ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1498—1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Адзін з першых 4 кляштараў ордэна бернардзінцаў у ВКЛ. Засн. вял. кн. ВКЛ Аляксандрам на Запалоцці пры ўпадзенні р. Палата ў Зах. Дзвіну з мэтай схілення праваслаўных у каталіцтва. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пач. адукацыю Ф.Скарына. Драўляны касцёл кляштара пабудаваны ў 1502. У час Лівонскай вайны 1558—83 ён спалены ў 1563. У 1696 ваявода Д.​Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк і размясціў іх у слабадзе Кабак. Пасля пажару 1758 пабудаваны мураваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769) і жылы корпус. Касцёл быў аднанефавы, з трансептам і 2-вежавым фасадам, памерамі 42 × 25 локцяў. У 1772 было 10 манахаў, школа філасофіі. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў правасл. царкву (значна пашкоджаны ў 1930-я г.). Жылы корпус захаваўся.

А.​А.​Ярашзвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).

В.​В.​Церашчатава, Т.​І.​Чарняўская.

Роскі Троіцкі касцёл.
Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́БЕЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА Існавала ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. ў б. фальварку Манюшкаў Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Вядома па гравюры Н.​Орды 1872. Уключала сядзібны дом, капліцу-пахавальню, гасп. пабудовы, парк. Цэнтр кампазіцыі — драўляны сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, завершаны высокім паўвальмавым дахам. Спалучаў традыцыі нар. дойлідства і элементы класіцызму. Цэнтр мансардавага гал. ўвахода быў вылучаны 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Сцены звонку вертыкальна ашаляваны, аконныя праёмы прамавугольныя. Перад домам быў невял. партэр з круглым у плане кветнікам, за ім — пейзажны парк з капліцай-пахавальняй — цэнтрычным 2-ярусным збудаваннем пад шатровым дахам, гасп. пабудовы. Захаваліся фрагменты парку над р. Волма. У 1819 ва У.с. нарадзіўся кампазітар С.​Манюшка. У 1966 у парку пастаўлены абеліск, прысвечаны Манюшку (на ім нотны запіс з яго оперы «Галька»).

Ю.​А.​Якімовіч.

Убельская сядзіба.

т. 16, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУГ (Zug) Шыман Багуміл (20.11.1733, г. Мерзебург, Германія — 11.8.1807),

польскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1752 працаваў у Саксонскай буд. управе (г. Дрэздэн), з 1762 у Польшчы. Найб. значныя работы ў Варшаве: палацы Бланка (1762—64), К.​Панятоўскага на Сольцы (1772), Браніцкіх, Сангушкаў (абодва з 1777) і інш., бровар на Сольцы (1768), лютэранская царква св. Тройцы (1777—80), ратуша на Лешне і дом Рослера і Гартвіга (абодва каля 1784), паркавы комплекс на Сольцы (1772—80). У Аркадзіі (каля Няборава) спраектаваў парк (з 1778), Дом прымаса (да 1783), храм Дзіяны (1783), акведук (1784). Перабудаваў палац А.​Радзівіл у Нябораве (1775—80). На Беларусі паводле праекта Ц. пабудаваны драўляны палац Л.​Тышкевіча ў в. Гародна Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (1779—80, не захаваўся), які ўваходзіў у комплекс Гародзенскай сядзібы.

Ш.Б.Цуг. Лютэранская царква святой Тройцы ў Варшаве. 1777—80.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА ШПІТА́ЛЯ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры канца 18 — пач. 19 ст.

Узнікненне шпіталя ў Гродне звязана з дзейнасцю ордэна баніфратаў, які ў канцы 18 ст. меў драўляны будынак шпіталя. У пач. 1840-х г. шпіталь размяшчаўся ў мураваным 2-павярховым будынку бровара баніфратаў, а пасля скасавання ордэна яго будынак перададзены пад акр. шпіталь. У 1857 і 1891 будынак перабудаваны, да яго дабудаваны 2 трохпавярховыя флігелі, і ў такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу.

Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з цокальным паверхам. Сіметрычная кампазіцыя гал. фасада падкрэслена 3 рызалітамі, завершанымі фігурнымі атыкамі. Аперацыйная зала ў сярэдзіне асн. аб’ёму мела купал. З 1902 у будынку размяшчаліся акр. ўправа і паштова-тэлегр. кантора з кватэрамі для служачых. У 2-й пал. 20 ст. з гал. фасада зняты балконы, ліквідаваны купал, зменена ўнутр. планіроўка.

