ЛО́ТМАН (Юрый Міхайлавіч) (28.2.1922, С.-Пецярбург — 28.10.1993),

расійскі літаратуразнавец, культуролаг. Акад. Эстонскай, Нарвежскай, Шведскай АН, чл.-кар. Брытанскай акадэміі. Скончыў Ленінградскі ун-т (1950). З 1950 у Тартускім настаўніцкім ін-це, з 1954 у Тартускім ун-це (у 1960—77 заг. кафедры рус. л-ры). Узначальваў Тартускую семіятычную школу. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 18 — сярэдзіны 19 ст., праблемы тэорыі л-ры і культуры ў кантэксце грамадскага жыцця і развіцця сац.-філас. думкі («Артыкулы па тыпалогіі культуры», вып. 1—2, 1970—73). Пры аналізе маст. твораў распрацоўваў структуральна-семіятычны падыход: «Стварэнне Карамзіна» (1987), «У школе паэтычнага слова: Пушкін, Лермантаў, Гогаль» (1988); вял. ўвагу аддаваў семантыцы знакавых структур: «Структура мастацкага тэксту» (1970), «Аналіз паэтычнага тэксту. Структура верша» (1972). Тэкст інтэрпрэтаваў як адзінства мадэлі аб’ектыўнай і суб’ектыўнай рэчаіснасці, у якасці знакавай сістэмы, якая з’яўляецца другаснай у адносінах да знакаў натуральных моў. Асн. навуковыя працы: «Лекцыі па структуральнай паэтыцы» (1964), «Семіётыка кіно і праблемы кінаэстэтыкі» (1973), «Культура і выбух» (1992), «Размовы пра рускую культуру» (выд. 1994) і інш. Арганізатар выдання серыі «Працы па знакавых сістэмах. (Семіётыка)» (з 1964; «Вучоныя запіскі Тартускага універсітэта»). Аўтар успамінаў «Не-мемуары» (1994), шэрагу тэлеперадач па актуальных праблемах культуры, маралі, выхавання.

Тв.:

Избр. статьи. Т. 1—3. Таллинн, 1992;

Пушкин: Биогр. писателя;

Статьи и заметки, 1960—1990;

«Евгений Онегин»: Комментарий. СПб., 1995.

Літ.:

Ю.​М.​Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,

раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.​Р.​Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст. Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.​Эмбдэн, О.Меергоф, О.​Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, амер. А.​Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.​Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).

На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.​П.​Цітаўца, А.​М.​Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.​М.​Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.​І.​Фрадкін, Н.​Г.​Аверына, А.​Б.​Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),

навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.

Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст. англ. вучоныя Э.​Галей, Дж.​Хэдлі і рас. вучоны М.​В.​Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.​І.​Ваейкаў, ням. А.​Тумбальт, У.​П.​Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.​А.​Камінскага, Я.​С.​Рубінштэйн, Л.​С.​Берга, амер. Г.​Ландсберга, Д.​Мілера, аўстр. Ф.​Штайнгаўзера і інш.

На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.​І.​Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.​В.​Валабуевай, М.​А.​Гольберга, А.​І.​Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.​Х.​Шкляра (БДУ), М.​А.​Гольчанкі (БСГА), М.​І.​Касцюкевіча (Бел. тэхнал. ун-т).

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАХІ́МІЯ (ад нейра... + хімія),

біяхімія нервовай сістэмы, раздзел біяхіміі, які вывучае хім. састаў нерв. тканкі, абмен рэчываў у ёй, хім. і малекулярна-клетачныя механізмы дзейнасці нерв. сістэмы. Цесна звязана з біяфізікай, малекулярнай біялогіяй, нейрафізіялогіяй, нейраэндакрыналогіяй, параўнальнай, узроставай і эвалюц. фізіялогіяй, цыта- і гістахіміяй. Мае вял. значэнне для нейрафармакалогіі, неўрапаталогіі, псіхіятрыі.

Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. з пачаткам сістэм. даследавання хім. складу галаўнога мозга (А.Я.Данілеўскі, ням. вучоны Дж.Л.​У.​Тудыхум і інш.). У сярэдзіне 20 ст. сфарміравалася як самаст. кірунак. Уклад у развіццё Н. зрабілі Г.Х.Дэйл, Б.Кац, О.Лёві. Х.К.Хартлайн, сав. вучоныя А.У.Паладзін, Я.​М.​Крэпс, Г.​Я.​Уладзіміраў і інш. У складзе нерв. тканкі вылучаны шэраг складаных ліпідаў (гангліязіды, сфінгаміэліны, фасфатыды, цэрэбразіды і інш.), біялагічна актыўных рэчываў (медыятараў і нейрагармонаў), амінаў (адрэналін, ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш.), пептыдаў (напр., эндарфіны, энкефаліны), амінакіслот і інш. Удакладняецца іх функцыян. роля, высвятляюцца метабалізм і механізмы дзеяння гэтых рэчываў, а таксама гармонаў, таксінаў, фармакалагічных прэпаратаў і інш. Вывучаюцца біяхім. асновы перадачы нерв. імпульсаў, нейратрафічных уплываў, узбуджэння, тармажэння, сну, памяці, навучання, работы рэцэптараў, індывід. развіцця мозга і інш.

На Беларусі Н. развіваецца з 1922 сумесна з нейрафізіялогіяй у ін-тах фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Палладин А.В., Белик Я.В., Полякова Н.М. Белки головного мозга и их обмен. Киев, 1972;

Хухо Ф. Нейрохимия: Основы и принципы: Пер. с англ. М., 1990.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́КА,

сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец. навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.

Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш. Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э. засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац. ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец. навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук. прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.

На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л. Нац. АН Беларусі, 43,7 тыс. навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс. канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;

Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАІНАЗНА́ЎСТВА,

геаграфічная дысцыпліна, якая комплексна вывучае мацерыкі, краіны і рэгіёны з мэтай выяўлення на пэўных тэрыторыях агульных заканамернасцей, абумоўленых фіз. і эканам. геаграфіяй. Вылучаюць 2 кірункі К.: фіз.-геагр. і эканоміка-геаграфічны. Грунтуецца на звестках геамарфалогіі, геалогіі, кліматалогіі, гідралогіі, геаграфіі расліннага і жывёльнага свету, глеб, насельніцтва, прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту, паліт., сац.-эканам. геаграфіі і інш.

К. ўзнікла з практычных патрэб людзей у звестках пра розныя краіны. Першыя краіназнаўчыя працы стварылі стараж.-кіт. (з 7 ст. да н.э.) і стараж.-грэч. вучоныя (Герадот у 5 ст. да н.э., Страбон у 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Для расійскага К. вял. значэнне мелі працы, складзеныя пад рэд. П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага. «Жывапісная Расія» (т. 1—12, 1881—1885), у т. л. т. 3 пра Беларусь, напісаны А.К.Кіркорам («Літоўскае Палессе, Беларускае Палессе», 1882); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны» (т. 1—19, 1899—1914), у т. л. т. 9, прысвечаны Беларусі («Верхняе Падняпроўе і Беларусь»), У 1930—60-я г. вял. ўклад у развіццё К. ў СССР зрабіў М.​М.​Баранскі, які распрацаваў метадалагічныя асновы, сфармуляваў задачы і даў узорную структуру краіназнаўчых прац.

На Беларусі да ліку першых краіназнаўчых прац належаць кнігі П.​М.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1858), А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (1919). Краіназнаўчую характарыстыку замежных краін упершыню ў бел. геаграфіі зрабілі М.​В.​Азбукін («Геаграфія Еўропы», 1924) і Смоліч («Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў», 1925). Найб. значныя працы па бел. К.: «Геаграфія Беларусі» (1965), «Беларусь» (1967) з серыі «Савецкі Саюз», «Рэспублікі Прыбалтыкі. Беларусь. Украіна. Малдова» (1984) з серыі «Краіны і народы».

