САРО́КА,

частка старадаўняга рус. галаўнога ўбору замужніх жанчын; чахол з палатна, кумачу ці інш. тканіны, які надзяваўся паверх кічкі. Мела вышытую пярэднюю частку, бакавыя лопасці з завязкамі і заднюю частку. Паверх С. завязвалі хустку. Бытавала таксама ў некат. груп мардвы. З канца 19 ст. выйшла з ужытку.

Сарока. Яраслаўская губерня. Расія. 19 ст.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́НЯ,

1) від мэблі; тое, што куфар. 2) Дашчаная або плеценая ёмістасць для захоўвання збожжа. Мела розныя памеры, часам — некалькі адсекаў. Найчасцей С. ставілі ў свірне, каморы, радзей у сенцах. У ёй захоўвалі жыта, ячмень, гарох, авёс і інш. С. звычайна зверху зачынялі вечкам.

3) У зах. раёнах Беларусі дашчаная ёмістасць, у якой перавозяць бульбу.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРГСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца верхняга палеаліту (каля 11 тыс. г. да н.э.) на тэр. паўн. Германіі і Нідэрландаў. Насельніцтва ў асноўным займалася паляваннем на паўн. аленяў, што ішлі з Пд за адступаючым ледавіком, мела жытлы — круглыя і авальныя палаткі. Тыповымі прыладамі былі невял. крамянёвыя наканечнікі з бакавой выемкай, разцы з рога аленя з крамянёвымі ўкладышамі.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАЎБ, кодаўб,

пасудзіна, выдзеўбаная са ствала дрэва (ліпы, вольхі, асіны). Мела розныя памеры, цыліндрычную форму. Побач з аднадоннымі трапляліся К. з двума днішчамі і адтулінай збоку. Выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, круп, мукі, К. меншых памераў — для мёду (звычайна рабілі з ліпы). Былі пашыраны ў лясных і падлесных зонах Беларусі і інш. краін. Часам сустракаюцца і ў наш час.

Кадаўб.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Н,

пятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ν («наш»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ν («ні»), У старабел. графіцы абазначала гукі «н», «н’» («набыти», «нива»), мела лікавае значэнне «пяцьдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычна-прахадныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «н», «н’» («напрамак», «ніжні» — «н’іжн’і»).

А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ДАЦКАЯ КАРДО́ННАЯ І ДРАЎНІННАМА́СНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1876—1914 у фальварку Пудаць Веліжскага пав. (цяпер вёска ў Віцебскім р-не). У розныя гады мела 3 паравыя машыны рознай магутнасці, вадзяную турбіну, 2 паравыя катлы. Вырабляла драўнінную масу з асінавага лесу, кардон, у 1900 малола муку. У 1900 працавалі 50 рабочых, выраблена 20,6 тыс. пудоў драўніннай масы.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЕ́РЫ (Severi),

дынастыя рым. імператараў у 193—235. Да С. належалі Септымій Север [193—211], Каракала [211—217], Гета [211—212], Элагабал [Геліягабал; 218—222], Аляксандр Север [222—235]. С. стварылі ваен.-бюракратычную манархію, абаранялі інтарэсы шырокіх пластоў рабаўладальнікаў, абмяжоўвалі ўладу буйных землеўладальнікаў. Палітыка С. (за выключэннем Аляксандра Севера) мела антысенацкі характар. Апошні імператар Аляксандр Север пайшоў на ўступкі зямельнай арыстакратыі, што выклікала незадаволенасць арміі і стала прычынай яго забойства.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Фёдар Ісакавіч) (каля 1612 — 1663 або 1664),

рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1826—50 у Беларусі, у маёнтку Белін Кобрынскага пав. (цяпер в. Белін Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.). Вырабляла сукно 3—5 гатункаў. У 1841—44 мела 75 ткацкіх станкоў, 37 прадзільных, 8 кардавальных, 15 часальных машын, 30 інш. станкоў. Воўну атрымлівала ад уласных авечак, фарбы — з Рыгі. Працавала да 420 рабочых (1836), з іх б.ч. наёмныя.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРА́ (грэч. agora),

у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр. гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.

Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)