2 каменныя могільнікі каля в. Вензаўшчына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. На могільніку канца 10—12 ст. магілы купалападобна абкладзены камянямі ў 3—4 слаі, на могільніку канца 10—15 ст. — у 1 слой. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах (нябожчык абкладзены дошкамі або ў дамавіне), трапляецца трупаспаленне. Пахавальны інвентар: прылады працы, зброя, шматпацеркавыя скроневыя кольцы, сярэбраныя, бронзавыя і медныя ўпрыгожанні, фрагменты керамічнага ляпнога і ганчарнага посуду, цэлыя гаршкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МЧЫШЧА,
месца з рэшткамі разнастайных сярэдневяковых умацаванняў, якія ўключалі комплекс абарончых і жылых пабудоў на тэр.дзядзінца (земляныя валы са сценамі, вежамі і інш. элементы абароны). У Беларусі З. называюцца рэшткі ўмацаваных паселішчаў розных часоў, якія ўключалі гарадзішчы, гар. цытадэлі, каралеўскія і прыватнаўласніцкія замкі. На даследаваных З. (Ваўкавыск, Мінск, Навагрудак, Полацк і інш.) выяўлены драўляныя і мураваныя фартыфікацыйныя збудаванні, прадметы матэрыяльнай культуры (зброя, посуд, буд. і ваенны рыштунак, арх.-дэкар. кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАЛЕ́Т (франц. Arbalète),
старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы з жал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦО́Ў (Адзінец) Лявонцій Яфімавіч
(14.7.1891, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 3.2.1943),
адзін з арганізатараў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. У 1917 арганізатар чырвонагв. атрадаў у Рудобелцы Бабруйскага пав., камандзір партыз. атрада (1919—20). З 1921 у павятовых установах Бабруйска, на кіруючых пасадах у ЦВКБССР. У Вял.Айч. вайну на яго кватэры праводзіліся пасяджэнні Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, хавалася зброя, нелегальная л-ра, медыкаменты. 24.10.1942 арыштаваны, спалены ў лагеры смерці Трасцянец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́Н (ням. Partisane ад франц. pertuisane),
кап’ё з плоскім і доўгім металічным наканечнікам, замацаваным на дрэўку даўжынёй да 2,5 м і больш. Наканечнік упрыгожвалі арнаментам, выявай герба і інш.; дрэўка размалёўвалі або абшывалі аксамітам, шоўкам і інш. У 16 ст. П. — зброяландскнехтаў, У 17 — целаахоўнікаў пры манархах, у т. л. ў Рэчы Паспалітай. Пад назвай эспатон быў на ўзбраенні рас. арміі да пач. 19 ст.
Пратазан з выявай гербаў Рэчы Паспалітай. Каля 1700.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЗБРАЕ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.
З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.
У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́Д [ад грэч. bolis (bolidos) кідальная зброя],
вялікі вогненна-яркі метэор (успышка метэорнага цела ў выніку яго ўваходжання ў верхнія слаі зямной атмасферы). Найбольш яркія баліды можна назіраць удзень, уначы відаць абалонка і хвост баліда. Пасля палёту баліда застаецца след, які складаецца з іанізаваных газаў і пылу. Іншы раз метэорнае цела за час палёту ў зямной атмасферы не паспявае поўнасцю згарэць і падае на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Палёт і падзенне балідаў часта суправаджаюцца гукавымі з’явамі (выбухамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя збудаванні 1-га — пач. 2-га тыс., цалкам складзеныя з камянёў і зямлі. Пашыраны ў Верхнім і Сярэднім Панямонні, сярэднім цячэнні Зах. Буга. Маюць круглую форму, дыяметр 6—20 м, вышыню 0,5—0,8 м. Большасць даследчыкаў лічыць іх помнікамі заходнябалцкіх (яцвяжскіх) плямён. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне. Пры раскопках знойдзены розныя побытавыя рэчы, зброя і ўпрыгожанні. У К.к. 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і славянскіх тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЕРМЕ́СКІЯ КУРГАНЫ́,
група пахавальных помнікаў 6 ст. да н.э. каля станіцы Келермеская у Адыгеі (Расія). Пад курганнымі насыпамі знаходзіліся вял. прамавугольныя магілы з перакрыццямі ў выглядзе драўляных шатроў на слупах. Знойдзены шкілеты коней, прынесеных у ахвяру, з багатымі наборамі аброцяў, бронзавыя ўпрыгожанні пахавальных калясніц, зброя, залатыя дыядэмы і чашы, сярэбраныя рытон і люстэрка. К.к. належалі племянной арыстакратыі мясц. меоцкага насельніцтва ці скіфаў, якія засталіся тут пасля паходаў у Пярэднюю Азію. К.к. часткова даследаваны М.І.Весялоўскім у 1903—04.