ІВАНО́Ў (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 6.6.1952, Мінск),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.​Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.​Мінкуса з балета «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.

А.​І.​Калядэнка.

У.У.Іваноў.
У.Іваноў у ролі Тыля.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАВА (Наталія Раманаўна) (н. 21.11.1940, С.-Пецярбург),

артыстка балета. Засл. арт. Расіі (1969). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1959). З 1959 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. З 1970 у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (Нью-Йорк), у 1972—89 адначасова ў Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. Для яе творчасці характэрны унікальная пластычнасць, дасканалае майстэрства, вонкавая вытанчанасць і ўнутр. тэмперамент. Сярод партый: Адэта—Адылія, прынцэса Фларына і Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Крыўляка і Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Манон («Манон Леско» на муз. Ж.​Маснэ), Таццяна («Анегін» на муз. Чайкоўскага), у мініяцюры «Святло Месяца» на муз. К.​Дэбюсі. Выступае як балетмайстар, драм. актрыса, у т. л. ў спектаклі «Двое на арэлях» У.​Гібсана ў Т-ры Р.​Вікцюка. Ёй прысвечаны тэлефільмы «Асалюта» (1978), «Наташа» (1985), «Вяртанне Макаравай», «Ленінградская легенда» (абодва 1989; усе Вялікабрытанія). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1965), прэмія імя Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Аўтар прац па праблемах харэаграфічнага мастацтва, аўтабіяграфіі (1979).

Літ.:

Красовская В. Н.​Макарова // Ленинградский балет сегодня. Л.;

М., 1967. Вып. 1;

Н.​Макарова: Восемнадцать лет спустя. М., 1993;

Clarke M., Crisp C. Ballerina: The art of women in classical ballet. London, 1987.

Н.Макарава ў мініяцюры «Святло Месяца» на музыку Дэбюсі.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ (Гафар Рустамавіч) (н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),

таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.​Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.​Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.​Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.​Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЦЫНЬ, Вілцыня (Vilciņa) Велта (Аўсма) Эйнаўна (н. 13.12.1928, Упесгрыва Талсінскага р-на, Латвія), латышская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла балетную студыю пры Рыжскім т-ры оперы і балета (1948). У 1949—73 салістка, з 1968 педагог-рэпетытар Рыжскага т-ра. Сярод партый: Баранеса («Сакта свабоды» А.​Скултэ), Скайдрытэ («Стабурадзе» А.​Калніньша, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына) і інш. У 1956 і 1958 выступала ў Вял. т-ры.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎШ (Bausch; сапр. Філіпіне; Philippine) Піна

(н. 27.7.1940, г. Золінген, Германія),

нямецкая артыстка балета, балетмайстар. Вучылася ў «Фолькванг-шуле» К.​Іоса (г. Эсэн). Танцавала ў «Фолькванг-балеце», трупе «Новага амерыканскага балета», у «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1969 балетмайстар розных т-раў у ФРГ, з 1971 балетмайстар Танц. ансамбля ў Вуперталі. Ставіць балеты на аснове па-экспрэсіянісцку завостранага танца мадэрн у суправаджэнні сімф., вакальнай і канкрэтнай музыкі, тэксту. Пастаноўкі: «Вакханалія» ў оперы «Тангейзер» Р.​Вагнера (1971), «Адажыо» на муз. «Пяці песень» Г.​Малера (1974), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1976), «Ідзі, станцуй са мной» на зборную музыку (1977) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШРАФІ́ (Мухтар Ашрафавіч) (11.6.1912, г. Бухара — 19.12.1975),

узбекскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1948). З 1930 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. З 1944 выкладаў у Ташкенцкай кансерваторыі (з 1953 праф., у 1947—62 дырэктар, з 1971 яе рэктар; з 1976 носіць яго імя). Аўтар опер «Буран» (з С.​Васіленкам, 1939), «Дыларом» (1958), балета «Амулет кахання» (1969), 2 кантат, 2 сімфоній (у т. л. «Гераічнай», 1942), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952. Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1973.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГІ́Х (Уладзімір Віталевіч) (н. 26.2.1969, г. Гродна),

бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1987, педагог Л.Чахоўскі). З 1989 саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Творчасці Д. ўласцівы пластычная выразнасць, сэнсавая напоўненасць, тонкая псіхал. распрацоўка партый, высакародства і рамант. ўзнёсласць светаўспрымання яго герояў.

Сярод партый: Яраполк («Страсці» А.​Мдывані, Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1996), Прынц, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Джэймс («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Палемон («Ундзіна» Г.​Генцэ), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Адам («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана).

Т.​М.​Мушынская.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),

бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.​Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.​Равеля), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).

Л.​І.​Вішнеўская.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОЗ (Дора Захараўна) (12.11.1909, г. Сянно Віцебскай вобл. — 8.12.1997),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933), Бел. кансерваторыю (1937, клас В.​Несцярэнка). У 1933—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага серабрыстага тэмбру, тонкім муз. густам. Сярод лепшых партый: Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі). З інш. партый: Караліна («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКАЯ (Вольга Васілеўна) (н. 28.9.1916, Кіеў),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Чл.-кар. Берлінскай АМ (1970). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1933). У 1933—63 салістка Вял. т-ра. З 1963 выкладае ў оперна-балетных т-рах Еўропы і інш. Яе выкананне вызначалася іскрамётнай тэхнікай, віртуознасцю, сцэн. тэмпераментам, эмац. насычанасцю. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жанна, Ліза Мурамская («Полымя Парыжа», «Паненка-сялянка» Б.​Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Тао Хоа, Параша («Чырвоны мак», «Медны коннік» Р.​Гліэра), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Асоль («Пунсовыя ветразі» У.​Юроўскага) і інш. Прэзідэнт Рас. харэаграфічнай асацыяцыі (з 1991). Старшыня Аргкамітэта Маскоўскіх міжнар. конкурсаў артыстаў балета (1973, 1977, 1981, 1985, 1989), журы 1-га Маскоўскага міжнар. незалежнага конкурсу маладых артыстаў балета імя С.​П.​Дзягілева (1992). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950.

Літ.:

Илупина А. О.​В.​Лепешинская // Мастера Большого театра. М., 1976;

Солодовников А. О.​Лепешинская. М., 1983.

В.В.Лепяшынская. Мастак А.​Герасімаў.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)