атаманізм, ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі безнац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТО́Я»,
прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр.ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТРО́ФНАСЦЬ ЧАЛАВЕ́ЦТВА,
атрыманне чалавецтвам ежы і энергіі штучным шляхам, без удзелу прадуцэнтаў. Напрыклад, атрыманне раслінападобнай ежы метадамі штучнага фотасінтэзу. Прапанаванае У.І.Вярнадскім паняцце аўтатрофнасці чалавецтва (1937) сучасная навука рэкамендуе пашыраць на безадходныя і малаадходныя тэхналогіі, надаўшы яму стратэгічнае прыродаахоўнае адценне: аўтатрофнасць чалавецтва павышае незалежнасць чалавецтва ад прыродных крыніц забеспячэння яго ежай і энергіяй, спрыяе захаванню прыродных рэсурсаў і гарманізацыі суадносін чалавецтва з прыродай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў Мікалай Сафронавіч
(крас. 1915, в. Покаць Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці — ?),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы Байкоў вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на (Гомельская вобл.): у ліку першых пераправіўся цераз Дняпро, пры ўтрыманні захопленага плацдарма паранены працягваў з групай байцоў адбіваць контратакі праціўніка, чым садзейнічаў поспеху пераправы. Прапаў без вестак 3.10.1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́НДА ў оптыцы, прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́НЗА
(рум. brînzǎ),
расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,
заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял.кн.Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНІ́Н, 6-амінапурын,
C5H5N5, арганічнае злучэнне, адна з пурынавых асноў. Белы дробнакрышталічны парашок без паху, вострасалёнага смаку. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у к-тах і шчолачах; здольны да моцнага паглынання ў ультрафіялетавай вобласці спектра. Ёсць ва ўсіх жывых раслінных і жывёльных клетках у складзе адэназіну, адэназінфосфарных кіслот, нуклеінавых кіслот, а таксама некаторых ферментаў. У арганізме акісляецца ў мачавую к-ту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАМЕТРЫ́Я
(ад ала... + ...метрыя),
гетэрагонія, нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,
паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.