АНГАРЫ́ДА,

мацярык, які існаваў на месцы Паўн. Азіі ў 2-й палавіне палеазою і пачатку мезазою. Утварыўся ў выніку герцынскага тэктагенезу, што злучыў у адзіны кантынент Сібірскую і Кітайска-Карэйскую стараж. платформы і некат. зоны байкальскай і каледонскай кансалідацыі. На Пд аддзяляўся морам Тэтыс ад Гандваны, у выніку распаду якой да Ангарыды далучыліся Аравійская пліта і Індыйская платформа і ўтварыўся суперкантынент Еўразія.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦЯ́НКА,

курганны могільнік 10—11 ст. дрыгавічоў каля в. Брацянка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальныя абрады: трупаспаленне на месцы пахавання і па-за межамі могільніка; трупапалажэнне на гарызонце. У некаторых насыпах побач з пахаваннямі трапляліся камяні (звязана, відаць, з перажыткамі пахавальнага абраду каменных курганоў). Сярод знаходак жал. нажы, крэсівы, трохпацеркавыя скроневыя кольцы, жаночыя ўпрыгожанні, ганчарныя гаршкі. Могільнік, магчыма, быў некропалем стараж. Навагрудка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧЭ́ННЕ, інверсія ў музыцы,

спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней ў неполіфанічных творах.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУПЛО́,

поласць у ствале, каранях або буйных галінах дрэў, якая ўтварылася ў выніку разбурэння драўніны. Звычайна Д. ўзнікаюць у старых (перастойных) дрэвастоях на месцы мех. пашкоджання і распаду тканак драўніны пад уздзеяннем сапрафітных грыбоў і бактэрый, часам пры ўдзеле мурашак і птушак (напр., дзятлаў). Д. з’яўляецца сховішчам і месцам размнажэння многіх жывёл. У парках і садах дуплаватыя дрэвы патрабуюць своечасовага лячэння.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРЫВА́ЛАСЦЬ матэрыялаў і канструкцый, здольнасць матэрыялаў або канструкцый супраціўляцца ўздзеянню дынамічных нагрузак без разбурэння ці без істотнай змены формы. Пры паўторнапераменных нагрузках Д.т. характарызуецца мяжой трываласці матэрыялу, пры ўдары — значэннем макс. неразбуральнага напружання, якое ўзнікае ў саўдарных целах, ударнай вязкасцю. Д.т. канструкцый значна зніжаюць канструкцыйна-тэхнал. канцэнтратары напружанняў (адтуліны, месцы з неаднароднай структурай матэрыялу, рэзкія пераходы форм і інш.).

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́ГА (франц. garique, garrigue, праванс. garriga),

зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́ДА,

горад на З Саудаўскай Аравіі. Каля 1,5 млн. ж. (1994). Порт на Чырвоным м. Міжнар. аэрапорт. Транзітны пункт паломнікаў-мусульман, якія накіроўваюцца ў святыя месцы Меккі і Медыны. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., цэм., мэблевая, гарбарна-абутковая, тэкст., харчовая. Сталепракатны, аўтазборачны, суднарамонтны, папяровы, змазачных масел з-ды. Будаўніцтва невял. суднаў. Апрацоўка мармуру. Вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Ун-т.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́МЕНКА,

вёска ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст — в. Тамашоўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Брэст, 12 км ад чыг. ст. Дубіца. 1371 ж., 527 двароў (1997). Кааператыў «Колас». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі помнік на месцы бою пагранічнікаў з ням.-фаш. захопнікамі 22.6.1941.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)