БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНКТ) у Маскве, згуртаванне беларускай інтэлігенцыі ў 1918—19. Створана пры садзеянні Беларускага нацыянальнага камісарыята. Асн. задачы: развіццё навукі і культуры Беларусі, правядзенне культ.-асв. работы сярод беларусаў. На першым пасяджэнні (14.7.1918) прысутнічала больш за 1000 чал. У т-ва ўваходзілі У.І.Пічэта (старшыня праўлення), В.Р.Брайцаў, Я.Л.Дыла, В.І.Качалаў, М.К.Любаўскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Т-ва планавала выданне матэрыялаў па этнаграфіі Беларусі, зборнікаў бел. фальклору і бел. л-ры, гіст. і эканам. літаратуры. Быў падрыхтаваны час. «Белорусская жизнь» (не выйшаў).

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІДАСТО́МЫ

(Amidostomum),

род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.

Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМСТЭРДА́МСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л ПРАФСАЮ́ЗАЎ, Міжнародная федэрацыя прафсаюзаў,

міжнар. аб’яднанне рэфармісцкіх прафсаюзаў у 1919—45. Створаны на кангрэсе ў Амстэрдаме. Гал. мэты: развіццё міжнар. сац. заканадаўства, барацьба з мілітарызмам і рэакцыяй, падтрымка міжнар. прафс. дзеянняў. Кіраўнікі Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў рэалізоўвалі ў прафс. руху палітыку с.-д. партый, якія належалі да Інтэрнацыянала 2-га. Амстэрдамскі інтэрнацыянал прафсаюзаў аб’ядноўваў пераважна прафцэнтры краін Зах. Еўропы (14 краін, 17 738 тыс. чал. у 1919; 26 краін, 19 425 тыс. чал. у 1937). Распушчаны пасля стварэння Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАСПАДЫ́Я

(ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу),

ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала, прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.

Літ.:

Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;

Русаков В.И. Лечение гипоспадии. Ростов н/Д, 1988.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1653,

закон, які рэгламентаваў нормы гандл. права ў Расіі. Прыняты ў інтарэсах і па ініцыятыве рас. купецтва. Увёў у рас. дзяржаве адзіную гандл. пошліну (рублёвую), адмяніў шэраг падарожных пошлін, павялічыў памер пошліны з замежных купцоў. На яго аснове была складзена Статутная грамата 1654, якая забараняла спагнанне падарожных пошлін ва ўладаннях свецкіх і духоўных феадалаў. Палажэнні статута атрымалі далейшае развіццё ў Новагандлёвым статуце 1667. Разам з апошнім Гандлёвы статут дзейнічаў да сярэдзіны 1750-х г. Заменены Мытным статутам 1755.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТУРО́ЎСКІ Уладзімір Сямёнавіч

(18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),

савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап. ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.

Тв.:

Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПА́РТЫЯ

(БНП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Вышняя рада. Асн. мэты: нац. адраджэнне, дасягненне поўнай незалежнасці Беларусі, стварэнне прававой дэмакр. дзяржавы. Гал. прынцыпы дзейнасці: нацыяналізм як лепшая духоўная якасць чалавека, нац. ідэя як гал. дзейная сіла грамадства, духоўнае адраджэнне на аснове хрысц. этыкі і маралі. Выступае за стварэнне рыначнай эканомікі, развіццё навук. і вытв. патэнцыялу, макс. выкарыстанне ўнутр. прыродных рэсурсаў, выгаднага геапаліт. становішча Беларусі. Арг-цыі БНП дзейнічаюць ва ўсіх абласцях Беларусі.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі, культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.

У.М.Міхнюк.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ І АРАНДА́ТАРАЎ,

добраахвотнае незалежнае грамадскае аб’яднанне грамадзян Беларусі і інш. краін, прац. калектываў прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Створаны ў 1990. Аб’ядноўвае больш за 2 тыс. арг-цый і ўстаноў. Гал. мэты: усталяванне арэндных адносін, развіццё прадпрымальніцтва, раздзяржаўленне і прыватызацыя, абарона інтарэсаў чл. саюза. Для аказання паслуг сваім членам і выканання інш. функцыян. задач створана сетка малых прадпрыемстваў: юрыд. служба, навук.-аўдытарская і навук.-вытв. камерцыйная фірмы, бізнес-цэнтр, кадравы цэнтр з Акадэміяй прадпрымальніцтва і сацыяноміі.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРУ́НВАЛЬД»,

летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-ва бел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.

А.Ю.Лозка.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)