савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн.ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав.ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),
спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж.к-тпагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл.Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец.тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр.ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл.Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр.ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр.БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССРузнаг. ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял.Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням.-фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.М.Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).
А.А.Паўлоўскі.
Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́ШЧЫК Мікалай Мікалаевіч (14.2.1906, в. Віцкаўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1986),
бел. гісторык, археограф, археолаг, этнограф, краязнавец, літаратар. Д-ргіст.н. (1964). Скончыў БДУ (1929). У 1924—30 працаваў у Бел.дзярж. б-цы і Кніжнай палаце БССР. 16.6.1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1931 высланы на 5 гадоў у г. Налінск Вяцкай вобл. 10.6.1933 асуджаны паўторна, этапіраваны ў Марыінскі папраўча-працоўны лагер (Новасібірская вобл.), пасля ў пас. Суслава Кемераўскай вобл. Вызвалены ў 1935 без дазволу вяртання на Беларусь, выкладаў у рас. школах і тэхнікумах. З 1939 у Ленінградзе, настаўнічаў. 23.6.1941 арыштаваны і высланы ў г. Златауст Чэлябінскай вобл. Пры садзейнічанні акадэміка АНСССР Л.А.Арбелі ў 1942 вызвалены, займаўся вывучэннем агр. гісторыі Беларусі і Літвы 19 ст. У 1948 выкладаў у Маскоўскім ун-це. У 1949 звольнены з працы, рэпрэсіраваны і ў 1951 этапіраваны ў Сібірскі лагер пас. Суслава. Вызвалены ў 1955, вярнуўся ў Маскву, дзе да 1986 працаваў навук. супрацоўнікам Ін-та гісторыі АНСССР.
Гал. кірункі даследаванняў — праблемы агр. гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айч. летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нац. кнігазнаўству, археал. раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С.С.Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку агр. ладу на літ.-бел. землях, узмацнення там эканам. і сац. зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да зах.-еўрап. краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феад.-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі. У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археагр. публікацый за 1824—1940, паказаў дзейнасць даследчыкаў І.Грыгаровіча, І.Лабойкі, І.Даніловіча, С.Пташыцкага, П.Бяссонава, Я.Галавацкага, Дз.Даўгялы, М.Доўнар-Запольскага, У.Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай карціны бел. мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалаг. тэндэнцыйнасць тагачасных афіц. выданняў. 2-я частка гэтага твора [захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмяротна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі» (уклад. Я.М.Кісялёва, В.У.Скалабан), 1999] прысвечана крытычнаму разгляду зб-каў дакументаў па гісторыі Беларусі 17—1-й пал. 19 ст., па рус.-бел. сувязях 16—17 ст., выданняў Ін-та л-ры АНБССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па бел. л-ры 19 ст., выданняў пра жыццё і творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. З задуманага 3-га раздзела (разгляд мемуарных крыніц 19 — пач. 20 ст.) прааналізаваў успаміны Э.Вайніловіча. Пераклаў на рус. мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966). Складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў бел.-літ. летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Навук. значнасць маюць гіпатэтычныя меркаванні У. пра дзярж.-кансалідуючую ролю стараж. Наваградка, магчымае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (бел.) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М.Стрыйкоўскага, і інш. Аўтар гіст.-этнагр., краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» (1991—97), «Краязнаўства» (1999—2000).
Тв.:
Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;
Краязнаўства: Нататкі пра бадзянні ў 1924—1929 гг.: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;
Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 2000;
Выбранае. Мн., 2001.