В.​П.​Якушка.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫДО́ЎСТВУЮЧЫХ» Е́РАСЬ, наўгародска-маскоўская ерась,

рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.​А.​Алелькавіч (гл. ў арт. Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял. кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.​Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.​Патрыкееў, С.​Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).

С.​В.​Марозаеа.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНАЛО́ГІЯ (ад грэч. palynē тонкі пыл + ...логія),

раздзел батанікі, што вывучае форму і будову абалонак пылковых зерняў і спор сучасных (рэцэнтная П.) і стараж. вышэйшых раслін і інш. выкапнёвых мікрааб’ектаў расл. паходжання (палеапаліналогія); даследуе таксама іх развіццё, заканамернасці рассейвання, пахавання і інш. Звязана з гіст. геалогіяй, палеанталогіяй, сістэматыкай раслін. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў аграноміі, археалогіі, крыміналістыцы, медыцыне, стратыграфіі, экалогіі і інш.

Зараджэнне рэцэнтнай П. (17—18 ст.) звязана з даследаваннем мікраструктуры раслін, палеапаліналогіі (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — з вывучэннем бат. складу торфу і распрацоўкай спорава-пылковага аналізу. Тэрмін «П.» ўжываецца з 1944 (англ. палеабатанікі Х.​Хайд і Д.​Уільямс). Уклад у развіццё П. зрабілі У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў, ням. вучоныя А.​Ібрагім, Г.​Патанье, англ. — Г.​Крэмп, швед. — Г.​Лагерхейм, Л.​Пост, Г.​Эртман, рас. — І.​Э.​Вальц, В.​Ф.​Дзюба, Л.​А.​Купрыянава, А.​А.​Любер, С.​М.​Навумава і інш.

На Беларусі палеапаліналогія развіваецца з 1925 (У.Шафер). Сістэм. даследаванні вядуцца з 1948—56 (Н.А.Махнач, Г.​І.​Кеда, С.​С.​Маныкін), сканцэнтраваны ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.​Ф.​Бурлак, Т.​Б.​Рылова, В.​Л.​Шалабода, Я.​К.​Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (Т.​Р.​Абухоўская, В.​А.​Аўхімовіч, Н.​С.​Някрата, Л.​У.​Піскун і інш.) і маюць біястратыграфічны і марфал. кірункі.

Літ.:

Палеопалинология. Т. 1—3. Л., 1966;

Кремп Г.О.У. Палинологическая энциклопедия: Пер. с англ. М., 1967;

Споры палеозоя Белоруссии. Мн., 1974;

Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯВІ́СТЫКА (ад лац. medius сярэдні + aevum век, эпоха),

