АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́ (Terre Adélie),

частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.​Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц. навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЬЯ́РА РЭА́КЦЫЯ,

агульны спосаб сінтэзу арган. рэчываў з выкарыстаннем змешаных магнійарганічных злучэнняў тыпу RMgX (R — арган. радыкал, Х — галаген). Адкрыта Ф.Грыньярам у 1900. Грыньяра рэакцыю праводзяць звычайна ў асяроддзі арган. растваральніку (эфіру, тэтрагідрафурану і інш.). Пры ўзаемадзеянні RMgX са злучэннямі, якія маюць палярызаваныя кратныя сувязі (напр., альдэгідамі, кетонамі і інш.), утвараюцца карбонавыя к-ты, спірты; з галагенідамі розных элементаў — элементаарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы і прам-сці.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АФРЫКА́НСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ БАКСІ́ТАЎ,

на тэр. Гвінеі, Сьера-Леоне, Малі, Ганы, Камеруна.

Пл. больш за 1,75 млн. км² Разведаныя запасы каля 7 млрд. т. Асваенне з 1941. Адкрыта каля 100 радовішчаў. Звязана з латэрытнай карой выветрывання стараж. і седыментацыйных басейнаў Афрыканскай платформы. Баксіты гібсітавыя, абломкавыя з утрыманнем 45—50% гліназёму сярэднегатунковага і больш за 50% высокагатунковага. Здабыча адкрытым спосабам. Гал. цэнтры: Баке, Фрыя, Кіндыя (Гвінея), Аваса (Гана), Маканджы (Сьера-Леоне).

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ВЫ МЭ́РЫ ЗЯМЛЯ́ (Queen Mary Land),

частка Усх. Антарктыды паміж 92°03′ і 100°04′ усх. д. Узбярэжжа—Бераг «Праўды» — абмываецца водамі мораў Дэйвіса і Моўсана. Паверхня, акрамя ўзбярэжнай часткі, укрыта ледавіком, стромка ўздымаецца ў глыбіні мацерыка да выш. 2500—3000 м. На ўзбярэжжы выхады карэнных парод. На Беразе «Праўды» з 1956 працуе рас. навук. станцыя Мірны. Адкрыта ў 1912 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй Д.​Моўсана. Названа ў гонар англ. каралевы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Левашы. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1988, распрацоўваецца з 1989. Паклады нафты пл. 10 км² прымеркаваны да міжсалявых верхнедэвонскіх адкладаў усх. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2510—2600 м. Пароды-калектары — карбанатныя кавернозна-порыстыя. Агульныя запасы нафты 2115 тыс. т. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, парафінавая.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ФА,

адно з буйнейшых марскіх нафтавых радовішчаў свету, на шэльфе Персідскага зал., у тэрытарыяльных водах Саудаўскай Аравіі (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Адкрыта ў 1957. Распрацоўваецца з 1964. Пач. запасы 1,22 млрд. т. Паклады пластавыя скляпенневыя ў карбанатных адкладах ніжнемелавога і верхняюрскага ўзросту на глыб. 2,4—2,75 км. Шчыльн. нафты 0,88 г/см³, уключае серу 3%. Нафта з фантануючых свідравін перапампоўваецца па нафтаправодзе ў порт Рас-Танура (Персідскі зал.).

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РБАН-БУ-ХА́СА,

нафтавае радовішча ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (эмірат Абу-Дабі), за 80 км на ПдЗ ад г. Эт-Тарыф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1962. Распрацоўваецца з 1964. Паклады на глыб. 2,3—2,4 км, прымеркаваны да ніжнемелавых адкладаў (порыстыя рыфавыя вапнякі і шчыльныя вапняковыя гліны), магутнасцю 150 м. Першапачатковыя прамысл. запасы нафты 395 млн. т. Нафтаправод да порта Джэбель-Дхана і г. Рувейс.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ДХА-БЕЙ (Prudhoe Bay),

буйное газанафтавае радовішча ў ЗША (штат Аляска). Размешчана ў зал. Прадха Бофарта м. Уваходзіць у Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968, распрацоўваецца з 1977. Пачатковыя прамысл. запасы нафты з кандэнсатам 1,3 млрд. т, газу 730 млрд. м³. Пл. 607 км². 12 пакладаў у адкладах ад каменнавугальнага да палеагенавага ўзросту на глыб. 0,75—3,2 км. Нафта метана-нафтэнавая, шчыльн. 844—913 кг/м³. У газе 44% метану.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛІВАН (Sullivan),

адно з буйнейшых калчадана-поліметалічных радовішчаў свету ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, каля г. Кімберлі). Адкрыта ў 1892, распрацоўваецца з 1900. Агульныя запасы 44 млн. т руды, з сярэднім утрыманнем волава 4,4%, цынку 6,1%, серабра 35 г/т. Руды пірацінавыя масіўныя і пірацін-сфалерыт-галеніт-пірытавыя палосчатыя. Паклады пластавыя ў верхнепратэразойскай дыслацыраванай тоўшчы метамарфізаваных парод. Здабыча падземным спосабам, спадарожна здабываюцца медзь, золата, свінец, кадмій, стыбій і сера.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)