РА́КУШКАВЫЯ.

астракоды (Ostracoda), падклас беспазваночных жывёл кл. ракападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). Каля 2 тыс. сучасных і больш за 12 тыс. выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на дне марскіх і прэсных вадаёмаў, у прыледавіковых азёрах, гарачых крыніцах, 7 відаў — у глебе трапічных лясоў. Большасць Р. — біял. меліяратары. На Беларусі больш за 40 відаў. Найб. трапляюцца гетэрацыпрыс павольны (Heterocypris reptans), цыклацыпрысы — яйцападобны (Cyclocypris ovum) і роўны (C. laevis), цыпрыс чванлівы (Cypris superba), цыпрыя выразная (Cypria exsculpta).

Даўж. да 30 мм (прэснаводных да 7,3 мм). Цела несегментаванае, укрыта хіцінавай двухстворкавай ракавінай (адсюль назва). якая зверху насычана вапнай. Крывяноснай сістэмы і жабраў няма, дыхаюць праз покрыва цела. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, жывёльнымі рэшткамі, ёсць драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. відам уласцівы партэнагенез. Развіццё з ператварэннем, 5—8 лічынкавых стадый. Дарослыя не ліняюць. Корм для некат. відаў прамысловых рыб. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Ю.​Р.​Гігіняк.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАНО́ГІЯ ракападобныя

(Isopoda),

атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн. г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.

Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Раўнаногія 1 — вадзяны вослік азелус; 2 — батыномус гіганцкі; 3 — макрыца парцэліо; 4 — хеміляпістус упрыгожаны.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́ (Copepoda),

атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл. рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНІЦЫ (Lycaenidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, з якіх 4 занесены ў Чырв. кнігу: блакітніца алькон (Maculinea alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (P. eroides), блакітніца тарфянікавая (P. optilete), 10 відаў — у Чырв. кнігу СССР. Найб. пашыраны на Беларусі мнагавочка шчаўевая (Chrysophanus dispar rutilus), блакітніца-ікар (L. icarus), блакітніца лясная (L. semiargus). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.

Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з метал. бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды блакітніц звязаны з мурашкамі. У некат. трапічных відаў вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак. Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.

Самцы блакітніцы: 1 — алькон, 2 — мелеагр, 3 — эраідэс, 4 — тарфянікавай; малюнак крыла: а — зверху, б — знізу.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ,

караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.

Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Я́ЎКІ (Hirudinea),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.

Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.

Літ.:

Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

Ю.​Р.​Гігіняк.

П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАЗА́ЎРЫ (Dinosauria),

самая шматлікая група вымерлых паўзуноў падкл. архазаўраў. 2 атр.: Д. яшчаратазавыя (Saurischia) і Д. птушкатазавыя (Omithischia). Больш за 600 відаў. Паходзілі ад трыясавых архазаўраў — тэкадонтаў, вядомы з трыясу да мелу на ўсіх мацерыках (акрамя Антарктыды). Росквіт у юрскім перыядзе. Паявіліся на Зямлі каля 225 млн., вымерлі каля 65 млн. гадоў назад.

Даўж. цела ад 20—60 см (кампсагнаты) да 30 м, маса ад 3 кт да 136 т (ультразаўр). Галава адносна малая, поласць чэрапа зусім маленькая. Тазавы пояс у Д. яшчаратазавых 3-прамянёвы, у птушкатазавых 4-прамянёвы. Першыя з Д. яшчаратазавых (тэраподы) хадзілі на 2 нагах, пярэднімі канечнасцямі захоплівалі здабычу. Д. яшчаратазавыя — драпежнікі, ад іх паходзілі расліннаедныя (заўраподы); буйныя, хадзілі на 4 нагах (апатазаўры, брахіязаўры, дыпладокі). Д. птушкатазавыя спачатку ўстойліва трымаліся і хадзілі на 2 нагах (арнітаподы), потым на 4. Некат. з іх мелі шыпы і пласціны на спіне і хвасце (стэгазаўры) ці панцыр і рогі на галаве (цэратапсы), цела было ўкрыта панцырам (анкілазаўры). Адкладвалі яйцы. Кіроўныя выкапнёвыя (з дапамогай іх рэшткаў вызначаюць геал. ўзрост кантынентальных адкладаў).

П.​Ф.​Каліноўскі.

Дыназаўры. Яшчаратазавыя: 1 — тыраназаўр; 2 — брахіязаўр; 3 — платэазаўр. Птушкатазавыя: 4 — кентруразаўр; 5 — трыцэратопс; 6 — качканосы.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАПЕ́ЖНЫЯ ЗВЯРЫ́ (Carnivora),

млекакормячыя атр. драпежных. 7 сям., 90 родаў, 232 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. У шэрагу месцаў акліматызаваны. Жывуць на адкрыты прасторах, у гарах, лясах і інш. Большасць аселыя, інш. мігрыруюць. Трымаюцца па адным або парамі, зрэдку аб’ядноўваюцца ў статкі. Большасць драпежнікі, радзей усёедныя. Актыўныя пераважна ў прыцемках і ноччу. У Чырв. кнізе МСАП 36 відаў і 20 падвідаў. На Беларусі жыве 15 відаў з 6 сямействаў. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу: барсук, буры мядзведзь, рысь.

Даўж. цела ад 11 см (ласка) да больш як 300 см (тыгры), маса ад 100 г да 1000 кг (белы мядзведзь). Цела ўкрыта валасамі, сярод якіх вылучаюць накіравальныя, восцевыя і пуховыя. Лінькі 2 або 1, у зімовы час валасяное покрыва больш густое. Зубы падзяляюцца на разцы, вял. конусападобныя востраканцовыя выгнутыя іклы і карэнныя (сярод іх — драпежныя зубы). Характэрны развітыя грабяні на чэрапе для мацавання моцнай сківічнай мускулатуры. Пераважна манагамы. Дзіцянят 1—8, зрэдку 20—22, нараджаюцца сляпыя і бездапаможныя. Многія Д.з. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі, некат. шкоднікі.

С.​У.​Кучмель.

Драпежныя звяры: 1 — леапард амурскі; 2 — генета плямістая; 3 — гарнастай; 4 — панда малая; 5 — пясец меднаўскі; 6 — мядзведзь камчацкі; 7 — гіена плямістая.

т. 6, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)