кераргірыт, мінерал класа галагенідаў, хларыд серабра, AgCl. Змяшчае 73,3% серабра, 24,7% хлору, прымесі ёду, ртуці. Утварае бесперапынны ізаморфны рад з бромаргірытам.
Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, шчоткі з дробных крышталёў, кубічныя крышталі і інш. Колер жамчужна-шэры з жоўта-зялёным ці бурым адценнямі, на свежым зломе бясколерны, пад уплывам святла — фіялетава-карычневы да чорнага. Цв. 2,5. Шчыльн. 5,5—5,6 г/см³. Пластычны. Паходжанне гіпергеннае. Трапляецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных руд. Утварае другасныя сярэбраныя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАІ́Т (назва ад р.Чара),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, складаны сілікат K, Na, Ca, Ba, Mn, змяшчае ваду і фтор. Хім. формула дакладна не высветлена. Адкрыты ў 1977 на Мурунскім шчолачным масіве ва Усх. Сібіры. Сінганія, верагодна, манаклінная, крышт. структура канчаткова не расшыфравана. Утварае валакністыя масы і доўгаслупковыя агрэгаты розных адценняў фіялетавага колеру. Цв. 5,5. Шчыльн. 2,5—2,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, утвараецца ў шчолачных сіенітах. Каштоўны ювелірна-вырабны і калекцыйны камень. Адзінае ў свеце радовішча — Бэзавы камень ва Усх. Сібіры (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.
Літ.:
Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;
Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЗЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. phrasis (phraseōs) выраз + ...логія],
1) сукупнасць фразеалагізмаў пэўнай мовы (гл.Фразеалагічная адзінка). 2) Сукупнасць характэрных спосабаў выражэння, уласцівых асобнаму аўтару, пэўнай сац. групе людзей або літ. кірунку.
3) Раздзел мовазнаўства, які вывучае фразеалагічны склад мовы, даследуе сутнасць фразеалагізмаў, іх структуру, значэнне, стыліст. дыферэнцыяцыю, паходжанне, асаблівасці функцыянавання ў мове. Бел. Ф. ўсебакова вывучаецца з 1950-х г. пад уплывам прац В.У.Вінаградава. Фразеалагізмам як асобным адзінкам мовы, іх ужыванню ў творах Я.Коласа прысвяціла шэраг артыкулаў Г.М.Базыленка: «Да пытання аб фразеалагічных адзінках у беларускай мове» (1954), «Народныя фразеалагізмы ў мове твораў Я.Коласа» (1959), «Фразеалагічныя словазлучэнні таўталагічнага характару» (1970). Сістэматызавана апісаны фразеалагічны склад бел. мовы ў кнігах Ф.М.Янкоўскага «Роднае слова» (2-е выд., 1972), А.С.Аксамітава «Беларуская фразеалогія» (1978), І.Я.Лепешава «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы» (1998). Стылістычны аспект фразеалагізмаў разглядаецца ў кнігах Лепешава «Фразеалогія ў творах К.Крапівы» (1976) і «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984). Аднаму з відаў фразеалагізмаў — перыфразе — прысвечана кніга Г.М.Малажай «Сучасная беларуская мова. Перыфраза» (1980). Даследуюцца бел.гіст. Ф. і паходжанне фразеалагізмаў бел. мовы (Янкоўскі, Аксамітаў, І.С.Козыраў, Лепешаў), распрацоўваюцца праблемы перакладу фразеалагізмаў з бел. мовы на інш. і з інш. моў на бел. (Т.М.Трыпуціна, Н.С.Мажэйка, А.В.Шыдлоўскі, У.І.Мартынеўскі). Выдадзены шэраг фразеалагічных слоўнікаўбел. мовы.
