-х г. Я.​Купала ў вершы «Перад будучыняй» (1922) перадаваў трагічнае светаадчуванне патрыёта-беларуса, які прадбачыць пагібель роднага краю «пад чужой апекай» і ўсведамляе, што яго народ усё яшчэ далёкі ад самавызначэння. Яго зб. вершаў «Спадчына» (1922) вызначаўся патрыятычнай дамінантай і трывожнымі настроямі-прадчуваннямі, а зб. «Безназоўнае» (1924) успрымаўся больш аптымістычна; яго настрой сведчыў, што Я.​Купала станавіўся песняром рэв. Беларусі. У вершы «О так, я пралетар» з апошняга зборніка адчувалася схаваная сумная іронія Я.​Купалы, які бачыў небяспеку ў імкненні «пралетара» — тагачаснага героя жыцця — лічыць для сябе Бацькаўшчынай цэлы свет. У паэме «Безназоўнае» Я.​Купала імкнуўся асэнсаваць рысы перамен у грамадска-гіст. жыцці Беларусі; ён шукае для іх назву, аднак пакідае ў сферы «безназоўнага» або займенніка «яно». У нешматлікіх вершах канца 1920-х г. Я.​Купала адлюстраваў працэс ліквідацыі традыцыйнага ўкладу жыцця бел. вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы», 1929) і тыя перамены, якія несла калектывізацыя («Звіслі хмары над калгасам», 1930).

Адчуванне трагічнага «залому» над будучыняй уласціва і тагачаснай паэзіі Я.​Коласа. Вершы «Звон шыбаў», «Цені-страхі» і інш. з яго зборніка «Водгулле» (1922) перадаюць трывожны стан чалавека, якога турбуе адчуванне згубленай дарогі, незразумелы метафізічны страх, што прысутнічае паўсюдна. У пач. 1920-х г. Я.​Колас закончыў і працу над сваёй паэмай-эпапеяй «Новая зямля», дзеянне якой разгортваецца яшчэ ў дарэв. Беларусі. Пошукі «новай зямлі» становяцца скразной метафарай, якая аб’ядноўвае ўвесь сюжэт і надае твору алегарычнае гучанне: будучы лёс беларусаў звязаны не толькі з зямельнай рэформай, што вырашыць сялянскі лёс, але, паводле біблейскай аналогіі, «новая зямля», як і «новае неба», адкрыецца народу толькі ў выніку ўласнага духоўнага перанараджэння. За гэта творчасць паэтаў старэйшага, нашаніўскага, пакалення крытыкавалася і аспрэчвалася маладнякоўцамі, якія звязвалі будучыню Беларусі з рэвалюцыяй і шукалі адпаведныя сродкі маст. вобразнасці. Футурыстычны наступ авангарду на мінулае М.​Чарот увасобіў у вершы «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі. У гэтым вершы адчуваецца схаваная палеміка з купалаўскім ідэалам гіст. мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На Куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. М.​Чарот парадзіраваў ключавыя вобразы купалаўскай паэмы: разважлівага князя, кургана, старога замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі развенчана і адпрэчана, бо яно ўвасабляе сац. несправядлівасць і прыгнёт. З палемікі з Я.​Купалам пачынаўся і авангардна-рэв. шлях у паэзію М.​Грамыкі. У яго паэме «Гвалт над формай» (1922) эпатажна і кідка сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва, якія адпавядалі футурысцкай паэтыцы. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, ён прэтэндуе на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры. Пры гэтым М.​Грамыка выказваў захапленне паэмай М.​Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры. Бел. паэты (Ц.​Гартны, М.​Грамыка, М.​Чарот) праз вобразную сістэму сваіх маст. твораў фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў бел. паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму. Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзярж. ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнай «зброяй». Такую трансфармацыю перажыў футурызм, усё больш адпавядаючы канону утылітарнага мастацтва, або рэв. канцэптуалізму. На рас. літ. глебе ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асн. прынцыпамі якога былі класавасць, рэв. агітацыя і прапаганда, што вельмі выразна адбілася і ў тагачаснай бел. паэзіі. Азначаныя маст. прынцыпы яшчэ ў большай ступені былі характэрныя для П.​Шукайлы — кіраўніка суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Ён імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэв. канцэптуалізму. Найб. вядомы яго твор — паэма «Акорды дзён» (1930), у якой паэт з пункту гледжання рэв.-пралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму стыль эпохі. І ў паэзіі, і ў крытыцы П.​Шукайла быў паслядоўным апалагетам рэв. ідэалаў, што абумоўлівала адпаведную танальнасць яго твораў і сістэму маст. вобразаў з паэтызацыяй ідэалагічных штампаў і спецыфічнай авангардысцкай агрэсіўнасцю ў сцвярджэнні новых форм грамадскага ладу. Адпаведна свайму разуменню авангардысцкага стылю эпохі ён распрацоўваў і тэму кахання.

Авангардная паэтыка футурыстычна-лефаўскага кшталту віталася крытыкай і лічылася ўзорнай на тагачаснай ідэйна-эстэт. прасторы. Аднак яна не вычэрпвала сабой багацце і шматфарбнасць бел. паэзіі 1920-х г., дзе прысутнічаў не толькі «прагрэсіўны» рэв. канцэптуалізм, але і т.зв. «ўпадніцкія» тэндэнцыі, што, на думку крытыкаў, адводзілі новае мастацтва ад справы пабудовы вял. будучыні. Тагачасная крытыка абвінавачвала ў гэтым пераважна прадстаўнікоў літ. аб’яднання «Узвышша», якое вылучылася ўвосень 1926 з «Маладняка» і існавала да 1931. Прадстаўнікі «Узвышша» прапанавалі свой новы ідэйна-эстэт. тэрмін — «аквітызм», разумеючы яго як сінтэз рамант. і рэаліст. тэндэнцый, і звязвалі з ім узлёт (узвышэнне) маст. творчасці, бо, на іх думку, маладнякоўцы адышлі ад сапраўдных маст. пошукаў у бок агітацыйнай і прапагандысцкай літаратуры. Узвышэнскія паэты У.​Дубоўка, У.​Жылка, Т.​Кляшторны, Я.​Пушча і інш. вярнуліся да стварэння паэзіі пачуццяў і настрояў, сцвярджалі права лірычнага героя новага часу на смутак і каханне, на шчырае чалавечае сяброўства і самаахвярную любоў да Бацькаўшчыны. Яны актуалізавалі літ. традыцыі, вярнулі на п’едэстал адраджэнскіх куміраў Я.​Купалу і Я.​Коласа, узвысілі да ўзроўню класіка М.​Багдановіча, сцвердзілі сваю арыентацыю на скарбы нац. фальклору, вярнулі ў літаратуру нац. ідэю і надалі ёй новае гучанне. Паэты-ўзвышэнцы ў тэме Бацькаўшчыны апявалі не яе шчаслівую рэв. перспектыву, а тыя «дзіды» і «церні», што наканаваны паэту пры служэнні ёй (вершы «О, Беларусь, мая шыпшына», «Часіна ды з сокам рабіны» У.​Дубоўкі, «Лісты да сабакі», «Асеннія песні» Я.​Пушчы). Яны «снілі сны аб Беларусі», як Я.​Купала, шукалі і не знаходзілі «новую зямлю», як Я.​Колас, праслаўлялі каханне, пачуцці, права на асабістае жыццё. Усе гэтыя матывы трактаваліся афіц. крытыкай як «блакітная мляўкасць» і недалужнае ўсхліпванне буржуазна-мяшчанскага кшталту, як перажыткі, упадніцтва і багема. Гал. багемшчыкамі называліся Я.​Пушча — за імажынізм; У.​Жылка — за манеры сярэдневяковага трубадура і за тое, што ў яго не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры; Т.​Кляшторны, празваны ледзяным гітарыстам, — за «эстэтнічанне» і меланхалічныя настроі; а таксама Ю.​Лявонны, В.​Маракоў, П.​Трус за той жа адыход ад апявання рэв. ідэалаў. Нават А.​Дудар (вядомы як непрымірымы крытык узвышэнцаў Т.​Глыбоцкі) зарабіў сабе ярлык упадніка за тое, што ў некат. вершах зборніка «І залацісцей і сталёвей» (1926) паэтызаваў каханне як чароўную ілюзію, часовую прыгожую рэальнасць, куды можна ненадоўга схавацца ад жорсткасці і няўтульнасці жыцця. Прадстаўніком «новабуржуазных плыняў» у 2-й пал. 1920-х г. лічыўся і У.​Жылка, які, наследуючы М.​Багдановічу, у цыкле «Вершы спадзявання» з пазіцый абсалютызацыі хараства абагаўляў жанчыну і высокае каханне да яе. Гэты ўрачысты пафас узвялічвання жанчыны і пакланення яе хараству ў паэт. парадыгме 1920-х г. успрымаўся негатыўна, бо ўсё пяшчотнае і ўзвышанае каханне належала мінуламу, было адзнакай старога буржуазна-мяшчанскага свету.

