ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т.л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ, Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State),
правінцыя ў цэнтр.ч.Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс.км², нас. 1,8 млн.чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г.Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́МЛЕР ((Himmler) Генрых) (7.10.1900, г. Мюнхен, Германія — 23.5.1945),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі і гал.ваен. злачынца 2-й сусв. вайны. Скончыў Тэхн.ун-т у Мюнхене. Удзельнік гітлераўскага путчу ў Мюнхене ў ліст. 1923. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1925. Кіраўнік (рэйхсфюрэр) СС (1929—45) і ўласнай сакрэтнай службы — СД (з 1931). Дэп. рэйхстага (з 1930). Нач. паліцыі Мюнхена, Баварыі (з 1933; пад яго кіраўніцтвам створаны адзін з першых канцлагераў у Дахаў). Шэф гестапа Прусіі (з 1934), разам з Р.Гайдрыхам кіраваў забойствам лідэраў штурмавых атрадаў і шэрагу палітыкаў у час т.зв. «ночы доўгіх нажоў» 30.6.1934. Дзярж. сакратар МУС (з 1936). «Рэйхскамісар па ўмацаванні ням. нацыі» (з кастр. 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў, рэалізацыяй плана «Ост» (у 1941 прысутнічаў на масавых пакараннях смерцю ў Мінску); міністр унутр. спраў (з 1943), галоўнакаманд. рэзервовай арміяй і адказны за ўзбраенне вермахта (з 1944), каманд. групай армій «Вісла» на сав.-герм. фронце (студз.—сак. 1945). 29.4.1945 за спробы заключыць сепаратны мір з зах. дзяржавамі пазбаўлены А.Гітлерам усіх пасад. 21.5.1945 трапіў у брыт. палон у Паўн. Германіі. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Хавкин Б.Л. Рейхсфюрер СС Гиммлер // Новая и новейшая история. 1991. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА І (Elizabeth),
Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т.л. Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т.л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп.«Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.
Літ.:
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Лізавета I. Маст. Н.Хіліярд. 1585.
ЛІЗАВЕ́ТА II (Elizabeth; 21.4.1926, Лондан),
каралева Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі (з 1952), кіраўнік брыт. Садружнасці. Паходзіць з Віндзорскай дынастыі. Да 1936 прынцэса Йоркская. Атрымала хатнюю адукацыю, вывучала канстытуцыйнае права. У 2-ю сусв. вайну ў дапаможных тэр. войсках. Уступіла на прастол пасля смерці свайго бацькі караля Георга VI. Як першая асоба дзяржавы ажыццяўляе прадстаўнічыя функцыі, дзярж. візіты; прэзідэнт шматлікіх грамадскіх і дабрачынных арг-цый.
Літ.:
Брэдфорд С. Елизавета II: Биография Ее величества королевы: Пер. с англ.М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БЕРЛІ́Н (West Berlin),
асобная палітыка-адм. адзінка (анклаў) на тэрыторыі ГДР у 1949—90. Пл. 480 км2. Быў падзелены на 12 гар. раёнаў. Нас. 1,9 млн.чал. (1987). Утвораны пасля 2-й сусв. вайны на тэр. З акупац. сектараў Берліна (амер., брыт., франц.).
23.6.1948 на З.Б. пашырылася грашовая рэформа, праведзеная ў Зах. Германіі. У адказ на гэта 24.6.1948 СССР перакрыў дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду З.Б. (працягвалася 324 дні). Увесь гэты час жыццядзейнасць З.Б. праз «паветраны мост» забяспечвала авіяцыя зах. саюзнікаў.
5.12.1948 у З.Б. праведзены выбары ў гар. парламент, 1.10.1950 прынята асобная заходнеберлінская канстытуцыя. У 1961 па рашэнню ўрада ГДР узведзена сістэма ўмацаванняў уздоўж мяжы З.Б. (гл.Берлінская сцяна). У 1971 прынята 4-баковае пагадненне, якое ўрэгулявала статус З.Б. як асобнай паліт. адзінкі. Органы ўлады Б.З. былі падкантрольныя ваен. адміністрацыі акупац. улад. Вышэйшы орган — гар. палата дэпутатаў, выбіраўся на 4 гады, выканаўчую ўладу ажыццяўляў сенат на чале з бургамістрам. З.Б. быў буйным прамысл. цэнтрам — (маш.-буд., эл.-тэхн., хім.-фарм., харч., швейная прам-сць), асн. знешнегандлёвы партнёр — ФРГ. Пасля аб’яднання ГДР і ФРГ (3.10.1990) асобны статус З.Б. скасаваны, абедзве ч. Берліна зліліся.
