ДУ́МПКАР (англ. dump-car),

грузавы чыгуначны паўвагон, кузаў якога пры разгрузцы нахіляецца вакол падоўжнай восі ў розныя бакі пнеўматычным або гідраўлічным механізмам. Выкарыстоўваецца для перавозкі руды, вугалю, буд. сыпкіх матэрыялаў па тэрыторыі буйных прадпрыемстваў. Грузападымальнасць да 180 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ШЫЦА (Reşita),

горад на З Румыніі. Адм. ц. жудзеца Караш-Северын. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: металургічная, цяжкае машынабудаванне, коксахім., швейная, харчовая. У наваколлі — здабыча кам. вугалю і жал. руды. Музей металургіі.

т. 14, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́СА,

штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).

З.​М.​Шуканава.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НДА (Brenda),

буйное медна-малібдэнавае радовішча ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія). Адкрыта ў 1947, эксплуатуецца з 1969. Запасы руды больш за 128 млн. т з колькасцю медзі 0,14%, малібдэну 0,03%. Вытв-сць малібдэнавага канцэнтрату. Экспарт у краіны Еўропы, Паўд. Амерыкі, Японіі.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СКА (Disco),

самы вялікі востраў у моры Бафіна, каля зах. берагоў Грэнландыі, уладанне Даніі. Пл. 8,6 тыс. км². Расчлянёнае, у асноўным базальтавае плато. Выш. да 1919 м. ​1/5 вострава ўкрыта ледавікамі. Радовішчы бурага вугалю і жал. руды. Порт Кекертарсуак (Годхаўн).

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНЕ́А (Cananea),

буйное радовішча медных руд у Мексіцы (штат Санора). Гідратэрмальнага паходжання. Распрацоўваецца з 1899. Запасы руды больш за 1,7 млрд. т з сярэдняй колькасцю медзі 0,72—0,75%. У рудзе прымесі малібдэну, золата, цынку і інш. Цэнтр здабычы і выплаўкі — г. Кананеа.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РУНА (Kiruna),

горад на Пн Швецыі, за Палярным кругам. Засн. ў 1898, гар. правы з 1908. 26 тыс. ж. (1991). Буйнейшы цэнтр здабычы жал. руды ў Еўропе (больш за 25 млн. т штогод; руда ідзе на экспарт пераважна праз нарв. порт Нарвік).

т. 8, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСБА́ТЭ (Masbate),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 3270 км². Выш. да 697 м. Нас. 530 тыс. ж. (1995). Мусонныя трапічныя лясы. Вырошчваюць рыс, тытунь, кукурузу, какосавую пальму, цукр. трыснёг; на Пд — жывёлагадоўля. Радовішчы золата, марганцавай руды, вугалю. Асн. горад — Масбатэ.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЙН-ПОЙНТ (Pine Point),

свінцова-цынкавы раён у Канадзе (Паўн.-Зах. тэр.). Радовішчы стратыформныя, эпігенетычныя. Распрацоўваецца з 1964 адкрытым спосабам. Разведаныя запасы 36,3 млн. т руды з сярэдняй колькасцю свінцу 2,4%, цынку 6%. Здабываюцца таксама серабро і кадмій. Цэнтр — г. Пайн-Пойнт.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)