Паэтам авангарднага мыслення з яркай глыбокай індывідуальнасцю быў узвышэнец Т.​Кляшторны, якога таксама ў 1920-я г. абвінавачвалі ў ясеніншчыне, багемшчыне за паэтызацыю вузка-індывідуалістычных перажыванняў, апяванне безнадзейнага смутку, хмяльных п’яных* уцех і прыхільнасць да мяшчанскіх вобразаў. Маст. ідэалам крытыкамі лічыўся нязломны змагар за новую эпоху сцвярджэння пралетарскай дыктатуры («дыктатуры працы») і барацьбы з ворагамі народа. Ужо ў першым зб. вершаў «Кляновыя завеі» (1927) Т.​Кляшторны выкрышталізаваў тыя ўлюбёныя матывы і вобразы, за якія яго крытыкавалі. Найб. жорстка крытыкаваліся надрукаваныя ў час. «Узвышша» ў 2-й пал. 1920-х г. паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы» і «Штурмуйце будучыні аванпосты» У.​Дубоўкі, «Сады вятроў» і «Цень Консула» Я.​Пушчы і «Калі асядае муць» Т.​Кляшторнага. Розныя героі гэтых паэм — гэта героі-апаненты, якія дыскутуюць паміж сабой. Фактычна гэта палемічны роздум паэтаў над грамадскай сітуацыяй канца 1920-х г., над праблемай выбару тагачаснай творчай інтэлігенцыяй свайго шляху ў паслярэв. рэчаіснасці. Выбар заключаў у сабе ключавую антыномію дзесяцігоддзя — старое і новае.

У авангарднай парадыгме 1920-х г. адметна праявіўся імажынізм. Калі футурызм у сваім лефаўскім варыянце збліжаўся з ідэйнымі асновамі пралетарскага мастацтва, то імажынізм успрымаўся тагачаснай афіц. крытыкай як буржуазнае адхіленне ад канонаў пралет. літаратуры. У бел. паэзіі найб. яскрава тэндэнцыі імажынізму праявіліся ў творчасці Я.​Пушчы, які фактычна рэалізаваў яго творчыя прынцыпы на бел. паэт. глебе і тым самым паказаў, што бел. слову падуладнае самае вытанчанае эксперыментатарства. Ужо ў першым яго зборніку «Раніца рыкае» (1925) схільнасць да асацыятыўнай, часам манернай вобразатворчасці, да вынаходніцтва новых нечаканых метафар, інверсійнай ускладненасці радка. Гэтую свядомую ўстаноўку на знарочыстую вобразнасць паэт падкрэсліваў і ў вершах пазнейшага зборніка «Vita» (1926), дзе ён рабіў спец. акцэнт на імажынісцкай дамінанце — на вобразах, якія «бягуць гуртамі». Я.​Пушча, а ўслед за ім М.​Багун, А.​Вольны, С.​Дарожны, Ю.​Лявонны смела эксперыментавалі са словам, ставілі сабе задачу здабыць з іх глыбінь новыя нюансы і новыя сэнсавыя адценні. Для Я.​Пушчы школа імажынізму была творчым пошукам свайго індывід. стылю, які быў бы сугучны новаму «стылю эпохі». Сам паэт разам з сябрамі-ўзвышэнцамі імкнуўся вынайсці спец. тэрмін для абазначэння такога стылю. Ён з’явіўся спачатку як вітаізм (ад слова vita — жыццё) і меўся ўвасабляць «сінтэз, стройную сугучнасць рамантызму жыцця з яго рэалізмам»; але пазней у тэарэтычных пастулатах «Узвышша» ён замацаваўся як аквітызм (ад лац. aqua vit — жывая вада). Выпрацоўка тэрміналогіі новага стылю была фактычна бел. укладам у авангардную фазу еўрап. мадэрнізму і сведчыла пра спеласць літ. працэсу на Беларусі, нягледзячы на наяўнасць у ім шматлікіх ідэалагічных супярэчнасцей. Новы тэрмін, прэтэндуючы быць авангардным, не выключаў, аднак, сувязі з айч. літ. традыцыяй, якая злучала семантыку «жывой вады» з канцэпцыяй «чыстай красы» В.​Ластоўскага і М.​Багдановіча, а таксама абапіралася на ідэалогію нац. адраджэння. Праз паэтыку аквітызму ўзвышаўцы здолелі сказаць шмат глыбокай маст. праўды пра сябе і свой час.

У панараме літ. жыцця 1920-х г. адметную старонку складала гумарыстычная і сатыр. паэзія К.​Крапівы і А.​Дзеркача, прадстаўленая пераважна алегарычным жанрам байкі. У іх выкрываліся перашкоды на шляху рэв. перабудовы жыцця, высмейваліся тыя састарэлыя стэрэатыпы, якія тармазілі надыход перамен і выяўлялі заганы «забабоннай» свядомасці. Знакам часу было і з’яўленне шматлікіх жаночых паэт. імён: З.​Бандарына, Н.​Вішнеўская, Н.​Маркава, Я.​Пфляўмбаўм, І.​Чырвань і інш. Дзякуючы іх паэзіі свет паэт. вобразаў узбагачаўся вобразамі лірычных гераінь, якія шукалі свой шлях у новым часе, прадчуваючы яго трывожнасць і сваю ахвярнасць, актыўна сцвярджалі сябе як носьбітаў новага светаўспрыняцця і ў той жа час не парывалі з традыцыямі. Бел. паэт. авангардызм 1920-х г. ва ўсіх сваіх формах ад рэв. канцэптуалізму да імажынізму арганічна ўпісваўся ў еўрап. літ. працэс. Пры ўсёй адметнасці шляху, якая найперш звязвалася з адраджэнскім пафасам літаратуры, у эстэт. плане Беларусь крочыла «ў нагу» з Еўропай, ствараючы сваю адэкватную («аквітычную») маст. парадыгму, якая з’яўлялася далікатным і самавітым укладам у літ. рух. Творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, А.​Александровіча, М.​Грамыкі, У.​Дубоўкі, А.​Дудара, У.​Жылкі, Т.​Кляшторнага, В.​Маракова, Я.​Пушчы, М.​Чарота, П.​Шукайлы і інш. забяспечвала арыгінальную прысутнасць бел. паэзіі ў панараме еўрап. мадэрнізму і авангарду.

1930-я г. ў гісторыі бел. літаратуры — перыяд складаны і трагічна цяжкі, як і ў грамадскім жыцці бел. народа. Многія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і расстраляны. Загінулі: А.​Астрэйка, А.​Вольны, П.​Галавач, А.​Дудар, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, Ю.​Лявонны, В.​Маракоў, Я.​Нёманскі, Ю.​Таўбін, М.​Чарот і інш. Рапрэсіраваны, але выжылі С.​Грахоўскі, У.​Дубоўка, П.​Пруднікаў, Я.​Пушча і інш. Літ. працэс 1930-х г. у сваіх многіх плынях праходзіў пад знакам У.​Маякоўскага (А.​Александровіч, П.​Броўка, П.​Глебка, А.​Дудар, М.​Лужанін і інш.). Асабліва выразна вылучалася арыентацыя на знешнія прыкметы паэтыкі, версіфікацыі (А.​Александровіч, А.​Дудар і інш.). Творча-ўнутр. арыентацыя давалася цяжэй: паэма «Праз горы і стэп» П.​Броўкі (1932), асобныя часткі паэмы «Мужнасць» П.​Глебкі (1934—38). Улюбёнай формай сталі заклікі і лозунгі з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу. На пэўны час паэзія, калі і не перапынялася, то апынулася ў досыць крызісным стане. Наглядная ілюстрацыя эпігонства і схематызму — паэма «Крокі ў вяках» М.​Багуна (1930). У многіх творах утварылася ілюзія значнасці на мяжы парадыйнасці. Трывогі, роздум над складанасцямі пераўтварэнняў падмяніліся дзяжурнай бадзёрасцю, гіпертрафічнасцю натуральных чалавечых пачуццяў. У некат. творах гучала пропаведзь неразборлівай жорсткасці, бязлітаснасці: паэма «Вайна за мір» А.​Дудара (1931). Паэмы «Цені на сонцы» (1928—29), «Паэма імя Вызвалення» і «Паэма пра ворага» (абедзве 1930) А.​Александровіча вызначаліся ваяўнічай спробай рэалізацыі ў маст. формах тых ідэй, якія аўтар жорстка прапаведаваў у выступленнях і адміністрацыйным кіраванні. Агульнаўплывовай у 1930-я г. была тэорыя факта. У многіх творах уся ўвага аддавалася апісанню падзейнасці, перадачы «паэтычных» фактаў гіст. змагання: паэмы «1914» П.​Броўкі (1933), «Мужнасць» П.​Глебкі, «Каршун» А.​Звонака (1929).

