СА́КА (Sacco) Джузепе (Юзаф; 1735, г. Верона, Італія — 22.12.1798),

архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока і класіцызму. Працаваў на Беларусі. З 1773 у Гродне, прыдворны архітэктар графа А.​Тызенгаўза (1774), гал. архітэктар па буд-ве каралеўскіх мануфактур ВКЛ. Кіраваў буд. школай на Гарадніцы ў Гродне. У Гродне пабудаваў Аўгустоўскую сядзібу (1770-я г.), удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў і рэканструкцыі Гродзенскага палаца Тызенгаўза (з арх. Ю.​Мёзерам), Гродзенскага Новага замка, езуіцкага касцёла (1773), ратушы (1775, з арх. Фрэйліхам). Сярод інш. пабудоў: Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, палац Станіславоўскай сядзібы, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс (з арх. К.​Спампані). Працаваў таксама ў г. Паставы Віцебскай вобл. (1770-я г.), вёсках Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. (1776), Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1781). Стварыў праект ратушы ў Вільні (1784, не ажыццёўлены).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАФІМЧУ́К Алег Рыгоравіч (16.1.1941, Мінск — 18.5.1984),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1968). З 1968 гал. архітэктар г. Маладзечна, з 1971 ва ўпраўленні па буд-ве і архітэктуры Мінскага аблвыканкома (з 1973 нач. упраўлення, гал. архітэктар вобласці). Асн. работы: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (Дзярж. прэмія СССР 1977), праекты планіроўкі і забудовы 3 мікрараёнаў і праспекта Леніна ў Маладзечне (1969—73), цэнтраў гарадоў Капыль (1972) і Жодзіна (1974—75), мікрараёна ў г. Клецк (1972), генпланы г.п. Мядзел (1973), г. Вілейка (1977), вёсак Крупіца Мінскага (1979), Слабада Смалявіцкага (1980) р-наў (усе ў сааўт.). Помнікі М.​Горкаму ў Мінску (1981), Г.​А.​Нікандравай у г. Дуброўна (1980), мемар. комплекс у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977).

А.Р.Трафімчук.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЫШО́Ў Віктар Паўлавіч (н. 17.7.1919, г. Луганск, Украіна),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1965). Скончыў Харкаўскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1941). З 1946 гал. архітэктар г. Орша (Віцебская вобл.), з 1948 — Гомеля, у 1967—70 — Мінска. З 1956 нач. Віцебскага абл. філіяла, з 1966 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», з 1970 дырэктар Мінскага філіяла Цэнтр. н.-д. і праектнага ін-та горадабудаўніцтва, з 1975 нам. дырэктара БелНДІдзіпрасельбуда, у 1989—96 у Дзярж. пазаведамаснай экспертызе праектаў і каштарысаў Мінгарвыканкома. Асн. работы: праекты забудовы кварталаў па вуліцах Савецкай, Сялянскай, Першамайскай у Гомелі (1949—50), вул. Фрунзе ў Віцебску (1957), планіроўка пл. Леніна ў Оршы (1962), генпланы Віцебска (1966), Наваполацка Віцебскай вобл. (1960, 1973, усе ў аўтарскім калектыве). Прадстаўляў Беларусь у еўрап. Камісіі ААН (1963—73, Жэнева). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

т. 17, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МБУРАЎ Пётр Георгіевіч (1860 — пасля 1917),

бел. архітэктар, прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1885). З 1887 працаваў у Магілёве, у 1888—1917 епархіяльны, у 1892—95 губернскі, у 1895—1914 гар. архітэктар. Пабудаваў гар. т-р (1886—88, гл. Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, шмат жылых дамоў і культавых будынкаў у Магілёве і Магілёўскай губ.

В.​М.​Чорнатаў.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́Н, Каджа Мімар Сінан (1489 ці 1490, г. Кайсеры, Турцыя — 1588),

турэцкі архітэктар і інжынер. З 1538 гал. архітэктар султана Сулеймана I Кануні. Творча пераасэнсоўваў канстр.-маст. вопыт візант. дойлідства. Узводзіў велічныя цэнтрычныя купальныя мячэці з інтэр’ерамі, аздобленымі керамічнымі пліткамі (Шахзадэ, 1548, Сулеймана I, 1550—57, у г. Стамбул; Джума-Джамі, 1552, у г. Еўпаторыя, Рэспубліка Крым, і інш.), маўзалеі, палацы, масты, умацаванні.

