ГЕНЕ́ТЫКА
(ад грэч. genesis паходжанне),
навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых арганізмаў і метады кіравання імі. Цесна звязана з малекулярнай біялогіяй, цыталогіяй, эвалюцыйным вучэннем, селекцыяй. У залежнасці ад аб’екта вывучэння адрозніваюць генетыку мікраарганізмаў, раслін, жывёл, чалавека, ад узроўню даследаванняў — малекулярную генетыку, цытагенетыку, біяхім., папуляцыйную і інш. Ідэі і метады генетыкі выкарыстоўваюць для вырашэння праблем медыцыны, сельскай гаспадаркі, мікрабіял. прам-сці.
Асновы генетыкі закладзены аўстр. натуралістам Г.Мендэлем, які адкрыў законы спадчыннасці (1865), і амер. навук. школай У.Моргана, што абгрунтавала храмасомную тэорыю спадчыннасці (1910-я г.). Вял. значэнне для развіцця генетыкі мелі працы амер. вучоных Г.Мёлера, А.Стэртэванта, Дж.Бідла, Дж.Уотсана, англ. генетыкаў Дж.Холдэйна, Ф.Крыка, ням. даследчыкаў Э.Баўра, С.Штубе, шведа Г.Нільсана-Эле. У СССР у 1920—30-я г. значны ўклад у генетыку зрабілі працы М.І.Вавілава, М.К.Кальцова, С.С.Чацверыкова, А.С.Сераброўскага, М.П.Дубініна і інш. З сярэдзіны 1930-х г., асабліва пасля 1948, сав. генетыцы былі навязаны погляды Т.Дз.Лысенкі (ён беспадстаўна называў сваё вучэнне мічурынскім), што да 1965 фактычна прыпыніла развіццё генетыкі; яна была аб’яўлена лжэнавукай, шальмаваліся вучоныя гэтых поглядаў, закрыліся буйныя генетычныя школы. За гэты час хуткае развіццё генетыкі за мяжой, асабліва малекулярнай генетыкі ў 2-й пал. 20 ст., дазволіла раскрыць структуру генетычнага матэрыялу, пазнаць механізмы яго функцыянавання.
На Беларусі першыя селекцыйна-генетычныя даследаванні праводзіў у 2-й пал. 19 ст. Горы-Горацкім земляробчым ін-це М.В.Рытаў. Развіццё генетыкі звязана з імёнамі вучоных А.Р.Жэбрака, А.М.Іпацьева, М.В.Турбіна, П.Ф.Ракіцкага, Л.У.Хатылёвай, У.К.Саўчанкі, Г.М.Палілавай, А.У.Канстанцінава, У.Я.Борматава, Г.І.Лазюка, Г.В.Краскоўскага і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў Мін-ва аховы здароўя, н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, жывёлагадоўлі, Горацкай с.-г. акадэміі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, мед. ін-тах і інш. Вывучаюцца генет. прынцыпы селекцыі раслін на гетэрозіс, механізмы фарміравання цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, тэарэт. асновы генетыкі паліплоідных папуляцый. Распрацоўваюцца генет. асновы селекцыі раслін, жывёл і мікраарганізмаў, метады павышэння прадукцыйнасці культурных раслін і с.-г. жывёл, пытанні малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі, папуляцыйнай генетыкі, імунагенетыкі, генетыкі чалавека, пухліннага росту, лячэння спадчынных хвароб (гл. Генетыка медыцынская). Вывучаюцца генетычныя вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Жученко А.А. Экологическая генетика культурных растений: (Адаптация, рекомбиногенез, агробиоценоз). Кишинев, 1980;
Актуальные вопросы прикладной генетики в животноводстве. М., 1982;
Бочков Н.П., Захаров А.Ф., Иванов В.И. Медицинская генетика. М., 1984;
Айала Ф., Кайгер Дж. Современная генетика: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987.
А.Г.Купцова.
т. 5, с. 156