Творчай удачай многіх частак паэмы «Праз горы і стэп» П.​Броўкі сталася не толькі тое, што аўтар адмовіўся ад нагрувашчвання падзей і сітуацый, а спыніў свой выбар на адным эпізадычным факце гісторыі. У полі яго зроку быў унутр. стан чалавека пад навалай нечалавечых выпрабаванняў. Эпізоды аб’ектыўнага дзеяння апынуліся пад моцнай уладай суб’ектыўнага ўспрыняцця праз асобу паэта. Прыкметнай з’явай свайго часу была паэма «Над ракою Арэсай» Я.​Купалы (1933), якая лічылася лепшым дасягненнем увогуле ўсёй ліра-эпікі сав. перыяду. Але эстэт. вымярэнне жыццёвых з’яў і абраны апісальна-нарысны прынцып у паэме былі ўсё ж недастатковымі для ўзнікнення значнай эпічнай рэчы. У большай ступені знайшлі сваё непасрэднае ўвасабленне жывыя ўражанні ў нізцы вершаў Я.​Купалы, напісанай у Ляўках летам 1935 («Госці», «Алеся», «Вечарынка», «Хлопчык і лётчык», «Лён»). Яны пранізаны лірызмам новага светаадчування чалавека, прасветленай і ўсцешанай яго далучанасцю да здзяйсненняў і перамен у жыцці вёскі. Рамант. вера, якая захапіла паэзію 1920-х г., патроху прыцьмявалася, часам суправаджалася роздумам і смуткам, нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў вершах Я.​Купалы. Не падуладныя афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі былі У.​Хадыка (зб. «На ўзбярэжжы дзён», 1930) і З.​Астапенка (рукапіс яго кн. «Як шум дажджу», быў зняты з выдавецкага плана, 1933). У розных жанравых і стылявых пошуках, у звароце да падзей мінулага (паэмы «Крыўда», 1932; «Гарбун», 1934) і сучаснасці (паэма «Аманал», 1932), у імкненні да арганічнай узаемасувязі лірычнай суб’ектыўнасці асацыятыўных вобразаў з аб’ектыўным паказам рэчаіснасці сталела паэзія А.​Куляшова.

1930-я г. вызначаюцца і прытокам у паэзію новых сіл. Сярод паэтаў, якія заявілі пра сябе ў 1930-я г. (некаторыя з іх пачалі друкавацца ў 1920-я г.), — Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Бачыла, А.​Бялевіч, В.​Вітка, А.​Вялюгін, Л.​Гаўрылаў, С.​Грахоўскі, А.​Жаўрук, А.​Зарыцкі, М.​Калачынскі, К.​Кірэенка, А.​Коршак, С.​Ліхадзіеўскі, Р.​Няхай, П.​Панчанка, А.​Русецкі, М.​Сурначоў, А.​Ушакоў, С.​Шушкевіч.

Літаб’яднанне «Маладняк». 1928.
Арганізатары літаб’яднання «Узвышша». Стаяць: А.​Бабарэка, Я.​Пушча. Сядзяць: К.​Чорны, У.​Дубоўка, К.​Крапіва Мінск. 1926—27.
Аўтограф верша «Я ў мастацкім агародзе...» К.​Крапівы.

Проза. Пачатак 1920-х г. характарызаваўся перавагай апавядання над інш. празаічнымі жанрамі. Яно адрознівалася стыліст. і ідэйна-змястоўнай разнастайнасцю, супярэчлівасцю. Дарэв. мінулае і сучаснасць, грамадз. вайна і рэв. ломка жыцця, яго навізна і новы чалавек — тэмы, якія знаходзіліся ў цэнтры ўвагі празаікаў. Асобнымі зборнікамі выйшлі апавяданні: «Казкі жыцця» (1921) і «Крок за крокам» (1925) Я.​Коласа; «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Дэлегатка» (1928) З.​Бядулі; «Веснаход» (1924) М.​Чарота; «Трэскі на хвалях» (1924), «Выбраныя апавяданні» (1926) Ц.​Гартнага; «Апавяданні» (1925) А.​Бабарэкі; «Пела вясна» і «У віры жыцця» (абодва 1925), «Пад сонцам» (1926), «На чыгунцы» (1928) М.​Зарэцкага; «На зломе» (1925) Я.​Нёманскага; «Срэбра жыцця» і «Апавяданні» (абодва 1925), «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) К.​Чорнага; «Досвіткі» (1926) М.​Гарэцкага; «Апавяданні» (1926) К.​Крапівы; «Золак» і «Радасць» (абодва 1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929) М.​Нікановіча; «Дробязі жыцця» (1927) П.​Галавача; «Апавяданні» (1927) М.​Лынькова; «Затока ў бурах» (1929) Я.​Скрыгана і інш.

Асэнсаванне мінулага становіцца вельмі важным у прозе Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага. Я.​Колас у сваёй «малой прозе» (апавяд. «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір» і інш.) выступіў падкрэсленым традыцыяналістам. Вострыя маральна-этычныя праблемы новага часу вырашаліся ім з пазіцый «старога гуманізму», які не звяртаў асаблівай увагі на сац. паходжанне і класавую прыналежнасць чалавека. Псіхалагізм, трапнасць дэталі, мяккі гумар, спакойнае разгортванне сюжэта, любоў і разам з тым вышыня маральных патрабаванняў да чалавека — якасці, характэрныя для апавяданняў Я.​Коласа. «Вышэйшая праўдзівасць таленту» аказалася ў многіх творах 1920-х г. пераможанай ідэяй класавай барацьбы. Калі Я.​Колас з трывогай глядзеў на «крывавы вір» нянавісці і жорсткасці рэв. рэчаіснасці, то З.​Бядуля лічыў рэвалюцыю найвялікшай справядлівасцю. У яго творах «Бондар», «Дванаццацігоднікі», «Сорам», «Панскі дух», «На зачарованых гонях», якія закранаюць розныя аспекты жыцця «старога свету», падзеі мінулага асэнсоўваліся з пазіцый сучаснага пісьменніку дня. З.​Бядуля выкрываў уладу паноў, выказваў ідэі неабходнасці барацьбы з імі, апраўдваў злапамятнасць прыгнечаных і іх помсту прыгнятальнікам. Яго найб. цікавілі каларыт падзей і людзі як маса, індывідуальнасць чалавека засталася па-за яго ўвагай. Большасць апавяданняў З.​Бядулі напісана ў рэаліст. манеры, але часам ён звяртаўся і да рамант. узнёсласці, імпрэсіяністычнасці і сімволікі. Ц.​Гартны ў сваіх апавяданнях гераізаваў «новых людзей», ствараў вобразы перадавога рабочага, чырвонаармейца і камуніста, эстэтызуючы ў іх рэдкую самаахвярнасць, адданасць рэвалюцыі. Ён адзін з першых у бел. прозе загаварыў пра канфлікт грамадскага і асабістага ў вобразе сав. актывіста, аддаючы перавагу грамадскаму, што пазней стане нормай у літаратуры сацыяліст. рэалізму. Яго творы яскрава сведчылі пра змены ў этыцы і эстэтыцы новага грамадства. Апавяданні М.​Зарэцкага, рамантыка, майстра вострага і займальнага канфлікту, драматычна напружанага і авантурнага сюжэта напаўняюць фарбы і рытмы, каларыт і атмасферу новага часу. М.​Зарэцкі-маладняковец разглядае «новага чалавека» пераважна з грамадскага боку (лірычны абразок «Камсамолка» і інш.). «Маладнякоўскае» апавяданне, даніну якому аддалі амаль усе маладыя пісьменнікі, што прыйшлі ў бел. літаратуру ў пач. 1920-х г. (А.​Бабарэка, П.​Галавач, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, Б.​Мікуліч, Р.​Мурашка, Я.​Нёманскі, М.​Нікановіч, Я.​Скрыган, К.​Чорны), з яго курсам на адмежаванне і адмаўленне ад традыцый класічнай літаратуры несла з сабой значныя змены ў стылістыцы. Яно ігнаравала такія неад’емныя празаічныя катэгорыі, як характар і сюжэт, скептычна ставілася да падрабязнасцей і дэталі. Маладнякоўская вобразнасць характарызавалася вельмі эмац. малюнкам, аздобленым квяцістымі тропамі, узнёсла-лірычнай рытмікай фразы. Яна была заклікана перадаць пачуццё нястрыманай радасці з нагоды перабудовы і абнаўлення жыцця. М.​Зарэцкі ўзяўся даследаваць чалавечую душу, разумеючы ўсю складанасць і адказнасць гэтай задачы. Ад бессюжэтных паэт. абразкоў і лірычных імпрэсій ён перайшоў да сюжэтных апавяданняў, у якіх яго цікавілі канкрэтныя людзі, канкрэтныя лёсы. Праз большасць яго твораў праходзіць тэма кахання, сям’і, яе мэтазгоднасці, духоўнай прыгажосці жанчыны (апавяд. «Мар’я», «Ворагі», «Бель», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...» і інш.).

