комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў рачнога транспарту і выканання грузавых, паштовых і багажных аперацый у рачных партах. Да Р.в. адносяцца прывакзальная плошча, пасажырскі будынак (з памяшканнямі для чакання і адпачынку пасажыраў і інш.) і прычал. Пасажырскі будынак Р.в. ўзводзяць на прыбярэжных участках з улікам навігацыйных патрабаванняў, гідрагеал. умоў, зручнасці сувязі з асн. магістралямі нас. пункта. На Беларусі Р.в. ў Гомелі, Мазыры, Пінску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,
у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,
размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст.найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн.чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзе асн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш.нац. групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
правіннасць, проціпраўнае наўмыснае або неасцярожнае дзеянне (або бяздзеянне), замах на дзярж. або грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнага правапарушэння адносяцца: парушэнні грамадскага парадку, правілаў дарожнага руху, проціпажарных, сан.-эпідэміялагічных, мытных правілаў, пагранічнага рэжыму, парушэнні правілаў палявання, рыбнай лоўлі і аховы рыбных запасаў і інш. За адміністрацыйнае правапарушэнне прадугледжана адм. адказнасць (калі правапарушэнні не цягнуць за сабой крымін. адказнасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДХА́РКВАЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
прыродныя або штучна сінтэзаваныя лекавыя сродкі, якія разрэджваюць макроту, паляпшаючы яе выдаленне, павышаюць актыўнасць слізістай бронхаў, паляпшаюць газаабмен, аслабляюць запаленчыя працэсы. Ужываюць пры вострых рэспіраторных захворваннях, хранічных бранхітах, запаленні лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробе і інш.Найб. моцныя з іх: адвары і настоі каранёў алтэю, дзівасілу, падбелу, трыпутніку, травы тэрмопсісу, браміды натрыю і калію. Да адхарквальных сродкаў, якія разрэджваюць макроту, адносяцца ферментныя (трыпсіл, рыбануклеаза) і атрыманыя шляхам хім. сінтэзу (ацэтылцыстэіл, бромгексін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМАДУЛІ́Н,
кальцый-звязваючы бялок. Малекулярная маса 17 000 Да. Іоны Ca2+ у цытаплазме кантралююць мноства функцый клеткі і разам з цыклічным адэназін-монафасфатам адносяцца да другасных пасрэднікаў. Напр., пры ўзаемадзеянні гармону са сваім рэцэптарам, што знаходзіцца на паверхневай мембране клеткі-мішэні, актывацыя мембрана-звязанага ферменту адэнілатцыклазы для перадачы сігналу гармону з паверхні клеткі да клетачнага ядра адбываецца пры наяўнасці комплексу іонаў Ca2+ з К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСТЭ́П,
занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах лясной і стэпавай расліннасці. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. На тэр. СНД лясы ў Л. прадстаўлены шыракалістымі лясамі на Украіне і ў еўрап.ч. Расіі, бярозавымі колкамі ў Зах., часткова Сярэдняй Сібіры, далей на У — лістоўнічнымі лясамі. Стэпы ў Л. адносяцца пераважна да разнатраўных стэпаў (разнатраўе і карэнішчавыя злакі). Гл. таксама Лесастэпавыя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТАДО́ЗЫ,
гельмінтныя хваробы чалавека, жывёл і раслін, якія выклікаюцца нематодамі. У чалавека паразіты лакалізуюцца ў страўнікава-кішачным тракце, мышцах, органах дыхання, нырках, печані і інш. Заражэнне адбываецца пры заглынанні спелых яец ці лічынак нематодаў з вадой, прадуктамі харчавання і інш. На Беларусі пашыраны аскарыдоз і энтэрабіёз. Лячэнне тэрапеўтычнае. Да Н. жывёл адносяццаамідастамоз, метастрангілёз, мюлерыёз, трыхінелёз і інш. хваробы. Гл. таксама Гельмінтозы, Нематодныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВАЧНЫЯ СРО́ДКІ,
сродкі, якія выкарыстоўваюцца для пераправы войск і баявой тэхнікі пры пераадоленні водных перашкод. Бываюць табельныя (штатныя), індывідуальныя, мясц. і падручныя. Да табельных адносяццапантонныя паркі, пераправачна-дэсантныя сродкі, мостаўкладчыкі, механізаваныя масты, разборныя метал. масты (гл.Мост ваенны), танкавыя плаўсродкі, дэсантныя лодкі і інш. Індывідуальныя П.с. — плавальныя касцюмы і выратавальныя камізэлькі. Выкарыстоўваюць таксама П.с. мясц. (судны, баржы, катэры, лодкі, паромы і інш.) і падручныя (бочкі, бітоны, бярвёны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РШНЕВАЯ МАШЫ́НА,
прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рабочага цела (газу, пары, вадкасці) з дапамогай поршня, які робіць зваротна-паступальны рух у цыліндры. Пры руху поршня аб’ём, што займаецца рабочым целам, перыядычна мяняецца разам з інш. параметрамі (ціскам, т-рай і г.д.), у сувязі з чым энергія рабочага цела паніжаецца (П.м. — рухавік) або павышаецца (П.м. — кампрэсар, помпа). Да П.м. адносяцца большасць рухавікоў унутранага згарання, паравыя машыны, поршневыя кампрэсары і помпы.