Р.​М.​Акінчыц.

Гродзенскага акруговага шпіталя будынак.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.​Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Віцебскі Варварынскі касцёл.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,

помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ Канстанцін Сцяпанавіч (3.8.1890, Масква — 28.11.1974),

расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1972). Д-р архітэктуры (1967). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917). З 1925 выкладаў у Маскве ў Вышэйшых маст.тэхн. майстэрнях, маст.-тэхн., арх. і інж.-буд. (з 1951 праф.) ін-тах. Чл. Асацыяцыі новых архітэктараў. Адзін з аўтараў генплана «Новая Масква» (1921—23). Распрацоўваў для Масквы новыя тыпы грамадскіх будынкаў і буд. канструкцый, адметныя экспрэсіяй форм, функцыян. мэтазгоднасцю кампазіцыі; адзін з першых увасобіў ідэю трансфармацыі адзінай унутр. прасторы з дапамогай перасоўных перагародак. Сярод твораў: драўляны павільён «Махорка» на 1-й Усерас. с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўцы (1923, не захаваўся); клубы імя І.​Русакова (1927—29), з-да «Каўчук» (1927), ф-кі «Буравеснік» (1929); уласны дом-студыя (1927—29).

Літ.:

Хан-Магомедов С.О. К.​Мельников. М., 1990.

Р.​Л.​Раманаў.

К.Мельнікаў Клуб імя І.​Русакова ў Маскве. 1927—29.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у г. Слонім Гродзенскай вобл. Спробы ўтварэння місіі пачаліся ў 1664—65. У пач. 18 ст. зямельныя наданні слонімскім езуітам рабілі жмудскі кашталян А.​Уніхоўскі, муж і жонка Талаканскія, М.​Кошчыц, пробашч Віленскай кафедры ксёндз П.​Палубінскі. У 1709—25 вядома як місія Навагрудскага езуіцкага калегіума, у 1725—73 — рэзідэнцыя. Драўляны касцёл св. Іосіфа ўзведзены ў Слоніме ў 1713—15, другі мураваны будаваўся з 1740 (не быў завершаны). Пры місіі дзейнічалі школы: граматыкі (з 1713), паэтыкі і рыторыкі (з 1714). У 1736 пры рэзідэнцыі створана школа філасофіі, з 1750 вывучаліся гісторыя і матэматыка. Меліся муз. бурса, канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, б-ка. У розны час місіі і рэзідэнцыі належалі маёнткі Вішава, Грынкі, Дабосня, Шулякі, дзейнічалі місіі ў Ваўкавыску і Дабосні. Пасля скасавання рэзідэнцыі школа пераўтворана ў пав. вучылішча. Будынкі не захаваліся.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 15, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЗДАЛЬСКІ СПА́СА-ЯЎФІ́М’ЕЎ МАНАСТЫ́Р,

архітэктурны ансамбль 16—17 ст. у г. Суздаль (Расія), на левым беразе р. Каменка. Першапачатковы драўляны Спаскі манастыр засн. ў 1352 суздальскім кн. Канстанцінам Васілевічам. Гал. яго збудаванне — 5-купальны Праабражэнскі сабор (1564), аздоблены вонкавай размалёўкай 1689 (кастрамскія майстры Г.​Нікіцін, С.​Савін); мае 3 прытворы, аб’яднаныя галерэяй. У 19 ст. да паўн. фасада прыбудаваны прыдзел з цыліндрычным барабанам. У родавай пахавальні сабора магіла кн. Дз.​Пажарскага, над якой у 1885 узведзены маўзалей. На тэр. манастыра цэрквы: Успенская трапезная (1525; найб. ранні ўзор рус. архітэктуры шатровага тыпу); Дабравешчання (пач. 16 ст.), Нікольская (1669) з 2-павярховай трапезнай; 3-ярусная 3-пралётная званіца (16—17 ст.) і палаты архімандрыта (17—18 ст.). Манастыр абкружаны магутнымі крапаснымі сценамі (узведзены ў 1664, даўж. больш за 1 км) з 12 вежамі. С.С.-Я.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Е.​А.​Лаўрэцкі.

Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр. Званіца.

т. 15, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)