ФРЭ́ЙЗЕР, Фрэзер (Frazer) Джэймс Джордж (1.1.1854, г. Глазга, Вялікабрытанія —7.5.1941), брытанскі этнограф і гісторык рэлігіі. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1869—74) і Кембрыджа (1874—79). Праф. Ліверпулскага (з 1907) і Кембрыджскага (з 1921) ун-таў. Прыхільнік параўнальна-гістарычнага метаду. Сістэматызаваў звесткі аб першабытных вераваннях, татэмізме, анімізме, табу, паказаў іх генет. сувязь з рэлігіямі стараж. дзяржаў, іудаізмам, хрысціянствам. Паводле Ф., чалавечая свядомасць эвалюцыяніравала ад панавання магічных уяўленняў да «веку рэлігіі», потым да «веку навукі». Ф. проціпастаўляў магію рэлігіі, ідэалогію выводзіў з індывід. псіхалогіі. Асн. працы: «Залатая галіна» (1890), «Даследаванне магіі і рэлігіі» (т. 1—12, 1907—15), «Татэмізм і экзагамія» (1910).

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́СЦЕР (Schuster) Рудольф (н. 4.1.1934, г. Кошыцы, Славакія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Славакіі. Д-р эканам. н. (1997). Скончыў Славацкую вышэйшую тэхн. школу ў Браціславе (1959). Да 1962 у розных НДІ Браціславы, потым на кіруючых пасадах у гаспадарцы і чыг. транспарце г. Кошыцы; з 1986 мэр Кошыц. З 1987 старшыня Усходнеславацкага краявога нац. к-та, з 1989 — Славацкага Нац. Савета (парламент). У 1990—92 пасол Чэхіі і Славакіі ў Канадзе, потым у МЗС Славакіі. З 1994 зноў мэр Кошыц. Заснавальнік і лідэр (з 1998) Партыі грамадз. згоды. Прэзідэнт Славакіі з мая 1999. Прыхільнік паскоранай інтэграцыі краіны ў НАТО і Еўрап. Саюз.

Н.​А.​Царук.

Р.Шусцер.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН Амарцья (н. 3.11.1933, Шанцінікетан, Індыя),

індыйскі эканаміст. Д-р эканам. н. (1959). Скончыў Калькуцкі і Кембрыджскі (1955) ун-ты. Выкладаў эканоміку ў ВНУ Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША: у Джабалпурскім (1956—58), Дэлійскім (1963—71), Оксфардскім (1978—88 і з 1998) і Гарвардскім (1988—98) ун-тах, Лонданскай школе эканомікі (1971—77). У працы «Галеча і голад...» (1981) даследаваў фактары, якія вядуць да беспрацоўя і неэфектыўнасці сістэмы харч. размеркавання, выступае як прыхільнік дапамогі бедным і захавання стабільных цэн на прадукты харчавання. Нобелеўская прэмія па эканоміцы 1998.

Тв.:

Рус. пер. — Развитие как свобода (отрывок из книги «Развитие как свобода») // Индия. Перспективы. 2000. № 1.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЬКО́ВІЧ Ян (Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

Я.В.Ваньковіч. Фотаздымак пач. 1860-х г.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН Міхаіл Паўлавіч (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),

дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.​І.​Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН ЮВЭ́Й (19.3.1858, пав. Наньхай, прав. Гуандун, Кітай — 31.3.1927),

кітайскі паліт. дзеяч і сац. філосаф. Апіраўся на ідэі канфуцыянства, але імкнуўся да мадэрнізацыі краіны і ўвядзення канстытуцыйнай манархіі. У 1898 заснаваў партыю рэформ Баахагой (Саюз абароны дзяржавы). Падтрыманы маладой кіт. інтэлігенцыяй і імператарам Гуансюем, у час «ста дзён рэформ» 1898 адм. шляхам праз выданне ўказаў ад імя імператара зрабіў спробу рэалізаваць праграму рэформ (удасканаленне дзярж. апарата, сістэмы асветы, рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы і інш.). Пасля задушэння рэфарматарскага руху імператрыцай Цысі эмігрыраваў. Як прыхільнік манархіі выступаў супраць рэвалюцыі 1911—13. Аўтар трактата «Кніга аб Вялікім Яднанні» (1887), у якім даў утапічную канцэпцыю будучага свету, дзе, на яго думку, не будзе месца прыватнай уласнасці і сац. няроўнасці.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧЭ́ЎСКІ Вінцэнт (Вікенцій Восіпавіч; 1789, Гродзеншчына — 1832),