Глыбокі роздум пра жыццё, выразныя элементы псіхал. аналізу ў апавяданнях К.​Чорнага 1920-х г. Яго лірычная проза вельмі хутка змянілася эпічнай апавядальнай формай развіцця тэмы, выражэння думак і пачуццяў. Пісьменнік-псіхааналітык К.​Чорны разам з К.​Крапівой, М.​Чаротам, Я.​Коласам і інш. паспяхова развівалі і гумарыстычна-сатыр. лінію ў бел. апавяданні таго часу («Вясковая ветэрынарыя», «Маё дзела цялячае», «Мяшчане ў густой пары» К.​Чорнага, «Людзі-суседзі», «Каровін мужык», «Мой сусед», «Вайна», «Певень», «Хвост» К.​Крапівы, «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт» Я.​Коласа, «Дзіўная заява», «Чалавек, які не нарадзіўся» М.​Чарота і інш.). У сатырычна-гумарыст. апавяданнях «Трыумф», «Драматург і лірычны паэт» Я.​Колас спыняе ўвагу на праблемах літ. жыцця ў краіне ў першыя паслярэв. гады. Абсурднае, карыкатурнае ў жыцці 1920-х г. добра ўмеў заўважыць М.​Чарот. У апавяд. «Чалавек, які не нарадзіўся» ён па-свойму малюе тыя ж «папяровыя жахі», што і У.​Маякоўскі ў аднайм. вершы. У жанрах фельетона, гумарэскі, жарту, анекдатычнага апавядання выступалі розныя па характары таленту пісьменнікі.

2-я пал. 1920-х г. характарызуецца большай увагай да прыроджанага, псіхал., унікальнага ў чалавеку; сац., класавае адыходзіць на другі план. З’явіліся першыя апавяданні Л.​Калюгі, які зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У цэнтры яго апавяд. «Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капераціўскі сабака», «Трахім з пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі» — характары моцныя, нестандартныя, сфарміраваныя ў нар. глыбінях. Ц.​Гартны, які ў найб. ступені аддаваў даніну класаваму гуманізму, вызваліўся з-пад яго ўлады і перайшоў ад паказу падзей да паказу ўнутр. жыцця чалавека (апавяд. «На новым месцы» і «Таварыш інспектар»). Свет чалавечых страсцей і думак, тое, што ўнутры, а не вакол яго, усё больш цікавіць К.​Чорнага (апавяд. «Вераснёвыя ночы», «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць», «Спатканне з васпаватым чалавекам»). У гэты час бел. проза папоўнілася імёнамі С.​Баранавых, В.​Каваля, М.​Лынькова, Б.​Мікуліча, А.​Мрыя, Р.​Мурашкі, Я.​Нёманскага, Х.​Шынклера. Арганічны сінтэз рамант. і рэаліст. элементаў уласцівы творам М.​Лынькова. Яго апавяд. «Над Бугам», «Кларнет», «Маньчжур», «Андрэй Лятун» сведчаць пра ўменне пісьменніка знайсці яркае, гераічнае ў жыцці, рамантыку ў прозе і разам з тым цвяроза заўважаць рэальна існуючыя праблемы.

Адбылося станаўленне маштабнай, «чалавеказнаўчай» бел. прозы, вядучае месца ў ёй занялі жанры рамана і аповесці. Выйшлі ў свет першыя кнігі трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927) і яго аповесць «На прасторах жыцця» (1926). Паявіліся раман Ц.​Гартнага «Сокі цаліны» (асобн. выд. 1922—23), аповесці «У чым крыўда?», «Ціхія песні» і дакумент.-маст. запіскі «На імперыялістычнай вайне» М.​Гарэцкага (усе 1926) аповесці «Свінапас» (1924) М.​Чарота, «Два» А.​Вольнага, «Ваўчаняты» А.​Александровіча, А.​Вольнага і А.​Дудара (абедзве 1925), «Мяцеліца» М.​Нікановіча (1926), «Партызан» Я.​Нёманскага (1927), «Ні госць ні гаспадар» Л.​Калюгі (1928), аповесць «Голы звер» (1926) і раман «Сцежкі-дарожкі» (1927) М.​Зарэцкага, аповесць «Салавей» (1927) і першая кніга рамана «Язэп Крушынскі» (1929) З.​Бядулі, раманы «Сястра», «Зямля» (абодва 1928) і аповесць «Лявон Бушмар» (1930) К.​Чорнага, раманы «Запіскі Самсона Самасуя» А.​Мрыя (1929), «Сын» Р.​Мурашкі (1929) і інш. Першыя буйныя палотны бел. пісьменнікаў прысвечаны тэме дарэв. мінулага. Аднагеройнасць, аўтабіяграфізм, хранікальнасць, багацце «бытавога матэрыялу», псіхалагізм, замаруджанасць сюжэта за кошт паглыблення ва ўнутр. жыццё героя, лірычных адступленняў — асн. рысы першых бел. раманаў і аповесцей. Для маладой бел. прозы была новай такая зацікаўленасць «шырокім светам чалавечых думак», якая раскрыта ў аповесці Я.​Коласа «У палескай глушы». Другая яго аповесць «У глыбі Палесся» больш дынамічная. У ёй прыкметна адрозніваецца спосаб выяўлення псіхалогіі героя: знешняе, аб’ектыўнае жыццё пераважае над унутр., суб’ектыўным. Бел. проза не ведала такога панарамна-аналіт. партрэтнага жывапісу, такой яго шматтэмнасці, як у трылогіі «На ростанях». У ёй створаны запамінальныя партрэты людзей розных грамадскіх пластоў. Эпічны талент пісьменніка імкнецца выйсці «на шырокі прастор», на плённы шлях «шматгалосся», перакрыжавання ў адной сцэне розных пунктаў погляду.

