ФРЭ́ЙЗЕР, Фрэзер (Frazer) Джэймс Джордж (1.1.1854, г. Глазга, Вялікабрытанія —7.5.1941), брытанскі этнограф і гісторык рэлігіі. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1869—74) і Кембрыджа (1874—79). Праф. Ліверпулскага (з 1907) і Кембрыджскага (з 1921) ун-таў. Прыхільнік параўнальна-гістарычнага метаду. Сістэматызаваў звесткі аб першабытных вераваннях, татэмізме, анімізме, табу, паказаў іх генет. сувязь з рэлігіямі стараж. дзяржаў, іудаізмам, хрысціянствам. Паводле Ф., чалавечая свядомасць эвалюцыяніравала ад панавання магічных уяўленняў да «веку рэлігіі», потым да «веку навукі». Ф. проціпастаўляў магію рэлігіі, ідэалогію выводзіў з індывід. псіхалогіі. Асн. працы: «Залатая галіна» (1890), «Даследаванне магіі і рэлігіі» (т. 1—12, 1907—15), «Татэмізм і экзагамія» (1910).

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)