АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́КА,
сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс.Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр, перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў ў рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццёнавуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА (Янка) (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб. тв Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).