НО́СЬБІТЫ ЗАРА́ДУ, носьбіты току,

агульная назва зараджаных рухомых часціц (ці квазічасціц), якія забяспечваюць праходжанне эл. току праз рэчыва. Тэрмін найчасцей выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела, дзе аб’ядноўвае электроны праводнасці і дзіркі (гл. Металы, Паўправаднікі).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НСКІ ПРАХО́Д,

горны праход у Пакістане, на стыку гор Мекран і Сулейманавых. Выш. 1792 м. Злучае ўнутр. раёны Іранскага нагор’я з далінай р. Інд. Праз Баланскі праход да мяжы з Афганістанам пракладзены чыгунка і шаша.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́НА ФО́РМУЛА,

формула, якая выражае плошчу трохвугольніка S праз даўжыні яго старон a, b, c: S = p (p a) (p b) (p c) , дзе p = (a+b+c) 2 — паўперыметр трохвугольніка. Названа імем Герона Александрыйскага.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧА́Р (цюрк.),

старажытнаруская і ўсходняя колючая халодная зброя (меч) з прамым доўгім (да 1,5 м) вузкім трох- ці чатырохгранным клінком. У 14—16 ст. быў на ўзбраенні коннікаў, служыў для паражэння праціўніка праз кольчатыя даспехі.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р-ГАДЗІ́НА (Агадз),

пазасістэмная адзінка электрычнага зараду, роўная зараду, які праходзіць праз папярочнае сячэнне правадніка за 1 гадз пры сіле эл. току 1 А. 1Агадз = 3600 Кл. У ампер-гадзіне звычайна выражаюць зарад акумулятара.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІР,

рака ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 81 км². Пачынаецца каля в. Савічы, цячэ праз азёры Плавун і Вяхава. У верхнім і сярэднім цячэнні часткова каналізаваная.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГАМО́РФНАЯ КВЕ́ТКА,

кветка, у якой праз вось суквецця можна правесці толькі адну плоскасць сіметрыі, напр., у бабовых, губакветных, архідных. Узнікла ў працэсе эвалюцыі як вынік прыстасаванасці да апылення насякомымі, якія могуць пранікаць у кветку адзіным шляхам.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́КСКІ ПРАЛІ́Ў Паміж п-вам Малака і в-вам Суматра. Злучае Андаманскае і Паўднёва-Кітайскае моры праз Сінгапурскі праліў. Даўж. 937 км, найменшая шыр. 15 км, найменшая глыб. на фарватэры 12 км. Каля паўд. ўвахода — порт Сінгапур.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МЕННАЯ ПЕЧ, домна,

шахтавая печ для выплаўкі чыгуну з жалезарудных матэрыялаў (афлюсаванага агламерату, акатышаў, жал. руды). Характарызуецца карысным аб’ёмам (бывае да 5000 м³ і больш) і прадукцыйнасцю (да 12 000 т/сут і больш). Працягласць бесперапыннага дзеяння ад пуску да спынення на капітальны рамонт (т.зв. кампанія) 10—15, часам 20 і больш гадоў.

Зверху праз калашнік у печ загружаюць порцыямі (калошамі) зыходную плавільную сыравіну (шыхту), знізу праз фурмы ў горне падаюць нагрэтае і абагачанае кіслародам паветра, вадкае. газа- або пылападобнае паліва. У шахце з жалезаруднай часткі шыхты адбываецца ўзнаўленне жалеза з вокіслаў і насычэнне яго вугляродам, у выніку чаго ўтвараецца чыгун (гл. Доменны працэс). У распары (самая шырокая цыліндрычная ч. печы) і заплечыках (конусная ч.) чыгун і шлак плавяцца (пераходзяць у вадкі стан) і праз спец. адтуліны (ляткі) перыядычна выпускаюцца ў каўшы. Доменны газ, які ўтвараецца ў доменным працэсе, выходзіць з Д.п. праз газаадводы; шлак гранулюецца (выкарыстоўваецца ў буд-ве). Д.п. футэруюць вогнетрывалай муроўкай: верхнюю ч. выкладваюць малагліназёмістым, ніжнюю — высокагліназёмістым шамотам; ч. горна, дзе назапашваецца чыгун. і под — вугляродзістымі блокамі. Звонку печ адзяецца ў стальны кажух, які ахалоджваецца пераважна праточнай вадой. Д.п. абсталёўваецца скіпавымі пад’ёмнікамі з ваганеткамі або канвеерамі, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі вытв. працэсу. Непадалёку ад Д.п. звычайна размяшчаецца агламерацыйная ф-ка (гл. Агламерацыя). Д.п. з’явіліся ў Еўропе ў сярэдзіне 14 ст., у Расіі каля 1630.

Доменная печ 1 — чыгунны ляток; 2 — паветраная фурма; 3 — горан; 4 — шахта; 5 — скіп; 6 — шыхта; 7 — засыпное прыстасаванне; 8 — комін; 9 — паветрападагравальнік; 10 — газаачышчальнікі; 11 — шлакавы ляток.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГЛІІ (ад грэч. ganglion вузел),

нервовыя вузлы, анатамічна адасобленыя скопішчы цел і адросткаў нейронаў, абкружаныя клеткамі гліі і злучальнатканкавай капсулай з крывяноснымі сасудамі. Лакалізуюцца па ходзе перыферычных нерваў і ў сценках унутр. органаў. Асн. функцыя — перапрацоўка і інтэграцыя нерв. імпульсаў. У беспазваночных жывёл гангліі праз узаемныя злучэнні ўтвараюць адзіную нерв. сістэму. Добра развітыя галаўныя гангліі з’яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі і выконваюць функцыю ц. н. с. У пазваночных жывёл і чалавека адрозніваюць гангліі вегетатыўныя (сімпатычныя і парасімпатычныя) і саматасенсорныя (міжпазваночныя або спіннамазгавыя і чарапныя). Вегетатыўныя маюць шматпалярныя, пераважна эферэнтныя рухальныя, а таксама адчувальныя і асацыятыўныя нейроны, аб’яднаныя праз сінапсы, сематасенсорныя — целы псеўдааднапалярных адчувальных (аферэнтных, рэцэпторных) нейронаў. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)