раздзел мікрабіялогіі, які вывучае склад і функцыі мікрабіяцэнозаў глеб, іх сувязь з раслінамі і ролю ў трансфармацыі арган. і мінер. рэчываў глеб. Даследуе ролю мікраарганізмаў у павышэнні ўрадлівасці глебы, у жыўленні раслін, распрацоўвае спосабы прыгатавання бактэрыяльных угнаенняў і сіласавання кармоў. Цесна звязана з глебавай энзімалогіяй, біяхіміяй, глебазнаўствам.
Як навука сфарміравалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. У яе развіцці важную ролю адыгралі працы нідэрл. вучонага М.Беерынка, які вылучыў і апісаў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901), рус. вучоных С.М.Вінаградскага (адкрыў з’яву хемасінтэзу), М.А.Красільнікава (працы па мікрафлоры глебы) і інш.
На Беларусі развіваецца з 1930-х г. З 1950-х г. даследаванні па глебавай мікрабіялогіі вядуцца ў НДІ глебазнаўства і аграхіміі, земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, у Нац.АН, БДУ, БСГА і інш.Асн. кірункі даследаванняў: узаемаадносіны мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, працэсы біял. фіксацыі атм. азоту, уплыў акультурвання глеб на мікробны цэноз (С.А.Самцэвіч), мікрафлора асн. тыпаў лясоў, глеб Палескай ніз. (П.П.Рагавой, М.І.Мільто, Г.І.Язубчык), мікрабіял. працэсы мінералізацыі арган. рэчыва тарфяна-балотных глеб пад уплывам меліярацыі і мех. апрацоўкі глебы (Ф.П.Вавула, Т.Г.Зіменка, Н.М.Курбатава-Белікава і інш.), уздзеянне экалагічных фактараў (цяжкія металы, пестыцыды, прамысл. адходы і радыенукліды) на мікраарганізмы глебы (В.І.Калешка, А.І.Двайнішнікава, Зіменка, А.С.Самсонава, Н.В.Гаўрылкіна, А.Г.Міснік, Л.А.Карагіна, Т.І.Каляда і інш.). Пытанням стварэння і выкарыстання бактэрыяльных прэпаратаў у раслінаводстве прысвечаны працы Зіменкі, Мільто, М.А.Троіцкага, Карагінай і інш.Гал. Задача глебавай мікрабіялогіі ў сучасных умовах — энергазберагальная біялагізацыя раслінаводства, накіраваная на зніжэнне ўзроўню выкарыстання сродкаў хімізацыі і атрыманне чыстай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.
Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш. Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш. Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.
На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
форма арганізацыі грашовага абарачэння ў краіне, якая склалася гістарычна і замацавана нац. заканадаўствам. Уключае: грашовую адзінку, маштаб цэн, віды грашовых знакаў, што маюць законную плацежную сілу, парадак эмісіі грошай і іх абарачэння, дзярж. апарат, які ажыццяўляе рэгуляванне грашовага абарачэння. Тып грашовай сістэмы залежыць ад таго, якія грошы знаходзяцца ў абарачэнні. Грашовая сістэма, пры якой усе функцыі грошай выконвае грашовы тавар, а крэдытныя грошы разменьваюцца на метал, адносіцца да сістэм металічнага абарачэння. Калі ролю ўсеагульнага вартаснага эквіваленту выконваюць 2 металы — золата і серабро, тады гэта біметалічная грашовая сістэма. Пры біметалізме свабодна чаканяцца і маюць неабмежаваную плацежную сілу манеты з золата і серабра. Біметалізм быў вельмі пашыраны ў 16—17 ст., а ў шэрагу краін і ў 19 ст. У канцы 19 ст. ў выніку развіцця капіталіст. гаспадаркі на змену біметалізму прыйшоў монаметалізм, калі ўсеагульным эквівалентам выступаў адзін метал (золата або серабро), у абарачэнні функцыянавалі манеты і знакі вартасці, што разменьваліся на гэты метал. Ва ўмовах залатога монаметалізму, у залежнасці ад характару размену знакаў вартасці на золата, адрозніваліся золатаманетны, золатазліткавы і золатадэвізны стандарты. З 1930-х г. грашовая сістэма ўсіх краін засн. на абарачэнні крэдытных і папяровых грашовых знакаў, пры якіх золата ў якасці грошай не выкарыстоўваецца. У сучасных умовах грашовая сістэма прамыслова развітых краін характарызуюцца адменай афіц. залатога ўтрымання грашовых знакаў, зняццем золата з грашовага абароту, выпускам грошай у абарачэнне ў парадку крэдытавання гаспадаркі і дзяржавы, скарачэннем наяўна-грашовага абароту за кошт развіцця безнаяўных разлікаў, узмацненнем дзярж. рэгулявання грашовага абарачэння. У Рэспубліцы Беларусь нац. грашовай адзінкай з’яўляецца бел. рубель, у наяўным абарачэнні ў якасці афіц. плацежнага сродку знаходзяцца банкаўскія білеты (банкноты), манапольнае права эмісіі іх належыць Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца дзярж. органам грашова-крэдытнага і валютнага рэгулявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАГРА́ФІЯ (ад металы + ...графія),
раздзел металазнаўства, які вывучае структуру металаў і сплаваў з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі, дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Даследуе заканамернасці ўтварэння структуры, яе змен пад уплывам знешніх уздзеянняў.
