ВЕНЕРЫ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,

група інфекц. хвароб чалавека, аб’яднаных пераважна паводле спосабу перадачы ўзбуджальніка палавым шляхам. Бываюць выпадкі і кантактна-быт. заражэння. Вядома каля 20 венерычных хвароб: СНІД, сіфіліс, ганарэя, герпес, трыхаманоз, шанкер мяккі, лімфагранулема венерычная, данаваноз, хламідыёз, мікаплазмоз і інш. Шляхі пашырэння, метады дыягностыкі і лячэння вывучае венералогія. Адна з асаблівасцей венерычнай паталогіі — хвалепадобны характар з перыядычнасцю 10—15 гадоў. За апошнія 50 гадоў зарэгістраваны 3 хвалі венерычнай захваральнасці (1946, 1979, 1989). У распаўсюджванні венерычных хвароб вялікая роля належыць сац.-гігіенічным фактарам: дэмаграфічны рух, сац.-эканам. прагрэс, фактары паводзін, правільнае палавое выхаванне, вял. колькасць выпадковых палавых сувязей, сац.-культ. змены, алкаголь і наркотыкі, самалячэнне, рост разводаў, наяўнасць груп павышанай рызыкі, прастытуцыя, палавая ненармальнасць, дыягнастычныя памылкі і інш. Прафілактыка венерычных хвароб падзяляецца на грамадскую і асабістую. Грамадская: актыўнае выяўленне, лячэнне і ўлік хворых, бясплатнае лячэнне хворых на сіфіліс, СНІД, абследаванне на сіфіліс цяжарных жанчын, работнікаў харч. прам-сці і дзіцячых устаноў і інш. З мэтай змяншэння небяспекі ад пашырэння венерычных хвароб заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за ўхіленне ад лячэння гэтых хвароб і заражэнне імі інш. асоб (арт. 113 КК). Асабістая: недапушчальнасць выпадковых палавых сувязей, выкарыстанне індывід. партатыўных прафілакт. сродкаў.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 4, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́К (Уладзімір Вікенцьевіч) (26.6.1897, в. Навасёлкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 20.9.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1948). Скончыў Казанскі ун-т (1923). З 1937 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па эксперым. і клінічным лячэнні траўматычнага шоку і крывацёку, хірург. лячэнні астэаміэліту, спантаннай гангрэны. Распрацаваў метады лячэння вострай прамянёвай хваробы, апендыкулятарных інфільтратаў, апёкаў, сепсісу.

Тв.:

Травматический шок и острые кровопотери. Мн., 1953;

Оперативная хирургия. Мн., 1962.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКАСО́Л, вітамін K3,

сінтэтычны водарастваральны аналаг вітаміну K3, бісульфітнае вытворнае 2-метыл-1,4-нафтахінону, C11H9NaSO5∙3H2O. Белы або з жаўтаватым адценнем парашок. Садзейнічае павышэнню колькасці пратрамбіну ў крыві печані і ўзмацненню згусальнасці крыві. Па дзеянні ў 2 разы больш актыўны за натуральны вітамін K3 (філахінон). Сутачная патрэбнасць у вікасоле для дарослага чалавека ў норме 1 мг. Лек. сродак для спынення крывацёку, лячэння жаўтухі, гемарою, вострага гепатыту, прамянёвай хваробы і інш., таксама для прафілактыкі K-гіпавітамінозу і K-авітамінозу.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖА́РСКАЯ (Ларыса Рыгораўна) (н. 7.4.1938, г. Сянно Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979). Скончыла Ленінградскі педыятрычны мед. ін-т (1960). З 1963 ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі, вегетатыўнай дысфункцыі, дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі сістэмных захворванняў злучальнай тканкі, сардэчнай недастатковасці ў дзяцей рознага ўзросту.

Тв.:

Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.);

Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ННІК (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 1.2. 1928, в. Ёдчыцы Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне іхтыяпаталогіі. Д-р вет. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1961 у НДІ эксперым. ветэрынарыі (у 1986—94 заг. аддзела). Навук. працы па інфекцыйных і паразітарных хваробах рыб, распрацоўцы мер барацьбы і прафілактыкі, пошуку біялагічна бяспечных прэпаратаў для лячэння рыб.

Тв.:

Паразиты рыб, опасные для человека и животных. Мн., 1977;

Паразиты рыб. Мн., 1988.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫ́КА (Рыгор Сцяпанавіч) (21.11. 1912, в. Істоміна Віцебскага р-на — 12.1.1992),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1939), працаваў у ім (у 1956—79 заг. кафедры). Навук. працы па рэакцыі арганізма с.-г. жывёл на траўму, рацыянальных метадах лячэння запаленчых працэсаў ран, аперацый у коней і буйн. раг. жывёлы, прафілактыцы траўматызму с.-г. жывёл.

Тв.:

Советы животноводу и ветспециалисту. Мн., 1965.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎРЫЧАЎ (Анатоль Сяргеевіч) (н. 2.1.1949, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1984 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па ўдасканаленні дыягностыкі і распрацоўцы метадаў лячэння анкауралагічных хворых з выкарыстаннем агульнай гіпертэрміі, фотадынамічнай тэрапіі, агульнай магнітатэрапіі, лазератэрапіі.

Тв.:

Справочник по рентгеноэндоваскулярным вмешательствам в онкологии. Мн., 1995 (у сааўт.);

Почечно-клеточный рак. Мн., 1996.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, развіцця і вынікі хвароб; тэарэтычная аснова медыцыны. Дае магчымасць выявіць сутнасць хваробы; яе функцыян. і структурныя праявы, вызначыць прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Найб. агульныя прычыны і заканамернасці паталаг. працэсаў (алергіі, атрафіі, гарачкі, дыстрафіі, запалення, некрозу, парушэнняў лімфа- і кровазвароту) вывучае агульная П., канкрэтныя хваробы — асобная П. Падзяляецца на паталагічную анатомію і паталагічную фізіялогію.

Літ.:

Пауков В.С., Хитров Н.К. Патология. М., 1995.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІГІСТАМІ́ННЫЯ СРО́ДКІ, антыгістамінныя сродкі,

лекавыя сродкі, якія блакіруюць рэцэптары тканак, адчувальныя да гістаміну (напр., пры алергічным стане, павышанай сакрэцыі салянай к-ты страўнікавымі залозамі і інш.). Класіфікуюць у залежнасці ад рэцэптараў, з якімі яны ўзаемадзейнічаюць. Адрозніваюць H1-, H2-, H3- блакатары. Да H1-блакатараў адносяць дымедрол, супрасцін, тавегіл і інш. (ужываюць для лячэння алергіі), да H2- блакатараў — цыметыдзін, ранітыдзін і інш. (выкарыстоўваюць пры лячэнні язвавай хваробы страўніка і 12-ці перснай кішкі, гіперацыдных гастрытаў).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБАШО́Ў (Савелій Міронавіч) (1.6.1883, г. Чашнікі Віцебскай вобл.жн. 1957),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1912), праф. (1924). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). З 1924 заг. кафедраў у БДУ і Мінскім мед. ін-це, з 1934 у Ленінградскім, Новасібірскім, Кіславодскім, Кішынёўскім мед. ін-тах. Навук. працы па пытаннях хірург. лячэння апендыцыту, эмфіземы лёгкіх, бранхіяльных свішчоў, уралогіі, ваен.палявой хірургіі.

Тв.:

Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю: Сацыяльна-клініч. нарыс. Мн., 1931.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)