Літ.:
М.М.Улашчык: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996;
Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. 3, сш. 1 [нумар прысвечаны М.Улашчыку];
Русь—Литва—Беларусь: Пробл. нац. самосознания в историогр. и культурологии: По материалам междунар. науч. конф., посвящ. 90-летию со дня рождения Н.Н.Улащика. М.,1997;
М.М.Улашчык і праблемы беларускай Гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТЫКО́Ў-ШЧАДРЫ́Н Міхаіл Яўграфавіч (сапр.Салтыкоў; літ.псеўд. Н.Шчадрын; 27.1.1826, с. Спас-Вугал Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 10.5.1889),
рускі пісьменнік, крытык, публіцыст дэмакр. кірунку. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1844). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу. Светапогляд С.-Ш. складваўся пад уплывам В.Бялінскага, М.Гогаля, А.Герцэна, ідэй петрашэўцаў і франц. утапічнага сацыялізму. Друкаваўся з 1841 (вершы). Першыя аповесці «Супярэчнасці» (1847) і «Заблытаная справа» (1848) сталі прычынай высылкі аўтара ў Вятку (1848—55), дзе С.-Ш. служыў чыноўнікам губернскага праўлення. Пасля вяртання ў Пецярбург служыў у Мін-ве ўнутр. спраў (1856—58), віцэ-губернатарам у Разані, пазней у Цверы (1858—62), з 1864 — у сістэме Мін-ва фінансаў у Пензе, Туле, Разані. У 1868 выйшаў у адстаўку. У 1863—65 супрацоўнік час. «Современник», з вер. 1868 член рэдакцыі і актыўны супрацоўнік, з 1877 адказны рэдактар час. «Отечественные записки» да забароны гэтага выдання ў 1884. У цыкле сатыр. нарысаў і апавяданняў «Губернскія нарысы» (1856—57), «Нявінныя апавяданні» (1857—63), «Пампадуры і пампадуршы» (1863—74), «Гісторыя аднаго горада» (1869—70), «Паны ташкентцы» (1869—72), «Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу» (1872), «Добранамераныя прамовы» (1872—76), «За мяжой» (1880—81), рамане «Паны Галаўлёвы» (1875—80) і інш. паказаў крызіс прыгоннага ладу, дасціпна крытыкаваў бюракратыю, прыстасавальніцтва, маральную дэградацыю дваранства, рэакц. сутнасць і амаралізм прускага мілітарызму і паказной парламенцкай дэмакратыі. Сатырычны талент С.-Ш. ярка выявіўся ў апошніх творах; «Казкі» (1882—86, асобнае выданне 1884 нелегальна пад назвай «Казкі для дзяцей немалога ўзросту», легальна выд. 1887; частка казак апубл.пасмяротна), «Дробязі жыцця» (1886—89), «Пашахонская даўніна» (1887—89), дзе пісьменнік выкарыстаў прыёмы памфлета і гратэску, убачыў сваю эпоху ў кантрастных і трагічных тонах. Аўтар камедый «Смерць Пазухіна» (1857, забаронена; паст. 1893), «Цені» (1862—65, не завершана; паст. 1914), публіцыстычнага цыкла «Наша грамадскае жыццё» (1864), літ.-крытычных артыкулаў.
Творчасць С.-Ш. паўплывала на станаўленне камічнага жанру ў бел. л-ры, творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., К.Крапівы, развіццё публіцыстыкі, драматургіі, тэатр. мастацтва. У бел. крытыцы і літ.-знаўстве яго спадчына разглядалася як важнае звяно сацыяльна ангажыраванай маст. культуры ў кірунку крытычнага рэалізму. Газ. «Минский листок» убачыла ў ім выдатнага мысліцеля і асветніка. Супрацоўнік газ. «Голос провинции» М.Караліцкі адзначаў актуальнасць выкрывальніцкай творчасці С.-Ш. для сучаснасці. Газ. «Гомельская мысль» у артыкулах «З мінулага», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын. Да 25-годдзя з дня смерці» паведаміла новыя факты з жыцця пісьменніка, адзначыла ўплыў Бялінскага, Дабралюбава і Някрасава на станаўленне яго светапогляду. Да традыцый С.-Ш. часта звярталася бел.сав. крытыка 1930-х г. як аргумента пры абгрунтаванні рэаліст. метаду. Бел. друк у 1930-я г. адзначыў 50-годдзе з дня смерці С.-Ш. ў арт. «Вялікі сатырык» М.Дабрыніна і інш. публікацыях. Апублікаваны бібліягр. даведнік «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын» (1939). У 1950—70-я г.бел.літ.-знаўцы Дз.Палітыка, І.Ішчанка, Н.Сніцарава даследавалі важныя аспекты літ., сац.-філасофскай і журналісцкай спадчыны С.-Ш. У дарэв. час мясцовыя і прыезджыя тэатр. трупы паказвалі п’есы С.-Ш. ў Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Гомелі і інш. У Брэсце ў 1883 паказана інсцэніроўка «Паны Галаўлёвы». На бел. мову яго творы перакладалі К.Чорны («Казка аб заўзятым начальніку...», 1936), У.Ляўданскі (кн. «Выбраныя апавяданні», 1948), Я.Шарахоўскі («Казкі», 1953), В.Вітка («Паны Галаўлёвы», 1956), Х.Жычка (казка «Кісель», 1976) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—20. М., 1965—77.
