КАМІ́СІІ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА СХО́ДУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дапаможныя органы палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца палатамі са свайго складу на першых сесіях і дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў парламента. Яны вядуць законапраектную работу, папярэдні разгляд і падрыхтоўку пытанняў, што адносяцца да ведання палат. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае ні наменклатуры пастаянных камісій і іх арганізацыйнай структуры, ні іх колькасці: гэтыя пытанні вырашаюцца непасрэдна на сесіях палат. На снежаньскай 1996 сесіі Палатай прадстаўнікоў створаны 11 пастаянных камісій: па заканадаўстве; па нацыянальнай бяспецы; па эканам. пытаннях; па дзярж. будаўніцтве, мясц. самакіраванні; па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і харчаванні; па бюджэце і фінансах; па аграрных пытаннях; па адукацыі, культуры, навуцы і тэхнічным прагрэсе; па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фіз. культуры і спорце; па правах чалавека і нац. адносінах; па міжнар. справах і сувязях з СНД. Савет Рэспублікі на студзеньскай 1997 сесіі стварыў 5 пастаянных камісій: па заканадаўстве і дзярж. будаўніцтве; па эканоміцы, бюджэце і фінансах; па сац. пытаннях; па рэгіянальнай палітыцы; па міжнар. справах і нац. бяспецы. Склад камісій і іх кіраўнікі зацверджаны пастановамі палат. У выпадку неабходнасці палаты Нац. сходу могуць ствараць часовыя камісіі па любым пытанні (рэвізійную, следчую і інш.). Часовая камісія спыняе сваю дзейнасць пасля выканання пастаўленых перад ёю задач або датэрмінова па рашэнні адпаведнай палаты.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРА́ВА публічнае,

сукупнасць юрыд. норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі і паліт. ўтварэннямі дзярж.-прававога характару. Гал. суб’ектамі М.п. з’яўляюцца дзяржавы. М.п. як асобая сістэма прававых норм не ўваходзіць у якую-н. нац. сістэму права і не ўключае ў сябе нормы нац. права. Аднак пачынаючы з 1920-х г. шэраг дзяржаў абвясцілі прамое дзеянне агульнапрызнаных норм М.п. на іх тэрыторыі і прыярытэт такіх норм над нац. заканадаўствам. У іншых краінах нормы М.п. ўключаюцца апасродкавана. Крыніцамі М.п. з’яўляюцца міжнар. дагаворы і міжнар.-прававыя звычаі, дапаможнымі крыніцамі — акты міжнар. арг-цый, рашэнні міжнар. судовых і арбітражных органаў, міжнар.-прававая дактрына.

Асн. прынцыпы М.п. замацаваны ў Статуце ААН. 25-я сесія Ген. Асамблеі АА́Н (1970) прыняла Дэкларацыю аб прынцыпах М.п. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 8) прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў М.п. і абвясціла, што адпаведнасць нац. заканадаўства нормам М.п. будзе забяспечана. Выкананне М.п. яго суб’ектамі забяспечваецца індывідуальным або калектыўным прымусам з боку ўсяго міжнар. супольніцтва, межы і формы якога вызначаюцца ў працэсе сумеснай нарматворчасці. Нормы М.п. рэгулююць адносіны дзяржаў ва ўмовах і ў сферы як супрацоўніцтва, так і барацьбы. Да гэтай галіны адносін належаць нормы і прынцыпы, якія рэгулююць парадак вырашэння спрэчак, паводзіны дзяржаў у час узбр. канфліктаў, і ўстанаўліваюць формы і віды адказнасці за правапарушэнні, і да т.п. Гл. таксама Міжнароднае прыватнае права.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,

рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл. Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш. Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.​Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.​О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.

Літ.:

Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.

