ВЯХІ́Р (Columba palumbus),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.

Вяхір.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПА (Apo),

дзеючы вулкан на в-ве Мінданао, у Азіі. Выш. 2954 м (самы высокі на Філіпінах). Складзены з андэзітаў, знаходзіцца ў сальфатарнай стадыі (гл. Сальфатары). Укрыты трапічнымі, мяшанымі лясамі, хмызнякамі; каньёны, вадаспады, тэрмальныя крыніцы. Нац. парк Маўнт-Апа (пл. 72,9 тыс. га, засн. ў 1936).

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЕ́Я (ад грэч. hylē лес),

вільготныя трапічныя лясы Цэнтр. і Паўд. Амерыкі, Цэнтр. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Фарміруюцца ва ўмовах пастаяннага гарачага і вільготнага клімату. Характарызуюцца гушчынёй, шмат’яруснасцю, вял. відавой разнастайнасцю, мноствам ліян і эпіфітаў. У гілеі растуць каштоўныя пароды дрэў (напр., какава, гевея і інш.).

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́МЫ,

матылі-ліставідкі (Kallima), род матылёў сям. німфалід. Некалькі відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі і Афрыкі.

Крылы ў размаху да 8 см. Верхні бок крылаў ярка афарбаваны, ніжні — з малюнкам у выглядае ліставых жылак; формаю і афарбоўкай складзеныя крылы матыля нагадваюць пажухлы ліст (прыклад мімікрыі).

Каліма.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РТЫ,

лёгкія санкі для сабачай або аленевай запрэжкі. Сродак перамяшчэння на поўначы Еўропы, Азіі, Амерыкі. Вядомы яшчэ да н.э. Сабачыя Н. больш нізкія і лёгкія, у іх запрагаюць цугам або веерам, звычайна 6—12 сабак, у аленевыя — ад 1 да 7 аленяў. Есць таксама ручныя Н.

Нарты.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЛАНДХА́Р,

горад на ПнЗ Індыі, у міжрэччы рэк Біяс і Сатледж, у штаце Пенджаб. Каля 500 тыс. ж. (1994). Стараж. гандл.-трансп. пункт на шляхах з Сярэдняй і Зах. Азіі ў Індыю. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, металаапрацоўчая. Вытв-сць спорттавараў, цацак. Маст. рамёствы.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАРА́ДЖА (санскр.),

тытул правіцеля ў індуісцкіх дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Выкарыстоўваўся ў адносінах да правіцеляў незалежных княстваў у адрозненне ад залежных ад яго феадалаў — раджаў. Пасля ліквідацыі ў Індыі княстваў (1950-я г.) іх правіцелі былі афіцыйна пазбаўлены тытулаў М. Зараз захоўваецца як тытул караля Непала.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́ННЫ КЛІ́МАТ,

клімат абласцей зямнога шара з мусоннай цыркуляцыяй атмасферы (гл. Мусоны). Вылучаецца рэзкай зменай увільгатнення на працягу года (сухая зіма і вільготнае лета). Характэрны пераважна для трапічных і субтрапічных абласцей Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, Экватарыяльнай Афрыкі і інш.; адзначаецца і ва ўмераных шыротах (напр., на Д. Усходзе).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на ПдУ Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, часткова ў Кіргізіі, Узбекістане і Туркменіі, якая аб’ядноўвае хрыбты на Пд ад Ферганскай даліны. Складаецца з 3 асн. частак: Гісара-Алая, Паўд.-Таджыкскіх гор і Паміра. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 400 км.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЫ́НІЯ,

традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на У Паўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.

Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.

Г.​У.​Вынаеў.

Гліцынія кітайская.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)