БУРНАНІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ж.Л.Бурнона),
мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МАЯ СО́ЎКА (Agrotis segetum),
насякомае атрада матылёў. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі.
Размах крылаў 4—5 см. Пярэднія крылы шэрыя або амаль чорныя з плямамі, заднія — белыя. Актыўныя ўначы. Самка вельмі пладавітая, адкладвае больш за 2 тыс. яец. Матылькі жывяцца нектарам кветак, сокам раслін, вусені — травяністымі раслінамі. Шкоднікі с.-г. культур: псуе высеянае зерне азімых злакаў, шкодзіць руні, кукурузе, сланечніку, бавоўніку і інш. раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ, бескілявыя (Ratitae або Gradientes),
група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.
Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з 1960 у Нью-Йорку — Саўт-Рыверы (ЗША) на бел. мове Бел. выдавецкім т-вам. Рэдактар М.Кавыль. Адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, інфармуе пра найважнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне, пра жыццё бел. эміграцыі. Друкуе ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы пісьменнікаў Беларусі і бел. замежжа, у т. л. Я.Золака, М.Кавыля, Л.Случаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМБІ́Р (Zingiber),
род кветкавых раслін сям. імбірных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі. Найб. вядомы І. звычайны (Z. officinalis).
Шматгадовая травяністая трапічная расліна выш. да 1 м. Лісце ланцэтнае. Кветкі фіялетава-жоўтыя, стэрыльныя, у кароткіх, падобных на колас, суквеццях. Сухое карэнішча мае прыемны духмяны пах і пякучы смак, спажываецца ў кулінарыі як прыправа і ў харч. прам-сці для араматызацыі (варэнне, лікёры і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТАЦЬ (Caltha),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі — Л. балотная (C. palustris, нар. назвы лота, латацень, жоўты кураслеп, мядзведжая лапка). Трапляецца на забалочаных лугах, у алешніках, вадзе.
Шматгадовыя травы з тоўстым, уверсе галінастым сцяблом. Лісце цэласнае, сэрца або ныркападобнае. Кветкі жоўтыя ці белыя з простым калякветнікам. Плод — шматлістоўка. Некат. віды ядавітыя. Лек., фітанцыдныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОХ, джыда,
пшат (Elaeagnus),
род кветкавых раслін сям. лохавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі інтрадукаваны Л. вузкалісты (E. angustifolia), парасонавы (E. umbellata), серабрысты (E. argentea), усходні (E. orientalis).
Лістападныя або вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце эліптычнае да лінейнага, шэра-зялёнае, часта знізу серабрыстае. Кветкі палігамныя, невял., духмяныя. Плод — касцянкападобны, пераважна ядомы. Лек., камедзяносныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАЗЁМЫ,
глебы, якія фарміруюцца пад шыракалістымі лясамі ва ўмовах вільготных субтропікаў. Пашыраны ў Кітаі, на Пд ЗША, ПдУАўстраліі і ў Новай Зеландыі, у Грузіі і Азербайджане. Маюць 5—10% гумусу. Жоўтая афарбоўка абумоўлена малой колькасцю жалеза ў мацярынскіх пародах і моцным увільгатненнем, якое выклікае гідратацыю вокіслаў жалеза ў глебе. Асн. тыпы: жаўтазёмы, падзоліста-жаўтазёмападобныя, жаўтазёмна-глеевыя, падзоліста-жаўтазёмна-глеевыя. На Ж. вырошчваюць чай, цытрусавыя, вінаград, тытунь, эфіраалейныя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКВІ́С, макія (ад франц. maquis гушчар, зараснікі),
згуртаванне ксерафітных вечназялёных цвердалістых ці калючых хмызнякоў і невысокіх дрэў (мірт, масліна, сунічнае дрэва, фісташка, ядловец, ладаннік і інш.) у краінах Міжземнамор’я. Трапляецца па схілах гор да выш. 700 м, месцамі стварае густыя цяжкапраходныя зараснікі. Шмат калючых ліян. Як фрыгана і шыбляк, фарміруецца звычайна на месцах высечаных лясоў. Аналагі М. ў Паўн. Амерыцы — чапараль, у Паўд. Амерыцы — эспіналь, у Аўстраліі — скрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́НАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы малібдэну і яго злучэнняў. Змяшчаюць 0,06—1% і больш малібдэну, у комплексных рудах 0,001—0,01%. Абагачаюцца метадам флатацыі (у канцэнтраце да 89 % малібдэну). Гал. мінерал — малібдэніт, выкарыстоўваюць таксама вульфеніт, павяліт і ферымалібдыт. Сярод М.р. вылучаюць малібдэнавыя, медна-малібдэнавыя і вальфраммалібдэнавыя прамысл. тыпы. Радовішчы пераважна эндагенныя: гідратэрмальныя, скарнавыя і грэйзенавыя. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Чылі, Кітаі, Мексіцы, Аўстраліі і інш.