МІКАТРО́ФЫ [ад грэч. mykes грыб + ...троф(ы)],

мікатрофныя расліны, расліны, якія ўтвараюць мікарызу і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з глебы з дапамогай гіфаў грыбоў, звязаных з каранямі. Да М. адносіцца большасць відаў раслін — усе голанасенныя, большасць аднадольных (75%) і двухдольных (80—90%), за выключэннем некат. аднагадовых, асакі, дзеразы, хвашчоў і водных раслін. Адрозніваюць 3 групы М.: расліны, якія не развіваюцца з насення без спалучэння з грыбам-сімбіёнтам (архідныя); расліны, якія могуць расці без мікарызы, але лепш развіваюцца пры спалучэнні з грыбам (многія дрэвы, кусты); расліны, што часта маюць мікарызу, але ў спрыяльных умовах жыўлення добра развіваюцца і без спалучэння з грыбам (напр., бяроза, ліпа, многія кусты).

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДТЫ́ННІК, чыстацел (Chelidonium),

род кветкавых раслін сям. макавых. 1 від — П. вялікі, або бародаўнік (Ch. majus). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і як заноснае на ПнУ Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца па сырых ярах, у хмызняках, на пустках, каля жылля, у садах і парках. Нар. назвы жоўты малачай, цалідонія, цанцалея.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 80 см. Сцябло прамастойнае, галінастае з ярка-аранжавым млечным сокам. Лісце глыбока перыстарассечанае, зверху зялёнае, знізу шызае, як і сцёблы, укрыта валаскамі. Кветкі жоўтыя, у парасонападобных суквеццях. Плод — стручкападобная каробачка. Ядавіты. Інсектыцыдная, лек., тэхн. расліна (з каранёў атрымліваюць жоўтую фарбу, з насення — тлусты алей).

Падтыннік вялікі.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОД у раслін,

орган размнажэння кветкавых (пакрытанасенных) раслін, што развіваецца з кветкі і мае насенне. Функцыя П. — фарміраванне, ахова і распаўсюджванне насення. Марфал. аснова П. — завязь (завязі), але часта ва ўтварэнні П. прымаюць удзел і інш. ч. кветкі: калякветнік, кветаложа (суніцы), кветкавыя лускавінкі (злакі) і інш. Структурныя адзнакі П. звязаны пераважна са спосабам рассейвання насення. Адрозніваюць П. сухія і сакавітыя, шматнасенныя і аднанасенныя. Сухія шматнасенныя, што раскрываюцца — каробачка, лістоўка, стручок, боб; што распадаюцца — віслаплоднік, двухкрылатка, членісты стручок; сухія аднанасенныя — жолуд, зярняўка, сямянка, арэх. Сакавітыя шматнасенныя — яблык, ягада, аднанасенныя — касцянка. Эканам. значэнне П. вельмі вял.: з іх атрымліваюць алей, крухмал, сыравіну для тэкст. прам-сці, гатуюць лек. прэпараты і інш.

Плод. 1—3. Сямянка (1 — сланечніку; 2 — ваўчкоў; 3 — дзьмухаўца). 4. Віслаплоднік баршчэўніку. 5—7. Зярняўка (5 — пшаніцы; 6 — кукурузы; 7 — кавылю). 8. Арэх ляшчыны. 9. Арэшак ліпы. 10. Шматарэшак чысцяку. 11. Жолуд дубу. 12. Струк гароху. 13. Стручок капусты. 14. Крылатка ясеню. 15. Двухкрылатка клёну. 16. Лістоўка рагулек. 17. Трохлістоўка аканіту. 18. Шматлістоўка пярэсны. 19. Стручочак торбачніку. 20—23. Каробачка (20 — маку; 21 — бавоўніку; 22 — блёкату; 23 — дурнап’яну).
Плод. 1—3. Ягада (1 — агрэсту; 2 — памідора; 3 — вінаграду). 4—6. Яблык (4 — яблыні; 5 — рабіны; 6 — грушы). 7—8. Касцянка (7 — вішні; 8 — слівы). 9—11. Памяранец (9 — лімона; 10 — мандарына; 11 — апельсіна). 12—13. Шматарэшак у мясістым кветаложы (12 — шыпшыны; 13 — суніц).
Плод. 1—3. Гарбузіна (1 — кавуна; 2 — агурка; 3 — гарбуза). 4—5. Шматкасцянка (4 — маліны; 5 — ажыны). 6—8. Суплоддзе (6 — інжыру; 7 — шаўкоўніцы, 8 — ананаса).