Бел. сац.-гіст. раман ствараўся ва ўмовах ідэі класавай барацьбы і ўстаноўкі рэвалюцыі, якая абвяшчала пралетарыят сваім гегемонам. Таму пісьменнікі пераключаліся з сялянскай тэмы на стварэнне вобраза рабочага-рэвалюцыянера. Адным з першых да яго адлюстравання звярнуўся Ц.​Гартны ў рамане «Сокі цаліны» (1-я кніга «Бацькава воля» выйшла ў 1922, 2-я — «На перагібе» — у 1926, дзве апошнія — «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы» — у 1929). 1-я частка рамана — сац.-быт. і глыбока псіхал. твор, у якім аўтар асэнсоўваў перажыты ім жыццёвы матэрыял. У трох наступных яго частках пераважаюць умоўнасць, прыблізнасць, павярхоўнасць у адлюстраванні псіхалогіі герояў. Пісьменніку не ўдалося арганічна звязаць у адзін вузел асабістае, бытавое і грамадскае жыццё свайго гал. героя. Вобраз маладога і прыгожага змагара за нар. шчасце, т.зв. новага чалавека, імкнуліся стварыць «маладнякоўцы». У 1924—27 выйшаў шэраг прыгодніцка-рамант. аповесцей пра грамадз. вайну: «Свінапас» М.​Чарота, «Два» А.​Вольнага, «Ваўчаняты» А.​Александровіча, А.​Вольнага і А.​Дудара, «Мяцеліца» М.​Нікановіча, «Партызан» Я.​Нёманскага. Гэтыя творы вылучаліся займальным, дынамічным сюжэтам, яркімі рамант. фарбамі, умоўнасцю палажэнняў, нематываванасцю ўчынкаў. Яны былі закліканы абудзіць у чытача класавую нянавісць. Ім уласціва празмерная наіўнасць, не хапала псіхалагізму, але яны ўзбагачалі прозу новымі сродкамі выразнасці, пашыралі яе сюжэтныя гарызонты. У аповесці «На прасторах жыцця» Я.​Колас заклікаў моладзь авалодваць ведамі, выходзіць «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Нягледзячы на знешняе падабенства Сцёпкі да герояў «маладнякоўскай» прозы, коласаўскі герой аказваецца натурай больш глыбокай: культура пачуцця, тактоўнасць, далікатнасць, павага да іншых. Я.​Колас, стоячы на грунце нар. светапогляду, вывяраючы ім дзеянні і ўчынкі героя, заўважае адхіленні ад яго ў паводзінах юнакоў і як бы выпраўляе іх думкай народнай. Аповесць З.​Бядулі «Салавей» блізкая да «маладнякоўскіх» аповесцей сваім пафасам барацьбы за справядлівасць, сац.-вызв. матывамі, вобразам юнага змагара, хаця і малявала часы паншчыны. У творы арганічна пераплятаюцца рамант. светаадчуванне, амаль казачнасць сітуацый, лірычна-гумарыст. афарбоўка, рэаліст. фарбы і гратэскнасць. У аповесці ўзняты хвалюючыя праблемы сапраўднага прызначэння мастацтва, свабоды мастака-творцы. Томы інтэлігенцыі і рэвалюцыі, пошукаў гал. героем-інтэлігентам «у першым пакаленні» сваіх месца і моты ў жыцці вырашаюцца не толькі ў трылогіі Я.​Коласа «На ростанях», але і ў рамане М.​Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», блізкім ёй і па сваім чалавекалюбным пафасе і аналітызме. Рэаліст. паказ рэв. руху ў ім спалучаецца з рамант. бачаннем свету і людзей. У аповесці «Голы звер» (1926) М.​Зарэцкі выкрывае маральную пазіцыю «звышчалавека», індывідуаліста, які вырашыў дазволіць сабе ўсё, што не дазволена людскімі законамі. І «Голы звер», і «Сцежкі-дарожкі» з’яўляюцца сімбіёзам розных стыляў: рамант., лірычныя, рэаліст. і сатыр. элементы вобразнасці. Пустое марнатраўства жыцця, паразітызм «цёмнага нэпманаўскага зброду» выкрывае Р.​Мурашка ў аповесці «У іхным доме» (1929).

Першыя раманы К.​Чорнага «Сястра» і «Зямля» (абодва 1928) сведчаць пра тое, што бел. празаікі напружана шукалі новыя сродкі адлюстравання працэсаў унутр. жыцця чалавека, не спыняючыся на традыцыйных, ужо адкрытых рус. і сусв. празаікамі. Раман «Сястра» блізкі да твораў «плыні свядомасці». Блізкасць заключаецца ў амаль поўнай адсутнасці знешнепадзейнага плана, у акцэнце на суб’ектыўным псіхалагізме. У рамане «Зямля» К.​Чорны малюе яркія псіхал. партрэты сялян, не здраджваючы аб’ектыўнасці і гіст. праўдзе. Раман выводзіў бел. прозу на перспектыўны шлях псіхал. аналізу і праўдзівасці характараў, глыбокага даследавання жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1930) К.​Чорнаму давялося дэманстраваць і «даказваць» сваю «партыйнасць», змагаючыся з уласніцкай псіхалогіяй, выкрываючы індывідуалістычную філасофію. Апавядальны тон аповесці ў некат. месцах нагадвае тон тэндэнцыйнага публіцыст. артыкула ці нарыса. Раман К.​Чорнага «Зямля», аповесць «Лявон Бушмар» побач з аповесцю С.​Баранавых «На абрэзках зямлі», у якой абуджалася класавая нянавісць да кулакоў і багацеяў, адкрывалі новую для бел. прозы тэму калектывізацыі.

Творы маладых пісьменнікаў, нягледзячы на многія ўласцівыя ім недахопы — фрагментарнасць, рэпартажнасць, фактаграфізм, капіраванне з натуры, часам здзіўлялі каштоўнасцю сац. адкрыццяў. Аповесць Л.​Калюгі «Ні госць ні гаспадар» прасякнута трывогай, занепакоенасцю станам сучаснага яму грамадства, з’яўленнем у ім «ні госця ні гаспадара». У гэтым эпічным творы пра першых бел. камсамольцаў пісьменнік узняўся над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваў працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Пісьменнікі шукалі новых людзей не ў «адсталым» сялянскім асяроддзі, а ў асяроддзі гараджан, рабочых, звязваючы з імі нараджэнне новай маралі, новага жыцця. Раман Р.​Мурашкі «Сын» (1929), як і раман Ц.​Гартнага «Сокі цаліны», вылучаецца жорсткай сац. запраграмаванасцю героя-рэвалюцыянера, яго наіўнай гераізацыяй. У рамане «Драпежнікі» Я.​Нёманскага (1928—30, няскончаны) шырока разгорнута жыццё бел. грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны. Нягледзячы на пакладзены ў аснову рамана прынцып кантрастнага супастаўлення (з аднаго боку — «драпежнікі», з другога — рабочыя і сяляне), ён вызначаецца жыццёвай праўдай і пераканаўчасцю ў перадачы думак і пачуццяў герояў. З М.​Гарэцкім звязана з’яўленне ў бел. прозе новай жанравай разнавіднасці — дакумент.-маст. запісак (форма дзённіка). У цэнтры яго аповесцей «У чым крыўда?», «Меланхолія» і «На імперыялістычнай вайне», якія ўяўляюць сабой трылогію, — драм. лёс прадстаўніка бел. нац. інтэлігенцыі сялянскага сына Лявона Задумы. У заключнай кнізе трылогіі «На імперыялістычнай вайне» эпісталярная форма падачы матэрыялу аказваецца вельмі плённай, бо дае поўную свабоду для самараскрыцця героя. На гэтым фоне рэзка вылучаецца сатыр. раман А.​Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар нідзе ў сваім творы не звяртаецца да адкрытых абуральных інтанацый, да голага выказвання нянавісці, да тых заган сац. жыцця і носьбітаў зла, з якімі ён змагаецца. Гал. яго зброя барацьбы — смех, іранічная насмешка. Твор напісаны ў форме дзённіка гал. героя «тыповага выскачкі» Самсона Самасуя. Гэты раман А.​Мрыя — вяршыннае дасягненне не толькі бел., але і ўсёй сав. сатыр. прозы.

