РАКО́ЎСКІ (Уладзімір Яўгенавіч) (5.12.1900, Масква — 10.12.1987),
расійскі і бел. вучоны ў галіне хіміі цвёрдага паліва. Чл.-кар.АН Беларусі (1940), д-рхім.н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1923 у розных н.-д. установах. У 1943—46 і 1960—63 дырэктар Ін-та торфу АН Беларусі, у 1964—69 у Калінінскім політэхн. ін-це (заг. кафедры), з 1970 у Маскоўскім філіяле Усесаюзнага НДІ тарфяной прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі і хім. тэхналогіі перапрацоўкі торфу, пытаннях паходжання цвёрдага паліва і нафты, тэорыі тэрмічнай дэструкцыі прыродных палімераў. Аўтар хім. тэорыі спякання вугалёў.
Тв.:
Химия пирогенных процессов. Мн., 1959 (разам з Ф.Л.Кагановіч, Я.А.Навічковай);
Химия и генезис торфа. М., 1978 (разам з Л.У.Пігулеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ЦЫІ РЭА́КЦЫІў арганічнай хіміі,
назва вялікай групы рэакцый рознага характару, якія прыводзяць да ўтварэння з дзвюх ці некалькіх малекул адной больш складанай.
У больш вузкім значэнні К.р. — унутры- і міжмалекулярны працэс утварэння новых вуглярод-вугляродных (C—C) сувязей. Звычайна К.р. суправаджаюцца адшчапленнем простай неарган. ці арган. малекулы (напр., галагенавадароду, вады, вадароду, спірту) і адбываюцца з удзелам кандэнсавальных агентаў — рэчываў, якія звязваюць малекулы, што адшчапляюцца, ці аказваюць каталітычнае дзеянне. Напр., кратонавая кандэнсацыя (узаемадзеянне 2 малекул альдэгідаў ці кетонаў з утварэннем малекулы ненасычанага карбанільнага злучэння) і шматлікія роднасныя працэсы адбываюцца з адшчапленнем малекул вады ў прысутнасці каталізатараў — кіслот (напр., сернай H2SO4, салянай HCl) ці асноў (напр., натрыю гідраксіду NaOH, аміду NaNH2). Звычайна да К.р. не адносяць этэрыфікацыю, алкіліраванне або ацыліраванне па гетэраатамах (кіслароду, азоту), аднак працэсы ўтварэння палімераў, якія адбываюцца па гэтых схемах, наз.полікандэнсацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЧЫ́НАЎ (Барыс Іванавіч) (н. 19.6.1935, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства ў машынабудаванні. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1986), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1989). Засл. вынаходнік Беларусі (1981). Сын І.І.Купчынава. Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1969 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні трэння і зносу цвёрдых цел, фізіцы і механіцы кампазіцыйных матэрыялаў на аснове палімераў, трыбалогіі вадкіх крышталёў. Распрацаваў канстр.-тэхнал. параметры працэсу вытв-сці драўнінна-палімерных матэрыялаў, асновы новага павук. кірунку па стварэнні высокаэфектыўных вадкакрышт. змазачных матэрыялаў. Навук. адкрыццё ў галіне біятрыбалогіі (1984). Дзярж. прэмія БССР 1972.
Тв.:
Технология конструкционных материалов и изделий на основе измельченных отходов древесины. Мн., 1992 (разам з М.В.Немагаем, С.Ф.Мельнікавым);
Биотрибология синовиальных суставов. Мн., 1997 (разам з Я.Дз.Белаенкам, С.Ф.Ермаковым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕ́ТЫКІ,
вадкія, вязкацякучыя ці пастападобныя кампазіцыі на аснове палімераў ці алігамераў, здольныя забяспечваць непранікальнасць (герметычнасць) стыкаў, швоў, злучэнняў розных канструкцый за кошт высокай адгезіі да матэрыялаў.