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),

род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).

Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.

Абутылон Тэафраста.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖЫ́НКІ,

старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЯЕ́Д БУРАКО́Ў,

хвароба праросткаў і ўсходаў буракоў, якая выклікаецца пераважна паразітычнымі грыбамі. Яго ўзбуджальнікі — грыбы з родаў Pythium, Aphanomyces, Phoma, Rhizoctonia, розныя віды Fusarium, а таксама бактэрыі. Пашкоджваюць цукр., кармавыя і сталовыя сарты, зрэджваюць усходы, змяншаюць ураджайнасць на 10—40%. Хвароба праяўляецца завяданнем і пажаўценнем раслін у фазе семядолей і 1-й пары лісцікаў; на карэньчыках маладых праросткаў паяўляюцца бурыя плямы, падоўжаныя палосы, на падсемядольным калене — кальцавая перацяжка загнілых і пачарнелых тканак. Пры інтэнсіўным развіцці хваробы корань гніе і расл ша гіне. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках у глебе, на каляплодніках насення.

Да арт. Караняед буракоў: 1 — узбуджальнік хваробы ў культуры; 2 — здаровая расліна; 3 — пашкоджаны праростак; 4 — пашкоджаная расліна (перацяжка).

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШМУЛА́ (тур. muşmula),

1) Mespilus, род лістападных кветкавых раслін сям. ружакветных з 1 відам М. германскай, або звычайнай (M. germanica). Пашырана на Пд Еўропы, у М. Азіі. Культывуюць у Еўропе і ЗША. Плады маюць цукар, яблычную к-ту, вітамін C, ужываюцца ў ежу сырыя і салёныя, з іх гатуюць пасцілу, віно. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Меданосная расліна.

2) М. японская, або субтрапічная, або локва (Eriobotrya japonica), вечназялёнае субтрапічнае дрэва ці куст. сям. ружакветных. Пашырана ў Кітаі і Паўн. Індыі. Культывуецца ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Кітаі, Японіі, ЗША. Плады спажываюць свежыя і перапрацаваныя (кампоты, варэнні і інш.). З насення робяць сурагат кавы. Дэкар. расліна.

У.​П.​Пярэднеў.

Мушмула: 1 — германская; 2 — японская.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ТЫ [ад грэч. psammos пясок + ...фіт(ы)],

расліны рухомых пяскоў, пераважна пустынь. Маюць шэраг прыстасаванняў для існавання на пясках, што перавейваюцца ветрам і агаляюць карані або засыпаюць расліны і перашкаджаюць прарастанню насення. Дрэўныя і кустовыя П. ўтвараюць моцныя прыдаткавыя карані на засыпаных пяском ствалах (напр., саксаул, кандым) і парасткі з прыдаткавых пупышак на аголеных каранях (пясчаная акацыя і інш.). Травяністыя П. ўтвараюць падземныя парасткі часам у выглядзе доўгіх каранёў, што хутка растуць праз тоўшчу пяску (напр., асака пясчаная). Многія П. — эфемеры. Для памяншэння выпарэння вады шматгадовыя П. маюць дробнае моцна рэдукаванае лісце або пазбаўлены яго (фотасінтэз і транспірацыя адбываюцца праз сцябло). Плады П. лятучыя (маюць розныя прыдаткі) і не заносяцца пяском.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.​Р.​Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕМАХАРЫ́Я (ад анема... + ...харыя),

перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.

Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)