Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г.Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),
расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г.хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).
Тв.:
Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 11.5.1951, в. Пятрэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Багатырова). З 1979 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У творчасці адчувальныя класічныя традыцыі, апора на муз. фальклор. Сярод твораў: сімфонія (1976), кантата «Беларуская калыханка» на словы В.Віткі (1977), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра на словы М.Мятліцкага (1993), Фантазія на бел. тэмы для аркестра нар. інструментаў, Сюіта для ансамбля нар. інструментаў, Элегія для кантрабаса, струнных і ўдарных інструментаў; Канцэртная п’еса для актэта драўляных духавых; п’есы для баяна; цыкл хароў «Родныя вобразы» на вершы Я.Коласа і Я.Купалы (1983), песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ПАВЕ́Тадм.-тэр. адзінка ў Беларусі ў 1861—1924. Цэнтр — г.Горкі. Утвораны ў 1861 у Магілёўскай губ. з частак Аршанскага і скасаванага Копыскага паветаў. Пл. 2487 кв. вёрст, нас. каля 80 тыс.чал. (2-я пал. 19 ст.). У канцы 19 ст. ўключаў 12 валасцей: Баеўскую, Гарадзішчанскую, Горацкую, Дубровенскую, Любініцкую, Маслакоўскую, Нічыпаравіцкую, Пугляеўскую, Раманаўскую (з кастр. 1918 Ленінская), Саўскую, Святошыцкую, Хаўбнянскую. З 26.4.1919 у Гомельскай губ. РСФСР. 27.7.1922 большая частка павета перададзена Смаленскай губ. З сак. 1924 Горацкі павет у складзе БССР. 17.7.1924 скасаваны, б.ч. яго тэр. ўключана ў Аршанскую акругу, у складзе якой утвораны Горацкі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКАЯ ЗЕМЛЯРО́БЧАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная сельскагаспадарчая навуч. ўстанова ў 1840—48. Засн. ў г.Горкі (Магілёўская вобл.) паводле ўказа Сената ад 24.4.1836. Адчынена 15.8.1840. Мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным 3 гады. Ніжэйшы (прымалі юнакоў 16—20-гадовага ўзросту) рыхтаваў земляробаў з веданнем асноў аграноміі. Вывучаліся земляробства, жывёлагадоўля, садоўніцтва, лесаводства, агульнаадук. навукі. Вышэйшы (залічвалі выпускнікоў ніжэйшага разраду, акрамя дзяцей прыгонных сялян) рыхтаваў аграномаў. У 1842 ён рэарганізаваны ў Вышэйшую с.-г. школу. У 1848 ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая с.-г. школа — у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),
шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.
Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 смвыш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.
Размешчаны ў г.Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял.Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл. каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕНКА (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 15.12.1928, г.Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1974). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у 1964—92 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю першабытнаабшчыннага ладу, гідраніміку. Адкрыў на тэр.Бел. Палесся больш за 300, даследаваў 14 стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997). З 1993 займаецца вывучэннем гісторыі Вял.Айч. вайны на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац.АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел.с.-г. акадэміі ў г.Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г.Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура), на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, з сак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.