Да арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.​Гоі. 1814.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—11,

антыабсалютысцкая і антыкалан. рэвалюцыя ў Іране. Выклікана самавольствам правіцеля-шаха і пагрозай пераўтварэння краіны ў паўкалонію Вялікабрытаніі і Рас. імперыі. На 1-м этапе рэвалюцыі (снеж. 1905—06) у выніку антышахскіх нар. дэманстрацый пад кіраўніцтвам духавенства ў гарадах Тэгеран, Шыраз, Мешхед і хваляванняў у інш., шах Мазафор од-Дзін 5.8.1906 выдаў указ пра ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Першы іранскі меджліс (парламент) выпрацаваў канстытуцыйны Асн. закон (зацверджаны ў снеж. 1906), якім абмежавана ўлада шаха. На 2-м этапе (1907—08) меджліс прыняў дапаўненні да Асн. закона аб увядзенні дэмакр. свабод, стварэнні свецкіх судоў і інш. Рэв. масы (у т. л. байцы-федаі) стварылі свае мясц. органы ўлады (гл. Энджамены). Баючыся размаху рэв. руху, Вялікабрытанія і Расія дамовіліся пра размежаванне сфер уплыву ў Іране (гл. ў арт. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907). Новы шах Махамед-Алі 23.6.1908 разагнаў меджліс і энджамены ў Тэгеране. Цэнтр рэв. руху перамясціўся ў г. Тэбрыз. На апошнім этапе рэвалюцыі (1909—11) скінуты Махамед-Алі, шахам абвешчаны яго сын Ахмед; адноўлены канстытуцыя, меджліс і інш. Аднак у выніку сумесных намаганняў рас. (на Пн) і англ. (на Пд) войск, іранскай паліцыі рэвалюцыя задушана. У лют. 1912 іранскі ўрад абвясціў аб прызнанні англа-рас. пагаднення 1907. Нягледзячы на паражэнне, І.р. нанесла ўдар па феад.-абсалютысцкіх парадках у Іране і зрабіла значны ўплыў на суседнія краіны.

Літ.:

Арабаджян З.А. Иран: власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,

антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр. сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.​Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр. сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш. рэв. сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.​Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш. сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.

Літ.:

Лавров Н.М. Мексиканская революция 1910—1917 гг. М., 1972;

Knight A. The Mexican revolution. Vol. 1—2. Cambridge, 1986.

Н.​Р.​Кошалева.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),

Віргінскія брытанскія астравы, уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Уключае ч. Віргінскіх а-воў. Пл. 153 км². Нас. 16,6 тыс. чал. (1991). Адм. ц. і порт Род-Таўн (каля 2,5 тыс. ж.) на в-ве Тартола. Афіц. мова англійская. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Брыт. манарха прадстаўляе губернатар, у кампетэнцыі якога знаходзяцца абарона, унутр. бяспека, знешняя палітыка, дзярж. службы, сістэма правасуддзя. Ён жа ўзначальвае Заканадаўчы і Выканаўчы саветы.

Ва ўладанне ўваходзяць 40 астравоў, населены 16. Найбольшыя Тартола (54,4 км²), Анегада (38,8 км²), Вёрджын-Горда (21,4 км²). Астравы гарыстыя (г. Сейдж, 540 м), складзены з вапнякоў і крышт. парод. Клімат трапічны, гарачы і вільготны, з 2 засушлівымі сезонамі. Т-ра паветра 17—28 °C (зімой), 26—31 °C (летам). Ападкаў 1270 мм за год, з ліп. да ліст. ўраганы. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных лясоў. Жывуць пераважна негры і мулаты. Больш за 80% насельніцтва на в-ве Тартола. Сярод вернікаў пераважаюць англікане, метадысты, адвентысты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў (каля 50% нац. даходу). Штогод астравы наведваюць каля 200—250 тыс. турыстаў пераважна з ЗША. Прадпрыемствы лёгкай, харч. (выраб рому, перапрацоўка рыбы), буд. матэрыялаў (экспарт жвіру і пяску) прам-сці. Здабыча солі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, какосавыя арэхі, садавіну, агародніну. Пад ворывам каля 2 тыс. га, пад пашай каля 4 тыс. га. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Грашовая адзінка — долар ЗША.

