КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛА́ШАЎ (Мікалай Апанасавіч) (н. 19.12.1917, станіца Прочнаакопская Новакубанскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). З 1939 у органах бяспекі ў Століне і Ганцавічах Пінскай вобл. З чэрв. 1941 у тыле ворага: камандзір групы, аддзялення, узвода, нам. камандзіра Чачэрскага партыз. атрада, са жн. 1942 нам.нач. разведкі партыз.спец. атрада «Уперад» НКДБСССР (дзейнічаў на тэр. Гомельскай, Магілёўскай і Арлоўскай абл.), з мая 1943 нам. камандзіра атрада, потым Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна, чл. Добрушскага падп. райкома КП(б)Б, у крас.—ліп. 1944 камандзір партыз.спец.групы «Бура» (дзейнічала на тэр. Вілейскай вобл.). У 1944—76 у органах КДББССР. Аўтар кн. «Бура гневу» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЭ́НКА (Зінаіда Аляксандраўна) (н. 28.4.1939, Мінск),
дыктар бел. тэлебачання. Нар.арт. Беларусі (1985). Скончыла БДУ (1968). З 1959 дыктар Гомельскай абл. студыі тэлебачання, з 1962 працуе на Бел.рэсп. студыі тэлебачання (з 1976 кіраўнік групы дыктараў). Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нац. характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРТАКЛА́З (ад ан... + артаклаз),
мінерал з групы палявых шпатаў, (K, Na)[AlSi3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі, пры награванні — у манакліннай. Крышталі здвоеныя, таблітчастыя. Бясколерны ці белы. Шчыльн. 2,6 г/см³. Трапляецца ў вулканічных пародах і гіпабісальных інтрузіўных целах; на Беларусі — у кіслых эфузіўных пародах дакембрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАРЭ́,
мышачна-паралітычныя яды, што атрымліваюцца пры згушчэнні водных экстрактаў раслін сям. лунанасеннікавых, стрыхнас (чылібуха) і інш. Пры пападанні ў кроў К. блакіруе перадачу нерв. імпульсаў і выклікае расслабленне мышцаў (рэлаксацыю). Дзеючы пачатак — алкалоід групы курарынаў. Выкарыстоўваўся індзейцамі Паўд. Амерыкі ў якасці яду для стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БІ (англ. lobby кулуары),
арганізаваныя групы пры парламентах многіх краін, якія аказваюць націск на заканадаўцаў і дзярж. чыноўнікаў з мэтай дамагчыся прыняцця рашэнняў у інтарэсах пэўных грамадскіх і прыватных арг-цый. У ЗША з 1946 існуюць легальна як спец. агенцтвы і канторы. Гл. таксама Лабізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп.групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял.Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЫ́Ш,
наркотык, які атрымліваюць са смалы жаночага суквецця інд. канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Пры ўвядзенні ў арганізм чалавека выклікае парушэнні функцый ц. н. с., суправаджаецца галюцынацыямі і інш. змяненнямі псіхічнай дзейнасці. Выкарыстанне, захоўванне гашышу і развядзенне інд. канапель у большасці краін і на Беларусі забаронены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НТУ,
група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн.чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).