Адметнасць яго — у абагульняльным размаху сатыр. карцін, у выбары самога аб’екта сатыр. высмейвання, у разнастайнасці спалучэння сродкаў абмалёўкі персанажаў, сатыр. фарбаў, у глыбіні маст. спасціжэння сучаснага яму жыцця, у мове. Пісьменнік шырока ўводзіў у моўную тканіну рамана бюракратычныя штампы, канцылярызмы, праз парадзіраванне якіх лепш адчуваецца і ўнутр. сутнасць герояў, і «грамадскія хваробы» паслярэв. рэчаіснасці. У далейшым рэаліст.-сатыр. лінія, якую так паспяхова развіваў у вял. эпічным жанры А.​Мрый, наогул знікае з гарызонту бел. прозы (застаецца толькі драматургія). У канцы 1920-х г. бел. пісьменнікі імкнуліся пашырыць тэматычныя гарызонты нац. прозы, рабілі спробы стварыць «вытворчы раман», каб апець будаўніцтва новага жыцця, працоўны і творчы энтузіязм новага чалавека, ударную працу і сацспаборніцтва. Такая «вытворчая праблематыка» цікавіла Х.​Шынклера ў аповесці «Сонца пад шпалы», у якой ёсць нямала старонак, напісаных з псіхал. паглыбленасцю ў вобразы, аднак схематызм, ілюстратыўнасць, палітызацыя моцна зніжаюць эстэт. ўзровень твора. Адным з дасягненняў прозы таго часу з’явілася развіццё літаратуры для дзяцей. Аповесці Я.​Маўра «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі» (абедзве 1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) адразу сталі папулярнымі і любімымі творамі бел. дзетвары. Пісьменнік удала спалучыў прыгодніцкія элементы з рэаліст. сродкамі характарыстыкі і з прыёмамі навук.-папулярнага жанру. Жыццю школьнікаў прысвечаны зб. апавяд. «Гул бубна» А.​Якімовіча (1925).

1920-я г. — шчодры на творчыя адкрыцці перыяд, які адрозніваўся дыялогам-спрэчкай розных літ. школ і кірункаў, маст. густаў, метадаў паказу чалавека. Менавіта ў гэты час выпрацаваны нац. традыцыі эпічнага адлюстравання жыцця, на якія абапіралася пазнейшая літаратура, распрацаваны стыль прозы, пашырыліся выяўл. магчымасці бел. мовы. Проза 1930-х г. значна бяднейшая на фарбы і колеры, больш аднастайная ў ідэйна-змястоўным і стылявым плане, нягледзячы на тое, што яна прадстаўлена досыць вялікай колькасцю раманаў, аповесцей, апавяданняў і навел.

У 1930-я г. працягвалі свой творчы шлях пісьменнікі, якія выступілі ў друку ў 1920-я г., — П.​Галавач, М.​Зарэцкі, Л.​Калюга, К.​Крапіва, А.​Мрый, М.​Паслядовіч, Э.​Самуйлёнак, Я.​Скрыган, К.​Чорны, Х.​Шынклер і інш., а таксама старэйшыя пісьменнікі, вядомыя ўжо ў дакастрычніцкі час, — Я.​Колас, Ц.​Гартны, З.​Бядуля. У гэты час у бел. літаратуру прыйшлі празаікі У.​Краўчанка, Б.​Мікуліч, А.​Стаховіч і інш. Многія бел. пісьменнікі ў гэты перыяд былі абвешчаны ворагамі народа і рэпрэсіраваны, некат. расстраляны: С.​Баранавых, П.​Галавач, Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, В.​Коваль, Л.​Калюга, А.​Мрый, Я.​Нёманскі і інш.

Адной з цэнтральных у бел. прозе 1930-х г. з’яўлялася тэма калектывізацыі. Ёй прысвечаны раманы «Ідзі, ідзі» К.​Чорнага (1930), «Язэп Крушынскі» З.​Бядулі (1929—32), «Вязьмо» М.​Зарэцкага, «Мядзведзічы» К.​Крапівы (абодва 1932), «Перагуды» Ц.​Гартнага (1935), «Салаўі святога Палікара» Р.​Мурашкі (1933—39), аповесці «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (1931—32) С.​Баранавых, «Адшчапенец» Я.​Коласа, «Спалох на загонах» П.​Галавача (абедзве 1930—31), «Чорная Вірня» Б.​Мікуліча (1931) і інш. Амаль у кожным з гэтых твораў праводзіцца ідэя пра неўладкаванасць сялянскага жыцця, пра неабходнасць перамен, карэннай ломкі дробнаўласніцкай сельскай гаспадаркі.

Маст. літаратура 1930-х г. павінна была стаць прапаведніцай палітыкі партыі. Многія пісьменнікі добра ўсвядомілі гэтую пастаўленую перад імі задачу і пачалі замяняць маст. малюнак плакатам-агіткай. Ніводзін твор пра калектывізацыю не абыходзіцца без вобраза кулака: «Мядзведзічы» К.​Крапівы, «Вязьмо» М.​Зарэцкага, «Межы» С.​Баранавых, «Вясна» К.​Чорнага і інш. Усе яны малююцца досыць аднастайнымі, зніжанымі фарбамі. У кожным з іх пададзена ўласніцкая прагавітасць і сквапнасць. Час вялікага пералому пісьменнікі 1930-х г. малявалі досыць схематычна. У многіх творах пра калектывізацыю сяляне асуджаліся як прадстаўнікі старога, цёмнага свету. Творам, у якім раскрыта трагедыйнасць таго часу, мог быць незавершаны раман Л.​Калюгі «Пустадомкі» (1933—35). Ён напісаны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, таму не мог у свой час з’явіцца ў друку (надрукаваны ў канцы 1980-х г.). Аўтар пільна прыглядаецца да маральнага аблічча калег па пяру і заўважае, як многія з іх паступова становяцца прыстасаванцамі.

Літаратура 1930-х г. шмат увагі аддавала пытанням кахання, шлюбу і сям’і, адносінам новай улады да жанчыны. Яна актыўна прапагандавала новы тып жанчыны, чужы традыцыйнаму светапарадку (раманы «Вязьмо» М.​Зарэцкага і «Трэцяе пакаленне» К.​Чорнага). Этыка кахання, шлюбу і сям’і моцна цікавіць К.​Чорнага ў аповесці «Люба Лук’янская» (1936), дзе асабліва выразна акрэсліваецца разыходжанне хрысціянскай і сав. маралі. Аповесць К.​Чорнага «Люба Лук’янская», яго раман «Трэцяе пакаленне», апавяданні М.​Лынькова і Я.​Скрыгана сцвярджаюць сацыяліст. мараль як вышэйшую форму маралі. «Вытворчая» аповесць Б.​Мікуліча «Наша сонца» (1931) малюе вобраз «новага чалавека», занятага выключна грамадскімі справамі. Чалавек і складаны свет яго думак зацямняюцца і ў аповесцях А.​Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М.​Паслядовіча «Магістральны канал» (1940), у якіх апісанне вытв. працэсу становіцца ледзь не самамэтай. Арыентацыя літаратуры на актыўнае ўмяшанне ў жыццё нарадзіла і антыфашысцкія творы, накіраваныя супраць усіх форм таталітарызму. У іх ліку аповесці «Марсель» М.​Паслядовіча (1931), «Тэорыя Каленбрун» Э.​Самуйлёнка (1933), «Носьбіты нянавісці» (1935—36) і «Яны не пройдуць» (1936—37) П.​Галавача. Некат. пісьменнікі, у т. л. Я.​Колас, М.​Лынькоў, Э.​Самуйлёнак, К.​Чорны, звяртаюцца да мінулага бел. народа. Іх цікавіць гіст. развіццё нацыі, непарыўная повязь часоў, пераход дня ўчарашняга ў дзень сённяшні і будучы.

Значнай падзеяй у літ. жыцці таго часу з’явілася аповесць Я.​Коласа «Дрыгва» (1932—33). У вобразе 70-гадовага дзеда Талаша, мужнага, вольналюбівага паўстанца, партызана, Я.​Коласу ўдалося ўвасобіць нац. характар беларуса. Я.​Колас ішоў ад рэальнага факта, ад рэальнага прататыпа, што спрыяла праўдзівасці і жыццёвасці твора. Псіхал. пераканальнасць у абмалёўцы персанажа, добры, мяккі гумар, займальнасць інтрыгі, драматызацыя сюжэта, эпічны размах — усё гэта надавала аповесці эстэт. каштоўнасць. Да шырокай панарамнасці і аналітычнай заглыбленасці імкнуўся ў сваёй творчасці К.​Чорны. Ён задумаў напісаць цыкл твораў, у якіх хацеў стварыць карціну развіцця чалавечага грамадства. Задума часткова матэрыялізавана ў раманах «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935). Да рэв. мінулага звернуты шырокія эпічныя палотны: раманы «Праз гады» П.​Галавача (1934—35) і «Будучыня» Э.​Самуйлёнка (1936—38). Шэраг партрэтаў местачкоўцаў створаны ў эпапеі «На чырвоных лядах» М.​Лынькова (1934), у аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) З.​Бядулі.