галіна гіст. навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў, пераважна ў Зах. Еўропе. Гісторыю зах.-еўрап. краін пасля падзення Рым. імперыі асвятлялі сярэдневяковыя гіст. творы — гісторыі, хронікі, аналы, біяграфіі, агіяграфія, у аснове гіст. канцэпцыі якіх ляжаў хрысц. правідэнцыялізм. У 15—16 ст. італьян. гуманісты вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд, указалі на сістэму феодаў і феад. раздробленасць як на яго характэрныя рысы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ўвялі ў навуку паняцце феадалізм, у 18 ст. вылучылі М. ў асобную гіст. дысцыпліну. На мяжы 18—19 ст. у зах.-еўрап. гістарыяграфіі ўзнікла «рамантычная» плынь, прадстаўнікі якой (Ю.​Мёзер, Ж. дэ Местр, Э.Бёрк і інш.) ідэалізавалі сярэдневякоўе, рацыяналізму асветнікаў проціпастаўлялі правідэнцыялізм. Вучоныя 1-й пал. 19 ст. (французы Ф.Гізо, А.​Цьеры, Ж.​Мішле, англічанін Т.Карлайл, немец В.​Цымерман і інш.) вывучалі пераважна паліт. падзеі, юрыд. нормы, дзейнасць выдатных асоб. У Расіі М. як навука склалася ў 1830—40-я г. (Ц.М.Граноўскі). Да паліт. кірунку ў рас. М. належалі П.​М.​Кудраўцаў, С.​В.​Яшэўскі, У.І.Гер’е, М.​А.​Асокін і інш. Яе сац.-эканам. праблемы вывучалі І.В.Лучыцкі, М.І.Карэеў, М.М.Кавалеўскі, праблемы культуры — М.​С.​Карэлін, Л.П.Карсавін і інш. Асн. кірункамі сусв. М. 2-й пал. 19 ст. былі паліт. (Ф.​Дан, Г. фон Зібель), гісторыка-прававы (Г.​Л.​Маўрэр, У.​Стэбс, Г.​Мэн) і пазітывісцкі (Н.​Д.​Фюстэль дэ Куланж, І.Тэн, Г.​Мано). Марксізм, які трактуе сярэдневякоўе як час панавання феадалізму і разглядае яго як адну з грамадска-эканам. фармацый, паўплываў на сав. медыявістаў 1920—80-х г. (Я.А.Касмінскі, М.П.Грацыянскі, А.​І.​Няўсыхін, С.​Д.​Сказкін і інш.) і некаторых еўрап. даследчыкаў. На ўзровень канцэптуальнага асэнсавання сярэдневякоўя М. вывелі франц. вучоныя М.Блок і Л.​Феўр, якія з 1929 выдавалі час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»), Склалася «Аналаў» школа, на базе якой аформілася некалькі плыней, у т. л. «татальная гісторыя» (Ж.​Ле Гоф), што вывучае матэрыяльную, духоўную, інтэлектуальную культуру і з’явы паўсядзённасці як адзіны комплекс, «гісторыя ментальнасцей» (Ж.​Дзюбі, У.​Раўльф), што арыентуецца на праблемы сац. псіхалогіі і светаўспрымання. Блізкія да іх сучасныя кірункі «новай сацыяльнай гісторыі» ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах. У СССР падобныя даследаванні праводзілі М.М.Бахцін, А.​Я.​Гурэвіч, Ю.​Л.​Бяссмертны і інш.

У Беларусі навук. вывучэнне сярэдневякоўя вядзецца з 18 ст. На высокім узроўні выкладалася гісторыя сярэдніх вякоў у Віленскім ун-це. У 1756 з’явілася праца Ф.Папроцкага «Еўропа са старажытнейшых часоў». Сістэматычныя курсы па М. ў сярэдзіне 19 ст. склаў А.Здановіч. У 20 ст. цэнтрам даследаванняў па М. стала кафедра гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 — кафедра гісторыі сярэдніх вякоў). З 1920-х г. школу бел. М. ўзначальваў У.М.Перцаў. Праблемы гісторыі каталіцкай царквы, пачатку рэфармацыі, вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе даследаваў Г.М.Ліўшыц. Сярэдневякоўе Чэхіі вывучала Н.​А.​Гусакова, міжнар. адносіны ў познім сярэдневякоўі — Ю.​Я.​Івонін. Сучасная бел. М. вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалаг. падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.​І.​Гарамыкіна і Я.​Р.​Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.​П.​Сушкевіч, гісторыю каталіцкай царквы — В.​А.​Фядосік, духоўную культуру ранняга сярэдневякоўя — І.​А.​Еўтухоў, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.​Дз.​Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.​І.​Малюгін, франкскай Дзяржавы — А.​М.​Сурта, праблемы Адраджэння — А.​П.​Вахніна. Пра вывучэнне гісторыі сярэдневяковай Беларусі гл. ў арт. Гістарыяграфія.

І.​А.​Еўтухоў, А.​А.​Прохараў, В.​А.​Фядосік.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)