Для ўшчыльнення нераздымных злучэнняў выкарыстоўваюць герметыкі на аснове полісульфідных, крэмнійарган., урэтанавых, фторзмяшчальных, вуглевадародных каўчукоў з канцавымі функцыянальнымі групамі, якія ўтвараюць герметычны слой на злучальным шве ў выніку ацвярджэння (вулканізацыі). У іх састаў уваходзяць таксама 1—3 кампаненты (напаўняльнікі, вулканізуючыя агенты і інш.), якія змешваюць перад выкарыстаннем. Для ўшчыльнення раздымных злучэнняў карыстаюцца герметыкі, якія не вулканізуюцца (невысыхальныя замазкі) — сумесі каўчукоў насычаных ці малой ненасычанасці (напр., поліізабутылен) з напаўняльнікамі і масламі. Вадкія герметыкі — растворы ці дысперсіі сінт. смол ў арган. растваральніках (напр., этаноле) ці вадзе (гл.Кампаўнды палімерныя). Выкарыстоўваюць у авія- і суднабудаванні, буд-ве, хім. і радыёэлектроннай прам-сці.
Літ.:
Аверко-Антонович Л.А., Кирпичников П.А., Смыслова Р.А. Полисульфидные олигомеры и герметики на их основе. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЮ́Г (Валянцін Афанасьевіч) (9.6.1931, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 10.1.1997),
расійскі хімік-арганік. Акад.Рас.АН (1979; чл.-кар. 1968). Замежны чл.АН Беларусі (1995). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал.ін-т (1954), дзе і працаваў. З 1959 у Ін-це арган. хіміі Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1987 дырэктар), адначасова ў Новасібірскім ун-це (у 1978—80 рэктар). З 1980 віцэ-прэзідэнт Рас.АН і старшыня яе Сібірскага аддзялення. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэакцый ізамерызацыі замешчаных араматычных злучэнняў, выкарыстанні ЭВМ для рашэння структурных задач арган. хіміі. Устанавіў асаблівасці будовы і заканамернасці пераўтварэння карбакатыёнаў, што паслужыла асновай колькаснай тэорыі малекулярных перагруповак. Распрацаваў новыя спосабы атрымання і выкарыстання арган. злучэнняў розных тыпаў (для інгібіравання акісляльнай дэструкцыі палімераў, як дабаўкі для паляпшэння рэалагічных уласцівасцей нафтаў і інш.). Ленінская прэмія 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],
тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл.Тыяфенол).
Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10−9мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (24.5.1906, г. Казань, Расія — 19.11.1975),
савецкі хірург.Акад.АМНСССР (1957), ген.-палк.мед. службы (1963). Герой Сац. Працы (1966). Сын і вучань А.В.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1929). Працаваў у ім, з 1931 у Ваенна-мед. акадэміі (Ленінград), з 1933 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны. З 1948 дырэктар Ін-та хірургіі імя А.В.Вішнеўскага АМНСССР і адначасова (з 1956) гал. хірург Сав. Арміі. Навук. працы па мясц. анестэзіі, абязбольванні, гіпатэрміі і штучным кровазвароце пры аперацыях на сэрцы і лёгкіх, праблемах нерв. трофікі ў хірургіі, выкарыстанні палімераў у хірургіі. Упершыню ў свеце выканаў пад мясц. анестэзіяй аперацыю на сэрцы (1953), першую ў СССР аперацыю на «адкрытым сэрцы» ва ўмовах штучнага кровазвароту (1957). Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1970.
Тв.:
Дневник хирурга. Великая Отечественная война 1941—1945 гг.М., 1967;
Избранные работы по хирургии и пограничным областям. Т. 1—2. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Уладзімір Аляксеевіч) (8.6.1922, г. Краснадар, Расія — 17.8.1994),
бел. вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм.Акад.АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969), д-ртэхн.н., праф. (1971). Засл. вынаходнік Беларусі, засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Растове-на-Доне (1945). З 1953 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту, з 1969 дырэктар Ін-та механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі і адначасова да 1973 рэктар Гомельскага ун-та. У 1973—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1978—83 рэктар БДУ. Навук. працы па даследаванні ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фіз.-мех. ўласцівасцямі, стварэнні новага класа кампазіцыйных матэрыялаў, адгезійнай і кагезійнай трываласці металапалімераў. Прапанаваў асновы разліку і канструявання металапалімерных вырабаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979 (у сааўт.);
Трибология: исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993 (у сааўт.).