французскі драматург. Першыя п’есы «Яўгенія» (1767) і «Два сябры» (1770) напісаны ў традыцыях «мяшчанскай драмы». Бліскучы ўзор асветніцкай публіцыстыкі — «Мемуары» (1773—74), скіраваныя супраць каралеўскай юстыцыі. Вяршыня творчасці Бамаршэ — п’есы з трылогіі пра Фігаро «Севільскі цырульнік» (1775) і «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1785; пер. на бел. мову А.Дудар, 1936), у якіх адлюстраваны канфлікт паміж трэцім саслоўем і дваранствам напярэдадні Франц. рэвалюцыі 1789—94, адноўлены традыцыі сатыр. камедый Мальера і А.Р.Лесажа, найбольш яскрава выяўлены тэндэнцыі асветніцкага рэалізму. У заключнай частцы трылогіі «Злачынная маці» (1794) на першы план выходзяць маральныя праблемы і традыцыі драмы сентыменталізму. Аўтар лібрэта оперы «Тартар» (1787). Выдаў поўны збор твораў Вальтэра (1784—89). На сюжэты камедый Бамаршэ напісаны оперы «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта (1786) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1816).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения Т. 1—2. М., 1966;
Драматические произведения;
Мемуары М., 1971.
Літ.:
Грандель Ф. Бомарше: Пер. с фр. 2 изд. М., 1985;
Пьер Огюстен Карон де Бомарше: Биобиблиогр. указ. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАВУГО́ЛЬНІК,
замкнёная ламаная лінія. Звёны ламанай лініі наз. старанамі, а іх канцы — вяршынямі М. Утвараецца, калі n пунктаў A1, A2, ..., Anпаслядоўна злучыць адрэзкамі прамых A1A2, A2A3, ..., An-1An, AnA1. Прыклады М. — трохвугольнік, прамавугольнік, ромб.
М. наз. накіраваным, калі зададзены напрамак яго абходу (на кожнай старане пазначаны яе пачатак і канец, пры гэтым пачатак кожнай з іх супадае з канцом папярэдняй). М. наз. плоскім, калі ўсе яго вяршыні ляжаць на адной плоскасці. Плоскія М. бываюць саманеперасякальныя (кожная старана і вяршыня іх не маюць пунктаў, якія належаць да інш. старон і вяршыняў) і самаперасякальныя. Сума ўнутраных вуглоў любога саманеперасякальнага М. з n старанамі роўная n(n-2). Саманеперасякальны плоскі М. падзяляе пункты плоскасці, якой ён належыць, на ўнутраную і знешнюю часткі. Плоскія М. бываюць выпуклыя (любы адрэзак з канцамі цалкам належыць унутранай вобласці М.) і нявыпуклыя. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго стораны і ўнутраныя вуглы роўныя (напр., квадрат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп. ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш.Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст.прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).
Тв.:
Рус.пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.
Літ.:
Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Конрад («Карсар» А.Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб.тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.Чайкоўскага (з Л.Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац.акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВО́д’Экзіль
(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),
французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.Галеві, оперы Ф.Абера, Ж.Маснэ, Дж.Пучыні.
Тв.:
Рус.пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;
История одной гречанки;
Новеллы. М., 1989.
Літ.:
Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў (Аляксей Васілевіч) (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),
рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненне нар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСТРЫ́НА ((Palestrina) Джавані П’ерлуіджы да) (1525 ці 1526, г. Палестрына, Італія — 2.2.1594),
італьянскі кампазітар; заснавальнік рымскай школы. Музыцы вучыўся ў царкве Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме, дзе спяваў у хоры хлопчыкаў. З 1544 арганіст і капельмайстар гал. царквы г. Палестрына, з 1551 у Рыме: узначальваў капэлы цэркваў Сан-Джавані ін Латэрана (1555—60), Санта-Марыя Малжорэ (1561—66), капэлу сабора св. Пятра ў Ватыкане (да 1555 і ў 1571—94). У час, калі каталіцкая царква патрабавала выгнання з царк. музыкі свецкіх і нар. напеваў, спрашчэння поліфанічнай тэхнікі, ствараў рознабакова дасканалае поліфанічнае мастацтва, заснаванае на гарманічнай аснове. Увабраў дасягненні нідэрландскай школы, вызначыў пераход ад поліфаніі да гамафоніі. Яго творы для хору a cappella — вяршыняхар. поліфаніі строгага стылю. Высакародна-велічная музыка П., звязаная з духоўнай тэматыкай, адлюстравала гуманіст. рысы эпохі Адраджэння. Зрабіў вял. ўплыў на творчасць сучаснікаў і паслядоўнікаў, асабліва ў Італіі і Іспаніі. Аўтар каля 100 мес, у т. л. «Меса папы Марчэла» (1555), больш як 370 матэтаў, 68 аферторыяў, літаній, магніфікатаў, духоўных і свецкіх мадрыгалаў. Збор твораў П. выдадзены ў Лейпцыгу (т. 1—33, 1862—1903) і Рыме (т. 1—36, 1939—87).
Літ.:
Иванов-Борецкий М.В. Палестрина. М., 1909;
Ferraci E. Palestrina. Roma, 1960;
Bianchi L, Fellerer K.G. G.P. da Palestrina. [Torino, 1971].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
кароткачасовае адхіленне эл. напружання або току ад некаторага пастаяннага значэння. У залежнасці ад характару імпульсных змен напружання (току) адрозніваюць відэаімпульсы (адрэзкі эл. ваганняў зададзенай формы з адрознай ад нуля пастаяннай складальнай) і радыёімпульсы (адрэзкі гарманічных ваганняў).
Відэаімпульсы бываюць прамавугольнай, каўпакападобнай, трохвугольнай (пікападобнай) і інш. формы. Характарызуюцца працягласцю і амплітудай. Рэальныя прамавугольныя І.э. маюць участкі хуткага нарастання і спаду вагання (наз адпаведна фронтам і зрэзам імпульсу), участак параўнальна павольнай змены напружання або току (вяршыня імпульсу), выкіды прамой і адваротнай палярнасці. Выкарыстоўваюцца ў электрасувязі, тэлебачанні, імпульснай тэхніцы. Радыёімпульсы звычайна атрымліваюць імпульснай мадуляцыяй гарманічнага нясучага вагання відэаімпульсамі выбранай формы. Могуць мець дадатковую да гарманічнай унутрыімпульсную мадуляцыю нясучага вагання па частаце, перыядзе або пачатковай фазе. Радыёімпульсы выкарыстоўваюць пераважна ў радыётэхн. сістэмах, звязаных з выпрамяненнем і прыёмам радыёхваль (у радыёлакацыі, радыёсувязі, радыёкіраванні і інш.). З адзінкавых І.э. фарміруюць іх паслядоўнасці (пераважна перыядычныя) і пачкі (адносна невял. групы). Адносіны перыяду паўтарэння імпульсаў у паслядоўнасці або пакеце (пачцы) да працягласці імпульсу наз. перарывістасцю (шчыліннасцю).
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Імпульсы электрычныя: а — відэаімпульсы (1 — прамавугольны, 2 — каўпакападобны, 3 — трохвугольны); б — радыёімпульс прамавугольны; в — рэальны прамавугольны відэаімпульс; г — перыядычная паслядоўнасць прамавугольных відэаімпульсаў; ti — працягласць, Ai — амплітуда, τф — фронт, τз — зрэз імпульсу; Tп — перыяд паўтарэння імпульсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),
нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.