Літ.:
Салтыков-Щедрин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1975;
Политыко Д.А. Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;
Ищенко И.Т. Пародии Салтыкова-Щедрина. Мн., 1973;
Бушмин А.С. Художественный мир Салтыкова-Щедрина: Избр. тр.Л., 1987;
Николаев Д.П. Смех Щедрина: Очерки сатир. поэтики. М., 1988;
Ауэр А.П., Борисов Ю.Н. Поэтика символических и музыкальных образов М.Е.Салтыкова-Щедрина. Саратов, 1988;
Салтыков-Щедрин и русская литература. Л., 1991;
М.Е.Салтыков-Шедрин: пробл мировоззрения, творчества, языка. Тверь, 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІЧНЫЯ ВОЙСКІ
— спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на яе сухап., рачных (азёрных) рубяжах. Складаюцца з пагран. атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту — Галоўнакамандуючаму Узбр. Сіламі Рэспублікі Беларусь. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня Дзярж. камітэта — камандуючы пагранічнымі войскамі праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе пагранвойск КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 знаходзяцца ў веданні Гал. ўпраўлення пагран. войск пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж. камітэт пагран. войск Рэспублікі Беларусь. Пагран. войскі забяспечваюць недатыкальнасць граніц краіны, падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагран. кантроль і інш. Свае задачы выконваюць самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгран. раёнаў. На ўзбраенні маюць сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, верталёты і спец.тэхн. сродкі, а таксама рачныя караблі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для пагран. войск ажыццяўляюць адпаведныя ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Неабходнасць аховы граніц узнікла са з’яўленнем першых княстваў на тэр. Беларусі. Напачатку гэта былі вартоўні (скрытыя каравулы ўздоўж мяжы княстваў), пазней сталі будаваць памежныя крэпасці. Так узніклі гарады Браслаў, Гарадзец, Герцыке, Дзісна, Дрыса, Копысь, Кукенойс, Лагойск, Мінск, Мядзел. У далейшым створана супрацькрыжацкая памежная лінія абароны, якая аб’ядноўвала замкі ў Крэве, Лідзе, Медніках, Мерачы, Навагрудку, Слоніме, Троках. На поўдні з мэтай папярэджання набегаў крымскіх татараў створаны памежны пояс замкаў Палесся і Пасожжа: Бабруйск, Гомель, Каралін, Клецк, Лоеў, Мазыр, Прапошаск, Радамль. Парубежныя замкі і крэпасці злучаліся паміж сабой землянымі валамі, глыбокімі равамі, ляснымі заваламі і засекамі. Да 14 ст. на землях Беларусі была створана сістэма памежных замкаў і крэпасцей, а жыхары гарадоў, каля якіх узводзіліся ўмацаванні, абавязаны былі прызначаць і рыхтаваць за асабісты кошт пастаянныя круглагадовыя варты, якія вялі бесперапынны нагляд перадполля сумежнага боку У ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні, гар. абшчыны выконвалі шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах (найперш памежных) да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобныя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна выконвалі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некат. гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1754 створаны пагран. мытні Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 на тэр.Усх. Беларусі таксама створаны пагран. мытні, заставы і фарпосты; акрамя іх зах. граніцу ахоўвалі казацкія і ландміліцыйныя фарміраванні. З 1782 вайск.пагран. аховы і пагран. фарпосты ліквідаваны, а замест іх створаны мытны пагран. ланцуг і варта, якія складаліся з вольнанаёмных мытных наглядчыкаў і аб’ездчыкаў. З 1811 зах. граніца Рас. імперыі ахоўвалася ў 2 лініі: на першай размяшчалася пагран. варта, за ёю — мытнікі. З 1823 у дапамогу аб’ездчыкам прызначаліся пешыя воіны.