Літ.:
Аксамітаў А.С. Вывучэнне фразеалогіі ў Беларусі (1965—1980 гг.) // Беларуская лінгвістыка. 1980. Вып. 18.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЧ (Beluħ) Аляксандр (14.8.1879, Бялград — 26.2.1960),
сербскі мовазнавец. Чл. Пецярбургскай АН (1910). Праф. Бялградскага ун-та (1905). З 1937 прэзідэнт Сербскай АН. Працы па дыялекталогіі, гісторыі, граматыцы сучаснай серб. мовы («Гісторыя сербска-харвацкай мовы», т. 1—2, 1950—51 і інш.). Зрабіў значны ўклад у параўнальную граматыку слав. моў («Паходжанне праславянскай дзеяслоўнай сістэмы», 1935, і інш.). У сваіх поглядах на агульнае мовазнаўства далучаўся да младаграматызму, пазней адышоў ад іх і стварыў т.зв. бялградскую школу. Асн. лінгвістычныя погляды выклаў у кн. «Аб прыродзе і развіцці мовы» (т. 1—2, 1941—59). Заснавальнік (1913) і рэдактар час. «Іужнословенски филолог» («Паўднёваславянскі філолаг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦ Антон Эдмундавіч (21.2.1848, в. Карвіс Віленскага р-на, Літва — 26.10.1909),
бел. геолаг. Скончыў Фрайбергскую горную акадэмію (Германія). Апісаў адклады мелавога, трацічнага і чацвярцічнага перыядаў у бас. Нёмана. Па даручэнні Мінералагічнага т-ва (1878) даследаваў Віленскую, Гродзенскую, Мінскую, Валынскую губ., Палессе, паўн. рэгіёны Польшчы. Склаў геал. карту гэтых тэрыторый. У 1881—84 даследаваў бас.р. Прыпяць, выказаў думку пра ледавіковае паходжанне покрыўных адкладаў Палесся.
Тв.:
Предварительный отчет о геологических исследованиях в Полесье. СПб., 1886;
Геологические исследования в губерниях Виленской, Гродненской, Минской, Волынской и сев. части царства Польского // Материалы для геологии России. СПб., 1895, т. 17.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІЯ-БІРУ́ЛІ,
шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ. Першым у дакументах згадваецца Гаўрыла Сямёнавіч Біруля, які ў час Лівонскай вайны 1558—83 быў ротмістрам казацкай харугвы. Магчыма, род паходзіць ад віцебскіх баяраў Харковічаў, бо ў 1635 Ян Біруля (верагодна, сын Гаўрылы) названы Харковічам. Першая частка прозвішча Бялыніцкіх-Біруляў паходзіць ад радавога маёнтка Бялынічы (сучасная в. Бялынавічы Віцебскага р-на). Валодалі таксама Навасёлкамі каля Бялынавіч, Зачарніччам, Тулавам, маёнткамі каля мяст. Бялынічы Аршанскага пав. (адсюль паданне пра іх паходжанне з гэтых мясцін). З роду Бялыніцкіх-Біруляў паходзяць А.А.Бялыніцкі-Біруля, В.К.Бялыніцкі-Біруля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКСІ́Т (ад назвы мясцовасці Бо на Пд Францыі, дзе ўпершыню быў знойдзены),
алюмініевая руда, якая складаецца пераважна з гідратаў вокіслаў алюмінію, вокіслаў жалеза (бёміту, гібсіту, гідрагётыту, дыяспару і інш.) і гліністых мінералаў. Агрэгаты шчыльныя (камяністыя), порыстыя, зямлістыя, глінападобныя. Колер белы, шэры, жоўты, чырвоны, чорны. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1800—3200 кг/м³. Паходжанне латэрытнае (рэшткавае, ва ўмовах трапічнага і субтрапічнага клімату) і асадкавае. Гал. руда для атрымання алюмінію, выкарыстоўваецца на выраб фарбаў, штучных абразіваў, вогнетрывалых матэрыялаў і інш.Асн. радовішчы ў Аўстраліі, Сурынаме, Гаяне, Бразіліі, Гвінеі, Францыі, Венгрыі, Расіі, ЗША, на Ямайцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НД (ад санскр. курувінда — рубін),
мінерал падкласа простых аксідаў, аксід алюмінію, Al2O3. Прымесі хрому, жалеза, тытану і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі бочкападобныя, таблітчастыя, слупкаватыя, дыпірамідальныя. Агрэгаты сярэдне- і тонказярністыя. Колер белы, шэры, сіні, чырвоны, жоўты, зялёны. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 9. Шчыльн. каля 4 г/см³. Паходжанне метамарфічнае, метасаматычнае; намнажаецца ў россыпах. Абразіўны матэрыял; сумесь К. (60—70%) з магнетытам, гематытам і шпінэллю — наждак. Празрыстыя разнавіднасці — каштоўныя камяні (рубін, сапфір). Сінт. К. з дабаўкамі Cr3+, Fe3+ атрымліваюць у прамысл. маштабах для квантавай электронікі, гадзіннікавай, ювелірнай прам-сці і інш.