бел. астраном, матэматык і асветнік, прадстаўнік Віленскай астр. школы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1807—11). У 1814—18 і ў 1826—31 працаваў у ім і адначасова ў 1811—18 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Навук. працы па астраноміі (даследаванне яркасці зорак, назіранні планет, камет, астэроідаў і інш.). Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы. Прытрымліваўся матэрыялістычных поглядаў, прыхільнік вучэння Каперніка і асветніцкіх ідэй. Пераклаў на польскую мову і выдаў працы франц. астраномаў Ж.​Мале «Навука аб небе» (1824) і П.​Лапласа «Гісторыя астраноміі» (1825).

Тв.:

Astronomia. Wilno, 1821;

Traktat ο kometach. Wilno, 1826.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 238.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НІ Анатоль Фёдаравіч (9.2.1844, Пецярбург — 17.9.1927),

рускі юрыст, грамадскі дзеяч і літаратар. Д-р права (1890), ганаровы член Маскоўскага ун-та (1892), ганаровы акадэмік Пецярбургскай АН (1900), чл. Дзярж. савета (1907). Скончыў юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та (1865). Працаваў у суд. органах і пракуратуры. Выдатны суд. прамоўца. Прыхільнік дэмакр. прынцыпаў судаводства, уведзеных суд. рэформай 1864 (суд прысяжных, галоснасць суд. працэсу і інш.). Шырокую вядомасць набыў у сувязі са справай В.​І.​Засуліч, па якой суд пад старшынством К. вынес у 1878 апраўдальны прыгавор. Пасля Кастр. рэвалюцыі праф. Петраградскага ун-та (1918—22). Аўтар нарысаў і ўспамінаў «На жыццёвым шляху» (т. 1—5, 1912—29).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1966—69.

А.Ф.Коні.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́КАВЫ,

расійскія рэвалюцыянеры-дзекабрысты, браты. Сыны ніжагародскага губернатара А.​С.​Крукава (п. 1844).

Аляксандр Аляксандравіч (студз. 1793 — жн. 1866) — паручнік (1817), калежскі рэгістратар (1858). З 1812 на вайск. службе. Удзельнік замежных паходаў рас. арміі 1813 і 1814. Чл. «Саюза дабрабыту» (1820) і «Паўднёвага таварыства» (з 1821). Арыштаваны ў г. Тульчын у снеж. 1825. Адбываў катаргу і пасяленне ў Сібіры, у 1856 амнісціраваны. З 1865 у Бруселі, дзе і памёр. Мікалай Аляксандравіч (1800—11.6.1854) — паручнік (1822). З 1819 у арміі. Чл. «Саюза дабрабыту» (1820) і «Паўд. т-ва» (з 1821), прыхільнік ідэй і памочнік П.І.Песцеля. Арыштаваны ў г. Тульчын у снеж. 1825. Памёр у ссылцы ў г. Мінусінск.

Літ.:

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МЕР (Cremer) Уільям Рэндал (18.3.1838, Фэахэм каля г. Портсмут, Вялікабрытанія — 22.7.1908),

дзеяч англ., міжнар. рабочага руху, прыхільнік пацыфізму. Сталяр. У 1860 адзін са стваральнікаў Аб’яднанага т-ва цесляроў і сталяроў. У час грамадз. вайны ў ЗША 1861—65 падтрымліваў правы жыхароў Поўначы, выступаў супраць рабства неграў. У 1864 садзейнічаў стварэнню Міжнар. асацыяцыі рабочых, быў сакратаром яе брыт. секцыі. У 1870 заснаваў Рабочую асацыяцыю міру (з 1875 Ліга міжнар. арбітражу), быў яе сакратаром. У 1885—95 і 1900—08 дэп. палаты абшчын. Адзін з аўтараў праекта англа-амер. дагавору аб арбітражы (падпісаны ў 1914). З чэрв. 1889 сакратар Міжпарламенцкага саюза ад Вялікабрытаніі. Нобелеўская прэмія міру 1903.

Л.​М.​Драбовіч.

У.Р.Крымер.

т. 8, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)