З 1830-х г. ахова бел. ўчастка зах. мяжы Расіі была ўскладзена на Гродзенскую акругу ў складзе віленскай і гродзенскай брыгад. У 1832 мытная пагран. варта перайменавана ў пагран. варту. У 1893 пагран. варта вылучана з мытнага дэпартамента і створаны Асобы корпус пагран. варты. Ахову мяжы Рас. імперыі на зах. участку забяспечвалі падраздзяленні 2-га (штаб у г. Вільня) і 3-га (штаб у г. Варшава) пагран. акруг. У 1899 пагран. казённая варта ўпарадкавана: пагран. корпус падзяляўся на брыгады, а апошнія на аддзелы, атрады, пасты (кардоны) і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны пагран. брыгады гэтых акруг перафарміраваны ў пагран. палкі (пераважна конныя) і ўключаны ў склад дзеючай арміі. Пасля заключэння ў 1918 Брэсцкага міру ўстаноўлена дэмаркацыйная лінія, якая праходзіла ад Пскова да Віцебска; цераз р. Дняпро, падзяляючы Оршу папалам, ахоплівала Навазыбкаў і далей паварочвала на ўсход да Курска. На бел. участку ахову неслі падраздзяленні смаленскага пагран. раёна. 29.3.1918 створаны Зах. ўчастак атрадаў (заслоны), у склад якой уваходзілі Невельска-Велікалуцкі, Віцебскі, Аршанскі, Рослаўскі, Бранскі і Курскі атрады Чырв. Арміі. Паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 28.5.1918 аб устанаўленні пагран. аховы на тэр. Беларусі сфарміравана 2-я акруга пагран. аховы ў складзе Себежскага, Порхаўскага, Віцебскага, Аршанскага і Чэрыкаўскага пагран. раёнаў (упраўленне акругі ў г Віцебск); сфарміравана некалькі дывізій: 1-я Віцебская (у Невелі), 1-я Магілёўская (у Оршы), 1-я Смаленская (у Віцебску), 2-я Смаленская (у Смаленску).
Летам 1919 пагран. войскі ўключаны ў склад дзеючай арміі, але ў жніўні зноў пачалося фарміраванне 1-й, 2-й і 53-й пагран. дывізій 3 ліст. 1920 аховай граніцы кіраваў асобы аддзел ВЧК. Пагран. службу на бел. участку неслі батальёны 6-й, 20-й і 21-й брыгад, якія размяшчаліся ў Полацку, Лепелі, Мінску, Слуцку, Жыткавічах і былі сфарміраваны з падраздзяленняў войск Зах. фронту. У 1922 зах. граніцу на тэр.БССР ахоўвалі 5-ы і 163-і стралк. палкі, якія сталі асновай першага на Беларусі пагран. палка. У 1924 на тэр.БССР пачалося фарміраванне Зах.пагран. акругі. У 1931 абсталявана першая кантрольна-следавая паласа, у 1936 у Мінску сфарміраваны 6-ы авіяатрад пагран. войск АДПУ. У 1930-я г. нарадзілася традыцыя ўвекавечвання гераічных подзвігаў пагранічнікаў на заставах, дзе яны неслі службу Першай такой заставай у Беларусі стала 7-я застава 12-га Бігосаўскага атрада, названая імем М.Хахлова, які загінуў у баі з парушальнікамі граніцы ў ліп. 1927 (цяпер яго імя носіць 2-я пагран. застава Полацкага пагран. атрада). 15.1.1932 за заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі АДПУБССР узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998), а 16.2.1936 ЦВКСССР узнагародзіў ордэнам Чырвонай Зоркі 17-ы Цімкавіцкі пагран. атрад. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у лют. 1940 сфарміравана Паўн.-Зах.пагран. акруга, якая ў жн. 1940 аб’яднана з Бел.пагран. акругай (упраўленне ў г. Беласток). Калі ў склад СССР увайшлі Прыбалт. рэспублікі (Літва, Латвія і Эстонія) сфарміравана Прыбалт. пагран. акруга, у склад якой перададзены 12-ы Бігосаўскі атрад (перадыслацыраваны ў г. Ліепая). Для аховы сав.