Адметнай старонкай у прозе 1930-х г. з’яўляюцца раманы М.​Гарэцкага «Віленскія камунары» (1931—32) і «Камароўская хроніка» (1932—37), у якіх пісьменнік імкнуўся рэалізаваць задуму пра стварэнне хронікі некалькіх пакаленняў адной сям’і, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён. Незавершаны раман-эпапея «Камароўская хроніка» вызначаецца вялікім часавым прамежкам — жыццё беларусаў на працягу 19 — пач. 20 ст. Ён уяўляе сабой летапіс-даследаванне вясковага жыцця. Узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 1930-х г., — раман Р.​Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1933—39). Глыбокі псіхалагізм, гуманістычны пафас, сінтэз розных стыляў, розных тыпаў вобразнасці (рэалістычна-аналітычнае пісьмо, узвышаная рамантыка, лірызм «у чыстым выглядзе», моцны сатыр. струмень) гавораць пра наватарства твора.

Нягледзячы на неспрыяльнае для творчасці грамадска-паліт. становішча ў краіне бел. проза 1930-х г. здолела прадэманстраваць вялікія магчымасці нац. слова ў асваенні новых сфер чалавечага жыцця. Проза 1920—40-х г. заклала падмурак, на якім паслядоўнікі змаглі больш упэўнена ўзводзіць будынак нац. літаратуры.

Драматургія У пач. 1920-х г. бел. драматургія ўступіла ў новую, прынцыпова адрозную ад ранейшых, стадыю развіцця, абумоўленую адкрыццём першых у гісторыі айч. культуры прафес. бел.-моўных тэатраў: 10.8.1920 у памяшканні Бел. рабочага клуба распачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка», а 14.9.1920 на сцэне гар. тэатра адбылася прэм’ера Бел. дзярж. тэатра. Наяўнасць двух нац. прафес. тэатраў аб’ектыўна адкрывала перад бел. драматургіяй небывалыя раней перспектывы.

Працэс пераходу ад рэжыму выжывання да нармальнага творчага функцыянавання ў бел. драматургіі праходзіў не без супярэчнасцей. Новы этап драматургічнай творчасці пачаўся не новымі па сваёй паэтыцы п’есамі: «Суд» У.​Галубка, «Мутэрка» М.​Гарэцкага, «Конскі партрэт» (усе 1920) і «Пасланец» Л.​Родзевіча (1921), якія тэматычна і паводле сэнсава-выяўл. асаблівасцей напісаны ў адпаведнасці з традыцыямі бел. дакастрычніцкай літаратуры. Сюжэт камедыі «Суд» У.​Галубка заснаваны на крытыцы судова-бюракратычнай машыны царскай Расіі; абразок з натуры «Мутэрка» М.​Гарэцкага прысвечаны балюча-актуальным для Беларусі ва ўсе часы праблемам здрадніцтва нац. інтарэсам з боку інтэлігенцыі выкрыццю яе духоўнага кампрадорства. Грамадз. пафас уласцівы і камедыі «Пан міністар» Ф.​Аляхновіча (1922). Вадэвіль «Конскі партрэт» і сцэн. абразок «Пасланец» Л.​Родзевіча развівалі традыцыі быт. сатыры, камедыі становішчаў.

У пошуках новых форм маст. выразнасці, актуалізацыі сюжэтна-падзейнага зместу твораў бел. драматургіі прыйшлі да распрацоўкі фальклорна-этнагр. матэрыялу, да якога яны звярталіся і раней, калі паўставала неабходнасць аздобіць дзею каларытнай фактурай, надаць ёй натуральнасць гучання. Ідэяй стварэння серыі фальклорна-этнагр. п’ес захапіўся Е.​Міровіч. Дзеля гэтага ён запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх бел. пісьменнікаў. Найб. плённым такое супрацоўніцтва аказалася з М.​Чаротам, які ўжо меў вопыт пісьменніцкай, паэт. і тэатр. дзейнасці: выступаў як акцёр, быў аўтарам камедыі «Жаніх без шлюбу» (1919), драмы «Слуцкая варона» (1920), аднаактовых п’есак для дзяцей «Данілка і Алеська» (1919), «Пастушкі» (1920). Яго музычна-этнагр. п’еса «На Купалле» не проста сінтэзавала ранейшы вопыт сцэн. асэнсавання фалькл. сюжэтаў, але дэманстравала прынцыпова новыя магчымасці такога асэнсавання. Па-першае, бел. драматургія, якая мела слабейшыя літ. традыцыі, чым многія інш. народы, арыентуючыся на ўласны фальклор, застрахоўвала сябе ад страты нац. адметнасцей (такая небяспека была зусім рэальнай у атмасферы татальнага непрыняцця класічных традыцый, адмаўлення ад набыткаў «старой» драматургіі, якія насаджалі пралеткультаўскія тэарэтыкі). Па-другое, фальклорна-этнагр. п’есы выконвалі народаадкрывальныя функцыі (напр., маскоўскія тэатр. аглядальнікі, якія пабачылі спектакль «На Купалле» ў 1923, калі БДТ выязджаў у Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы, адзначылі, што гэты спектакль раскрыў рус. гледачу душу бел. народа лепш, чым гэта зрабілі б дзесяткі навук. артыкулаў). Гэтыя п’есы адкрывалі Беларусь не толькі для народаў свету, але і для саміх беларусаў, якім пасля доўгіх гадоў нац. ўціску было няпроста самаідэнтыфікавацца, усвядоміць сваю дзяржаўнасць, пераадолець сіндром тутэйшасці. П’есы, заснаваныя на традыц. фалькл. сюжэтах, былі новым словам у літаратуры Беларусі, бо адкрывалі невядомыя раней тэматычныя гарызонты. Выкарыстанне нар.-паэт. прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці адбывалася не шляхам механістычнага капіравання фалькл. сюжэтаў, элементаў іх паэтыкі, а ў выніку творчага пераасэнсавання.

Сац.-паліт. заангажыраванасць драматургіі таго часу абумовіла зварот пісьменнікаў да гіст. тэматыкі. У п’есах «Пан Сурынта», «Плытагоны» У.​Галубка (абедзве 1923), «Панскі гайдук» Я.​Дылы (1924), «Паўстанцы» А.​Александровіча (1925) мінулае бел. народа паўстае яшчэ на ўзроўнях фалькл. памяці, а ўжо ў драмах «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча (1923) і «Скарынін сын з Полацка» М.​Грамыкі (1926) ушчыльную наблізілася да строгай дакументальнасці. Працэс маст. асэнсавання гіст. мінулага, актуальнасць якога павышаецца на пераломных этапах жыцця народа, не знайшоў свайго гарманічнага завяршэння, бо барацьбу з творчай арыентацыяй на фальклор распачалі пралеткультаўцы. Асабліва востра крытыкаваліся п’есы з гіст. зместам: за «фетышызацыю» традыц. маст. сродкаў (у новых умовах патрэбна не стылізацыя пад мінулае, а свядомае, паслядоўнае тварэнне будучага), за «ідэалізацыю» мінулага, як праяву нацыяналізму. Былі зняты з рэпертуару «Вяселле» В.​Гарбацэвіча (1921), «Машэка» (1923) і «Каваль-ваявода» (1924) Е.​Міровіча, «Апраметная» В.​Шашалевіча (1926).