Сінан. Мячэць Сулеймана I у Стамбуле.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРДАТ, Тырыдат, Тырдат,

армянскі архітэктар; заснавальнік маст. школы арм. дойлідства 10—11 ст. Прыдворны архітэктар дынастыі Багратыдаў. Творы Т. адметныя дасканаласцю арачна-скляпеністых канструкцый, гарманічнай яснасцю прасторавых кампазіцый, лаканічнай выразнасцю разнога дэкору: кафедральныя саборы ў Аргіне (977—988) і Ані (989—1001), царква Грыгорыя ў Ані (Гагікашэн; 1001—10, 3-ярусная ратонда). Рэстаўрыраваў купал храма св. Сафіі ў Канстанцінопалі (989—92).

Літ.:

Оганесян К.Л. Зодчий Трдат. Ереван, 1951.

т. 15, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЧКА́САЎ Анатоль Іванавіч (н. 19.6.1955, г. Новасібірск, Расія),

бел. архітэктар. Скончыў Новасібірскі інж.буд. ін-т (1978). Працаваў у Новасібірску. З 1981 у г. Бабруйск Магілёўскай вобл. ў майстэрні ін-та «Магілёўграмадзянпраект», нам. гал. архітэктара, гал. архітэктар горада, з 1990 у Дзяржбудзе Беларусі, з 1992 дырэктар ін-та «Мінскграмадзянпраект», у 1994 гал. архітэктар Мінска, з 1994 — нам. міністра архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: у Бабруйску — генплан горада, будынкі адміністрацыйны, аўтавакзала, жылы раён Крывы Крук, рэканструкцыя пл. Перамогі (усе 1980-я г.); жылы гарадок «Рось» у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. (1993—97, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), рэсп. цэнтр спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт» у г. Смалявічы Мінскай вобл. (1995), рэканструкцыя цэнтра г. Шклоў Магілёўскай вобл. (1999), жыллёвы комплекс «Алімпійскі» (буйнапанэльныя дамы з мансардамі) па праспекце Машэрава ў Мінску (2000, будуецца; кіраўнік аўтарскага калектыву).

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМКО́Ў Леў Мікалаевіч (2.8.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 31.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1960). З 1969 гал. архітэктар ін-та «Гомельграмадзянпраект», з 1984 — Гомельскай вобл. Асн. работы: у Гомелі — праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў і жылых раёнаў №1, Фестывальны і інш. (1960—70-я г., у сааўт.), рэстаран «Беларусь», аэравакзал (1969), Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (1972), жылыя дамы па вуліцах Савецкай і Кожара (1979) і інш., мемар. комплекс на брацкіх магілах байцоў нар. апалчэння ў парку культуры і адпачынку імя Луначарскага (1975, у сааўт.); у г. Хойнікі — помнік Смутку да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1996), скульпт. Л.​Заграбаева). Сярод інш. работ: мемар. дошкі акадэміку С.​А.​Чуніхіну (1995), псіхолагу Л.​С.​Выгоцкаму (1997, абедзве са скульпт. Дз.​Паповым).

Л.Тамкоў, Л.​Заграбаева. Помнік Смутку ў г. Хойнікі Гомельскай вобл.

т. 15, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЙПЕЛЬ, Грэйпаль Леапольд (каля 1810—пасля 1847), бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1834). У 1830-я г. працаваў павятовым землямерам Полацка. У 1842—43 архітэктар Бел. навуч. акругі (Мінск). Аўтар праектаў будынкаў дваранскага прыходскага вучылішча (1835) у Полацку, гімназіі (1839) і шляхетнага пансіёна (1842) у Мінску, перабудовы манастырскага корпуса бернардзінцаў (пасля закрыцця касцёла і кляштара) пад пав. школу (1842—47) у Віцебску, пав. школы з домам для персаналу і школьнай б-кай у Маладзечне.

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў Георгій Міхайлавіч (8.4.1901, Курск — 16.4.1985),

рускі архітэктар. Нар. арх. СССР (1970), правадз. член АМ СССР (з 1979). Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы (1921—26). Праф. Маскоўскага арх. ін-та (з 1969); 1-ы сакратар праўлення Саюза архітэктараў СССР (1963—81). Адзін з аўтараў праекта Днепрагэса (1927—32) і яго аднаўлення ў 1944—50, гал. архітэктар Кахоўскай (1951—55), Крамянчугскай (1955) і Брацкай (1960—67) ГЭС. Дзярж. прэмія СССР 1951, Дзярж. прэмія Расіі 1969.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)