-герм. граніцы на літоўскім участку сфарміраваны 105-ы, 106-ы і 107-ы пагран. атрады, якія ўвайшлі ў склад Бел.пагран. акругі. 22.6.1941 вартавыя зах. рубяжоў першыя прынялі на сябе ўдар ням.-фаш. захопнікаў. Упартае супраціўленне агрэсарам аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагран. атрада і інш.), байцы і афіцэры застаў, якімі камандавалі А.Кіжаватаў, В.Усаў, А.Сівачоў. Паводле пастановы СНКСССР ад 25.6.1941 ахова тылу дзеючай Чырв. Арміі даручалася войскам НКУС. Упраўленне пагран. войск НКУСБССР пераўтворана ва Упраўленне войск НКУС аховы тылу Зах. фронту, атрады перайменаваны ў палкі: Дзяржынскі стаў 16-м, Бярэзінскі — 13, Жыткавіцкі — 18, Ломжынскі — 87, Брэсцкі — 17-м пагран. палкамі, якія ўдзельнічалі ў абароне Кіева (17-ы і 18-ы палкі), у ахове тылу войск пад Масквой (13-ы, 16-ы і 87-ы палкі).
У ходзе наступальных аперацый Чырв. Арміі пагран. войскі ліквідоўвалі рэшткі разгромленых часцей акупантаў. У час Беларускай аперацыі 1944 пагранічнікі больш за 110 разоў уступалі ў баі з разрозненымі групамі ворага, знішчылі і захапілі ў палон больш за 6,5 тыс. салдат і афіцэраў. Пагран. падраздзяленні выкарыстоўваліся для выканання дыверсійна-разведвальных задач, прымалі ўдзел таксама ў снайперскім руху (толькі на Зах. фронце ў 1943 дзейнічалі 18 снайперскіх каманд 13-га пагран. палка, якія знішчылі 3756 ворагаў). Значны ўклад пагранічнікаў у партыз. рух. Паспяхова дзейнічалі партыз. атрады і брыгады на чале з С.Ваўпшасавым, Ф.Азміцелем, М.Кузьміным. Са складу пагран. і ўнутр. войск НКУС у кастр. 1942 — лютым 1943 сфарміравана Асобная армія НКУССССР (пазней наз. 70-я армія), часці якой удзельнічалі ў Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, у вызваленні паўд.-ўсх.тэр. Беларусі. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі, вызначыўся таксама пад Магілёвам, Оршай, Мінскам, Баранавічамі (пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Сярод герояў-пагранічнікаў — беларусы М.І.Аверчанка, І.М.Кобзун, Ф.Я.Макавецкі, А.Дз.Мацюшоў, С.С.Пустэльнікаў, А.П.Сабалеўскі. Для аднаўлення аховы зах. граніцы СССР 17.4 1944 сфарміравана Упраўленне пагран. войск НКУС (потым МУС) Бел. акругі, якое размяшчалася ў г. Смаленск (пазней — у Мінску). З ліку асабовага складу часцей Далёкаўсходняй і Забайкальскай пагран. акруг, пагран. палкоў аховы тылу дзеючай арміі і ўнутр. войск былі сфарміраваны пагран. атрады, якія пасля вызвалення тэр. Беларусі ад праціўніка паступова сталі выходзіць на лінію дзярж. граніцы. Да канца 1944 ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР была канчаткова адноўлена. Імёнамі І.Бяляева, Р.Кафанава, А.Кіжавагава, Ф.Кірычэнкі, А.Новікава, С.Пустэльнікава, А.Сікачова, В.Усава названы пагран. заставы ў Беларусі.
Пагранічнікі Беларусі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэр. Афганістана. Сярод іх Герой Сав. Саюза І.П.Барсукоў, які ў 1987—93 быў нач. 86-га Чырванасцяжнага пагран. атрада імя Дзяржынскага. Яго імем названа 5-я пагран. застава 86-й пагран. групы.
В.В.Шумской, В.А.Юшкевіч.
Пагранічнікі на комплексным аператыўным вучэнні «Чыстае неба-2003».