АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра...грэч. bios жыццё),
жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акісленняарган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ (БСК),
колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акісленняарган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн. лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 29.1.1923, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1970), д-рхім.н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1952 у Ін-це хіміі АНБССР, з 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі (у 1969—93 дырэктар), адначасова ў 1982—92 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні структуры, фізіка-хім. і каталітычных уласцівасцей прыродных і сінт. адсарбентаў, тэорыі і метадах фарміравання сітаватай структуры адсарбентаў, стварэнні новых каталізатараў. Распрацаваў новыя метады актывацыі малаактыўных глін. метады сінтэзу алюмасілікатных каталізатараў крэкінгу, цэалітнапоўненых каталізатараў акіслення вуглевадародаў і спіртоў, ізамерызацыі, сінтэзу аміяку. Дзярж. прэмія Беларусі 1979.
Тв.:
Физико-химические основы регулирования пористой структуры адсорбентов и катализаторов. Мн., 1981 (разам з І.Б.Дубніцкай);
Структура и пористость адсорбентов я катализаторов. Мн., 1988;
Адсорбенты: вопр. теории, синтеза и структуры. Мн., 1997.
Літ.:
В.С.Комаров // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),
групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).
У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]2-, [Os6(CO)18]2−, [Mo3NiS4]4+, [Au55(PR3)12]6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.
Літ.:
Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;
Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.
В.В.Свірыдаў.
Да арт.Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]2−.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (29.11.1914, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 30.11.1991),
бел. фізікахімік. Акад.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1969), д-рхім.н. (1964), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1939). З 1950 у Ін-це хіміі, у 1959—69 і з 1982 у Ін-це фізіка-арган. хіміі (у 1958—65 нам. дырэктара). У 1969—82 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні кінетыкі працэсаў акісленняарган. рэчываў. Устанавіў механізм спалучанага з акісленнем дэкарбаксіліравання смаляных, мона- і дыкарбонавых кіслот, іх эфіраў і інш. вытворных. Распрацаваў метады сінтэзу двухатамных фенолаў і галагенавытворных араматычных кіслот.
Тв.:
Сопряженное с окислением декарбоксилирование карбоновых кислот. Мн., 1970 (разам з Б.В.Ерафеевым);
Механизм жидкофазного окисления кислородсодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.Ц.Дзянісавым, У.Я.Агабекавым);
Процессы окисления в природе и технике. Мн., 1978 (разам з У.Я.Агабекавым, Н.Р.Арыка).
Літ.:
Н.И.Мицкевич // Весці АНБССР. Сер. хім.навук. 1974. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРА́ТЫ,
неарганічныя і арган. вытворныя азотнай кіслаты.
Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO3)n (n — ступень акіслення металу М). Вядомыя амаль для ўсіх металаў. Н. амонію, шчолачных і шчолачназямельных металаў наз.салетрамі. Крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. Вызначаюцца нізкай тэрмічнай устойлівасцю і здольнасцю акісляць арган. і неарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць як мінер. ўгнаенні (гл.Азотныя ўгнаенні), кампаненты ракетнага паліва, піратэхн. саставаў і інш. Таксічныя: выклікаюць кашаль, ірвоту, вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць і інш. Дапушчальнае сутачнае спажыванне 5 мг/кг (смяротная доза для чалавека 8—15 г Н.). Н. арганічныя — эфіры азотнай к-ты. Маюць адну ці некалькі груп —O—NO2, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала. Бясколерныя ці бледна-жоўтыя вадкасці або цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе. Добра раствараюцца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Многія выбухованебяспечныя (напр., нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы). Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, а таксама як кампаненты бяздымных порахаў і ракетнага паліва, дабаўкі да дызельнага паліва (для павышэння цэтанавага ліку), у медыцыне (нітрагліцэрына і інш. Н. шмататамных спіртоў). Таксічныя: акісляюць гемаглабін у метгемаглабін, выклікаюць галаўны боль, пачашчанае сэрцабіцце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНАВЫЯ МЕТА́ЛЫ,
сям’я з 6 хім. элементаў VIII групы перыяд. сістэмы: рутэній (Ru), родый (Rh), паладый (Pd), осмій (Os), ірыдый (Ir), плаціна (Pt). Адносяцца да рэдкіх элементаў. Разам з золатам і серабром складаюць групу высакародных металаў.
Серабрыста-белыя металы з рознымі адценнямі. Маюць блізкія фіз. і хім. ўласцівасці; найб. падобныя ўласцівасцямі пары элементаў: Ru — Os; Rh — Ir, Pd — Pt. Тугаплаўкія: мінім. tпл 1554 °C у Pd, макс. — 3027 °C у Os. Паводле шчыльнасці падзяляюць на лёгкія (Ru — Pd) і цяжкія (Os — Pt). Добра паддаюцца мех. апрацоўцы Pt, а таксама Pd і Rh; Ru, Os i Ir больш цвёрдыя і крохкія. Вызначаюцца хім. інертнасцю і выключна высокай каталітычнай актыўнасцю (найб. пашыраныя каталізатары — Pt і Pd). Выкарыстоўваюць П.м. і іх сплавы паміж сабой, а таксама з інш. металамі як каталізатары гідрыравання, дэгідрыравання, акіслення, дапальвання выхлапных газаў аўтамабіляў, у паліўных элементах, як матэрыялы для высокатэмпературных тэрмапар, тэрмометраў супраціўлення, эл. кантактаў, хімічна ўстойлівага посуду, мед. інструментаў і інш.
Літ.:
Ливингстон С. Химия рутения, родия, палладия, осмия, иридия, платины: Пер. с англ.М., 1978;
Металлургия благородных металлов. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,
тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял.акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААБМЕ́Ну фізіялогіі,
працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.
Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.
Літ.:
Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ.М., 1988;
Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл.Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.