У 1960 абвешчаны асобнай тэрыторыяй, у 1967 атрымалі абмежаванае самакіраванне.

Дзейнічаюць Партыя Віргінскіх а-воў (кіруючая) і Аб’яднаная партыя, 2 прафсаюзы — Асацыяцыя працоўных грамадзян і Асацыяцыя настаўнікаў.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАСЦЬ,

1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц. дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).

2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл. Нацыяналізм, Шавінізм).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДО́РА (каталанскае, ісп. Andorra, франц. Andorre),

Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г. Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.

Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас. р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.

Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.​Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн. чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн. дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Андоры.
Горная вёска ў Андоры.

т. 1, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭН-ВЮ́РТЭМБЕРГ (Baden Wurttemberg),

зямля (адм. адзінка) на ПдЗ ФРГ. Пл. 35,7 тыс. км². 10,2 млн. чал. (1994). Адм. ц.г. Штутгарт. Большая частка тэр. занята сярэднягор’ямі (Шварцвальд, выш. да 1493 м, часткова Одэнвальд), плато (Швабскі Альб); на Пн моцна ўзгорыстае ўзвышша; на З частка Верхнярэйнскай нізіны. Асн. рэкі Рэйн (на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй) і Некар. Азёры Бодэнскае і Унтэр-Зе. Эканоміка мае ярка выражаны індустр. характар. Здабыча каменнай і калійнай соляў, жал., поліметал. і уранавых рудаў, нафты і газу, плавіковага шпату. ГЭС на горных рэках, АЭС у Обрыггайме. Развіты машынабудаванне, асабліва аўтамабільнае (Штутгарт, Мангейм), вытв-сць эл.-тэхн. вырабаў, станкоў і вагонаў, авіяракетная, электронная, хім. прам-сць, перапрацоўка нафты. Прадпрыемствы алюмініевай, тэкст., паліграф. прам-сці. У сельскай мясцовасці, асабліва ў Шварцвальдзе развіта рамесная вытв-сць ювелірных вырабаў, муз. інструментаў і інш. У пасевах пераважаюць збожжавыя, вырошчваюць цукр. буракі, бульбу, тытунь, хмель, кармавыя культуры. Развіта малочная жывёлагадоўля, асабліва на Пд і вакол вял. гарадоў. У далінах Рэйна і Некара, на ўзбярэжжы Бодэнскага воз. вінаробства. Праз Бадэн-Вюртэмберг праходзяць важныя трансеўрапейскія трубаправоды і шляхі зносін. Суднаходства па Рэйне, Некары і Бодэнскім возеры. Рачныя парты Мангейм, Гайльбран, Карлсруэ, Штутгарт. Гал. чыг. вузел і авіяпорт Штутгарт. Бальнеалагічныя курорты Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.

Спроба аб’яднаць у 1918—19 землі Бадэн, Вюртэмберг і прускую адм. акругу Гогенцолерн была няўдалая. У 1945—47 амер. і франц. акупац. ўлады штучна стварылі на гэтай тэрыторыі землі Вюртэмберг-Бадэн, Вюртэмберг-Гогенцолерн, якія ў 1949 сталі землямі ФРГ. У 1951 федэральны ўрад правёў рэферэндум, па выніках якога (у 2 землях 69,7% «за», у Бадэне 62,2% «супраць») у 1952 выбраны ландтаг і створаны агульны ўрад; аб’яднаная федэральная зямля атрымала назву Бадэн-Вюртэмберг. З 1953 дзейнічае канстытуцыя Бадэн-Вюртэмберга. У бадэнскай частцы рашэнне 1951 пра аб’яднанне канчаткова зацвердзіў рэферэндум 1970.

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)