Літ.:
Абрасимов П.А. Западный Берлин: вчера и сегодня. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГЕЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1823—34,
грамадзянскія войны ў Партугаліі паміж прыхільнікамі захавання канстытуцыйнай манархіі (ліберальнае дваранства, буржуазія і інтэлігенцыя, частка сялянства) і паслядоўнікамі абсалютызму (феад. вярхі, падтрыманыя каталіцкай царквой, і сяляне, якія былі пад іх уплывам). Пачаткам М.в. стаў мяцеж у Траз-уж-Монтыш (1823), узняты прыхільнікамі абсалютызму на чале з каралевай Жаакінай (жонкай караля Жуана VI) і прынцам Мігелам Браганскім. У крас. 1824 мігелісты захапілі ўладу, але не здолелі яе ўтрымаць. У 1826 пасля смерці Жуана VI (10 сак.) на трон узышоў яго сын імператар Бразіліі Педру I (у Партугаліі кароль Педру IV), які ў маі 1826 перадаў партугальскі прастол сваёй дачцэ Марыі да Глорыі, а рэгентам у ліп. 1827 прызначыў Мігела Браганскага. 30.6.1828 Мігел Браганскі дамогся ад картэсаў прызнання сябе каралём, пасля чаго картэсы распушчаны. Аднаўленне абсалютызму выклікала шэраг антыўрадавых выступленняў канстытуцыяналістаў пад кіраўніцтвам Педру, які ў крас. 1831 адрокся ад браз. прастола і выехаў у Англію, дзе фарміраваў эмігранцкія атрады. 8—9.7.1832 эмігранты-канстытуцыяналісты высадзіліся ў Порту, у пач. 1833 — у Алгарві; іх падтрымалі брыт. і франц. эскадры. 24.7.1833 канстытуцыяналісты ўзялі Лісабон; неўзабаве мігелісты здаліся. 26.5.1834 у Эвары падпісана пагадненне, паводле якога каралевай зноў стала Марыя да Глорыя. Спроба мігелістаў арганізаваць новую антыўрадавую змову ў 1837 была няўдалай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,
баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.
Літ.:
М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;
Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЗІБА́Р (Zanzibar),
востраў у Індыйскім ак., каля ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі (аддзелены ад мацерыка пралівам шыр. 36 км). Уваходзіць у склад Танзаніі. Пл. 1658 км2. Нас. каля 700 тыс.чал. (1995), пераважна суахілі (каля 80%), а таксама арабы і індыйцы. Выш. да 120 м, акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены з каралавых вапнякоў, развіты карст. Клімат экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя т-растудз. 28 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год з двума максімумамі (крас.—май, ліст.—снежань). Натуральная расліннасць — другасныя хмызнякі, на ўзбярэжжы месцамі мангры. Плантацыі гваздзіковага дрэва (каля 70—80% сусв. вытв-сці), какосавых пальмаў. Гал. горад і порт — Занзібар (158 тыс.ж., 1988).