Як альтэрнатыву этнаграфізму пралеткультаўцы прапагандавалі тэатр масавых дзействаў. Але ён не меў пашырэння на Беларусі: адбыўся толькі адзіны плошчавы спектакль «Праца і капітал» (1921), ажыццёўлены ў Мінску Е.​Міровічам. Бел. драматургія звярнулася да гераічнага тэатра. Асн. патрабаванні да п’ес гераічнай тэматыкі: у творах пафас рэвалюцыі (рамантызм, агітацыйнасць) павінен спалучацца са строгім рэалізмам гісторыі і сучаснасці (мастацкасць і праўдзівасць), цалкам супадаць з творчымі пастулатамі бел. драматургаў. П’есай-вытокам з’явілася драма «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.​Гарбацэвіча (1923), прысвечаная мужнай барацьбе і пакутніцкай смерці камсамольцаў-партызан з вёскі Дукора, расстраляных польскімі акупантамі ў 1920. Гераічныя падзеі, барацьба з акупантамі асэнсоўвалася і ў драме «З дымам-пажарам» А.​Ляжневіча (1924). М.​Гарэцкі ў гісторыка-рэв. драме «Чырвоныя ружы» (1922) намаляваў уражлівую рэтра-панараму нарастання рэв. незадавальнення. Не менш уражліва паказаны і катастрафічныя вынікі шматвяковага процістаяння прыгнечаных і прыгнятальнікаў. П’есы «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927—31) Я.​Коласа дэманстравалі высокі маст. ўзровень увасаблення гераічных характараў, пераканаўча паказвалі заканамернасці прыходу нар. мас у рэвалюцыю. Да сярэдзіны 1920-х г. выразна акрэслілася патрабаванне паказу і ўслаўлення сацыяліст. будаўніцтва, сав. ладу жыцця. Аб праявах новага ў чалавечых узаемаадносінах напісаны п’есы «Лекары і лекі», «Два жаніхі» А.​Гаротнага, «Дзень ураджаю» І.​Барашкі (усе 1925), «Пашанцавала» Т.​Кашэль, «Чырвоная касынка» Г.​Базыленкі (абедзве 1926), «Пад вішнёвымі садкамі» В.​Гарбацэвіча, «Бацька і сын» (абедзве 1927), «Спявай, вясна!» (1928) В.​Сташэўскага і інш. Яны не вызначаліся высокім маст. узроўнем, аднак зрабілі пэўны ўклад у выпрацоўку жанравых традыцый, у назапашванне вопыту сцэн. асваення праблем сучаснасці. Не ўзняліся да маст. вышынь і творы на антырэліг. тэму: «Калі дзяк гаворыць праўду» А.​Вольнага (1924), «У цемры» (1927) і «У прошчы» (1928) В.​Сташэўскага, «За калгас» Я.​Мазуркевіча (1929). Праява крайняй ступені грамадскай заангажыраванасці драматургіі 1920-х г. — агітп’есы. Яны пераважна заказваліся аўтарам, іх аператыўна друкавалі, ставілі, ухвалялі ў перыяд. друку безадносна да маст. вартасці. Агітп’есы былі пэўным фактарам нар.-гаспадарчай дзейнасці краіны. Яны прапагандавалі калектывісцкую свядомасць («Чаму Янка ў камуну пайшоў» М.​Міцкевіча, 1924; «Нечаканае» Ю.​Лявоннага, 1926; «Старое і новае» А.​Цітавай, 1929), папулярызавалі сярод насельніцтва сельскагаспадарчыя веды («У агранома» А.​Вольнага, 1924; «Суд над трохпалёўкай» Н.​Уліцына, 1925; «Наша свята» А.​Дабравольскага, 1926) і інш.

Важнейшая асаблівасць развіцця бел. драматургіі 1920-х г. — універсальнасць яе творчых пошукаў. Яна была адкрытая для ўсіх навацый, якія засвойваліся метадам спроб і памылак, паступова назапашваўся прафес. вопыт, расла колькасць драматургічных твораў. Часцей драматургія папаўнялася п’есамі, арганічна ўгрунтаванымі ў духоўны нац. кантэкст, знітаванымі з глыбіннымі праблемамі рэчаіснасці. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад трагікамедыі Я.​Купалы «Тутэйшыя» (1922). Абапіраючыся на ранейшы (В.​Дунін-Марцінкевіч, К.​Каганец) і інш. вопыт сатыр. выкрыцця манкуртызму, развіваючы адраджэнскі курс нашаніўцаў, Я.​Купала даў узор працы ў новых сац.-паліт. умовах, паказаўшы шляхі дасягнення сапраўднай маст. дасканаласці і высокай грамадзянскасці. Е.​Міровіч, ідучы ад «Тутэйшых», здолеў у сатыр. камедыі «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925) выкрыццё цынізму і прыстасавальніцтва ўзняць на новую маст. вышыню. Купалаўскі вопыт сатыр. ўвасаблення вобразаў персанажаў адчуваецца і ў камедыі «Ветрагоны» У.​Галубка (1930). У канцы 1920-х г. з’явіліся п’есы на тэму індустрыялізацыі «Запяюць верацёны» Е.​Міровіча (1928), «Мост» Я.​Рамановіча, «Гута» Р.​Кобеца (абедзве 1929), «Напор» А.​Александровіча, «Качагары» І.​Гурскага (абедзве 1931), «Белая зброя» У.​Галубка (1933). Гэтыя п’есы значна пашыралі сюжэтна-тэматычныя гарызонты драматургіі, абсягі спасціжэння ёю новых жыццёвых рэалій, але аўтары іх, засяроджваючы залішне пільную ўвагу на шкодніках, сабатажніках, дыверсантах і інш., вольна ці нявольна інспіравалі ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці. У п’есах на тэму калектывізацыі матывы шкодніцтва занялі дамінуючае становішча, набыўшы асабліва змрочнае адценне: «Засеўная» і «Помста кулацкая» Б.​Крамскога (абедзве 1930), «Сварка» і «Бальшавіцкая вясна» І.​Гурскага, «На пэўным шляху» С.​Якаўлева, «Шляхі» У.​Стэльмаха, «Камяніца» М.​Міцкевіча, «Песні нашых дзён» В.​Гарбацэвіча, «За калгас» Я.​Мазуркевіча (усе 1930), «Трактар» М.​Блісцінава (1931) і інш. Схематызму сюжэтнай будовы, ідэалагічнай зададзенасці ў паказе праблем калектывізацыі не без поспеху спрабавалі пазбегнуць В.​Шашалевіч («Рой», 1931), К.​Чорны («Лета», 1932), М.​Зарэцкі («Сымон Карызна», 1933), В.​Сташэўскі («Мікола Гоман», 1936). Паспяховым было таксама асэнсаванне антыфашысцкай тэматыкі ў п’есах «Rot front» (1933) Б.​Мікуліча і «Сімфонія гневу» (1935) В.​Шашалевіча.

1930-я г. саступалі папярэдняму дзесяцігоддзю і колькасцю напісаных п’ес, і разнастайнасцю творчых пошукаў. Але ў гэты перыяд было шмат зроблена для прафес. росту драматургаў: праводзіліся конкурсы на лепшы драматургічны твор, з’явіліся навукова вывераныя публікацыі, зменшыўся імпэт прапаведнікаў ультрарэв. навацый. Спроба ўкараніць «дыялектыка-матэрыялістычны метад», заснаваны на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну маст. творчасці, не ўдалася, хаця драмы «Напор» А.​Александровіча і «Новы горад» І.​Гурскага (абедзве 1931), нібыта напісаныя паводле гэтага метаду, крытыка і расхваліла. Затое загучала інш. драматургія. П’есы «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.​Коласа (абедзве 1937) пераканаўча паказалі ролю народа ў гіст. працэсе. Глыбінёй псіхал. характарыстыкі персанажаў, грунтоўнасцю філас. абагульненняў абазначыў свой драматургічны стыль К.​Чорны ў п’есах «Бацькаўшчына» (1932—39), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941). Знакавым было далучэнне да драматургічнай творчасці К.​Крапівы. Калізіі грамадз. абавязку і асабістай адказнасці, якія пакладзены ў аснову першай драмы «Канец дружбы» (1934) сталі лейтматыўнымі на працягу ўсёй яго працы на драматургічнай ніве. Народнай сталі называць драму «Партызаны» (1937), але вяршынным дасягненнем бел. драматургіі 1930-х г. была сатыр. камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939), у якой бязлітаснае выкрыццё адмоўных з’яў рэчаіснасці, саркастычнае высмейванне гарлахватчыны як увасаблення бюракратычнай фанабэрыі, цынізму, прыстасавальніцтва і ваяўнічага невуцтва спалучалася з бліскучым майстэрствам абмалёўкі вобразаў герояў. У канцы 1930-х г. на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «На варце» І.​Гурскага, «Гарачае сэрца» (абедзве 1938) і «Шалёная рысь» М.​Паслядовіча, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка, «Хата з краю» Я.​Маўра (усе 1939). Пач. 1940-х г. адзначаны гучным поспехам камедыі В.​Вольскага «Несцерка» (1941). Аднак Вял. Айч. вайна і акупацыя Беларусі перапынілі натуральны ход развіцця бел. літаратуры.

І.​Э.​Багдановіч (паэзія 1920-х г.), М.​М.​Арочка (паэзія 1930-х г.), З.​У.​Драздова (проза), С.​С.​Лаўшук (драматургія).

т. 18, кн. 2, с. 608

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)