палітычная партыя камуніст. кірунку на Беларусі. Створана ў снеж. 1991. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. Камітэт. Гал. мэты — аб’яднанне і паліт. развіццё работнікаў наёмнай працы для дасягнення імі поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудова бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ лічыць сваёй задачай падрыхтоўку неабходных паліт., прававых і эканам. умоў для пераўтварэння грамадства. У ліку асн. метадаў дзейнасці партыі — агітац.-масавая работа сярод насельніцтва, удзел у выбарах, актыўная праца ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады, вынясенне на абмеркаванне грамадскасці і ўладных органаў сац.-эканам., паліт. і інш. праграм пераўтварэнняў, правядзенне грамадска-паліт. акцый і мерапрыемстваў у інтарэсах працоўных і сац. прагрэсу. Падтрымлівае кантакты і сувязі з камуніст., рабочымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі больш чым 20 краін. Друкаваны орган — газ.«Товарищ» (з 1994). На 1.4.2001 дзейнічалі 6 абл., Мінская гар., 95 раённых, 17 гар. і 284 пярвічныя арг-цыі ПКБ, якія аб’ядноўвалі 8300 членаў партыі.
палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.М.Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.Р.Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.М.Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. СаветБССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.В.Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.
Літ.:
Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГРА́МА (ад грэч. nomos закон + ... грама),
спецыяльны чарцёж для рашэння пэўнага тыпу выліч. задач. Выкарыстоўваецца для даследавання экстрэмальных уласцівасцей, правядзення аналізу ўплыву розных пераменных на вынік вылічэнняў, выяўлення вобласці існавання рашэння, рашэння задач на выбар параметраў эмпірычных формул і інш.
Адлюстроўвае функцыянальную залежнасць (ураўненне, формулу, табліцы) і дае магчымасць без вылічэнняў вызначыць значэнне адной пераменнай па зададзеных значэннях астатніх пераменных, а таксама даследаваць такую залежнасць. Пераменныя адлюстроўваюцца шкаламі і сем’ямі пазначаных ліній. Кожная Н. будуецца для канкрэтнай функцыянальнай залежнасці ў зададзеных межах змен пераменных. Пры гэтым зыходная залежнасць дакладна (ці набліжана) прыводзіцца да намаграфавальнага віду, запісваюцца ўраўненні элементаў Н. ў прамавугольнай сістэме каардынат. Параметры пераўтварэнняў, якія ўваходзяць у гэтыя ўраўненні, падбіраюць так, каб надаць Н. выгляд, зручны для карыстання. Пасля чаго вылічваюцца табліцы каардынат асобных элементаў і будуюць Н. Выліч.работа зводзіцца да простых геам. аперацый у адпаведнасці з прыкладзенай да Н. схемай карыстання і адлічвання вынікаў. Тэорыю і практыку пабудовы Н. вывучае намаграфія.
Намаграма для разліку вугла αy, устанаўлення разца ў заточным станку па зададзеных вуглах разца α і φ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫШЧА,
найбольш паніжаная частка рачной даліны, па якой адбываецца сцёк вады ў міжпаводкавыя перыяды. Шырыня Р. буйных рэк ад дзесяткаў і сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Па даўжыні Р. плёсы чаргуюцца з перакатамі. Для Р. раўнінных рэк характэрны рукавы, меандры і рэчышчавыя ўтварэнні (астравы, асяродкі, косы, мелі, пляжы і інш.). Р. горных рэк парожыстыя, часта скалістыя. Пры разводдзях і паводках вада не ўмяшчаецца ў Р. і выходзіць на пойму. У гэтыя перыяды фарміруюцца прырэчышчавыя валы, адбываецца найб. эразійная работа рэк, што можа выклікаць істотныя змены ў мікрарэльефе і форме Р. У засушлівых раёнах Р. многіх рэк б.ч. года застаюцца сухімі. Для рэк Беларусі характэрны Р. раўнінных і нізінных рэк — звілістыя, месцамі падзеленыя на рукавы, часта суправаджаюцца пратокамі, старыцамі. Шыр. Р. пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шыр. Р. буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Глыбіні большасці Р. 0,3—1 м, на плёсах 1—4 м, месцамі да 6—8 м.
французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.Каро, К.Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.
Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ РУХАВІ́К,
цеплавы або электрычны рухавік для аўтамабіляў. Найб. пашыраныя поршневыя рухавікі ўнутранага згарання складаюцца з корпуса (картэр з паддонам і блок цыліндраў з галоўкай), крывашыпна-шатуннага і газаразмеркавальнага механізма, сістэм сілкавання палівам, выпуску адпрацаваных газаў, ахаладжэння і інш. Маюць 2- ці 4-тактавы рабочы працэс, ад 2 да 12 цыліндраў, размешчаных вертыкальна, V-падобна ці гарызантальна. Працуюць на вадкім і газавым паліве, маюць знешняе ці ўнутранае сумесеўтварэнне, іскравое запальванне ці ўзгаранне ад сціскання (дызелі). Выкарыстоўваюцца таксама ротарна-поршневыя, газатурбінныя рухавікі, электрарухавікі. Развіццё аўтамабільных рухавікоў ідзе ў кірунку павышэння эканамічнасці і рэсурсу работы, выкарыстання новых трывалых матэрыялаў (кераміка, кампазіты і інш.), электронных сістэм кантролю і кіравання рабочым працэсам, зніжэння шкодных выкідаў, памяншэння масы і габарытаў. На Беларусі вытворчасць аўтамабільных рухавікоў пачата ў 1992 на Мінскім маторным з-дзе, дзе зроблены дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 з гарыз. размяшчэннем цыліндраў магутнасцю 155 кВт (210 к.с.) пры 2100 абаротах за мінуту. Прызначаны для гарадскіх аўтобусаў.
Літ.:
Двигатели внутреннего сгорання: Устройстве и работа поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1990;
Автомобильные двигатели. 2 изд. М., 1977.
В.А.Сяргеенка.
Дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 Мінскага маторнага завода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,
сукупнасць тэхнал. абсталявання, устаноўленага ў паслядоўнасці тэхнал. працэсу, злучанага аўтам. транспартам і аснашчанага аўтам. загрузачна-разгрузачнымі прыстасаваннямі і адной агульнай ці некалькімі ўзаемазвязанымі сістэмамі кіравання. Аўтаматычныя лініі выконваюць увесь працэс вырабу ці перапрацоўкі прадукту вытв-сці або яго часткі. Аўтаматычныя лініі — аснова комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, іх выкарыстанне скарачае вытв. цыкл, павышае прадукцыйнасць працы, зніжае сабекошт прадукцыі.
Аўтаматычныя лініі бываюць зблакіраванымі (работатэхнал. абсталявання аб’яднана агульным цыклам) і незблакіраванымі, пераналаджвальнымі, аднапрадметнымі і шматпрадметнымі. Некалькі аўтаматычных ліній, аб’яднаных у адну сістэму, утвараюць аўтам. ўчасткі і цэхі. Аўтам. сістэмы кіравання аўтаматычнымі лініямі забяспечваюць выкананне пэўным агрэгатам ці механізмам асн. і дапаможных аперацый тэхнал. працэсу, а таксама ўзгодненае дзеянне розных участкаў лініі. На аўтаматычных лініях выкарыстоўваюцца сістэмы рэлейнага і лікавага праграмнага кіравання.
Аўтаматычныя лініі выкарыстоўваюцца пераважна ў машынабудаванні, у электра- і радыётэхн., хім. і харч. прам-сці. На Беларусі распрацоўка, праектаў аўтаматычных ліній пачалася ў Мінскім СКБаўтам. ліній у 1956, першыя аўтаматычныя лініі выпушчаны ў 1959 Мінскім з-дам аўтам. ліній. Аўтаматычныя лініі выпускаюць таксама Баранавіцкі з-даўтам. ліній і Мінскі станкабуд. з-д. Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя сельскія школы ў Рас. імперыі; засноўваліся пасля земскай рэформы 1864 і ўтрымліваліся на сродкі земстваў. Працавалі па планах і праграмах Мін-ванар. асветы. Былі аднакласныя, пераважна з 3-гадовым навучаннем (1 настаўнік), і двухкласныя з 4-гадовым навучаннем (2 настаўнікі). У канцы 19 ст. тэрмін навучання ў многіх аднакласных З.ш. быў павялічаны да 4 гадоў, у двухкласных — да 5—6 гадоў. Выкладаліся: Закон Божы, чытанне, пісьмо, арыфметыка, спевы; у некат. даваліся звесткі па прыродазнаўстве, геаграфіі, гісторыі. У параўнанні з міністэрскімі і царкоўнапрыходскімі школамі ў З.ш. была лепш арганізавана навучальна-выхаваўчая работа, пры асобных былі б-кі, «начлежныя прытулкі» для дзяцей з аддаленых вёсак, гарачае харчаванне. Адыгралі значную ролю ў пашырэнні пісьменнасці сярод сялян. Ва ўсх.ч. Беларусі З.ш. пачалі адкрывацца з 1907. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях іх было 373. У 1918 рэарганізаваны ў прац. школы.
Літ.:
Звягинцев Е.А. Полвека земской деятельности по народному образованию. 2 изд. М., 1917;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985. С. 370—374;
Мяцельскі М.С. Земствы і школа на Беларусі (1903—1917) // Пач. школа. 1992. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.Бел, З.Бжазінскі, А.Тофлер, А.Кінг, Дж.Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.