Тэр. З. здаўна заселена чалавекам. У 7—10 ст. каланізаваны арабамі і персамі; цэнтр гандлю золатам, слановай косцю і рабамі. У 1528 захоплены партугальцамі, якіх у 18 ст. выцеснілі арабы Аманскага султаната. У 1818 пачалася вытв-сць гваздзікі і гваздзіковага алею — асн. прадуктаў экспарту. З 1856 З. — незалежны султанат. Яго эканам. развіццю садзейнічала буд-ва Суэцкага канала, у выніку чаго востраў ператварыўся ў важнейшы гандл. цэнтр усёй Усх. Афрыкі. У канцы 19 ст. З. стаў аб’ектам экспансіі Германіі, Італіі, Францыі і Англіі, якія ў 1886—90 падзялілі паміж сабой яго землі. У 1890 над З. устаноўлены брыт. пратэктарат. У 1963 Вялікабрытанія дала З. незалежнасць, перадала ўладу султану, рэжым якога скінуты ў 1964, і З. аб’яднаўся з Танганьікай у адзіную дзяржаву Танзанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХО́Р,
горад на У Пакістана, на р. Раві, за 25 км ад мяжы з Індыяй. Адм. ц.прав. Пенджаб. 5 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам., гандл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд. (станкабудаванне, эл.-тэхн., зборка трактароў і матаролераў), металаапр., папяровая, шкляная, хім., у т.л. вытв-сцьмінер. угнаенняў. Нар. промыслы; ручное дыванаткацтва, вышыўка, саматужна-мастацкія вырабы з тэкстылю, воўны і шоўку, серабра, бронзы і медзі. 2 ун-ты, у т.л. Пенджабскі. Музеі, у т.л. музей зброі. Арх. помнікі пераважна эпохі Вял. Маголаў (16—18 ст.): Шыш-Махал («Люстраны палац»), Бадшахі-Масджыт (адна з найбуйнейшых мячэцяў свету). Сады Шалімара (засн. ў 1641) і форт (16 ст.) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Вядомы з 7 ст. У 10 ст. цэнтр індускага княства. У 1099—1114 і 1153—86 сталіца дзяржавы Газневідаў. Пры дэлійскіх султанах і Вялікіх Маголах цэнтр Пенджабскага намесніцтва. Л. неаднаразова разбуралі маголы (1240), хахары (1342, 1394), войскі Цімура (1398). Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст., цэнтр транзітнага караваннага гандлю. У 1739 захоплены Надзір-шахам. У 1799—1849 сталіца дзяржавы сікхаў. У 1849—1947 пад уладай Вялікабрытаніі, цэнтр Лахорскай вобл. і аднайм. акругі Брыт. Індыі. У 1947—55 і з 1970 адм. ц. пакістанскай прав. Пенджаб, у 1955—70 — вобласці Лахор і прав.Зах. Пакістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖА́МУ І КАШМІР,
штат на Пн Індыі. Пл. 222,2 тыс.км. Нас. 7718,7 тыс.чал. (1991, на тэр., падкантрольнай Індыі), пераважна кашмірцы. Адм. ц. Срынагар (летам), Джаму (зімой). Тэр. занята хрыбтамі Зах. Гімалаяў (на Пд) Каракарума (на Пн) з вяршынямі да 7—8 тыс.м і ледавікамі. Горны субтрапічны клімат, сухі з марознымі зімамі на ПнУ, мусонны і цёплы на ПдЗ. Значныя рэкі — Інд і яго прытокі Гілгіт, Джэлам. Найб. асвоена Кашмірская даліна. Пераважае сельская гаспадарка. Пад пасевамі 20% тэр.Гал. культуры: ячмень, рыс, шафран, пшаніца. Горная пашавая жывёлагадоўля (пераважна авечкі і козы). Агародніцтва і садоўніцтва (грэцкі арэх, міндаль, яблыкі, грушы, персікі і інш.). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр.прам-сць. Рамесніцкая вытв-сць дываноў, пуховых хустак, вышывак, ювелірных вырабаў. Шоўкаматальныя і шарсцяныя ф-кі. Міжнар. турызм і альпінізм.
У 1947 у выніку падзелу Брыт. Індыі на дзяржавы Індыя і Пакістан княства Дж. і К. з пераважна мусульм. насельніцтвам (75%) аднесена да тэр. Індыі. Прэтэнзіі пакістанскіх улад на тэр. Дж. i К. выклікалі 3 узбр. канфлікты паміж Пакістанам і Індыяй (1947—49, 1965, 1971). Унутры Дж. i К. на працягу апошніх 50 гадоў адбываюцца ўзбр. сутыкненні паміж прыхільнікамі ўтварэння тут незалежнай дзяржавы і інд.вайск. фарміраваннямі і сіламі бяспекі. Пасля абвастрэння становішча ў штаце ў канцы 1980-х г. кіраўніцтва Індыі ўвяло тут 19.1.1990 прэзідэнцкае і праўленне.