НОБЛЬ (ад англ. noble высакародны),
англійская залатая манета. Упершыню выпушчана пры Эдуардзе III у 1344. Агульная маса 8,97 г (1344), 8,33 г (1346), 7,97 г (1351—77). На аверсе пагрудны партрэт караля з мячом і шчытом на караблі ў моры, на рэверсе ініцыялы караля і назва манетнага двара. Выпускаліся таксама манеты 1/2 і 1/4 Н. У 1465 уведзена разнавіднасць Н. — разенобль, або рыял. На Беларусі ў канцы 14—16 ст. Н. вядомы як «карабельнік» або «карабельны». Тут ён выкарыстоўваўся пераважна як грашовы падарунак, у шэрагу выпадкаў як спосаб узнагароджання.
т. 11, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́Л (партуг. portuguer),
1) залатая манета каралеўства Партугалія 1499—1557 (з перапынкам) вартасцю ў 10 крузада (лігатурная маса 39,9 г).
2) Назва ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст. залатых манет з масай, большай за масу дуката. Першы 10-дукатавы П. 1562 ВКЛ выпусціў Жыгімонт II Аўгуст, апошні — у 1661 Ян II Казімір Ваза. Апошнія П. — каронныя 1794 3-дукатавы і 1,5-дукатавы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. П. часта прызначаліся не для абарачэння, а даваліся манархамі як узнагарода або на памяць, таму выконваліся на высокім маст. узроўні.
т. 12, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЧАКА́НКА МАНЕ́ТЫ,
выкарыстанне ўстарэлых манет для вырабу манет новага ўзору. Звычайна звязана са зменай манетнай стапы. Адрозніваюць мэтанакіраваную П.м. (перараблялі вял. партыю манет цалкам) і дапаможную (для невял. іх колькасці). Перачаканеная манета вызначаецца па фрагментах старых выяў на аверсе і рэверсе, несупадзенні віду арнаменту. павялічаным дыяметры і меншай таўшчыні кружка. П.м. шырока ўжывалася ў Рас. імперыі ў 18 ст. для медных манет, стапа якіх на працягу стагоддзя мянялася 9 разоў. Спарадычна для П.м. ствараліся часовыя манетныя двары (гл. Полацкі манетны двор).
І.І.Сінчук.
т. 12, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Імперыял (манета) 5/72—73; 6/614; 11/251
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Міліярысій (манета) 6/197, 614; 7/204; 10/27
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Фларэн (манета) 4/8, 81, 310, 569; 10/608
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТА́ЛЕР,
буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.
т. 12, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РША (ад санскр. karscha адзінка вагі ў 9,33 г),
самая дробная манета Індыі, якой ішло 80 на 1 фанам, 3360 на 1 пагаду. У 16 ст. распаўсюдзілася па ўсёй Усх. Азіі. У сярэдзіне 19 ст. ў Кітаі ўсе тыпы мясц. бронз. манет з адтулінай называліся К. 1 рупія роўная 533 К., 1 долар — 1200 К. Пасля 1-й сусв. вайны ў Кітаі спыніўся выраб літых К. Ост-Індская кампанія выпускала для Індыі, Малаі, Барнео, Суматры і каланіяльных уладанняў у паўд.-ўсх. Азіі манеты ў 40, 20, 15, 10, 5, 2½ і 1 К. з гербам кампаніі на адным і шалямі — на другім баку.
т. 8, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКА́Л, міскаль, міткаль, мітсаль,
вагавая, грашова-лікавая і грашовая адзінка араб. краін Паўн. Афрыкі, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі і мангола-татарскіх краін. У розных краінах М. меў розную масу. Як вагавая адзінка М. выкарыстоўваўся пры ўзважванні высакародных металаў (золата, серабро), каштоўных камянёў, ружовага масла і інш. Грашова-лікавы М. раўняўся залатому дынарыю. Як грашовая адзінка М. з’явіўся ў 7 ст. ў араб. краінах, у сваёй аснове меў рымска-візант. солід. У Паволжы манеты на аснове М.-дынарыя чаканіліся ў 2-й пал. 12 ст. У Марока ў 17—19 ст. выкарыстоўваўся як грашовая адзінка, у 1881—1918 — як манета.
Ш.І.Бекцінееў.
т. 10, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГРО́Ш,
медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)