Вывучэнне паверхні металу няўзброеным вокам, праз лупу або мікраскоп з павелічэннем да 10 разоў дазваляе выявіць макраструктуру (крышталічную, хім. або мех. неаднастайнасць у выглядзе буйных зярнят, дэфектаў і дамешкаў). Даследаванне паліраванай і траўленай паверхні пры дапамозе мікраскопа з павелічэннем у 50—1500 разоў дазваляе выявіць мікраструктуру (памеры і формы зярнят, размеркаванне структурных фаз, уключэнняў і дэфармацый). Металаграфскае траўленне (уздзеянне кіслотным і інш. актыўным рэагентам) дае магчымасць устанавіць унутр, структурную будову сплаву. З дапамогай трансмісійнага мікраскопа вядуць электронна-мікраскапічнае даследаванне (выяўляюць фрагменты структуры памерам у некалькі нанаметраў, назіраюць скопішчы дыслакацый і скажэнняў крышт. рашоткі); электроннага сканіруючага мікраскопа — атрымліваюць відарысы дэфектаў структуры з вял. глыбінёй рэзкасці пры павелічэнні да 20 тыс. разоў (вывучаюць паверхні разбурэння, аб’ёмныя ўключэнні і інш.); рэнтгенаўскага дыфрактометра — атрымліваюць інфармацыю аб крышталеграфічных параметрах асобных фаз, унутр. напружаннях, раствораных у металах атамах. Адначасова з металаграфскімі даследаваннямі будовы металаў і сплаваў вывучаюць умовы, што выклікаюць змену іх унутр. структуры (уздзеянне награвання і ахаладжэння, пластычнай дэфармацыі, адпачыну, рэкрышталізацыі, спякання, насычэння хім. элементамі і інш.), а таксама даследуюць фіз. (мех.) уласцівасці. Даныя выкарыстоўваюць для вывучэння працэсаў атрымання метал. матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. М. выкарыстоўваецца як адзін з метадаў кантролю якасці пры ліцці, тэрмаапрацоўцы, апрацоўцы ціскам, зварцы і інш. Першыя даследаванні структуры з выкарыстаннем аптычнага мікраскопа праведзены ў 1931 П.А.Аносавым.
На Беларусі М. выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых матэрыялаў у Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, Бел. навукова-вытв. канцэрне парашковай металургіі, БПА, у металургічнай і металаапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Смолмен Р., Ашби К. Современная металлография: Пер. с англ.М., 1970;
Лившиц Б.Г. Металлография. 3 изд. М., 1990;
Приборы и методы физического металловедения: Пер. с англ.Вып. 1—2. М., 1973—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́НБуд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»
(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),
у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.
Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.Градаў, Я.Леановіч, Л.Левін, Л.Пагарэлаў, М.Пірагоў, мастакі В.Даўгала, Г.Жарын, Ю.Івахнішын, У.Стальмашонак, Л.Хобатаў і інш.
В.Ф.Валошын, В.А.Ярмоленка.
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,
від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.
Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),
від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.
Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл.Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл.Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.М.Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.Х.Александровіча, Р.В.Булацкага, С.В.Говіна, С.В.Марцэлева, І.І.Сачанкі, Б.В.Стральцова, М.Я.Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,
працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.
Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд.т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн.т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн.т пестыцыдаў.
На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,
другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр.Паўн. Амерыкі, на ЗПаўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б.ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),
цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл.Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім.ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл.Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш.фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.
К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.
Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.
Літ.:
Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;
Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;